царква

«Светлая журба» над магіламі. Як БелТА ператварыла пахаваную Магілёўшчыну ў турыстычны буклет

У рэпартажы з вёскі Саматэвічы карэспандэнты БелТА знайшлі «светлую журбу» і «аптымізм» там, дзе насамрэч – 1500 дамоў пад зямлёй, згарэлая царква і радыяцыйнае забруджанне на сарака працэнтах тэрыторыі Касцюковіцкага раёна. 

Руіны Свята-Троіцкай царквы (на фота) у вёсцы Саматэвічы выглядаюць так, як і павінна выглядаць закінутая царква – ні даху, ні купалоў, ні дзвярэй. Толькі абгарэлыя цагляныя сцены і дрэвы, што прарастаюць скрозь тое, што калісьці было храмам.

Пабудаваная ў 1842 годзе, трыццаціметровая, разлічаная на трохтысячнае сяло царква сёння – руіны. У 2008 годзе ўнутры адбыўся пажар, які знішчыў тое, што не вынеслі марадзёры. Падлога знятая, метал вынесены, сцены ў сажы.

Карэспандэнты БелТА, нядаўна пабываўшы ў вёсцы, бачаць гэта і пішуць: «нямы сведка былой велічы і духоўнасці». А яшчэ – «гэтая журба светлая, бо жыццё не знікла, яно перацякло ў новае рэчышча».

Што хаваецца за «светлай журбой»

Саматэвічы – не проста «адселеная вёска». Гэта радзіма Аркадзя Куляшова, народнага паэта БССР, аўтара «Маёй Бесядзі» і “Сцяга брыгады”.

Гэта вёска, упершыню згаданая ў летапісах у 1585 годзе. Гэта месца, дзе да Чарнобыля жыло да трох тысяч чалавек, працавалі крамы, дзіцячы сад, бальніца, вузел сувязі, кавярня.

А цяпер усё выглядае так:

  • 1500 дамоў у Саматэвічах закапаныя ў зямлю. На месцы вуліц – узгоркі;
  • дом самога Куляшова згарэў яшчэ да «пахавання» вёскі, закапаны ў зямлю разам з усім астатнім;
  • царкву Святой Тройцы аднаўляць ніхто не збіраецца;
  • 40 працэнтаў тэрыторыі Касцюковіцкага раёна забруджана радыяцыяй, з абароту выведзена 30 тысяч гектараў сельгасугоддзяў;
  • 40 вёсак раёна адселены і «выключаны з уліковых дадзеных» – гэта значыць юрыдычна не існуюць.

Гэта, паводле БелТА, называецца «жыццё перацякло ў новае рэчышча». Прасцей кажучы, у магілу.

Новыя Саматэвічы: «востраў развіцця» з кірмашом

Рэпартаж бадзёра распавядае пра аграгарадок Новыя Саматэвічы, куды перасялілі людзей: ёсць крама, ФАП, стаматалагічны кабінет, дзіцячы сад, школа з музеем Куляшова, воркаўт-пляцоўка і «клуб вольнага часу». Асаблівы гонар – «Ільінскі кірмаш», якому ў гэтым годзе дзесяць гадоў.

Гучыць гучна. Толькі кірмаш у Саматэвічах праводзілі з даўніх часоў. Потым ён перапыніўся з-за Чарнобыля і быў адноўлены толькі ў 2017 годзе.

І яшчэ адна дэталь, якую прапагандысты абыходзяць маўчаннем.

«Камфортны» аграгарадок пабудавалі ў 18 кіламетрах ад месца, дзе людзі нарадзіліся. Для гараджаніна 18 кіламетраў – дробязь. Для вясковага чалавека, у якога ў закінутай вёсцы магілы продкаў і школа, дзе ён вучыўся, гэта падарожжа праз усё жыццё.

Той факт, што ў Старыя Саматэвічы людзі да гэтага часу ездзяць пастаяць каля царквы, у агітацыйным тэксце пададзены як «аптымізм і сіла». Перакладзем на чалавечую мову: гэта туга. Людзі ездзяць да закапанага ў зямлю бацькоўскага дома.

Навошта патрэбна «светлая журба»

Прыём просты і працуе ён даўно. Калі называць катастрофу катастрофай, давядзецца тлумачыць, чаму за сорак гадоў ні адна вёска не рэабілітавана, чаму царква ў руінах, чаму ў радыяцыйнай зоне па-ранейшаму працуюць сельгаспрадпрыемствы кшталту КСУП «Саматэвічы Агра». 

Калі называць гэта светлай журбой – ніякіх пытанняў. Усё добра, усё пазітыўна, дзеці патрыёты, кірмаш юбілейны, воркаўт-пляцоўка новая.

Гэта тая самая тэхніка, якая апрабавана лукашэнкаўскімі прапагандыстамі на ўсёй Магілёўшчыне.

Пра паміраючы калгас пішуць, якія ў механізатараў смачныя абеды. Пра платы, якія ламаюць у Краснаполлі, што «кожны выбіты пралёт гэта наша агульнае паражэнне». Пра адселеныя вёскі – што «журба светлая».

А яна не светлая. Яна чорная, цяжкая, са стронцыем у зямлі, дзе ўжо выраслі некалькі пакаленняў людзей. І ніякая воркаўт-пляцоўка, ніякі дзіцячы блогерскі клуб і ніякі «Ільінскі кірмаш» гэтую зямлю ўжо не вернуць.

Навошта хлусіць? Пустая вёска – гэта пустая вёска. Згарэлая царква – гэта згарэлая царква. Знішчаны дом Куляшова – гэта знесены бульдозерам дом Куляшова, а зусім не «нямы сведка духоўнасці».

Фота раённай газеты.

← Усе навіны Магілёва