У Краснаполлі невядомыя шпурлялі тратуарныя пліты з моста ў раку

У Краснаполлі хуліганы скідаюць пліты ў раку, міліцыя бездзеяннічае, а журналісты вядуць незалежнае расследаванне.

У Краснаполлі бурляць жарсці вакол пешаходнай часткі моста на вуліцы Антонава. Хадзіць там стала цяжка, таму што пліты ляжаць так, як ім захочацца.

Мясцовы камунгас усебакова прааналізаваў сітуацыю і паведаміў, што:

  • пешаходную частку маста рэканструявалі вясной;
  • нейкія вандалы неаднаразова вырывалі ўсталяваныя пліты і скідалі іх у раку, але перакінуць за парэнчы адну з пліт хуліганам не ўдалося; 
  • пліта ляжала няроўна, блакіруючы адток вады праз ліўнёўку; 
  • у выніку была парушаная цэласнасць усяго пераходу.

Камунгас таксама раскрытыкаваў РАУС і папрасіў краснапольцаў паважаць чужую працу. Журналісты ж правялі сваё, незалежнае расследаванне і знайшлі пад мастом скінутыя пліты.

пліта

Увогуле, чалавеку збоку цяжка разабрацца ў тым, што адбываецца ў Краснаполлі. 

Мясцовыя звычаі і норавы не паддаюцца класіфікацыі стандартнымі метадамі этнаграфіі. Аднак пры справе ўсе: і камунгас, і міліцыя, і газетчыкі, і вандалы.

І хто ведае: можа, усім было б лягчэй, калі б у вандалаў хапіла б сілы шпурнуць тую самую апошнюю пліту да канца – у раку.

Фота
раённай газеты “Чырвоны сцяг”.

 

На Зямлі можа ўзнікнуць новы акіян – прагноз вучоных

Калісьці на Зямлі можа ўзнікнуць новы акіян, піша The Economic Times. Гэта адбудзецца, паколькі дзве часткі Афрыканскага кантынента працягваюць рассоўвацца. Краіны, якія не маюць выхаду да мор, напрыклад, Замбія і Уганда, змогуць абзавесціся ўласнымі берагавымі лініямі. На думку вучоных, працэс будзе адбывацца на працягу мільёнаў гадоў.

Гісторыя будучага акіяна пачалася ў 2005 годзе з утварэння на мяжы трох тэктанічных пліт – Нубійскай, Самалійскай і Аравійскай – Усходне-Афрыканскага разлома.

Даследчык  Лідскага ўніверсітэта ў Вялікабрытаніі К. Мур паведаміў: «Гэта адзінае месца на Зямлі, дзе можна вывучыць, як кантынентальны разлом становіцца акіянічным разломам». Падобныя тэктанічныя зрухі адбываліся пры ўтварэнні Чырвонага мора і Адэнскага заліва.

Марскі геафізік і ганаровы прафесар Каліфарнійскага ўніверсітэта Кен Макдональд сказаў: 

– Паколькі мы атрымліваем усё больш і больш вымярэнняў для GPS, мы можам лепш зразумець, што адбываецца. 

Дадзеныя GPS паказалі, што Аравійская пліта выдалялася ад Афрыкі з хуткасцю 1 цаля (дзюйм = 2,54 см) у год. Макдональд дадаў, што ў далёкай перспектыве частка Ўсходняй Афрыкі стане асобным кантынентам.

Фота мае ілюстрацыйны характар.