У Касцюковічах прааналізавалі лужыну і адклалі да вясны

Лужына каля шматпавярховага дома ў Касцюковічах стала “прычынай для хвалявання”, дэтальнага аналіза і стратэгічных рашэнняў.

Касцюковіцкія журналісты, вядомыя сваёй настойлівасцю, правялі чарговае расследаванне. На гэты раз яго прадметам стала лужына ў двары дома № 1 мікрараёна, які ў горадзе называюць АБВГДэйкай.

Нягледзячы на тое, што жыхары Касцюковічаў, звыклыя да зменлівасцяў лёсу, на лужыну не скардзіліся (“лужына не перашкаджае жыхарам перасоўвацца па двары, але ўсё ж псуе знешні выгляд шматпавярхоўкі”) газетчыкі ўсё ж вырашылі разабрацца ў праблеме і запрасілі ў якасці эксперта намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Сідарэнку.

Ён прааналізаваў лужыну і адразу зразумеў, што “вада з лужыны нікуды не сыходзіць, бо тут гліністыя грунты, а не пясчаныя”.

Чыноўнік паабяцаў, што да канца тыдня будзе зроблены адвод вады “ў выглядзе латка або траншэі, каб па існуючым рэльефе вада магла сцякаць ніжэй па ўзроўні”.

Канчаткова ж з лужынай разберуцца вясной – завязуць грунт, выраўняюць яго і засеюць праблемную тэрыторыю травой.

Вось такая касцюковіцкая пятрушка, а дакладней – АБВГДэйка: чыноўнікі вырашаюць праблемы па меры іх паступлення, на вока. Аб тым, што глеба гліністая, даведваюцца толькі пасля з’яўлення лужыны, або, як кажуць, хрысцяцца пасля таго, як грымне гром.

Фота раённай газеты.

Крычаўскія камунальнікі працуюць толькі пасля ўмяшання КДК

Калі б не ўмяшанне Камітэта дзяржкантроля, заяўкі грамадзян на выпраўленне камунальных праблем у Крычаўскім раёне дагэтуль не былі б выкананыя.

Тры месяцы спатрэбілася крычаўскім камунальнікам на замену няспраўнага газавага катла ў арэндным жыллі ў аграгарадку Бель-1. Уладальніца жылля звярнулася ва УКПП “Камунальнік” яшчэ ў чэрвені гэтага года з просьбай замяніць непрацуючае абсталяванне, паведамляе КДК Беларусі. Тры месяцы заява ляжала на сталах камунальных чыноўнікаў, пакуль яны нібыта ніяк не маглі ўзгадніць з аблвыканкамам пытанне фінансавання замены няспраўнага катла.

Калі да крычаўскіх камунальнікаў прыйшоў КДК з чарговай праверкай, ён выявіў факт такой валакіты і толькі тады работнікі “Камунальніка” хуценька падрыхтавалі пакет дакументаў у аблвыканкам, і новы кацёл был пастаўлены да пачатку ацяпляльнага сезона.

Таксама КДК выявіў, што камунальнікі праігнаравалі заяву жыхара Крычава, які прасіў ліквідаваць шчыліны на фасадзе дома, што засталіся пасля рамонта. Таксама пасля таго рамонту парушылася цеплаізаляцыя дома. Камунальнікі толькі далі адпіску, што нібыта ўсё ў парадку. І толькі пасля ўмяшання Дзяржкантроля паслярамонтныя недахопы былі ліквідаваныя.

У выніку такой працы пяцёра службовых асоб “Камунальніка” былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

Фотаздымак: krichev-jkh.by