Амаль траціна лясоў Магілёўшчыны дагэтуль забруджана цэзіем-137

Тэрыторыя лясоў Магілёўскай вобласці, забруджаных цэзіем-137, складае 29% ад усяго ляснога фонда рэгіёна. Аднак драўніна, паводле чыноўнікаў, цалкам адпавядае нормам бяспекі.

“Тэрыторыя ляснога фонду Магілёўскай вобласці, забруджанага цэзіем-137, займае 366 тыс.га, што складае 29% ад агульнай плошчы ляснога фонду. Але тая драўніна, якая паступае непасрэдна ў абарот, цалкам адпавядае нормам бяспекі” – цытуе БелТА начальніка упраўлення па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і надзвычайных сітуацыях Магілёўскага аблвыканкама Сяргея Лазарэвіча.

Паводле яго, па стане на 1992 год на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання ў Магілёўскай вобласці было 1059 населеных пунктаў, з іх пяць раённых цэнтраў. Па выніках ацэнкі 2021 года колькасць населеных пунктаў, аднесеных да зон радыеактыўнага забруджвання, скарацілася на 38% і сёння складае 660 населеных пунктаў, уключаючы чатыры раённыя цэнтры. 

Радыяцыя так ці інакш закранае 14 з 21 раёна вобласці, а таксама 243 тыс.га сельскагаспадарчых зямель (каля 23%). Але, паводле Лазарэвіча, тут таксама няма прычын для хвалявання, бо дзякуючы адпрацаваным методыкам забяспечваецца вытворчасць нарматыўна чыстай прадукцыі. 

“Уся прадукцыя, якую атрымліваюць у грамадскім сектары нашых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, сёння з’яўляецца нарматыўна чыстай. Перавышэнняў па пробах гэтай прадукцыі ў нас па Магілёўскай вобласці не рэгіструецца ўжо больш за 20 гадоў”, – рапартуе чыноўнік.

Фота: ArticCynda / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

Ляснічы з Магілёўскай вобласці краў лес

Ляснічы ў Магілёўскай вобласці прадаваў дзелавую драўніну як дровы і браў хабар.

У Магілёўскай вобласці выкрыта схема незаконнай нарыхтоўкі і продажу драўніны: ляснічы адпускаў каштоўную дзелавую драўніну пад выглядам дроў і атрымліваў за гэта хабар. Парушэнні выявілі спецыялісты Камітэта дзяржкантролю і фінансавых расследаванняў.

Па дадзеных праверкі, ляснічы дзейнічаў у інтарэсах камерцыйных структур: даваў падначаленым указанні на незаконныя рубкі і афармляў фіктыўныя дакументы, каб схаваць махінацыі. Акрамя таго, ён спісваў гаруча-змазачныя матэрыялы, частку якіх затым прадаваў, а таксама рэалізаваў драўніну прыватнай асобе без афармлення дакументаў, прысвоіўшы грошы.

У дачыненні да ляснічага ўзбуджаны крымінальныя справы па некалькіх артыкулах, уключаючы атрыманне хабару, перавышэнне паўнамоцтваў, крадзеж і прычыненне шкоды навакольнаму асяроддзю.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Лес у Быхаўскім раёне – адзін з найбольш пацярпелых ад стыхіі

Міністэрства лясной гаспадаркі назвала Магілёўскую вобласць і, у прыватнасці, Быхаўскі лясгас сярод тых, што найбольш пацярпелі ад стыхіі.

Падчас сустрэчы з журналістамі, якія 12 лістапада 2025 года наведалі лясгасы Магілёўшчыны, прадстаўнікі міністэрсва прызналі: звычайныя рабочыя ў галіне фактычна працуюць на знос ужо працяглы час.

Па заявах Мінлясгаса, “прадпрыемствы галіны гераічна змагаюцца з выклікамі стыхіі” ўжо каторы год. Праўда, застаецца незразумелым, у чым менавіта праяўляецца гэты “гераізм”, калі гаворка ідзе пра выкананне звычайнай, аплачанай дзяржавай працы.

“Абмяркоўвалі розныя пытанні: ад патрэбы ў драўнінных рэсурсах унутры краіны да мэтазгоднасці распрацоўкі асобных бураломных участкаў, якія могуць прынесці дзяржаве фінансавыя страты замест прыбытку. Не абмінулі ўвагай і тэму перапрацоўкі паваленай драўніны” – паведамляецца ў тэлеграм-канале Мінлясгаса.

Фотаздымак: Мінлясгас