Пракуратура Магілёўшчыны знайшла праблемы з харчаваннем у дашкольнікаў

Сістэмныя парушэнні – ад праблем з харчаваннем да недахопаў у бяспецы і арганізацыі адукацыйнага працэсу – выявіла пракуратура ў дзіцячых садках Магілёўскай вобласці.

Парушэнні пры арганізацыі харчавання аказаліся аднымі з найбольш прыкметных. У некаторых дзіцячых садках зафіксаваны выпадкі выкарыстання прадуктаў з прыкметамі недабраякаснасці.

Праверка таксама паказала, што ў шэрагу ўстаноў дзяцей залічвалі без поўнага пакета неабходных дакументаў, а групы фарміраваліся з перавышэннем дапушчальнай напаўняльнасці. Так, у адной з дашкольных устаноў у Касцюковічах у дзвюх з чатырох груп колькасць выхаванцаў была перабольшаная.

Асобныя пытанні ўзніклі да арганізацыі працы з дзецьмі, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Не ва ўсіх садках была забяспечана іх інтэграцыя і неабходнае суправаджэнне. У Магілёве, напрыклад, у адной з устаноў праігнаравалі заключэнне карэкцыйнага цэнтра, і двое дзяцей засталіся без індывідуальнай апекі.

Не менш праблем выявілася ў сферы бяспекі. На тэрыторыі некаторых дзіцячых садкоў гульнявое абсталяванне знаходзілася ў няспраўным стане. У Клімавічах, напрыклад, на пляцоўцы былі ўсталяваны балансіры без амартызатараў і фіксатараў, што стварае рызыку траўмавання дзяцей.

Акрамя таго, у частцы ўстаноў не належным чынам выконваўся прапускны рэжым. Падчас праверак зафіксаваны выпадкі свабоднага доступу старонніх асоб на тэрыторыю дзіцячых садкоў.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

На ўвесь Быхаўскі раён толькі 13 дзетсадаўцаў выхоўваюцца па-беларуску

У Быхаўскім раёне працуе толькі адзін беларускамоўны дзіцячы садок. Яго наведчаюць 13 дзецей.

Як адказалі абаронцы беларускай мовы, юрысту і праваабаронцу Ігару Случаку з Быхаўскага райвыканкама, у раёне ўсяго восем дзіцячых садкоў. Сярод іх толькі адзін беларускамоўны. У ім выхоўваюцца 13 дзяцей.

Семь дзіцячых садкоў рускамоўныя. Іх наведваюць 737 выхаванцаў. То бок колькасная розніца на карысць рускамоўных дзетсадаўцаў – амаль 57 разоў.

Пры гэтым па выніках перапісу насельніцтва 2019 года ў Быхаўскім раёне пражывала 91,53% беларусаў, 4,85% рускіх, 1,1% украінцаў, 0,13% палякаў.

Адзіны дзіцячы садок, дзе адукацыя вядзецца па-беларуску, знаходзіцца ў аграгарадку Дуброва.

Рускамоўных дзіцячых садкоў з беларускімі групамі ў іх у Быхаўскім раёне няма.

Фотаздымак: Вікіпедыя

Менш 20% дзяцей у садках Чавускага раёна навучаюцца па-беларуску

Спачатку можа скласціся ўражанне, што ў беларускамоўных групах дашкольнікаў у Чавускім раёне больш, чым у рускамоўных, але гэтае ўражанне падманлівае.

Як высветліў абаронца беларускай мовы, юрыст і праваабаронца Ігар Случак, атрымаўшы інфармацыю (на 1.09.2025) ад улад Чавушчыны, у раёне ўсяго 12 дзіцячых садкоў. З іх сем – з беларускай мовай навучання, а пяць – з рускай. 

Чавускія дзіцячыя садкі агулам наведвае 481 дзіцёнак. Пры гэтым у беларускамоўных навучаецца 89 дзяцей, а ў рускамоўных – 392. Беларускамоўных груп у раёне – 9, а рускамоўных у тры разы болей – 27. 

Такім чынам, згодна статыстыкі, перавышэнне колькасці садкоў з беларускай мовай навучання над колькасцю садкоў з рускай не павінна ствараць уражанне аб колькаснай перавазе беларускамоўнага дашкольнага навучання ў раёне. 

Фотаздымак: chausynews.by

На Краснапольшчыне беларускамоўнае дашкольнае навучанне цалкам вынішчана

Сёлета ні адзін дзіцёнак не навучаецца ў садках Краснапольскага раёну па-беларуску.

У Краснапольскім раёне тры дзіцячых садкі. Усё яны з рускай мовай навучання. У раёне не існуе нават беларускамоўных груп у садках. Пра гэта сведчыць адказ начальніка аддзела па адукацыі Краснапольскага райвыканкама Алесі Шапавалавай на зварот ад абаронцы беларускай мовы Ігара Случака. Такая сітуацыя адпавядае пачатку 2025-2026 навучальнага года.

У той жа час, у трох дзіцячых садках раёна навучаецца 246 выхаванцаў у 18 групах.

“Спіс і адрасы дзіцячых садкоў з беларускай мовай навучання і беларускамоўных груп у дзіцячых садках не прадстаўляецца магчымасці даць па прычыне іх адсутнасці” – адказала чыноўніца грамадскаму дзеячу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц