На новай ферме ў Касцюковічах цяпер ёсць мяккія дыванкі для кароў

Санаторый для кароў адкрылі ў вёсцы Мурын Бор Касцюковіцкага раёна.

Напэўна, у свеце няма іншай краіны, дзе б, як у Беларусі, радаваліся адкрыццю новага кароўніка. А вось жыхары Касцюковічаў, нібыта, звязваюць з МТК у вёсцы Мурын Бор свае сучаснасць і будучыню.

Кароўнік адкрывалі з максімальнай урачыстасцю – ўвесь начальніцкі цвет, шарыкі, стужачкі, сцяжкі і нават сімвалічны ключ. Яго ўручыў касцюковіцкім шчасліўчыкам галоўны «дэпутат» вобласці Аляксандр Гарошкін.

У склад кароўніка будучыні, які належыць філіялу № 1 «Цэмагра» ААТ «Беларускі цэментны завод», уваходзяць два хлявы, даільна-малочны блок і прафілакторый для цялят. Умяшчальнасць МТК – 756 галоў.

Больш няма цесных памяшканняў, сцвярджаюць журналісты «Беларусь Сегодня», ёсць прастор, мора святла і паветра. Няма голага бетону, ёсць мяккія прагумаваныя дыванкі.

На новай ферме плануецца атрымліваць больш за 15 тон малака ў суткі. Усё яно будзе класа экстра. Для параўнання: існуючая ферма праз дарогу пры падобным пагалоўі дае ўсяго толькі 9 тон.

Пакуль мінулае і будучыню Касцюковічаў падзяляе ўсяго толькі дарога, паспрабуем адказаць на пытанне: чаму пра мяккія дыванкі “крэпкія гаспадарнікі” з каманды Лукашэнкі не думалі ўсе трыццаць гадоў, якія яны патрацілі на правальныя спробы ператварыць краіну ў вялікі і прыбытковы калгас?

Што перашкаджала атрымліваць малако гатунку экстра і дзе былі вялікія аматары гэтага малака раней? 

Адказ, на жаль, відавочны. Сядзелі ў тых жа мяккіх крэслах і апладзіравалі будаўніцтву кароўнікаў без мяккіх дыванкоў. Цяпер жа яны робяць выгляд, што не памятаюць старога анекдота пра фарбаванне сцен публічнага дома, як спосабу павялічыць яго наведвальнасць.

Фота «Беларусь Сегодня».

Чарговы кіраўнік сельгаспрадпрыемства атрымаў турэмны тэрмін за прыпіскі

У Крычаўскім раёне кіраўнік прадпрыемства АПК асуджаны да зняволення з адтэрміноўкай з-за ўкрывання падзежу 112 кароў.

Летам 2025 года пракуратура Крычаўскага раёна разам з міліцыяй праверыла буйны жывёлагадоўчы аб’ект мясцовага прадпрыемства АПК. Падчас пераліку жывёлы высветлілася, што на ферме не хапае значнай колькасці кароў.

Далейшае расследаванне паказала, што кіраўнік у 2024 годзе даваў падначаленым указанні не складаць акты аб падзежы жывёлы і ўносіць у справаздачы фіктыўныя даныя. Такім чынам, у дакументах “жывыя” каровы існавалі, хаця ў рэальнасці яны загінулі ці былі нібыта “накіраваныя на забой”.

У выніку на прадпрыемстве былі ўтоеныя факты падзежу 112 кароў. Усе гэтыя выпадкі афіцыйна не адлюстроўваліся ў бухгалтарскіх і вытворчых дакументах, што дазваляла трымаць “прыгожыя” паказчыкі і пазбягаць адказнасці за страты.

Справа дайшла да суду, дзе кіраўнік, на той момант ужо былы, цалкам прызнаў сваю віну.

Суд Крычаўскага раёна прызнаў мужчыну вінаватым у перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Ён атрымаў пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады, штраф у памеры 300 базавых велічынь (каля 12,6 тысячы рублёў) і пяцігадовую забарону займаць кіраўнічыя пасады.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Нагадаем, што такі самы прысуд быў вынесены ў Клічаве, дзе на лаўку падсудных трапіла былая намесніца дырэктара сельгаспрадпрыемства ў Бабруйскім раёне, якая праз прыпіскі хавала падзеж жывёлы.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Шклоўскім раёне кароў кармілі сенам з цвіллю

Пракуратура Магілёўскай вобласці выявіла шматлікія парушэнні ў жывёлагадоўлі рэгіёну.

Як высветлілі пракуроры, у Горацкім раёне пры праверцы парадку закладкі травяных кармоў быў парушаны тэмпературны рэжым зялёнай масы і тэрміны закладкі. Нараканні пракурора выклікала перавышэнне даўжыні рэзкі травы. У адзінкавым выпадку кармы, нарыхтаваныя ў палімерную ўпакоўку, мелі пашкоджанні плёнкі.

У адной з арганізацый Шклоўскага раёна на момант праверкі жывёлам давалі няякасныя кармы з цвіллю.

А ў Круглянскім і Горацкім раёнах пракурорамі ў трох арганізацыях устаноўлены факты нарыхтоўкі кармоў у капцы пры наяўнасці свабодных бетанаваных сховішчаў.

Па фактах закладкі кармоў у капцы пракурор Круглянскага раёна ініцыяваў прыцягненне дырэктара сельгасарганізацыі да адміністрацыйнай адказнасці. Кіраўнікі прадпрыемстваў Горацкага раёна таксама прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. Пра пакаранне кіраўніка сельгасарганізацыі на Шклоўшчыне не паведамляецца.

Фотаздымак: Генпрокуратура РБ