Аграрыі Быхаўшчыны спадзяюцца на добрае надвор’е і фартуну

Першы намеснік старшыні Быхаўскага райвыканкама Сяргей Сыса (на фота) ў свежым паведамленні пра ход першага ўкосу намаляваў цалкам добразычлівую карціну. Травы сёлета лепшыя, надвор’е паспрыяла, тэхніка часткова абноўлена, аграрыі працуюць на поўную сілу, а нарыхтаваных кармоў павінна хапіць жывёле на ўвесь асенне-зімовы перыяд.

Накасілі – яшчэ не значыць нарыхтавалі

На першы погляд гэта звычайная сезонная справаздача: колькі гектараў убрана, колькі сена і сенажу трэба нарыхтаваць, колькі галоў буйной рагатай жывёлы неабходна забяспечыць кармамі. Але калі супаставіць гэтыя словы з матэрыяламі Камітэта дзяржаўнага кантролю, пракуратуры і публікацыямі ў самім раёне, аптымістычная карцінка пачынае рассыпацца.

Праблема Быхаўшчыны не ў тым, што ў чэрвені 2026 года дрэнна растуць травы. Праблема ў тым, што добрыя травы і добрае надвор’е не адмяняюць сістэмных правалаў у якасці кармоў, утрыманні жывёлы, падзяжы жывёлы і арганізацыі працы гаспадарак.

Начальнік быхаўскага райсельгасхарчу робіць акцэнт на ўдалым старце корманарыхтоўкі. Пад першы ўкос у раёне адведзена амаль 11 300 гектараў, з іх убрана каля пятай часткі. Асобна падкрэсліваецца, што люцэрна і бабовыя травы ўдаліся добра.

Аднак ключавое пытанне не толькі ў тым, колькі травы скасілі, а ў тым, якой якасці корм потым апынуўся ў траншэях і на фермах.

У 2023 годзе Камітэт дзяржаўнага кантролю паведамляў пра парушэнні тэхналогіі нарыхтоўкі і захоўвання кармоў у Магілёўскай вобласці. Паводле вынікаў лабараторных даследаванняў значная частка праверанага сенажу была аднесена да нізкаякасных кармоў трэцяга класа, а сярод раёнаў з найбольшай доляй такога сенажу называўся менавіта Быхаўскі раён.

Гэтыя даныя дапаўняла і інфармацыя БелТА пра вынікі даследавання якасці травяных кармоў больш чым у трохстах сарака сельскагаспадарчых арганізацыях.

То-бок афіцыйны аптымізм адносна зялёнай масы сам па сабе нічога не даказвае. Трава можа вырасці добрай, але корманарыхтоўчая кампанія ўсё роўна можа скончыцца нізкапажыўным сенажом, парушэннямі захоўвання і прыпіскамі аб’ёмаў.

Што з падзяжом?

Тым часам падзёж БРЖ у раёне вылічаўся сотнямі галоў.

Сыса кажа, што якасны корм забяспечыць здароўе пагалоўя і дасць станоўчы вынік у надоях і прывагах. Гучыць як па нотах. Але менавіта здароўе пагалоўя ў раёне ўжо станавілася прадметам жорсткага разбору.

На пасяджэнні Быхаўскага райвыканкама ў лютым 2024 года былі названы лічбы, якія дрэнна спалучаюцца з дабратворнай рыторыкай.

Паводле афіцыйнай публікацыі райвыканкама, за 2023 год у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна пала шэсцьсот восемдзесят дзве галавы буйной рагатай жывёлы. З іх дзевяноста чатыры галавы склалі звышнарматыўны падзёж.

Гэта не дробная статыстычная хібнасць і не выпадковы эпізод. Калі падзеж ідзе на сотні галоў, гаворка ўжо не пра надвор’е і не пра адзін няўдалы месяц, а пра якасць кіравання жывёлагадоўляй.

Тым больш што ў той жа публікацыі проста гаварылася пра грубыя парушэнні кармлення і ўтрымання, безгаспадарчасць, ігнараванне тэхналагічных рэгламентаў, невыкананне заатэхнічных і ветэрынарных правілаў. Прычыны называліся адкрыта: не стыхія, а арганізацыя працы.

Асабліва паказальны студзень 2024 года. Толькі за адзін месяц у Быхаўскім раёне пала сто дваццаць галоў буйной рагатай жывёлы. У якасці прычын называліся несвоечасовае выпойванне малодзівам нованароджаных цялят і неналежны санітарны стан на малочна-таварных комплексах і фермах. Гэта таксама было зафіксавана ў матэрыяле райвыканкама.

Менавіта тут узнікае галоўнае супярэчанне. Цяпер намеснік старшыні райвыканкама гаворыць пра пільную ўвагу да кармоў і будучага здароўя жывёл. А ў больш ранніх афіцыйных матэрыялах улады самі прызнавалі, што жывёлы гінулі не праз анамальную засуху або надзвычайную сітуацыю, а праз элементарныя парушэнні догляду, кармлення і санітарыі.

Колькі ёсць і колькі было

Яшчэ адзін прыгожы паказчык са свежай справаздачы Сысы – больш за 22 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы ў раёне і больш за 8,6 тысячы галоў малочнага статка. Але агульны раённы паказчык хавае сітуацыю па канкрэтных гаспадарках.

Увосень 2024 года раённая прэса пісала, што ў ААТ «Абідавічы», ААТ «Вароніна», КУП «Мокранскі Агра» і СК «Дуброва» было дапушчана зніжэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Там жа гаварылася пра гаспадаркі, якія не дацягнулі да леташніх прываг. Гэтыя даныя змяшчаліся ў публікацыі Быхаўскай раённай газеты пра жывёлагадоўлю.

Таму спасылка на агульнае пагалоўе гучыць уражліва толькі да таго часу, пакуль не паглядзець на дынаміку ў асобных арганізацыях. Калі частка гаспадарак губляе жывёлу і не выконвае паказчыкі па прывагах, то размова пра будучую эканоміку ад якасных кармоў застаецца хутчэй надзеяй, чым даказаным вынікам.

Надоі таксама пад пытаннем

Сяргей Сыса звязвае якасць кармоў з будучымі надоямі. Але ў раёне ўжо былі прыклады, калі ўзорныя аб’екты з часам апыналіся сярод праблемных.

Так, малочна-таварны комплекс «Новы Свет» ААТ «Абідавічы» некалькі гадоў таму падаваўся як паспяховы аб’ект. У 2020 годзе раённая прэса пісала, што комплекс штодня здаваў дзяржаве амаль дзве тысячы семсот кілаграмаў малака. Пра гэта расказвалася ў артыкулеі пра работу комплексу «Новы Свет».

Але ўжо ў 2024 годзе гэты ж комплекс апынуўся сярод адстаючых па надоях. Загаварылі пра тое, што на малочна-таварных комплексах «Сялец» і «Новы Свет» не змаглі атрымаць нават 1000 кілаграмаў малака за справаздачны перыяд. Такі паварот добра паказвае, наколькі асцярожна трэба ставіцца да парадных публікацый пра жывёлагадоўлю.

Вось гэта залудзілі

Вось і новая тэхніка не адмяняе старыя правалы. У справаздачы асобна пералічваецца абнаўленне парка: два новыя аўтамабілі МАЗ, два кормаўборачныя камбайны і дзве касілкі. Для справаздачы гэта важная дэталь, але яна не закрывае пытанне арганізацыі работ.

Раней падчас маніторынгу КДК высвятлялася, што ў ААТ «Навабыхаўскі» правядзенне корманарыхтоўкі стрымлівалася недахопам паліва. Пра гэта паведамлялася ў публікацыі пра праверкі корманарыхтоўкі. То-бок праблема была не толькі ў наяўнасці тэхнікі, але і ў элементарным забеспячэнні работ. Машыны можна купіць, але гэта не гарантуе своечасовую ўборку, правільнае захоўванне кармоў і дысцыпліну на месцах.

Сёння Сыса гаворыць пра перазалужэнне плошчаў і ўцягванне зямель пасля меліярацыі. Але і гэты пункт выглядае лепш у справаздачы, чым у кантрольных матэрыялах мінулых гадоў.

Яшчэ ў 2022 годзе ў Магілёўскай вобласці фіксаваліся праблемы з перазалужэннем луговых угоддзяў. У публікацыі пра вынікі кантролю гаварылася, што ў гаспадарках Быхаўскага раёна да такіх работ не прыступалі, хаця яны непасрэдна ўплываюць на ўраджайнасць травяных кармоў.

Пра гэта паведамлялі «Магілёўскія ведамасці». Таму фраза пра перазалужэнне ў справаздачы гучыць не як доказ устойлівага парадку, а як напамін пра праблему, якую гадамі даводзілася падцягваць праз кантроль і адміністрацыйны ціск.

А чыноўнікі ўсё спадзяюцца

Усе думкі Сяргея Сысы пабудаваны вакол надзеі. Надвор’е дапамагло, травы выраслі лепшыя, тэхніка абноўлена, кармы будуць нарыхтаваны, жывёлы павінны даць надоі і прывагі. Але ранейшыя афіцыйныя матэрыялы паказваюць, што слабое месца Быхаўскага раёна не толькі ў надвор’і і не толькі ва ўраджайнасці траў.

Слабое месца – у якасці кармоў, выкананні тэхналогій, санітарыі, захаванасці пагалоўя і кіраванні гаспадаркамі. Менавіта таму словы пра добры першы ўкос не адказваюць на галоўнае пытанне: што змянілася ў сістэме, якая ўжо прыводзіла да нізкаякаснага сенажу, звышнарматыўнага падзяжу, парушэнняў утрымання жывёл і скарачэння пагалоўя ў асобных сельскагаспадарчых арганізацыях?

Пакуль на гэтае пытанне няма адказу, справаздача выглядае не як доказ пераадолення праблем, а як чарговая сезонная карцінка-размалёўка: надвор’е дапамагло, травы пайшлі, чыноўнікі спадзяюцца на лепшае. Але надзея – гэта яшчэ не эканоміка. Між тым Быхаўскі раён не выключэнне з агульнага правіла. Да таго ж гэта самы вялікі раён на Магілёўшчыне.

Фота БелТА.

Дзядуля з быхаўскай вёскі прыехаў на прыём да галоўнага “дэпутата” вобласці – калонка зламалася

Прызначаныя “дэпутаты” актыўнічаюць па ўсёй Магілёўшчыне, але вялікага толку ад іх, мяркуючы па фактах, няма.

78-гадовы жыхар вёскі Давыдавічы Быхаўскага раёна прыехаў у Магілёў на прыём да старшыні абласнога савета “дэпутатаў” Аляксандра Гарошкіна . Па пытанні “тэхнічнага абслугоўвання водазаборнай калонкі і добраўпарадкавання тэрыторыі населенага пункта: абкосу травы ў месцы працы аўтамагазіна і калонкі”.

Пры гэтым у вёсцы Давыдавічы ўсё добра з прадстаўніцтвам. Грудзінаўская выбарчая акруга N 22 – гэта якраз Давыдавічы і некалькі суседніх вёсак. Там 652 выбаршчыкі і ёсць свой “дэпутат” раённага савета. Плюс “дэпутаты” сельскага савета. Плюс галоўны “дэпутат” Быхаўскага раёна Вячаслаў Сідарэнка, плюс цэлая “палата прадстаўнікоў”. Аж чатыры паверхі “народнага” прадстаўніцтва.

І пры ўсім гэтым 78-гадовы стары ідзе не да “дэпутата” ў сваёй вёсцы, не тэлефануе на прамую лінію старшыні Быхаўскага райвыканкама. Ён едзе ў Магілёў – да старшыні абласнога савета “дэпутатаў” Аляксандра Гарошкіна.

Гэта не капрыз і не няведанне сістэмы. Гэта – дакладны сацыяльны разлік чалавека, які, мяркуючы па ўзросце, праз усе ўзроўні ўжо прайшоў. Ён ведае, што маленькія “дэпутаты” выслухаюць, паабяцаюць і заб’юць болт. А вось калі трапіць да абласнога начальства – будзе вынік.

І ён аказаўся правы. Па выніках прыёму ў Гарошкіна прызначаны канкрэтныя тэрміны:

  • калодзеж пачысцяць да 1 чэрвеня;
  • калонку абслужаць да 15 чэрвеня; 
  • смецце з могілак вывезуць да канца мая.

Зрэшты, раённы “дэпутацкі” корпус у той дзень не сядзеў без справы. Старшыня Быхаўскага раённага савета “дэпутатаў” Вячаслаў Сідарэнка не толькі прысутнічаў на прыёме ў Гарошкіна, але і паспеў суправадзіць у аграгарадку Новы Быхаў “дэпутата палаты прадстаўнікоў” Аляксандру Міхеенку, якая ацэньвала пасевы рапсу, газіфікацыю, электрыфікацыю і спажыўкааперацыю.

Такім чынам пад кантролем усё: ад калонкі ў глухой вёсцы да плана ГОЭЛРО, у якім Міхеенка, Гарошкін і Сідарэнка, трэба меркаваць, разбіраюцца лепш за ўсё.

Фота ведамаснага сайта Магілёўскага аблвыканкама.

КДК выявіў завышэнне цэн і пратэрміноўку амаль у кожнай – правяралі сельскія крамы Магілёўшчыны

У Быхаўскім і Крычаўскім раёне завышалі цэны і парушалі тэрміны прыдатнасці прадуктаў.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці праверыў гандлёвыя аб’екты ў сельскай мясцовасці – у Быхаўскім і Крычаўскім раёнах. Парушэнні знайшлі практычна ў кожнай краме.

У дзвюх прыватных крамах кошт тавараў быў завышаны. Гандлёвыя надбаўкі на прысмакі перавышалі норму ў два разы – пад праверку трапілі імпартныя вафлі, печыва і карамель.

Акрамя таго, прадавалі яблыкі і таматы з парушэннем тэрмінаў прыдатнасці. Пакупнікам, у адпаведнасці з законам, вярнулі грошы.

У пяці крамах прадавалі хлеб, у якога тэрміны прыдатнасці скончыліся некалькі сутак таму.

Таксама, у крамах адсутнічалі абавязковыя тавары – соль, яйкі, смятана і яблыкі. Такі дэфіцыт кваліфікаваны як грубае парушэнне правілаў гандлю.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Пляж быў. Чаму Быхаў каля Дняпра застаўся без гарадскога месца для купання

Замест таго, каб перагружаць цэнтральную плошчу Быхава помнікамі, улады маглі б вырашыць пытанне з арганізацыяй пляжа ў горадзе, які стаіць на Дняпры.

Быхаўская раённая газета апублікавала спіс афіцыйна дазволеных месцаў для купання ў Быхаўскім раёне. Гэта навіна сама па сабе добрая: купальны сезон адкрыты, вадаёмы названыя, дно, як паведамляецца, абследавана і ачышчана. Але ў спісе зноў бачная старая праблема – у самога Быхава, горада на Дняпры, няма паўнавартаснага гарадскога пляжа на гэтай рацэ.

Згодна з публікацыяй, на тэрыторыі раёна вызначаны пяць аб’ектаў, дзе арганізавана купанне:

  • «Возера № 86», размешчанае ў 3,1 кіламетра на ўсход ад Быхава;
  • возера ва ўрочышчы «Дубкі», у 2,5 кіламетра на паўднёвы ўсход ад Быхава;
  • сажалка па вуліцы Меліяратараў у Быхаве;
  • месца адпачынку на Чыгірынскім вадасховішчы, у 0,18 кіламетра на захад ад вёскі Кароткія;
  • акваторыя ракі Дняпро, якая прымыкае да пляжа на паўночны ўсход ад аграгарадка Новы Быхаў.

Фармальна Дняпро ў пераліку ёсць. Але гэта не гарадскі пляж Быхава, а ўчасткі ў чорта на кулічках.

Для жыхароў райцэнтра розніца прынцыповая: горад стаіць каля ракі, але афіцыйнае месца для купання на Дняпры знаходзіцца не каля горада. Сто восемдзесят метраў ад вёскі Кароткія – добра. Ведаць бы толькі дзе гэтая вёска і колькі да яе піліць.

Пляж быў, але чыноўнікі яго наўмысна згубілі

Пляж у Быхаве быў. Ён знаходзіўся прыкладна ў кіламетры ад ускраіны Быхава. Там быў і белы пясок, і кабінкі для пераапранання. Потым месца для адпачынку перанеслі ў Дубкі.

Для сям’і з дзецьмі, пажылога чалавека або чалавека без аўтамабіля паездка ў Дубкі – гэта ўжо не прагулка да вады, а асобная лагістыка. Затое для начальніка з казённай машынай – усё проста. Ды і гараджан, якія будуць назіраць за купаннем чыноўніка ў Дубках менш.

Чым было матывавана жаданне быхаўскіх уладаў закрыць гарадскі пляж, можна толькі здагадвацца. Можа, у кагосьці дача была бліжэй да Дубкоў, чым да горада?

Помнікі знаходзяцца хутчэй, чым пляж

На гэтым фоне асабліва заўважныя гарадскія прыярытэты. Напрыклад,у раёне Кастрычніцкай плошчы помнікаў стала настолькі шмат, што яны ўжо пачынаюць спрачацца адзін з адным за прастору. А калі прыгледзецца, за новымі аб’ектамі бачныя разбураны замак і сінагога без даху.

Асобны прыклад – памятны знак памежнікам усіх пакаленняў, урачыста адкрыты ў Быхаве ў 2022 годзе. і гэта пры тым, што Быхаў ні з адной краінай не мяжуе. Тут усё прасцей: кіраўніцтва горада доўга займалася помнікамі на Кастрычніцкай плошчы, таму што яна знаходзіцца каля ўезду і адразу трапляецца на вочы прыезджаму начальству.

Варта было б спытаць у жыхароў

Гісторыя з пляжам як раз той выпадак, калі райвыканкаму варта было б пачаць не з чарговай справаздачы, а з адкрытай размовы. Напрыклад, правесці апытанне жыхароў Быхава: ці патрэбны гораду пляж на Дняпры, дзе ён павінен быць, якім павінен быць пад’езд, ці патрэбныя кабінкі, ратавальны пост, урны, асвятленне і нармальная дарога.

Такая размова была б карысней, чым чарговая паказушная ініцыятыва. Таму што пляж – гэта не дэкор. Гэта бяспека, даступнасць і простае права быхаўчан карыстацца ракой, побач з якой яны жывуць. Калі афіцыйнага месца няма, людзі ўсё роўна ідуць да вады, але ўжо на стыхійныя спускі, дзе няма праверанага дна, ратавальнікаў і зразумелых межаў купання.

Улады рэгулярна нагадваюць пра правілы бяспекі на вадзе, але бяспеку нельга звесці толькі да забаронаў. Яна пачынаецца з інфраструктуры: з нармальнага спуску да вады, абследаванага дна, абсталяванай зоны адпачынку і зразумелай адказнасці службаў.

Калі пляж быў, лагічна спытаць, як і чаму яго выключылі з гарадскога жыцця. Калі месца каля Дняпра нельга выкарыстоўваць па санітарных, экалагічных або іншых прычынах, гэта таксама трэба растлумачыць людзям. А калі прычына толькі ў асабістых матывах чарговага прызначэнца Лукашэнкі, то прычым тут горад? Феадальныя надзелы ў законах Беларусі пакуль не замацаваныя юрыдычна.

Фота з адкрытых крыніц.

У Чыгірынскае водасховішча запусцілі каля дзявяці тон рыбы

Рыбная гаспадарка “Волма” засяліла ў Чыгірынскае водасховішча, што на Быхаўшчыне і Кіраўшчыне, каля дзявяці тон рыбы розных гатункаў.

Вадаём папоўнілася таўсталобікам (двухгодак) агульнай вагой 4200 кг у колькасці 14 тыс.асобнікаў, сомам (трохгодак) – агульная вага – 500 кг, колькасць – 0,334 тыс. асобнікаў, а таксама белым амурам (двухгодак) – агульная вага – 4200 кг, колькасць – 14 тыс. асобнікаў. Пра гэта паведамляе Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Такое зарыбленне праводзяцца на аснове біялагічнага абгрунтавання, якое распрацоўваецца ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У абгрунтаванні прапісана, якія віды рыб і ў якіх колькасцях можна ўсяляць з улікам кармавых магчымасцяў вадаёма. З дапамогай спланаванага зарыблення атрымоўваецца не толькі павысіць прадуктыўнасць водасховішча, але і правесці яго біялагічную меліярацыю, дамагчыся паляпшэння якаснага складу ўловаў, аднавіць колькасць пэўных відаў рыб, сцвярджаюць у таварыстве.

Фотаздымак: Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў

На Быхаўшчыне з пачатку года амаль двухразовы рост колькасці пажараў

На 180% вырасла колькасць пажараў у Быхаўскім раёне за студзень – сакавік 2026 года ў параўнанні з адпаведным мінулагоднім перыядам.

За гэты перыяд там адбылося 28 пажараў. І калі летась за першыя тры месяцы года ад агню не загінуў ніхто, то сёлета ўжо чатыры чалавекі. Прычым двое з іх – самотныя пажылыя людзі.

У Быхаўскі райвыканкаме лічаць, што галоўнай прычынай пажараў з’яўляецца злоўжыванне спіртным. 

Мясцовая ўлада намагаецца ўзмацніць працу пра прафілактыцы і прадухіленні выпадкаў непадкантрольнага ўзгарання. Пры гэтым прыехаўшы ў Быхаў першы намеснік пракурора Магілёўскай вобласці Андрэй Клышэвіч запатрабаваў прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці тых, хто курыць у сябе дома, у тым ліку перад сном, і тым самым, па меркаванні магілёўскага госця, парушае правілы пажарнай бяспекі.

Фотаздымак: sb.by

Жыхарка Быхаўшчыны адсудзіла 50 тыс. рублёў за загінулага на працы мужа

Суд Быхаўскага раёна спагнаў кампенсацыю маральнай шкоды на карысць удавы і дачкі загінулага кіроўцы сельгаспрадпрыемства.

 

Нясчасны выпадак здарыўся раніцай 23 сакавіка 2025 года, калі кіроўца прыбыў на машынны двор прадпрыемства і прыступіў да агляду аўтамабіля перад выездам. Ён падняў кабіну машыны і, знаходзячыся звонку аўтамабіля, запусціў рухавік, не пераканаўшыся, што рычаг пераключэння перадач знаходзіцца ў нейтральным палажэнні. У выніку аўтамабіль пачаў рухацца.

 

Спрабуючы спыніць машыну, кіроўца страціў раўнавагу і ўпаў на зямлю, пасля чаго аўтамабіль пераехаў яго коламі. Ад атрыманых траўмаў мужчына памёр на месцы здарэння.

 

Па факце няшчаснага выпадку праводзілася праверка, па выніках якой ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена, паколькі смяротнае траўміраванне адбылося з прычыны парушэння загінулым правіл тэхнікі бяспекі, а і ў дзеяннях службовых асоб прадпрыемства адсутнічалі прыкметы злачынства.

 

Тым не менш ўдава кіроўцы пайшла ў суд з патрабаваннем аб маральнай кампенсацыі. Яна даказала, што смерць мужа стала для яе цяжкай стратай, выклікала глыбокія маральныя пакуты і пацягнула істотныя змены ў яе жыцці, а таксама пазбавіла іх малалетнюю дачку, 2022 года нараджэння, бацькоўскага клопату і падтрымкі. У сувязі з гэтым яна прасіла спагнаць кампенсацыю маральнай шкоды з сельскагаспадарчага прадпрыемства як уладальніка аўтамабіля.

 

Прадстаўнікі адказчыка пярэчылі супраць задавальнення пазову, спасылаючыся на тое, што няшчасны выпадак адбыўся па прычыне грубай неасцярожнасці самога загінулага. Аднак Быхаўскі райсуд палічыў, што падставы для задавальнення патрабаванняў жанчыны ёсць. 

 

У выніку было пастаноўлена спагнаць з адказчыка на карысць жонкі загінулага кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 30 тыс. рублёў, а на карысць яго малалетняй дачкі – 20 тыс. рублёў.

 

Адказчык не пагадзіўся з такім вердыктам суда і абскардзіў яго. Аднак Магілёўскі аблсуд пакінуў рашэнне без змены, і яно ўступіла ў законную сілу.

 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Псіханеўралагічнаму інтэрнату ў Быхаўскім раёне падарылі цыркулярную пілу

Прафсаюзы падарылі пансіянату «Ірдзіца» ў Быхаўскім раёне тэлевізары, пральную машыну і цыркулярную пілу.

Прадстаўнікі праўладных прафсаюзаў Беларусі і быхаўскага райвыканкама прыязджалі ў «Быхаўскі сацыяльны пансіянат Ірдзіца». Яны перадалі ўстанове падарункавы сертыфікат на набыццё двух тэлевізараў, пральнай машыны і цыркулярнай пілы.

«Падарункі накіраваныя на паляпшэнне бытавых умоў пражываючых і палягчэнне працы персаналу» – паведамляюць «Магілёўскія ведамасці».

У пансіянаце пражываюць грамадзяне пенсійнага ўзросту, а таксама інваліды I і II групы.

Акрамя таго, пансіянат з’яўляецца месцам для адпачынку чыноўнікаў, якія імкнуцца пазбягаць лішняй увагі.

Кіруе гэтым спецыфічным аб’ектам з нядаўняга часу Віктар Агнетаў (на фота) – нязменны фальсіфікатар усіх выбараў на Быхаўскім выбарчым участку і былы галоўны ідэолаг раёна.

Віктар Ільіч запомніўся быхаўчанам як удзельнік шматлікіх карупцыйных скандалаў.

Дырэктарам пансіяната, размешчанага ў адным з самых маляўнічых месцаў Быхаўшчыны, Агнетава прызначылі ў якасці ўзнагароды за саўдзел у злачынствах дзеючай улады. Цяпер, у дадатак да ўсіх бонусаў, у яго ёсць яшчэ і цыркулярная піла.

Фота «Магілёўскія ведамасці».

На ўвесь Быхаўскі раён толькі 13 дзетсадаўцаў выхоўваюцца па-беларуску

У Быхаўскім раёне працуе толькі адзін беларускамоўны дзіцячы садок. Яго наведчаюць 13 дзецей.

Як адказалі абаронцы беларускай мовы, юрысту і праваабаронцу Ігару Случаку з Быхаўскага райвыканкама, у раёне ўсяго восем дзіцячых садкоў. Сярод іх толькі адзін беларускамоўны. У ім выхоўваюцца 13 дзяцей.

Семь дзіцячых садкоў рускамоўныя. Іх наведваюць 737 выхаванцаў. То бок колькасная розніца на карысць рускамоўных дзетсадаўцаў – амаль 57 разоў.

Пры гэтым па выніках перапісу насельніцтва 2019 года ў Быхаўскім раёне пражывала 91,53% беларусаў, 4,85% рускіх, 1,1% украінцаў, 0,13% палякаў.

Адзіны дзіцячы садок, дзе адукацыя вядзецца па-беларуску, знаходзіцца ў аграгарадку Дуброва.

Рускамоўных дзіцячых садкоў з беларускімі групамі ў іх у Быхаўскім раёне няма.

Фотаздымак: Вікіпедыя

Лес у Быхаўскім раёне – адзін з найбольш пацярпелых ад стыхіі

Міністэрства лясной гаспадаркі назвала Магілёўскую вобласць і, у прыватнасці, Быхаўскі лясгас сярод тых, што найбольш пацярпелі ад стыхіі.

Падчас сустрэчы з журналістамі, якія 12 лістапада 2025 года наведалі лясгасы Магілёўшчыны, прадстаўнікі міністэрсва прызналі: звычайныя рабочыя ў галіне фактычна працуюць на знос ужо працяглы час.

Па заявах Мінлясгаса, “прадпрыемствы галіны гераічна змагаюцца з выклікамі стыхіі” ўжо каторы год. Праўда, застаецца незразумелым, у чым менавіта праяўляецца гэты “гераізм”, калі гаворка ідзе пра выкананне звычайнай, аплачанай дзяржавай працы.

“Абмяркоўвалі розныя пытанні: ад патрэбы ў драўнінных рэсурсах унутры краіны да мэтазгоднасці распрацоўкі асобных бураломных участкаў, якія могуць прынесці дзяржаве фінансавыя страты замест прыбытку. Не абмінулі ўвагай і тэму перапрацоўкі паваленай драўніны” – паведамляецца ў тэлеграм-канале Мінлясгаса.

Фотаздымак: Мінлясгас