Краснапольшчына сярод раёнаў з найменшым сярэднім заробкам

Сярэдні заробак у Краснапольскім раёне трэці з канца ў агульным спісе раёнаў з самымі малымі заработнымі платамі ў Беларусі.

Паводле даных Белстата, на якія спасылаецца banki24.by, у Краснапольскім раёне ў сярэднім зарабляюць 1993 рублі. Менш толькі ў Кармянскім на Гомельшчыне (1984 рублі) і ў Шаркаўшчынскім на Віцебшчыне (1952 рублі).

Сярод 27 раёнаў з сярэднім заробкам 2158 рублёў і менш Магілёўская вобласць прадстаўлена 11 раёнамі. Гэта больш за палову ўсіх негарадскіх раёнаў у рэгіёне, колькасць якіх складае 21 тэрытарыяльную адзінку.

Адметна, што сярод тых 27 раёнаў, няма ні аднаго з Мінскай і Брэсцкай абласцей. Гродзенская прадстаўлена толькі адным – Іўеўскім. Такім чынам большасць у гэтым пераліку – раёны Магілёўшчыны.

Сярэдні заробак у Беларусі ў сакавіку вырас да 2975,8 рубля – сума да выплаты падаткаў і іншых збораў. 

Фотаздымак: “Зеркало”

Правал у Краснаполлі: чатыры паказчыкі з адзінаццаці

На пасяджэнні Краснапольскага райвыканкама падвялі вынікі першага квартала 2026 года. Вынік сумны: з адзінаццаці паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця выканана чатыры.

Чыноўнікі Краснапольшчыны абмеркавалі вынікі сваёй дзейнасці на нарадзе. Вынік красамоўны. Поўны абзац аж па сямі напрамках:

  • інвестыцыі ў асноўны капітал;
  • увод жылля;
  • падрадныя работы ў будаўніцтве;
  • вытворчасць сельгаспрадукцыі ў гаспадарках усіх катэгорый;
  • вытворчасць сельгаспрадукцыі ў сельгасарганізацыях;
  • экспарт тавараў і паслуг.

Аднаго толькі правалу ў сельскай гаспадарцы хопіць для таго, каб зразумець – раёну нічога добрага не свеціць.

Зрэшты старшыня райвыканкама Аляксандр Яфімчыкаў поўны энтузіязму. Ён не не разгубіўся і заявіў, што на паказчыкі, якія не выкананыя “мы можам паўплываць”.

Фота з адкрытых крыніц.

Іван Кубракоў з’ездзіў у родныя мясціны

Кіраўнік МУС з рабочай паездкай наведаў Краснапольскі і Касцюковіцкі раёны.

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў у ходзе рабочай паездкі наведаў Магілёўскую вобласць, дзе правёў нараду ў Краснапольскім РАУС і прыняў удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве ў Касцюковічах.

Высветлілася, што ў Краснаполлі падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі і дзяржаўтаінспекцыя размяшчаюцца ў арандаваным будынку, які не адпавядае сучасным патрабаванням.

Міністр разгледзеў варыянты рэканструкцыі будынкаў, даў даручэнні па іх дапрацоўцы і прыняў супрацоўнікаў райаддзела.

У Касцюковічах было значна весялей. Там Кубракоў удзельнічаў ва ўрачыстым падвядзенні вынікаў штогадовага спаборніцтва перадавікоў і адстаючых.

Будучы ўраджэнцам, а цяпер ужо і ганаровым грамадзянінам Касцюковіцкага раёна, Іван Уладзіміравіч змог пераканацца ў тым, што з часоў яго дзяцінства ў вёсцы Малінаўка сур’ёзных зменаў у раёне не адбылося.

Самыя адсталыя рэгіёны, хоць і далі краіне цэлага міністра, у плане прагрэсу засталіся на тым жа ўзроўні, што і ў ліхія 70-я.

Магчыма, таму Кубракоў прыняў рашэнне дапамагчы калгасу «Сялецкае», размешчанаму ў двух дзясятках кіламетраў ад роднай Малінаўкі. 

Падначаленыя міністра акажуць аграрыям фінансавую і матэрыяльна-тэхнічную дапамогу, а заадно паглядзяць, ці ўсё добра ў калгасе з арганізацыйнымі напрамкамі.

Фота «Магілёўскія ведамасці».

На Краснапольшчыне значна вырас падзёж жывёлы

На 32% вырас падзёж жывёлы ў Краснапольскім раёне ў 2025 годзе, што прыцягнула ўвагу пракуратуры.

На пасяджэнне Краснапольскага райвыканкама, дзе абмяркоўвалі праблемы ў жывёлагадоўлі раёна прыехаў першы намеснік пракурора Магілёўскай вобласці Андрэй Клышэвіч. Нагода была важкая – на Краснапольшчыне не толькі на траціну вырас падзёж жывёлы, дык яшчэ і нормы тэхналагічных страт перавышаныя, больш чым у 3 разы.

Як належыць “высокаму” госцю, Клышэвіч паругаў мясцовых начальнікаў за такія нядобрыя паказчыкі і “акцэнтаваў увагу кіраўніцтва раёна і работнікаў упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні на неабходнасці прыняцця неадкладных мер па ліквідацыі фактараў, якія спрыяюць падзёжу жывёлы: парушэннях тэхналагічных патрабаванняў да кармлення, зместу, вакцынацыі і лячэнню жывёл, а таксама выкарыстанне кармоў нізкай якасці, незбалансаванасць рацыёнаў кармлення”.

Такія ж самыя дзяжурныя словы былі прамоўлены іншымі абласнымі пракурорскімі работнікамі, якія прыязджалі па тых жа праблемах у Клічаве, Бабруйску, Клімавічах, а таксама ў Магілёўскім райвыканкаме.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Кіраўнік Краснапольскага раёна павывучаў гімназію

Кіраўнік Краснапольшчыны пабываў у гімназіі і даў станоўчую ацэнку ўмовам, створаным там для вучняў.

Старшыня Краснапольскага райвыканкама Аляксандр Яфімчыкаў разам з чыноўнікамі наведаў раённую дзяржаўную гімназію. Яму паказалі абмундзіраванне для ўдзельнікаў ваенна-патрыятычнага клуба, аўтамат Калашнікава і манітор з клавіятурай.

Мяркуючы па рэпартажу з месца падзей, экскурсія была нуднай. 

Тым не менш Яфімчыкаў застаўся задаволены становішчам спраў у сферы адукацыі. Прынамсі, сітуацыя тут значна лепшая, чым у сельскай гаспадарцы раёна, прадстаўленай адзіным калгасам. Старшыня райвыканкама ўжо пабываў там і параіў работнікам выконваць службовыя інструкцыі. 

У гімназіі Аляксандр Яфімчыкаў ад рэкамендацый настаўнікам устрымаўся.

Фота раённай газеты.

На Краснапольшчыне беларускамоўнае дашкольнае навучанне цалкам вынішчана

Сёлета ні адзін дзіцёнак не навучаецца ў садках Краснапольскага раёну па-беларуску.

У Краснапольскім раёне тры дзіцячых садкі. Усё яны з рускай мовай навучання. У раёне не існуе нават беларускамоўных груп у садках. Пра гэта сведчыць адказ начальніка аддзела па адукацыі Краснапольскага райвыканкама Алесі Шапавалавай на зварот ад абаронцы беларускай мовы Ігара Случака. Такая сітуацыя адпавядае пачатку 2025-2026 навучальнага года.

У той жа час, у трох дзіцячых садках раёна навучаецца 246 выхаванцаў у 18 групах.

“Спіс і адрасы дзіцячых садкоў з беларускай мовай навучання і беларускамоўных груп у дзіцячых садках не прадстаўляецца магчымасці даць па прычыне іх адсутнасці” – адказала чыноўніца грамадскаму дзеячу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Трагедыя ў Краснапольскім раёне: рабочы загінуў падчас высечкі лесу

У Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці падчас лесанарыхтовак загінуў 35-гадовы рабочы. Следчы камітэт распачаў праверку па факце няшчаснага выпадку.

Паводле інфармацыі Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, трагедыя адбылася падчас выканання работ па высечцы лесу. 35-гадовы мужчына, які працаваў у складзе брыгады лесарубаў, атрымаў смяротныя траўмы ў выніку падзення дрэва. Як паведамляюць у ведамстве, іншы 30-гадовы работнік валіў дрэва. Падчас выканання работ яно ўпала на другоедрэва, якім і прыціснула яго калегу – 35-гадовага жыхара Краснаполля. Атрыманыя траўмы аказаліся несумяшчальнымі з жыццём.

На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група. Праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні, у тым ліку агляд месца здарэння, апытанне сведкаў і іншыя працэдуры для ўстанаўлення ўсіх абставін інцыдэнту.

Фота: Следчы камітэт