махлярка

Махлярка з Магілёва падманула больш за 20 чалавек па ўсёй краіне

Больш 3 тысяч рублёў прысабечыла магіляўчанка, абяцаючы людзям продаж тавараў па інтэрнэце.

Спроба зэканоміць на пакупках праз інтэрнэт для больш як двух дзясяткаў беларусаў скончылася стратай грошай. Паводле міліцыі, за схемай стаяла 33-гадовая жыхарка Магілёва, якая ўжо раней трапляла пад суд за аналагічнае махлярства.

Жанчына размяшчала на адным з папулярных сайтаў аб’яў прапановы аб продажы тавараў для дома. Каб прапановы выглядалі пераканаўча, выкарыстоўвала фатаграфіі тавараў і ўсталёўвала прывабныя цэны.

Далей пакупнікам прапаноўвалі загадзя пералічыць грошы на банкаўскую картку. Пасля атрымання перадаплаты прадавец знікаў: паведамленні заставаліся без адказу, а тавар так і не даязджаў да новых уладальнікаў.

Першай у міліцыю звярнулася жыхарка Магілёва, якая таксама спрабавала набыць рэчы для дома. Падчас праверкі высветлілася, што пацярпелых два дзясяткі, прычым з розных рэгіёнаў Беларусі. Агульная сума шкоды, паводле следства, перавысіла 3 тыс. рублёў.

У дачыненні да магілёўчанкі распачатая крымінальная справа за махлярства.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва