Шакуючыя падрабязнасці пра магілёўскага маньяка-”ліфцёра” – міліцыя расказала не ўсё

Пачалі з’яўляцца новыя падрабязнасці па справе магілёўскага маньяка-”ліфцёра”, пра затрыманне якога ўчора паведаміў Следчы камітэт. Як высветлілася, міліцыя схавала ад грамадскасці шакуючы факт – Юрый Дзям’янаў у 2001 годзе не проста “трапляў у поле зроку спецслужбаў”, як паведамілі сілавікі на прэс-канферэнцыі, а садзіўся на “хімію” за спробу згвалтавання.

Гэтую інфармацыю здабыла “Наша Ніва” пры дапамозе “Белпол”. У маі 1997 года Дзям’янаў спрабаваў згвалтаваць грамадзянку М. К. каля магілёўскага Палаца піянераў, пагражаючы ёй нажом – паведамляе выданне. У 2001 годзе пачаўся суд над ім, у выніку якога мужчына атрымаў хімію з накіраваннем амаль на чатыры гады. У 2003 годзе Дзям’янаў выйшаў на свабоду па амністыі. Выглядае, што на датычнасць да забойстваў і іншых згвалтаванняў яго проста не праверылі.

Фота з адкрытых крыніц

У Магілёве затрыманы маньяк-”ліфцёр” з 90-х

У другой палове 90-х Беларусь скаланула серыя жорсткіх нападаў на дзяўчат і дзяўчынак. Прайшлі гады, і следства па аднаму з самых гучных злачынстваў у гісторыі краіны атрымала нечаканы паварот. У Нацыянальным прэс-цэнтры прайшла прэс-канферэнцыя, на якой супрацоўнікі Следчага камітэта распавялі падрабязнасці справы.

Злачынствы, якія трымалі ў страху некалькі абласцей

У перыяд з 1996 па 1999 год на тэрыторыі Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай абласцей былі зафіксаваныя шматлікія выпадкі нападаў на маладых жанчын і непаўналетніх дзяўчат. Ахвярамі станавіліся пераважна хударлявыя дзяўчаты, якія вярталіся дадому адны. Напады адбываліся ў пад’ездах, ліфтах, на дахах дамоў. Геаграфія злачынстваў – Магілёў, Віцебск, Жодзіна, Ворша.

У выпадках супраціву нападнік ужываў гвалт: душыў або наносіў нажавыя раненні. Па афіцыйных даных, ён забіў 8 дзяўчат ва ўзросце ад 12 да 20 гадоў і зрабіў не менш за два замахі на забойства і згвалтаванне.

Доўгі шлях следства

Спачатку пошукі падазраванага не далі вынікаў – не хапала тэхналогій, не было дакладных сведчанняў, а паміж злачынствамі не заўсёды прасочвалася сувязь. Расследаванне працягвалася гадамі, ім змяняліся пакаленні аператыўнікаў, але справа заставалася нераскрытай.

У 2024 годзе было прынята рашэнне аднавіць расследаванне ў межах перагляду нераскрытых злачынстваў мінулых гадоў. Па розных ацэнках, агульная колькасць мужчын, што трапілі пад праверку, склала каля 100 тысяч чалавек.

Затрыманне праз 30 гадоў

Падазраваны быў затрыманы ў Магілёве. Гэта 53-гадовы мужчына, які працаваў на адным з мясцовых прадпрыемстваў і, паводле апісання, не выклікаў асаблівых падазрэнняў.

Пасля аператыўных дзеянняў, допытаў і праведзеных экспертыз ён даў прызнальныя паказанні. Паводле следства, яго датычнасць пацверджана вынікамі крыміналістычных даследаванняў.