Warning: "continue" targeting switch is equivalent to "break". Did you mean to use "continue 2"? in /var/www/mogilev_medi_usr/data/www/mogilev.media/wp-content/plugins/telegram-for-wp/inc/Notifcaster.class.php on line 318
Новости по тегу "прафсаюз" - Магілёў.media

У цэхах «Бабруйскаграмаша» халодна – ў сацсетках казалі праўду

Холад на «Бабруйскаграмашы» – планавы, малаткі з прывараннымі ручкамі – не.

Інспектар абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў галін прамысловасці вымяраў тэмпературу ў цэхах «Бабруйскаграмаша» і пераканаўся, што падставы для скаргаў у сацыяльных сетках былі: тэрмометр паказаў ад 2,7 да 8,4 градуса цяпла.

Аднак наймальнік забяспечыў кампенсацыйныя і ахоўныя меры:

  • на прадпрыемстве дзейнічае загад аб працы ў халодны перыяд;
  • работнікам прадастаўляюцца дадатковыя перапынкі для абагрэву;
  • абсталяваныя і дзейнічаюць цёплыя пакоі для адпачынку і прыёму ежы;
  • выдаецца ўцепленая спецвопратка і абутак;
  • прадугледжаныя даплаты за працу ў неспрыяльных умовах.

А вось выкарыстанне малаткоў з прывараннымі металічнымі ручкамі і напільнікаў з пашкоджанымі ручкамі інспектар зафіксаваў як парушэнне.

Варта нагадаць, што на холад скардзіліся не толькі супрацоўнікі «Бабруйскаграмаша», але і работнікі хлебазавода ў Касцюковічах.

Мяркуючы па публікацыях мясцовай газеты, рэакцыі ўладаў і прафсаюзаў на гэтую скаргу не было.

Фота “Магілёўскія ведамасці”

У Слаўгарадзе не засталося ніводнага медыка, які мае патрэбу ў паляпшэнні жылля

У Слаўгарадскай ЦРБ не засталося ніводнага супрацоўніка, які меў бы патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

У той час як жыхары раённых цэнтраў наперабой скардзяцца ў сацыяльных сетках на якасць медыцынскага абслугоўвання, Слаўгарад ужо ўсё вырашыў. Ну ці амаль усё.

Прынамсі, так лічаць кіраўнікі прафсаюзнай першаснай арганізацыі бальніцы, якія «дыскутавалі» з вышэйшым прафсаюзным начальствам на тэмы справаздачы аб дасягненнях 2025 года.

Адзін з аргументаў, прыведзеных дакладчыкамі, быў проста забойчы – на 1.01.2026 года ў раённай бальніцы не засталося ніводнага супрацоўніка, які меў бы патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Пасля такой заявы далейшая дыскусія страціла ўсялякі сэнс. Засталося толькі раздаць ганаровыя граматы.

Калі і ёсць у Слаўгарадзе нейкія праблемы з забеспячэннем медыкаў годнымі ўмовамі існавання, дык толькі тое, што не ўсе з іх уступілі ў галіновы прафсаюз – 279 з дзвюхсот васьмідзесяці пяці або 97,8 працэнта. Шэсць чалавек апынуліся па-за колам ахопу прафсаюза.

Магчыма, менавіта з-за гэтых несвядомых грамадзян, якія напэўна ёсць у кожнай раённай бальніцы вобласці, дробныя няўвязкі з медыцынай Магілёўшчыны пакуль маюць месца быць.

Фота слаўгарадскай раённай газеты.

Вадзіцеля “хуткай” пакаралі за экстранны самастойны рамонт машыны

Траўму, а потым і вымову, замененую на заўвагу, атрымаў вадзіцель хуткай меддапамогі, экстранна адрамантаваўшы машыну па дарозе да хворага.

У Магілёўскай вобласці звычайны выклік “хуткай” абярнуўся для вадзіцеля вытворчай траўмай і дысцыплінарным спагнаннем. Па дарозе да пацыента з парушэннем сардэчнага рытму рухавік раптам страціў магутнасць. Каб не губляць час на чаканне другога экіпажа, вадзіцель вырашыў самастойна ліквідаваць няспраўнасць.

Падчас рамонту ён атрымаў рану перадплечча і на два тыдні трапіў на бальнічны. Аднак пасля вяртання на працу атрымаў вымову – за самавольнае выкананне рамонтных работ, якія не ўваходзяць у яго службовыя абавязкі. Паводле інструкцый, рамонт – гэта зона адказнасці слесара, і нават у экстранных сітуацыях вадзіцелю “хуткай” забаронена чыніць машыну самастойна.

Сітуацыю вывучылі ў прафсаюзе. Там пацвердзілі, што фармальна наймальнік дзейнічаў у межах заканадаўства, аднак заклікалі ўлічваць прычыны і мэты ўчынку. Вадзіцель дзейнічаў у інтарэсах пацыента і імкнуўся мінімізаваць час прыбыцця брыгады.

Пасля перамоў адміністрацыя лячэбнай установы перагледзела рашэнне: вымову адмянілі і замянілі на заўвагу. Дадаткова ўстанова правяла пазачарговую праверку ведаў па ахове працы для вадзіцеляў “хуткай”, падкрэсліўшы неабходнасць выразных рэгламентаў для нестандартных сітуацый.

Фотаздымак: mogilev.1prof.by

У Магілёве шчаслівы бацька атрымаў вымову за жаданне ўбачыць нованароджанага

Кіраўніцтва арганізацыі спачатку пакарала, а потым выбачыла работніка, які не паехаў у камандзіроўку ў дзень нараджэння свайго дзіцяці.

Працаўніку трэба было ехаць у тэрміновую камандзіроўку акурат у той дзень, калі яго жонка нараджала дзіця. Мужчына паміж працай і сям’ёй выбраў апошняе і адмовіўся ехаць, жадаючы бачыць сваё толькі народжанае немаўля.

Кіраўніцтва расцаніла гэта як парушэнне працоўнай дысцыпліны і вынесла вымову, якая ў далейшым магла негатыўна паўплываць на прадленне кантракта. 

Аднак умяшаўся праўладны прафсаюз, і пасля перамоў і пацвярджэння, што сапраўды дзіцёнак нарадзіўся менавіта ў той дзень, кіраўнік зняў са шчаслівага бацькі дысцыплінарнае спагнанне.

Фотаздымак: Flavia Morlachetti/Getty Images/Moment RF

Магілёўская тынкоўшчыца даверылася кіраўніцтву і атрымала вымову

Работніца адной з будаўнічых арганізацый Магілёўшчыны па вуснай згодзе з кіраўніцтвам сыходзіла з працы раней, і за гэта тое ж самае кіраўніцтва вынесла ёй вымову.

Жанчына, якая працуе маляром-тынкоўшчыкам, спасылаючыся на сямейныя абставіны, вусна дамовілася з кіраўніцтвам аб карэкціроўцы графіка: яна стала заканчваць працу ў 17:00 замест звычайных 17:30. Аднак з часам адсутнасць на працоўным месцы пасля 17:00 скончылася для яе вымоваю. Пра гэта піша сайт Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў.

“То бок, наймальнік спачатку загадзіўся, што я сыходжу ў 17.00, а потым вынес мне вымову за адсутнась на працоўным месцы” – распавяла тынкоўшчыца, якая звярнулася ў праўладны прафсаюз па дапамогу ў такой несправядлівасці.

У прафсаюзе патлумачылі, што такія змены, калі няма жадання трапляць пад дысцыплінарнае спагнанне, трэба рабіць на паперы, то бок праз загад па арганізацыі, падаўшчы адпаведную заяву. Такую паперу прававы прафсаюзны інспектар дапамог скласці, і працоўны графік жанчыны быў зменены. Цяпер яна мае менш часу на абед і сыходзіць з працы на паўгадзіны раней. Вымову ёй ніхто не адмяніў.

Фотаздымак: mogilev.1prof.by

Дацыфравізаваліся – вымовы ў Магілёве ўжо выносяць па электроннай пошце

Не так даўно чыноўнікаў Магілёва лаялі за расход паперы. Цяпер яны сталі сапраўднымі юзерамі і камунікуюць з падначаленымі толькі на лічбе.

Загадчыца склада лясагаспадарчага прадпрыемства атрымала дысцыплінарную вымову па электроннай пошце, але здолела яе абскардзіць з дапамогай профільнага прафсаюза.

Прававы інспектар працы прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання на пальцах патлумачыў начальству загадчыцы склада, што часам яму належыць дзейнічаць у аналагавых межах і наогул не перагінаць палку, паколькі:

  • зносіны праз сацсеткі і email не былі прапісаныя ў лакальных актах кампаніі;
  • дысцыплінарная вымова была вынесена з грубымі працэдуральнымі парушэннямі;
  • супрацоўніцы ўсталявалі немагчымыя планавыя паказчыкі, якія яна расцаніла як ціск.

У выніку незаконная вымова была адменена.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.