Амаль траціна лясоў Магілёўшчыны дагэтуль забруджана цэзіем-137

Тэрыторыя лясоў Магілёўскай вобласці, забруджаных цэзіем-137, складае 29% ад усяго ляснога фонда рэгіёна. Аднак драўніна, паводле чыноўнікаў, цалкам адпавядае нормам бяспекі.

“Тэрыторыя ляснога фонду Магілёўскай вобласці, забруджанага цэзіем-137, займае 366 тыс.га, што складае 29% ад агульнай плошчы ляснога фонду. Але тая драўніна, якая паступае непасрэдна ў абарот, цалкам адпавядае нормам бяспекі” – цытуе БелТА начальніка упраўлення па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і надзвычайных сітуацыях Магілёўскага аблвыканкама Сяргея Лазарэвіча.

Паводле яго, па стане на 1992 год на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання ў Магілёўскай вобласці было 1059 населеных пунктаў, з іх пяць раённых цэнтраў. Па выніках ацэнкі 2021 года колькасць населеных пунктаў, аднесеных да зон радыеактыўнага забруджвання, скарацілася на 38% і сёння складае 660 населеных пунктаў, уключаючы чатыры раённыя цэнтры. 

Радыяцыя так ці інакш закранае 14 з 21 раёна вобласці, а таксама 243 тыс.га сельскагаспадарчых зямель (каля 23%). Але, паводле Лазарэвіча, тут таксама няма прычын для хвалявання, бо дзякуючы адпрацаваным методыкам забяспечваецца вытворчасць нарматыўна чыстай прадукцыі. 

“Уся прадукцыя, якую атрымліваюць у грамадскім сектары нашых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, сёння з’яўляецца нарматыўна чыстай. Перавышэнняў па пробах гэтай прадукцыі ў нас па Магілёўскай вобласці не рэгіструецца ўжо больш за 20 гадоў”, – рапартуе чыноўнік.

Фота: ArticCynda / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

Слаўгарад на другім месцы па радыяцыі ў Беларусі

У Брагіне Гомельскай вобласці і ў Слаўгарадзе Магілёўскай зараз больш за ўсё гама-выпраменьвання сярод іншых гарадоў.

Паводле Белгідрамета, на 12 сакавіка 2026 года найбольш высокія ўзроўні магутнасці дозы гама-выпраменьвання захоўваюцца ў пунктах пастаяннага кантролю, размешчаных у зонах павышанага радыеактыўнага забруджвання: Брагін – 0,38 мкЗв/гадзіну, Слаўгарад – 0,18 мкЗв/гадзіну.

Пры гэтым у Магілёве і Гомелі гэты паказчык на ўзроўні 0,11 мкЗв/гадзіну, што, паводле назіральнікаў, адпавядае ўсталяваным шматгадовым значэнням. У астатніх абласных гарадах і Мінску – 0,10 мкЗв/гадзіну.

Фотаздымак: ТГ Белгідрамета

Мяса кабана, здабытага пад Слаўгарадам, у 12 разоў перавысіла норму па радыяцыі

Дзікі кабан са Слаўгарадскага раёна абверг меркаванне ідэолагаў аб зніжэнні радыяцыйнага забруджвання пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Здаецца, указы Лукашэнкі аб скарачэнні перыяду паўраспаду радыеактыўных элементаў не працуюць.

У 2025 годзе каля вёскі Ходарава Слаўгарадскага раёна паляўнічымі быў здабыты дзікі кабан з перавышэннем у 12 разоў дапушчальнага ўзроўню заражэння радыёактыўным цэзіем-137.

Санітарна-эпідэміялагічная служба раёна вымушана справаздачыцца аб зніжэнні радыяцыйнага забруджвання пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, але ўрачам добра вядома, што гэта зусім не так.

І напярэдадні паляўнічага сезона спецыялісты паняволі агучваюць рэальную інфармацыю.

Па-добраму, паляванне ў такіх раёнах, як Слаўгарадшчына, павінна быць забаронена, але замест гэтага паляўнічым даюць парады аб прамыванні радыеактыўнага мяса або замочванні яго ў расоле.

Прыдуманы спецыяльныя фішкі накшталт тлумачэнняў, што ўтрыманне радыенуклідаў у мясе кабана і казулі вышэй, чым у зайца і лася.

На самай справе радыяцыя і не думала нікуды сыходзіць. Толькі ў галюцынацыях Лукашэнкі беларуская зямля ўжо пазбавілася ад наступстваў аварыі на ЧАЭС. Добра было б пачаставаць мясам слаўгарадскага кабана самога старога. Вядома ж, папярэдне апрацаваўшы яго ў расоле.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.