Ляснічы з Магілёўскай вобласці краў лес

Ляснічы ў Магілёўскай вобласці прадаваў дзелавую драўніну як дровы і браў хабар.

У Магілёўскай вобласці выкрыта схема незаконнай нарыхтоўкі і продажу драўніны: ляснічы адпускаў каштоўную дзелавую драўніну пад выглядам дроў і атрымліваў за гэта хабар. Парушэнні выявілі спецыялісты Камітэта дзяржкантролю і фінансавых расследаванняў.

Па дадзеных праверкі, ляснічы дзейнічаў у інтарэсах камерцыйных структур: даваў падначаленым указанні на незаконныя рубкі і афармляў фіктыўныя дакументы, каб схаваць махінацыі. Акрамя таго, ён спісваў гаруча-змазачныя матэрыялы, частку якіх затым прадаваў, а таксама рэалізаваў драўніну прыватнай асобе без афармлення дакументаў, прысвоіўшы грошы.

У дачыненні да ляснічага ўзбуджаны крымінальныя справы па некалькіх артыкулах, уключаючы атрыманне хабару, перавышэнне паўнамоцтваў, крадзеж і прычыненне шкоды навакольнаму асяроддзю.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Магілёве раскрылі забойства 20-гадовай даўніны, дапытаўшы сына ахвяры, што падрос

Жорсткае забойства маці на вачах яе малалетняго дзіцёнка заставалася не раскрытым з 2005 года. Яснасць унёс толькі допыт стаўшага дарослым сына.

Трагедыю перадумовіў крадзеж, які будучы абвінавачаны здзейсніў у мужа 27-гадовай жанчыны, якая потым і стала ахвярай. У лютым 2005 года знаёмы сям’і прыйшоў да іх, каб дамовіцца аб адтэрміноўцы вяртання грошай за скрадзенае. З дарослых у доме была толькі гаспадыня, і дамовіцца з ёй, як паказалі адлейшыя падзеі, не ўдалося. 

Раззлаваны і нецвярозы госць стаў збіваць жанчыну, а схапіўшы нож, нанёс ёй каля 20 удараў па галаве, шыі і грудзях. Няшчасная памерла на месцы. Потым ён інсцэніраваў рабаванне, раскідаўшы рэчы па кватэры, а сваё адзенне і абутак знішчыў.

Забітую жанчыну толькі на наступны дзень знайшоў яе муж. 

Увесь гэты час ў кватэры знаходзіліся двое малых дзецей, адзін з якіх – 4-гадовы хлопчык чуў і бачыў тое, што адбывалася з маці. 

У 2005-2006 гадах забойца праходзіў па гэтай справе, аднак з-за недастатковасці ўлік пазбег адказнасці. Праз мноства гадоў, калі малалетні відавочца забойства вырас, ён быў дапытаны як ключавы сведка. Расследаванне справы было адноўлена, а папярэдні вырак суда па ёй адменены. У новым працэсе малады мужчына пазнаў знешнасць і голас забойцы маці.

Злачынец быў асуджаны на 16 гадоў і два месяцы зняволення і абавязаны грашовай кампенсацыяй пацярпелым у памеры 250 тыс. рублёў. Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Касцюковічах прааналізавалі лужыну і адклалі да вясны

Лужына каля шматпавярховага дома ў Касцюковічах стала “прычынай для хвалявання”, дэтальнага аналіза і стратэгічных рашэнняў.

Касцюковіцкія журналісты, вядомыя сваёй настойлівасцю, правялі чарговае расследаванне. На гэты раз яго прадметам стала лужына ў двары дома № 1 мікрараёна, які ў горадзе называюць АБВГДэйкай.

Нягледзячы на тое, што жыхары Касцюковічаў, звыклыя да зменлівасцяў лёсу, на лужыну не скардзіліся (“лужына не перашкаджае жыхарам перасоўвацца па двары, але ўсё ж псуе знешні выгляд шматпавярхоўкі”) газетчыкі ўсё ж вырашылі разабрацца ў праблеме і запрасілі ў якасці эксперта намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Сідарэнку.

Ён прааналізаваў лужыну і адразу зразумеў, што “вада з лужыны нікуды не сыходзіць, бо тут гліністыя грунты, а не пясчаныя”.

Чыноўнік паабяцаў, што да канца тыдня будзе зроблены адвод вады “ў выглядзе латка або траншэі, каб па існуючым рэльефе вада магла сцякаць ніжэй па ўзроўні”.

Канчаткова ж з лужынай разберуцца вясной – завязуць грунт, выраўняюць яго і засеюць праблемную тэрыторыю травой.

Вось такая касцюковіцкая пятрушка, а дакладней – АБВГДэйка: чыноўнікі вырашаюць праблемы па меры іх паступлення, на вока. Аб тым, што глеба гліністая, даведваюцца толькі пасля з’яўлення лужыны, або, як кажуць, хрысцяцца пасля таго, як грымне гром.

Фота раённай газеты.

У Краснаполлі невядомыя шпурлялі тратуарныя пліты з моста ў раку

У Краснаполлі хуліганы скідаюць пліты ў раку, міліцыя бездзеяннічае, а журналісты вядуць незалежнае расследаванне.

У Краснаполлі бурляць жарсці вакол пешаходнай часткі моста на вуліцы Антонава. Хадзіць там стала цяжка, таму што пліты ляжаць так, як ім захочацца.

Мясцовы камунгас усебакова прааналізаваў сітуацыю і паведаміў, што:

  • пешаходную частку маста рэканструявалі вясной;
  • нейкія вандалы неаднаразова вырывалі ўсталяваныя пліты і скідалі іх у раку, але перакінуць за парэнчы адну з пліт хуліганам не ўдалося; 
  • пліта ляжала няроўна, блакіруючы адток вады праз ліўнёўку; 
  • у выніку была парушаная цэласнасць усяго пераходу.

Камунгас таксама раскрытыкаваў РАУС і папрасіў краснапольцаў паважаць чужую працу. Журналісты ж правялі сваё, незалежнае расследаванне і знайшлі пад мастом скінутыя пліты.

пліта

Увогуле, чалавеку збоку цяжка разабрацца ў тым, што адбываецца ў Краснаполлі. 

Мясцовыя звычаі і норавы не паддаюцца класіфікацыі стандартнымі метадамі этнаграфіі. Аднак пры справе ўсе: і камунгас, і міліцыя, і газетчыкі, і вандалы.

І хто ведае: можа, усім было б лягчэй, калі б у вандалаў хапіла б сілы шпурнуць тую самую апошнюю пліту да канца – у раку.

Фота
раённай газеты “Чырвоны сцяг”.

 

У Магілёве затрыманы маньяк-”ліфцёр” з 90-х

У другой палове 90-х Беларусь скаланула серыя жорсткіх нападаў на дзяўчат і дзяўчынак. Прайшлі гады, і следства па аднаму з самых гучных злачынстваў у гісторыі краіны атрымала нечаканы паварот. У Нацыянальным прэс-цэнтры прайшла прэс-канферэнцыя, на якой супрацоўнікі Следчага камітэта распавялі падрабязнасці справы.

Злачынствы, якія трымалі ў страху некалькі абласцей

У перыяд з 1996 па 1999 год на тэрыторыі Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай абласцей былі зафіксаваныя шматлікія выпадкі нападаў на маладых жанчын і непаўналетніх дзяўчат. Ахвярамі станавіліся пераважна хударлявыя дзяўчаты, якія вярталіся дадому адны. Напады адбываліся ў пад’ездах, ліфтах, на дахах дамоў. Геаграфія злачынстваў – Магілёў, Віцебск, Жодзіна, Ворша.

У выпадках супраціву нападнік ужываў гвалт: душыў або наносіў нажавыя раненні. Па афіцыйных даных, ён забіў 8 дзяўчат ва ўзросце ад 12 да 20 гадоў і зрабіў не менш за два замахі на забойства і згвалтаванне.

Доўгі шлях следства

Спачатку пошукі падазраванага не далі вынікаў – не хапала тэхналогій, не было дакладных сведчанняў, а паміж злачынствамі не заўсёды прасочвалася сувязь. Расследаванне працягвалася гадамі, ім змяняліся пакаленні аператыўнікаў, але справа заставалася нераскрытай.

У 2024 годзе было прынята рашэнне аднавіць расследаванне ў межах перагляду нераскрытых злачынстваў мінулых гадоў. Па розных ацэнках, агульная колькасць мужчын, што трапілі пад праверку, склала каля 100 тысяч чалавек.

Затрыманне праз 30 гадоў

Падазраваны быў затрыманы ў Магілёве. Гэта 53-гадовы мужчына, які працаваў на адным з мясцовых прадпрыемстваў і, паводле апісання, не выклікаў асаблівых падазрэнняў.

Пасля аператыўных дзеянняў, допытаў і праведзеных экспертыз ён даў прызнальныя паказанні. Паводле следства, яго датычнасць пацверджана вынікамі крыміналістычных даследаванняў.

Праваабаронцы патрабуюць расследаваць смерць палітвязня ў магілёўскай калоніі

Пяць буйнейшых праваабарончых арганізацый Беларусі выступілі з сумеснай заявай з нагоды смерці палітвязня Андрэя Паднябеннага, якога знайшлі павешаным у папраўчай калоніі №15 у Магілёве.

Як адзначаюць праваабаронцы, на дадзены момант абставіны смерці Паднябеннага дакладна не расследаваныя. Аднак, паводле папярэдняй інфармацыі, ён падвяргаўся жорсткаму абыходжанню ў калоніі №15.

З 2021 года гэта дзявятая смерць палітвязня ва ўстановах Дэпартамэнта выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, адзначаюць аўтары заявы і робяць выснову аб неабходнасці неадкладных і канкрэтных захадаў улад для выпраўлення сітуацыі.

Таксама, паводле праваабаронцаў, з боку міжнароднай супольнасці наспелі тэрміновыя намаганні па вызваленні людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі ў месцах несвабоды па палітычных матывах.

«Мы працягваем падкрэсліваць, што кожная смерць палітвязня ў месцах пазбаўлення волі з’яўляецца следствам сістэмнай дзяржаўнай палітыкі бесчалавечнага абыходжання з людзьмі, заснаванага на палітычных матывах» – сказана ў заяве беларускіх праваабаронцаў.

Ад Генеральнай пракуратуры і Следчага камітэта яны патрабуюць распачаць крымінальную справу па факце смерці Андрэя Паднябеннага, правесці аб’ектыўнае і ўсебаковае расследаванне для ўстанаўлення прычын дадзенай трагедыі і праінфармаваць грамадскасць аб яго выніках.

Дакумент падпісалі Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Беларускі ПЭН, Прававая ініцыятыва і Беларускі Дом правоў чалавека.

Фотаздымак: БелаПАН