На Дрыбіншчыне прадаюць сенажную траншэю

У Магілёўскай вобласці выстаўлена на аўкцыён сенажная траншэя – пакупнікі могуць убачыць тавар паблізу вёскі Слабодка Дрыбінскага раёна.

На Дрыбіншчыне прадаюць аб’ект нерухомасці, які цяжка пераблытаць з чымсьці іншым: гэта сенажная траншэя плошчай 1052 квадратныя метры каля вёскі Слабодка. Траншэя спісана за даўгі ў ААТ «Трылесіна-Агра» – відаць, прадпрыемства ўжо не мае патрэбы ў сенажы.

Пачатковая цана – 19 900 рублёў, задатак – 1 990 рублёў.

У апісанні асобна ўдакладняецца дэталь, якая дадае аб’екту шарму: капітальнае збудаванне не зарэгістравана ў рэестры нерухомасці. Гэта значыць, юрыдычна траншэя амаль філасофская катэгорыя –  яна нібыта ёсць, а нібы і няма.

Таргі пройдуць 24 сакавіка. Удзельнікам рэкамендуюць загадзя агледзець аб’ект – у траншэі могуць быць свае пікантныя асаблівасці.

Пры ўсім гэтым дрыбінская раённая газета паведамляе пра ААТ «Трылесіна-Агра», што “вынік працы, які дэманструюць жывёлаводы – стабільны. Малако рэалізуюць гатункам «Экстра». Калектыў ставіць перад сабой задачу прырасці і па валу, не апускаць планку па якасці малака, вырабляючы прадукцыю толькі высокай якасці”.

Тут ужо сапраўды сенажная траншэя становіцца лішнім баластам.

Фота БелЮрЗабеспячэнне.

Склад як прахадны двор. Жыхара Чавусаў злавілі дзякуючы фотапастцы

Фотапастка дапамагла міліцыі затрымаць на месцы злачынства выкрадальнікаў камбікорму са склада сельскагаспадарчага прадпрыемства ў Чавускім раёне.

Камеру на складзе аднаго з чавускіх калгасаў усталявалі толькі пасля серыі крадзяжоў, якія адбываліся на фактычна неахоўным складзе.

60-гадовы жыхар Чавусаў, які раней працаваў на гэтым прадпрыемстве, добра ведаў, дзе і як захоўваецца камбікорм для цялят.

Склад знаходзіўся на аддаленні ад іншых будынкаў фермы, тэрыторыя не была агароджаная, аховы не было, а замкі на дзвярах былі чыста сімвалічнымі. Па сутнасці памяшканне было прахадным дваром.

У лістападзе 2025 года мужчына пяць разоў уначы пранікаў унутр, адціскаючы створкі дзвярэй. Адзін раз дзейнічаў адзін, яшчэ чатыры – разам з саўдзельнікам. Кожны раз яны выносілі па два мяшкі камбікорму.

Выкрадзены корм прадавалі мясцовым жыхарам, тлумачачы, што ён нібыта атрыманы ў лік зарплаты. Грошы трацілі на прадукты і алкаголь.

Пасля чарговага крадзяжу на складзе ўсталявалі фотапастку. Дзякуючы ёй асобы падазраваных удалося ўстанавіць, а саміх мужчын затрымалі на месцы злачынства пры спробе прадаць выкрадзенае.

Суд прызнаў жыхара Чавусаў вінаватым у крадзяжы, учыненым групай асоб, і прызначыў штраф у памеры 30 базавых велічынь. Таксама задаволены пазоў аб кампенсацыі шкоды сельгаспрадпрыемству ў памеры 288 рублёў.

Акрамя таго, вынесена прыватная пастанова ў адрас раённага ўпраўлення па сельскай гаспадарцы з-за парушэнняў у працы сельгаспрадпрыемства, якія спрыялі здзяйсненню злачынства.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Жыхарка Быхаўшчыны адсудзіла 50 тыс. рублёў за загінулага на працы мужа

Суд Быхаўскага раёна спагнаў кампенсацыю маральнай шкоды на карысць удавы і дачкі загінулага кіроўцы сельгаспрадпрыемства.

 

Нясчасны выпадак здарыўся раніцай 23 сакавіка 2025 года, калі кіроўца прыбыў на машынны двор прадпрыемства і прыступіў да агляду аўтамабіля перад выездам. Ён падняў кабіну машыны і, знаходзячыся звонку аўтамабіля, запусціў рухавік, не пераканаўшыся, што рычаг пераключэння перадач знаходзіцца ў нейтральным палажэнні. У выніку аўтамабіль пачаў рухацца.

 

Спрабуючы спыніць машыну, кіроўца страціў раўнавагу і ўпаў на зямлю, пасля чаго аўтамабіль пераехаў яго коламі. Ад атрыманых траўмаў мужчына памёр на месцы здарэння.

 

Па факце няшчаснага выпадку праводзілася праверка, па выніках якой ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена, паколькі смяротнае траўміраванне адбылося з прычыны парушэння загінулым правіл тэхнікі бяспекі, а і ў дзеяннях службовых асоб прадпрыемства адсутнічалі прыкметы злачынства.

 

Тым не менш ўдава кіроўцы пайшла ў суд з патрабаваннем аб маральнай кампенсацыі. Яна даказала, што смерць мужа стала для яе цяжкай стратай, выклікала глыбокія маральныя пакуты і пацягнула істотныя змены ў яе жыцці, а таксама пазбавіла іх малалетнюю дачку, 2022 года нараджэння, бацькоўскага клопату і падтрымкі. У сувязі з гэтым яна прасіла спагнаць кампенсацыю маральнай шкоды з сельскагаспадарчага прадпрыемства як уладальніка аўтамабіля.

 

Прадстаўнікі адказчыка пярэчылі супраць задавальнення пазову, спасылаючыся на тое, што няшчасны выпадак адбыўся па прычыне грубай неасцярожнасці самога загінулага. Аднак Быхаўскі райсуд палічыў, што падставы для задавальнення патрабаванняў жанчыны ёсць. 

 

У выніку было пастаноўлена спагнаць з адказчыка на карысць жонкі загінулага кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 30 тыс. рублёў, а на карысць яго малалетняй дачкі – 20 тыс. рублёў.

 

Адказчык не пагадзіўся з такім вердыктам суда і абскардзіў яго. Аднак Магілёўскі аблсуд пакінуў рашэнне без змены, і яно ўступіла ў законную сілу.

 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Чарговы кіраўнік сельгаспрадпрыемства атрымаў турэмны тэрмін за прыпіскі

У Крычаўскім раёне кіраўнік прадпрыемства АПК асуджаны да зняволення з адтэрміноўкай з-за ўкрывання падзежу 112 кароў.

Летам 2025 года пракуратура Крычаўскага раёна разам з міліцыяй праверыла буйны жывёлагадоўчы аб’ект мясцовага прадпрыемства АПК. Падчас пераліку жывёлы высветлілася, што на ферме не хапае значнай колькасці кароў.

Далейшае расследаванне паказала, што кіраўнік у 2024 годзе даваў падначаленым указанні не складаць акты аб падзежы жывёлы і ўносіць у справаздачы фіктыўныя даныя. Такім чынам, у дакументах “жывыя” каровы існавалі, хаця ў рэальнасці яны загінулі ці былі нібыта “накіраваныя на забой”.

У выніку на прадпрыемстве былі ўтоеныя факты падзежу 112 кароў. Усе гэтыя выпадкі афіцыйна не адлюстроўваліся ў бухгалтарскіх і вытворчых дакументах, што дазваляла трымаць “прыгожыя” паказчыкі і пазбягаць адказнасці за страты.

Справа дайшла да суду, дзе кіраўнік, на той момант ужо былы, цалкам прызнаў сваю віну.

Суд Крычаўскага раёна прызнаў мужчыну вінаватым у перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Ён атрымаў пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады, штраф у памеры 300 базавых велічынь (каля 12,6 тысячы рублёў) і пяцігадовую забарону займаць кіраўнічыя пасады.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Нагадаем, што такі самы прысуд быў вынесены ў Клічаве, дзе на лаўку падсудных трапіла былая намесніца дырэктара сельгаспрадпрыемства ў Бабруйскім раёне, якая праз прыпіскі хавала падзеж жывёлы.

Фотаздымак з адкрытых крыніц