У Беларусі хадзіць у лес без абмежаванняў можна толькі на Магілёўшчыне

Толькі на ўсходзе Магілёўшчыны сёння, 3 траўня, можна наведваць лясы без абмежаванняў. 

Сухое цёплае надвор’е, якое прыйшло ў Беларусь у апошнія дні, зноў спрыяе магчымасці прыродных пажараў. Паводле карты, якую складае Міністэрства лясной гаспадаркі, на сёння практычна па ўсёй краіне ўведзеныя абмежаванні на наведванне лясоў. Гэта значыць, туды нельга заязджаць на аўтамабіле і распальваць вогнішчы. 

Пры гэтым у трох заходніх раёнах Гродзенскай вобласці ўвогуле забаронена заходзіць у лес. 

У той жа час на ўсходзе Магілёўскай вобласці наведваць лясныя масівы можна ў сямі раёнах. Гэта Хоцімскі, Клімавіцкі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Чэрыкаўскі і Слаўгарадскі раёны.

Паводле заканадаўства, за парушэнне патрабаванняў па забеспячэнні пажарнай бяспекі ў лясах або на тарфяніках альбо забароны на іх наведванне пагражае накладанне штрафу ад 12 да 30 базавых велічынь (у залежнасці ад наяўнасці альбо адсутнасці шкоды). У выпадку прычынення шкоды ў асабліва буйным памеры надыходзіць крымінальная адказнасць.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Амаль траціна лясоў Магілёўшчыны дагэтуль забруджана цэзіем-137

Тэрыторыя лясоў Магілёўскай вобласці, забруджаных цэзіем-137, складае 29% ад усяго ляснога фонда рэгіёна. Аднак драўніна, паводле чыноўнікаў, цалкам адпавядае нормам бяспекі.

“Тэрыторыя ляснога фонду Магілёўскай вобласці, забруджанага цэзіем-137, займае 366 тыс.га, што складае 29% ад агульнай плошчы ляснога фонду. Але тая драўніна, якая паступае непасрэдна ў абарот, цалкам адпавядае нормам бяспекі” – цытуе БелТА начальніка упраўлення па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і надзвычайных сітуацыях Магілёўскага аблвыканкама Сяргея Лазарэвіча.

Паводле яго, па стане на 1992 год на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання ў Магілёўскай вобласці было 1059 населеных пунктаў, з іх пяць раённых цэнтраў. Па выніках ацэнкі 2021 года колькасць населеных пунктаў, аднесеных да зон радыеактыўнага забруджвання, скарацілася на 38% і сёння складае 660 населеных пунктаў, уключаючы чатыры раённыя цэнтры. 

Радыяцыя так ці інакш закранае 14 з 21 раёна вобласці, а таксама 243 тыс.га сельскагаспадарчых зямель (каля 23%). Але, паводле Лазарэвіча, тут таксама няма прычын для хвалявання, бо дзякуючы адпрацаваным методыкам забяспечваецца вытворчасць нарматыўна чыстай прадукцыі. 

“Уся прадукцыя, якую атрымліваюць у грамадскім сектары нашых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, сёння з’яўляецца нарматыўна чыстай. Перавышэнняў па пробах гэтай прадукцыі ў нас па Магілёўскай вобласці не рэгіструецца ўжо больш за 20 гадоў”, – рапартуе чыноўнік.

Фота: ArticCynda / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

У большасці раёнаў Магілёўшчыны забаронена заходзіць у лес

У 16 з 21 раёна Магілёўскай вобласці з-за засухі ўведзена поўная забарона на наведванне лясоў.

Большая частка раёнаў, дзе забаронена нават заходзіць у лес, знаходзяцца ў заходняй і ўсходняй частках рэгіёна. Пры гэтым у Шклоўкім, Чавускім і Мсціслаўскім раёнах дзейнічае абмежаванне – лясы наведваць можна, але заязджаць у іх на машынне нельга, як і распальваць вогнішчы.

Пры гэтым у Горацкім і Дрыбінскім раёнах ніякіх абмежаванняў на наведванне лясоў няма. 

Варта адзначыць, што сухая вясна працягвае пагражаць ляснымі пажарамі. Так, за мінулыя суткі з раніцы 3 красавіка па раніцу 4 красавіка 2026 года па вобласці адбыліся 25 пажараў у экасістэмах, прычым у Бабруйскім раёне быў зафіксаваны лясны пажар.

Фотаздымак: Мінлясгас

Наведваць лясы на Магілёўшчыне можна толькі ў Шклоўскім раёне

Забарона на наведванне лясоў уведзена ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці, акрамя Шклоўскага.

У большасці раёнаў Беларусі дзейнічаюць забароны і абмежаванні на наведванне лясоў. Пра гэта сведчаць даныя інтэрактыўнай карты на афіцыйным сайце Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі. 

Посещение лесов могилевская область

Найбольш складаная абстаноўка склалася ва ўсходняй частцы краіны. У Гомельскай вобласці забароны на наведванне лясоў уведзены ва ўсіх раёнах, у Магілёўскай таксама – за выключэннем Шклоўскага, дзе дзейнічае абмежаванне на наведванне лясоў. Гэта значыць, толькі на Шклоўшчыне можна заходзіць у лес для прагулак, збору грыбоў і ягад, але пры гэтым забаронены ўезд у лясны масіў на механічных транспартных сродках і распальванне вогнішчаў.

Дарэчы, на днях адбыўся лясны пажар ва Усакінскім лясніцтве Клічаўскага раёна. Плошча ўзгарання склала 0,3 га.

Фотаздымак: Тэлеграм Мінлясгаса