Магілёвец-эмігрант знайшоў дзеда, які загінуў у 45-м

Эміграцыя прывяла да дзеда: жыхар Магілёўшчыны знайшоў месца гібелі чырвонаармейца на Одэры.

Адзін з жыхароў Магілёўскай вобласці, які вымушана пакінуў Беларусь і асеў у Польшчы, распавёў нашаму парталу гісторыю, якая не адпускае яго з таго часу, як ён апынуўся за мяжой. Дзмітрый свайго прозвішча не называе – прычыны тыя ж, што і ў большасці нашых суразмоўцаў.

Апынуўшыся ў эміграцыі, ён нечакана для сябе атрымаў тое, чаго ніколі не меў дома – час і магчымасць спакойна займацца сямейнай памяццю. Зайшоў на партал “Памяць народа”, увёў імя дзеда – і знайшоў яго.

Чырвонаармеец, радавы, прызваны ў студзені сорак пятага. Загінуў дваццаць другога красавіка сорак пятага – за два тыдні да канца вайны. На Одэры, каля Грайфенхагена,  горада, які сёння называецца Грыфіна.

– Кароткі і сумны ваенны лёс – кажа наш суразмоўца – Дата прызыву – шостае студзеня. Дата гібелі – дваццаць другое красавіка. Тры з паловай месяцы. Ён нават не паспеў толкам паваяваць.

Красавік сорак пятага на Одэры – гэта была сапраўдная мясарубка. Савецкія войскі фарсіравалі раку пад агнём, немцы трымаліся насмерць, страты былі жахлівыя. Одэрскі плацдарм стаў адной з самых крывавых старонак апошніх месяцаў вайны. Дзед загінуў менавіта ў гэтыя дні.

Ён пайшоў на фронт, пакінуўшы траіх дзяцей. Чацвёртае дзіця – мама нашага суразмоўцы – нарадзілася ўжо пасля яго гібелі. Яна ніколі не бачыла бацьку. 

Вёска, дзе жыла сям’я, сёння не існуе – адна з тысяч беларускіх вёсак, зніклых за трыццаць гадоў клопату Лукашэнкі пра беларускае сяло.

Дакументы з архіва далі дакладны адрас першапачатковага пахавання: паўднёвая прыстань ракі, на ўсход ад Одэра, каля трох домікаў. 

Наш суразмоўца жыве ў Польшчы – і Грыфіна цяпер зусім не далёка. Дабрацца да месца гібелі дзеда стала рэальным упершыню ў жыцці.

– Я хачу прыехаць туды і пагаварыць з ім. – падкрэслівае Дзмітрый – Расказаць, як усё склалася. Што чацвёра яго дзяцей ужо памерлі – усе пражылі доўгае жыццё, паспелі састарэць. Дасягнулі сталага ўзросту трое ўнукаў і дзве ўнучкі. Падрастаюць чацвёра праўнукаў.

Ён пайшоў у студзені сорак пятага з вёскі, якой больш няма – і не ведае нічога з таго, што было потым. Як пакутавала  яго жонка, выхоўваючы чацвярых дзяцей, як дарослыя ўнукі сустракаліся ў тым месцы, дзе стаяў дом дзеда.

Магчымасць пабываць на месцы гібелі сваяка з’явілася ў яго толькі дзякуючы вымушанай эміграцыі. Дома такой магчымасці не было.

Свой аповед Дзмітрый заканчвае разважаннем:

– Пасля таго, як даведаўся, што магу пабываць у такім знакавым для маёй сям’і месцы, зразумеў тое, што было відавочна заўсёды: вайну выйграў не Сталін. Яе выйграў мой дзед. Мільёны такіх дзядоў, чые магілы сёння раскіданыя па ўсёй Еўропе…

Фота ілюстрацыйнага характару.

«Светлая журба» над магіламі. Як БелТА ператварыла пахаваную Магілёўшчыну ў турыстычны буклет

У рэпартажы з вёскі Саматэвічы карэспандэнты БелТА знайшлі «светлую журбу» і «аптымізм» там, дзе насамрэч – 1500 дамоў пад зямлёй, згарэлая царква і радыяцыйнае забруджанне на сарака працэнтах тэрыторыі Касцюковіцкага раёна. 

Руіны Свята-Троіцкай царквы (на фота) у вёсцы Саматэвічы выглядаюць так, як і павінна выглядаць закінутая царква – ні даху, ні купалоў, ні дзвярэй. Толькі абгарэлыя цагляныя сцены і дрэвы, што прарастаюць скрозь тое, што калісьці было храмам.

Пабудаваная ў 1842 годзе, трыццаціметровая, разлічаная на трохтысячнае сяло царква сёння – руіны. У 2008 годзе ўнутры адбыўся пажар, які знішчыў тое, што не вынеслі марадзёры. Падлога знятая, метал вынесены, сцены ў сажы.

Карэспандэнты БелТА, нядаўна пабываўшы ў вёсцы, бачаць гэта і пішуць: «нямы сведка былой велічы і духоўнасці». А яшчэ – «гэтая журба светлая, бо жыццё не знікла, яно перацякло ў новае рэчышча».

Што хаваецца за «светлай журбой»

Саматэвічы – не проста «адселеная вёска». Гэта радзіма Аркадзя Куляшова, народнага паэта БССР, аўтара «Маёй Бесядзі» і “Сцяга брыгады”.

Гэта вёска, упершыню згаданая ў летапісах у 1585 годзе. Гэта месца, дзе да Чарнобыля жыло да трох тысяч чалавек, працавалі крамы, дзіцячы сад, бальніца, вузел сувязі, кавярня.

А цяпер усё выглядае так:

  • 1500 дамоў у Саматэвічах закапаныя ў зямлю. На месцы вуліц – узгоркі;
  • дом самога Куляшова згарэў яшчэ да «пахавання» вёскі, закапаны ў зямлю разам з усім астатнім;
  • царкву Святой Тройцы аднаўляць ніхто не збіраецца;
  • 40 працэнтаў тэрыторыі Касцюковіцкага раёна забруджана радыяцыяй, з абароту выведзена 30 тысяч гектараў сельгасугоддзяў;
  • 40 вёсак раёна адселены і «выключаны з уліковых дадзеных» – гэта значыць юрыдычна не існуюць.

Гэта, паводле БелТА, называецца «жыццё перацякло ў новае рэчышча». Прасцей кажучы, у магілу.

Новыя Саматэвічы: «востраў развіцця» з кірмашом

Рэпартаж бадзёра распавядае пра аграгарадок Новыя Саматэвічы, куды перасялілі людзей: ёсць крама, ФАП, стаматалагічны кабінет, дзіцячы сад, школа з музеем Куляшова, воркаўт-пляцоўка і «клуб вольнага часу». Асаблівы гонар – «Ільінскі кірмаш», якому ў гэтым годзе дзесяць гадоў.

Гучыць гучна. Толькі кірмаш у Саматэвічах праводзілі з даўніх часоў. Потым ён перапыніўся з-за Чарнобыля і быў адноўлены толькі ў 2017 годзе.

І яшчэ адна дэталь, якую прапагандысты абыходзяць маўчаннем.

«Камфортны» аграгарадок пабудавалі ў 18 кіламетрах ад месца, дзе людзі нарадзіліся. Для гараджаніна 18 кіламетраў – дробязь. Для вясковага чалавека, у якога ў закінутай вёсцы магілы продкаў і школа, дзе ён вучыўся, гэта падарожжа праз усё жыццё.

Той факт, што ў Старыя Саматэвічы людзі да гэтага часу ездзяць пастаяць каля царквы, у агітацыйным тэксце пададзены як «аптымізм і сіла». Перакладзем на чалавечую мову: гэта туга. Людзі ездзяць да закапанага ў зямлю бацькоўскага дома.

Навошта патрэбна «светлая журба»

Прыём просты і працуе ён даўно. Калі называць катастрофу катастрофай, давядзецца тлумачыць, чаму за сорак гадоў ні адна вёска не рэабілітавана, чаму царква ў руінах, чаму ў радыяцыйнай зоне па-ранейшаму працуюць сельгаспрадпрыемствы кшталту КСУП «Саматэвічы Агра». 

Калі называць гэта светлай журбой – ніякіх пытанняў. Усё добра, усё пазітыўна, дзеці патрыёты, кірмаш юбілейны, воркаўт-пляцоўка новая.

Гэта тая самая тэхніка, якая апрабавана лукашэнкаўскімі прапагандыстамі на ўсёй Магілёўшчыне.

Пра паміраючы калгас пішуць, якія ў механізатараў смачныя абеды. Пра платы, якія ламаюць у Краснаполлі, што «кожны выбіты пралёт гэта наша агульнае паражэнне». Пра адселеныя вёскі – што «журба светлая».

А яна не светлая. Яна чорная, цяжкая, са стронцыем у зямлі, дзе ўжо выраслі некалькі пакаленняў людзей. І ніякая воркаўт-пляцоўка, ніякі дзіцячы блогерскі клуб і ніякі «Ільінскі кірмаш» гэтую зямлю ўжо не вернуць.

Навошта хлусіць? Пустая вёска – гэта пустая вёска. Згарэлая царква – гэта згарэлая царква. Знішчаны дом Куляшова – гэта знесены бульдозерам дом Куляшова, а зусім не «нямы сведка духоўнасці».

Фота раённай газеты.

Магілёўцы расказалі, што думаюць пра справы Лукашэнкі

Падстаўныя жыхары Магілёўшчыны з катэгорыі “заўсёды гатовыя” пахвалілі здзяйсненні Лукашэнкі, зробленыя ім на мінулым тыдні.

Інфармацыйны партал адміністрацыі Лукашэнкі “Беларусь Сегодня” апытаў чатырох «жыхароў» Магілёўскай вобласці, якія каментуюць падзеі “прэзідэнцкага” тыдня. 

Усе чацвёра ўхвалілі ваенны, эканамічны і знешнепалітычны курс Лукашэнкі. 

Інтанацыі розныя, сэнс адзін. Давайце паглядзім, каго менавіта “саўбелка” называе народам.

Артур Селязнёў: патрыёт па пасадзе

Артур Селязнёў прадстаўлены як «жыхар Магілёўскай вобласці». Ён разважае пра аснашчэнне арміі і баяздольнасць Узброеных Сіл. Яго словы гучаць прафесійна. І невыпадкова: Селязнёў – старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі «Саюз дэсантнікаў Магілёўскай вобласці».

У маі 2025 года ён выступаў на IV форуме развіцця грамадзянскай супольнасці ў Бабруйску. Менавіта ў гэтым афіцыйным статусе, побач з прадстаўнікамі «Белай Русі», «Саюза афіцэраў» і настаяцелем царквы. Там ён анансаваў патрыятычную акцыю, закліканую аб’яднаць беларусаў і расіян.

Чалавек з такой біяграфіяй, безумоўна, можа выказвацца на ваенную тэму. Але «выпадковым жыхаром» ён пры гэтым не з’яўляецца нават блізка. Яго арганізацыя цалкам залежыць ад добразычлівасці ўладаў.

Вольга Курэпіна: актывістка чатырох арганізацый разважала пра навуку

Вольга Курэпіна ў артыкуле – проста начальніца жыллёва-камунальнага аддзела. У рэальнасці Вольга Алегаўна сапраўды начальніца жыллёва-камунальнага аддзела ААТ «Бабушкіна крынка», але гэта толькі пачатак яе паслужнога спісу.

Яшчэ Курэпіна – член «Белай Русі», Беларускага саюза жанчын, Фонду міру і прафсаюзаў АПК.

У выніку – чатыры структуры, ніводная з якіх не прадугледжвае выпадковых удзельнікаў.

Нарэшце, у 2025 годзе Курэпіна ўваходзіла ў склад выбарчай камісіі на сфальсіфікаваных выбарах, што працавала ў інтэрнаце ААТ «Бабушкіна крынка». Вылучаная яна была ад Магілёўскай абласной прафсаюзнай арганізацыі аграпрамысловага комплексу.

Чалавека з такім магутным профілем «СБ» прадставіла як выпадковага, з народа, і папрасіла выказацца пра рэформу аплаты працы навукоўцаў. 

Курэпіна, вядома ж, выступіла і за рэформу, і за аплату.

Анжаліка Уквусіке: вясельны фатограф з экспертызай па знешняй палітыцы

Анжаліка Уквусіке прадстаўлена як спецыялістка па зваротах грамадзян прадпрыемства. 

Яна каментуе тэлефонную размову Лукашэнкі з Пуціным і разважае пра «праверанае гадамі» беларуска-расійскае сяброўства.

У яе экспертнасці можна не сумнявацца. Бо Анжаліка не толькі працуе са зваротамі грамадзян. Яна яшчэ і вясельны фатограф у Магілёве з уласным партфоліа на foto.by і акаўнтам у Instagram.

Трэба спадзявацца, што праца са зваротамі грамадзян у Уквусіке не прадугледжвае статусу дзяржаўнай службоўцы. Інакш гаворку давядзецца весці ўжо не пра тэлефонную размову.

Генадзь Жучкоў: пенсіянер на ўсе тэмы

Генадзь Жучкоў – пенсіянер, які разважае пра стойкасць Ірана на міжнароднай арэне.

Жучкоў апытваецца праўладнай прэсай не першы раз. У студзені 2021 года ён ужо выказваўся пра шчаслівыя сем’і: «У прыярытэце для абодвух бацькоў заўсёды павінны быць дзеці». У 2019 годзе на pravo.by Жучкоў таксама значыўся сярод апытаных і скардзіўся на малы працоўны стаж. 

Тут без Ірана ніяк не абысціся.

Апытанне чатырох чалавек, кожны з якіх так ці інакш уключаны ў сістэму, ніколі не пакажа сапраўднага меркавання народа пра справы Лукашэнкі. Гэтых меркаванняў вышэй за дах у TikTok, дзе ад нецэнзурнай лаянкі народ утрымліваюць толькі правілы супольнасці.

Фота – калаж mogilev.media (злева направа): Артур Селязнёў, Вольга Курэпіна, Анжаліка Уквусіке, Генадзь Жучкоў.

«Сенатар» Багель пабываў у Глуску і атрымаў дзіўную просьбу па згвалтаваннях

На выязным прыёме ў Глуску да «сенатара» Багеля звярнуліся тры чалавекі, якія папрасілі ўвесці амністыю па спецыфічным артыкуле КК.

Сенатар Аляксандр Багель, ён жа дырэктар узорна-паказальнага калгаса ААТ «Рассвет ім. К. П. Арлоўскага», наведаў Глускі раён. 

Нічога адметнага падчас візіту не адбылося, калі не лічыць дзіўнай просьбы адразу «трох жыхароў іншых абласцей», якія патэлефанавалі Багелю і «папрасілі аказаць садзейнічанне, каб артыкул 167 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь быў уключаны ў спіс артыкулаў, што падлягаюць амністыі».

Артыкул гэты даволі спецыфічны. Ён датычыцца гвалтоўных дзеянняў сэксуальнага характару.

Чаму жыхары іншых абласцей чакалі прыезду Аляксандра Багеля ў Глуск, каб распавесці «сенатару» пра свае таемныя жаданні – чарговая загадка лукашэнкаўскай мадэлі парламентарызму.

Фота раённай газеты.

У Слаўгарадзе за год створана шаснаццаць працоўных месцаў

Кадры Слаўгарада схільныя да цякучасці, але курс на “ўстойлівае развіццё” нарэшце ўзяты.

Новаму старшыні Слаўгарадскага райвыканкама Максіму Патапенку далажылі пра дасягненні раёна за 2025 год.

Асабліва хваліцца няма чым: пяць паказчыкаў з чатырнаццаці, даведзеных аблвыканкамам, не выкананыя. Гаварыць пра сельскую гаспадарку Слаўгарадчыны бессэнсоўна – вытворчасць прадукцыі там традыцыйна кульгае на ўсе чатыры капыты.

Няпростая сітуацыя ў раёне і з кадрамі: суадносіны прынятых і звольненых у арганізацыях раёна склалі 87,6 працэнта. Радуе толькі тое, што ў 2025 годзе ў раёне створана 16 новых працоўных месцаў.

Максім Патапенка апісаў сітуацыю ў рэгіёне фразай «тут не дайшлі, там не недарабілі», а мясцовыя журналісты, з уласцівым ім аптымізмам, вырашылі, што менавіта так выглядае «курс на ўстойлівае развіццё».

Фота раённай газеты.

Пажары на Магілёўшчыне пачыналіся з сутарэнняў

У Магілёве гарэў Быхаўскі рынак, у Бабруйску – жылы дом. У абодвух выпадках крыніцы ўзгарання знаходзіліся ў падвале.

Учора на Быхаўскім рынку Магілёва загарэўся гандлёвы павільён. Агнём было пашкоджана маёмасць. Крыніца ўзгарання знаходзілася ў падвале, агонь успыхнуў менавіта там.

У той жа дзень у аддзел МНС Бабруйска паступіла паведамленне пра пажар у пяціпавярховым доме на вуліцы Гарэліка. Ачаг узгарання таксама знаходзіўся ў падвале. Бабруйскія ратавальнікі вывелі на вуліцу пяць чалавек, якім спатрэбіліся дыхальныя маскі. Яшчэ трох жыхароў эвакуіравалі. 

Пацярпелых няма. Пасля таго як агонь патушылі, а пад’езд праветрылі, людзі змаглі вярнуцца ў свае кватэры.

Прычыны пажараў высвятляюцца.

Фота «Магілёўскія ведамасці».

Калі ж Магілёўшчыну заваляць чырвонай ікрой і вясёлкавай фарэллю?

Пра чарговыя «поспехі» КПП «Форелевое хозяйство «Лахва»» распавёў старшыня камітэта па эканоміцы аблвыканкама Аляксандр Варапаеў.

У эфіры тэлеканала «Магілёў-4» старшыня камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Варапаеў распавёў пра запуск вытворчасці таварнай чырвонай ікры ў гаспадарцы «Фарэлевая гаспадарка «Лахва» і папярэдзіў, што людзі гэтую ікру есці не будуць – яе плануюць выкарыстоўваць не ў харчовых мэтах, а для развядзення фарэлі.

Што адбываецца з фарэллю і яе вытворнымі на Магілёўшчыне – без шклянкі не разабрацца:

  • у 2023 годзе анансавалі стварэнне рыбакомплексу ў Чэрыкаве;
  • у канцы 2025 года планавалася запусціць фермы па развядзенні каштоўных парод рыбы ў Хоцімскім, Чэрыкаўскім і Краснапольскім раёнах Магілёўскай вобласці.

Запусцілі, не запусцілі, развялі ці не развялі – незразумела.

Праектам займаецца УП «Рыбгас Палуж» – «даччынная» структура гаспадаркі «Фарэлевая гаспадарка «Лахва».

На поўную магутнасць новыя фермы павінны выйсці да 2027 года, але першыя ўловы чакаюць ужо ў 2026-м.

Варапаеў так і не змог выразна растлумачыць, хто ў рыбных справах Магілёўшчыны ўсё ж «дачка», а хто – «маці». Пра «бацьку» ўвогуле нічога не вядома. Магчыма, ён адправіўся за ўловам гэтага года.

Яснасці ў сітуацыю не дадае і паездка Лукашэнкі ў Бялыніцкі раён у верасні 2023 года. Там ён наведаў участак па вырошчванні рыбы гаспадаркі «Фарэлевая гаспадарка «Лахва», выслухаў даклад пра развіццё рыбаводчай галіны ў Магілёўскай вобласці, нарошчванне вытворчасці каштоўных парод рыбы і паеў юшкі.

А яшчэ ў 2018 годзе быхаўская «раёнка» пісала, што вясёлкавая фарэль аказалася незапатрабаванай быхаўскімі гандлёвымі сеткамі. Падобна, нейкія ўловы былі ўжо і тады.

Калі падсумаваць усе гэтыя супярэчлівыя звесткі, можна прыйсці да несуцяшальных высноў – ікра толькі таварная, уловы ці то былі, ці то яшчэ будуць, затое юшку Лукашэнка паеў даўно.

Сярод мноства тэорый пра жыццё вясёлкавай фарэлі ў Магілёўскай вобласці ёсць і зусім радыкальная – гэтую рыбу праблематычна вырасціць у балоце.

Нагадаем, што рака Лахва, у гонар якой названа прадпрыемства, працякае не сярод маляўнічых альпійскіх лугоў, а па землях, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС.

Фота ведамаснага сайта гаспадаркі «Фарэлевая гаспадарка «Лахва».

Дзмітрый Марціновіч стаў дырэктарам Клімавіцкага камбіната хлебапрадуктаў

ААТ «Клімавіцкі камбінат хлебапрадуктаў» узначаліў былы старшыня Быхаўскага райвыканкама Дзмітрый Марціновіч.

Дзмітрыя Марціновіча (на фота злева) як новага кіраўніка калектыву Клімавіцкага КХП прадставіў намеснік старшыні аблвыканкама Сяргей Савіцкі.

Марціновіч – спецыяліст у галіне сельскай гаспадаркі. У гэтай сферы ён прайшоў усе прыступкі службовай лесвіцы.

Скончыў Палескі сельскагаспадарчы тэхнікум, сельгасакадэмію, аграрны тэхнічны ўніверсітэт і акадэмію кіравання.

Працаваў дырэктарам Быхаўскай райплемстанцыі, намеснікам дырэктара па жывёлагадоўлі быхаўскага СПК «Володарскі», дырэктарам СПК «Новабыхаўскі».

З Клімавіччынай Дзмітрый Васільевіч знаёмы не па чутках – з 2015 года ён займаў там пасаду начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.

Пасля гэтага, з 2018 па 2024 год, Марціновіч узначальваў Быхаўскі раён, адкуль яго накіравалі на ААТ «Агракамбінат «Усход» Магілёўскага раёна.

Дарэчы, «Усход» з’яўляецца своеасаблівым адстойнікам для адстаўленых старшынь Быхаўскага райвыканкама. Да Марціновіча ім кіраваў былы кіраўнік быхаўскай «вертыкалі» Сяргей Ігнаценка.

Цікава, што ў Клімавічах Дзмітрый Васільевіч цяпер апынецца ў непасрэдным падпарадкаванні старшыні райвыканкама, быхаўчаніна Віктара Пугача (на фота другі злева), спадчыннага чыноўніка, які «падымаў» эканоміку Быхаўшчыны на розных пасадах і часта апынаўся не пры справах пры змене кіраўнікоў.

Пугач

У свой час менавіта Марціновіч, стаўшы на чале Быхаўскага раёна, зняў Пугача з «лаўкі запасных» і вярнуў яго на пасаду намесніка кіраўніка рэгіёна па эканоміцы.

Такім чынам, для Дзмітрыя Марціновіча кола замкнулася – як і на раннім этапе сваёй кар’еры, ён зноў падпарадкоўваецца Віктару Пугачу.

З аднаго боку, такая ператасоўка чыноўніцкай калоды, як кажуць, не дае нічога ні розуму, ні сэрцу. З другога – Пугач і Марціновіч гарантавана спрацуюцца.

Фота быхаўскай і клімовіцкай раённых газет.

У Слаўгарадзе не засталося ніводнага медыка, які мае патрэбу ў паляпшэнні жылля

У Слаўгарадскай ЦРБ не засталося ніводнага супрацоўніка, які меў бы патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

У той час як жыхары раённых цэнтраў наперабой скардзяцца ў сацыяльных сетках на якасць медыцынскага абслугоўвання, Слаўгарад ужо ўсё вырашыў. Ну ці амаль усё.

Прынамсі, так лічаць кіраўнікі прафсаюзнай першаснай арганізацыі бальніцы, якія «дыскутавалі» з вышэйшым прафсаюзным начальствам на тэмы справаздачы аб дасягненнях 2025 года.

Адзін з аргументаў, прыведзеных дакладчыкамі, быў проста забойчы – на 1.01.2026 года ў раённай бальніцы не засталося ніводнага супрацоўніка, які меў бы патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Пасля такой заявы далейшая дыскусія страціла ўсялякі сэнс. Засталося толькі раздаць ганаровыя граматы.

Калі і ёсць у Слаўгарадзе нейкія праблемы з забеспячэннем медыкаў годнымі ўмовамі існавання, дык толькі тое, што не ўсе з іх уступілі ў галіновы прафсаюз – 279 з дзвюхсот васьмідзесяці пяці або 97,8 працэнта. Шэсць чалавек апынуліся па-за колам ахопу прафсаюза.

Магчыма, менавіта з-за гэтых несвядомых грамадзян, якія напэўна ёсць у кожнай раённай бальніцы вобласці, дробныя няўвязкі з медыцынай Магілёўшчыны пакуль маюць месца быць.

Фота слаўгарадскай раённай газеты.

Хопіць TikTokа – медыцынскія чыноўнікі Магілёўскай вобласці самі адрэагуюць на скаргі

Не трэба скардзіцца ў TikTok на чыноўнікаў Магілёўшчыны. Лепш тэлефануйце ім самім па суботах.

Галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама апублікавала графік правядзення суботніх прамых ліній на люты. Там, нібыта, можна задаць пытанне пра меддапамогу наўпрост, што называецца, у лоб.

Мы ж пакуль задамося іншым пытаннем: наколькі эфектыўныя прамыя лініі такога кшталту?

І прымем як дадзенасць, што лекары ў Магілёўскай вобласці – зусім не поўныя невукі, якія купілі дыплом за грошы. 

Дзякўй Богу, медінстытуты ў Беларусі пакуль не сельгасакадэмія, у якой можна вывучыцца завочна за пару парасят, каб потым абдзіраць калгасы як ліпкі.

І не акадэмія кіравання імя Лукашэнкі, якая толькі пагаршае ўжо наяўныя праблемы з граматыкай.

Калі і ёсць на Магілёўшчыне прэтэнзіі да медабслугоўвання, то тычацца яны не лекараў, а арганізацыі іх працы. 

У чэргах, дэфіцыце кадраў, бясконцых рамонтах, як у Быхаўскай ЦРБ, адсутнасці сучаснага абсталявання і іншых недарэчнасцях беларускай медыцыны вінаватыя перш за ўсё профільныя чыноўнікі.

І, патэлефанаваўшы на гарачую лінію, вы аўтаматычна паскардзіцеся тым, на каго скардзіцеся.

Па сутнасці, графік, пра які ідзе гаворка – спіс прозвішчаў чыноўнікаў, вінаватых у бардаку. А ўсе іх гарачыя і халодныя лініі – спосаб перанакіраваць скаргу ў патрэбнае ўладам рэчышча.

Вось і выходзіць, што TikTok значна больш эфектыўны за суботнюю балбатню з чыноўнікамі. 

У сацыяльнай сетцы ў вашай скаргі з’яўляюцца шанцы быць пачутай тымі, хто можа даць чыноўнікам па шапцы. Вось такая дзіўная логіка працы са зваротамі грамадзян і грамадзянак.