Санаторый для кароў адкрылі ў вёсцы Мурын Бор Касцюковіцкага раёна.
Напэўна, у свеце няма іншай краіны, дзе б, як у Беларусі, радаваліся адкрыццю новага кароўніка. А вось жыхары Касцюковічаў, нібыта, звязваюць з МТК у вёсцы Мурын Бор свае сучаснасць і будучыню.
Кароўнік адкрывалі з максімальнай урачыстасцю – ўвесь начальніцкі цвет, шарыкі, стужачкі, сцяжкі і нават сімвалічны ключ. Яго ўручыў касцюковіцкім шчасліўчыкам галоўны «дэпутат» вобласці Аляксандр Гарошкін.
У склад кароўніка будучыні, які належыць філіялу № 1 «Цэмагра» ААТ «Беларускі цэментны завод», уваходзяць два хлявы, даільна-малочны блок і прафілакторый для цялят. Умяшчальнасць МТК – 756 галоў.
Больш няма цесных памяшканняў, сцвярджаюць журналісты «Беларусь Сегодня», ёсць прастор, мора святла і паветра. Няма голага бетону, ёсць мяккія прагумаваныя дыванкі.
На новай ферме плануецца атрымліваць больш за 15 тон малака ў суткі. Усё яно будзе класа экстра. Для параўнання: існуючая ферма праз дарогу пры падобным пагалоўі дае ўсяго толькі 9 тон.
Пакуль мінулае і будучыню Касцюковічаў падзяляе ўсяго толькі дарога, паспрабуем адказаць на пытанне: чаму пра мяккія дыванкі “крэпкія гаспадарнікі” з каманды Лукашэнкі не думалі ўсе трыццаць гадоў, якія яны патрацілі на правальныя спробы ператварыць краіну ў вялікі і прыбытковы калгас?
Што перашкаджала атрымліваць малако гатунку экстра і дзе былі вялікія аматары гэтага малака раней?
Адказ, на жаль, відавочны. Сядзелі ў тых жа мяккіх крэслах і апладзіравалі будаўніцтву кароўнікаў без мяккіх дыванкоў. Цяпер жа яны робяць выгляд, што не памятаюць старога анекдота пра фарбаванне сцен публічнага дома, як спосабу павялічыць яго наведвальнасць.
Фота «Беларусь Сегодня».