Экспарт паслуг у Слаўгарадскім раёне вырас у 8,5 раза

Чыноўнікі Слаўгарада ўпэўнена жангліруюць прыгожымі лічбамі і прыцягваюць замежнікаў.

Васьміразовы рост экспарту паслуг, якім пахваліліся слаўгарадскія чыноўнікі, гучыць уражвальна – пакуль не ўспомніш, што гаворка пра Слаўгарадскі раён.

База маленькая, таму і каэфіцыент прыгожы. Гаворка ішла пра турыстычныя і медыцынскія паслугі – раён, паводле версіі дакладчыкаў, актыўна прыцягвае замежных грамадзян. Якіх менавіта замежнікаў і куды – не ўдакладнялася.

Астатнія лічбы на пасяджэнні райвыканкама таксама былі падабраныя з розумам. Інвестыцыі ў асноўны капітал за квартал – 197,5 працэнтаў да ўзроўню першага квартала мінулага года, амаль удвая. Прамысловасць вырасла ў 1,3 раза. Зарплата ў сакавіку пераваліла за дзве тысячы рублёў, рэальны прырост – амаль 10 працэнтаў.

Усе паказчыкі выбраныя паводле аднаго прынцыпу: браць той перыяд і тую базу, дзе рост выглядае максімальна пераканаўча. Абсалютныя лічбы пры гэтым у зале не гучалі – толькі каэфіцыенты і працэнты.

Кіраўнік раёна Максім Патапенка падвёў вынік у тым жа духу. Маўляў, вынікі ёсць, але спыняцца нельга – замежнікі будуць незадаволеныя.

Фота раённай газеты.

Слаўгарадская раёнка абурылася нешматлікасцю ўдзельнікаў суботніка

Жыхары вёскі Вялікая Зімніца не захацелі працаваць бясплатна і ў сваёй большасці праігнаравалі заклік мясцовай улады прыбраць на могілках.

Пытанне стану могілак раней абмяркоўвалася на сельскім сходзе, дзе жыхары, як сцвярджае “Прысожскі край”, самі паднялі тэму неабходнасці ўпарадкавання тэрыторыі. Ініцыятыву падтрымаў старшыня сельвыканкама Міхаіл Белашоў. Пасля гэтага было арганізавана апавяшчэнне насельніцтва і прызначаны дзень работ.

Да суботніка далучыліся прадстаўнікі Слаўгарадскага лясніцтва і супрацоўнікі ЖКГ. Яны разам з нешматлікімі мясцовымі жыхарамі выконвалі асноўны аб’ём работ: высякалі параснік, прыбіралі аварыйныя дрэвы і наводзілі парадак на тэрыторыі.

Аднак, як адзначае раённая газета, на гэтым фоне асабліва прыкметнай стала абыякавасць большасці вяскоўцаў. Для населенага пункта з немалой колькасцю жыхароў такая яўка выглядае сімвалічнай. Удзел прынялі пераважна тыя, хто і без заклікаў лічыць догляд могілак асабістай справай.

Саромячы тых, хто не пажадаў працаваць бясплатна, раёнка, аднак, нічога не кажа аб тым, за кім насамрэч замацаваны могілкі і хто абавязаны ажыццяўляць догляд. Але за адказам далёка хадзіць не трэба – канкрэтныя магілы мусяць даглядаць сваякі памерлых, а ўсё астатняе – ЖКГ. Чаму апошняя не дае рады са сваімі абавязкамі, атрымліваючы грошы з бюджэта, які фармуецца за кошт у тым ліку падаткаў грамадзян, “Прысожскі край” таксама маўчыць.

Калісьці, у вельмі блізкім сэрцу цяперашняй улады ў Беларусі Савецкім Саюзе рэакцыяй насельніцтва на рознага кшталту заклікі ўлады да бясплатнай працы было ціхае іх ігнараванне альбо максімальна няякаснае выкананне. І гэта без гучных пратэстаў, выступленняў ці яшчэ нейкага заўважнага выказвання незадавальнення. Таму – што хацелі, тое і атрымалі.

Фотаздымак: Прысожскі край

Ва Украіне ліквідаваны расійскі наёмнік са Слаўгарадскага раёна

Жыхар Слаўгарадскага раёна Аляксандр Сляпцоў, які служыў у расійскіх акупацыйных войсках, ліквідаваны Узброенымі сіламі Украіны.

 

Як высвятліла арганізацыя Bypol, у лютым 2026 года ў Беларусь было дастаўлена і пахавана цела беларуса, які з верасня 2025 года ваяваў ва Украіне на баку Расіі. Гэта і быў жыхар Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці Сляпцоў Аляксандр Аляксандравіч, 1990 г. н.

 

Сляпцоў раней неаднаразова быў судзімы: 

у 2016-2017 гадах адбываў пакаранне ў ПК-17, 

у 2018-2021 – у ПК-9, 

у 2022 – ПК-2, 

у 2022-2023 – у лячэбна-працоўным прафілакторыі №7. 

 

Апошні раз працаваў качагарам у Слаўгарадскім раённым спажывецкім таварыстве.

 

Фотаздымак: Bypol

Мяса кабана, здабытага пад Слаўгарадам, у 12 разоў перавысіла норму па радыяцыі

Дзікі кабан са Слаўгарадскага раёна абверг меркаванне ідэолагаў аб зніжэнні радыяцыйнага забруджвання пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Здаецца, указы Лукашэнкі аб скарачэнні перыяду паўраспаду радыеактыўных элементаў не працуюць.

У 2025 годзе каля вёскі Ходарава Слаўгарадскага раёна паляўнічымі быў здабыты дзікі кабан з перавышэннем у 12 разоў дапушчальнага ўзроўню заражэння радыёактыўным цэзіем-137.

Санітарна-эпідэміялагічная служба раёна вымушана справаздачыцца аб зніжэнні радыяцыйнага забруджвання пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, але ўрачам добра вядома, што гэта зусім не так.

І напярэдадні паляўнічага сезона спецыялісты паняволі агучваюць рэальную інфармацыю.

Па-добраму, паляванне ў такіх раёнах, як Слаўгарадшчына, павінна быць забаронена, але замест гэтага паляўнічым даюць парады аб прамыванні радыеактыўнага мяса або замочванні яго ў расоле.

Прыдуманы спецыяльныя фішкі накшталт тлумачэнняў, што ўтрыманне радыенуклідаў у мясе кабана і казулі вышэй, чым у зайца і лася.

На самай справе радыяцыя і не думала нікуды сыходзіць. Толькі ў галюцынацыях Лукашэнкі беларуская зямля ўжо пазбавілася ад наступстваў аварыі на ЧАЭС. Добра было б пачаставаць мясам слаўгарадскага кабана самога старога. Вядома ж, папярэдне апрацаваўшы яго ў расоле.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Слаўгарадзе не засталося ніводнага медыка, які мае патрэбу ў паляпшэнні жылля

У Слаўгарадскай ЦРБ не засталося ніводнага супрацоўніка, які меў бы патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

У той час як жыхары раённых цэнтраў наперабой скардзяцца ў сацыяльных сетках на якасць медыцынскага абслугоўвання, Слаўгарад ужо ўсё вырашыў. Ну ці амаль усё.

Прынамсі, так лічаць кіраўнікі прафсаюзнай першаснай арганізацыі бальніцы, якія «дыскутавалі» з вышэйшым прафсаюзным начальствам на тэмы справаздачы аб дасягненнях 2025 года.

Адзін з аргументаў, прыведзеных дакладчыкамі, быў проста забойчы – на 1.01.2026 года ў раённай бальніцы не засталося ніводнага супрацоўніка, які меў бы патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Пасля такой заявы далейшая дыскусія страціла ўсялякі сэнс. Засталося толькі раздаць ганаровыя граматы.

Калі і ёсць у Слаўгарадзе нейкія праблемы з забеспячэннем медыкаў годнымі ўмовамі існавання, дык толькі тое, што не ўсе з іх уступілі ў галіновы прафсаюз – 279 з дзвюхсот васьмідзесяці пяці або 97,8 працэнта. Шэсць чалавек апынуліся па-за колам ахопу прафсаюза.

Магчыма, менавіта з-за гэтых несвядомых грамадзян, якія напэўна ёсць у кожнай раённай бальніцы вобласці, дробныя няўвязкі з медыцынай Магілёўшчыны пакуль маюць месца быць.

Фота слаўгарадскай раённай газеты.

Лукашэнка змяніў кіраўнікоў Касцюковіцкага, Слаўгарадскага і Чавускага раёнаў

Беларускі правіцель прызначыў «кадры»: намесніка старшыні па пытаннях будаўніцтва і ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама і трох старшынь райвыканкамаў.
Лукашэнка правёў кадравыя ратацыі. Замест Генадзя Дэнгалева, які злятаў у Саудаўскую Аравію, а потым знік з гарызонту, намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама па будаўніцтве і ЖКГ стаў Ігар Клішо, які раней узначальваў абласны камітэт па архітэктуры і будаўніцтве.
Намеснік старшыні Крычаўскага раёна Наталля Асмалоўская прызначана старшынёй Касцюковіцкага райвыканкама.
Галоўны «дэпутат» Горак Максім Патапенка будзе кіраваць Слаўгарадскім раёнам. Першаму намесніку старшыні Кіраўскага райвыканкама давераны Чавускі раён.

Фота БелТА.