Уладальнік Mak.by прыкупляе сельгаспрадпрыемствы Горацкага раёна

Беларускі бізнэсовец Аляксей Саўчук, які валодае сеткай Mak.by, скупляе акцыі прадпрыемстваў Горацкага раёна.

У Горацкім раёне сканцэнтраваны галоўныя актывы Саўчука – “Малочныя горкі” і Горацкі харчовы камбінат. Яны займаюцца не толькі тварагом і кефірам, але і даволі рэдкім для нашага рынку скірам – гэта высокабялковы малочны прадукт. Частка прадукцыі вядомая пад брэндам Exponenta, піша Orsha.eu.

Як даведаўся партал “Беларусы і рынак”, у гэтым месяцы «Малочныя горкі» набылі 8,93% акцый прадпрыемства «Горацкае». Яно з’яўляецца адным з найбуйнейшых у раёне сельгасвытворцаў, чыя агульная зямельная плошча складае каля 12,9 тыс.гектараў, і вырошчвае збожжавыя і зернебабовыя, бульбу, гародніну адкрытага грунту, рапс, цукровыя буракі, плады семечкавых і ягад, займаецца вытворчасцю малака і мяса буйной рагатай жывёлы.

У мінулым месяцы Аляксей Саўчук (уваходзіць у топ-100 беларускіх бізнэсоўцаў) праз «Малочныя горкі» стаў уладальнікам звыш 9% іншага сельскагаспадарчага прадпрыемства раёна – «Маслакі». Плошча яго ўгоддзяў – больш за 7,3 тыс.гектараў.

Фотаздымак: “Трыбуна”

Горацкі аграном папаўся на хабары ў 35 545 рублёў 26 капеек

У Горацкім райсудзе да чатырох гадоў зняволення асудзілі агранома, які цягам чатырох гадоў набраў хабару на амаль 35 тысяч рублёў.

Паводле суда Горацкага раёна, 49-гадовы мясцовы жыхар, будучы галоўным аграномам аднаго з сельгаспрадпрыемстваў, атрымліваў грошы ад пастаўшчыкоў сельгаспрадукцыі. Узамен ён фармаваў пад іх закупкі і забяспечваў выгадныя кантракты. Так цягнулася са студзеня 2020 года па снежань 2023-га.

Агульная сума хабару склала 34 545 рублёў 26 капеек. Для легалізацыі такіх незаконных даходаў была распрацавана схема з фіктыўнымі дамовамі. Гэта былі дамова падраду, калі плацілі за работы, якія выконвала насамрэч прадпрыемства і дамова арэнды аўтамабіля, якога абвінавачаны ў рэчаіснасці не прадастаўляў. Грошы пераводзіліся па гэтым дамовам на асабісты рахунак галоўнага агранома.

На суде абвінавачаны сваю віну ў буйным хабары прызнаў і раскаяўся, а таксама вярнуў усе незаконна здабытыя сродкі.

Былога галоўнага агранома асудзілі на чатыры гады зняволенння ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, штрафу ў 29 400 рублёў з забаронай на пяць гадоў займаць кіруючыя і распарадчыя пасады.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Горацкую “Копцеўскую ніву” чакае год самастойнай працы

Да гаспадаркі “Копцеўская ніва” ў 2021 годзе чыноўнікі далучылі племзавод “Леніна”, давялі прадпрыемства “да ручкі”, а цяпер будуць глядзець, як сяльчане выкруцяцца.

У 2021 годзе “Копцеўская ніва” была перадавіком жывёлагадоўчай вытворчасці. Чыноўнікі, гледзячы на яго поспехі, прынялі “добра прадуманае” і “пралічанае да дробязяў” рашэнне далучыць да яго яшчэ племзавод. Праз пэўны час паказчыкі пайшлі ўніз, бо не была прадумана ні лагістыка, ні ўзаемадзеянне. У гэтым годзе нават кармоў для жывёлы не хапала, вынікае з рэпартажа СТБ. 

Чыноўнікі, як раённыя, так і абласныя, зноў крэатывяць – цяпер яны хочуць адлучыць “Копцеўскую ніву” ад “Леніна” і далучыць да больш блізкай тэрытарыяльна гаспадаркі “Горы”.  

Праўда, працаўнікі “Копцеўскай нівы” не пагадзіліся з такімі планамі і вельмі просяць пакінуць ім самастойнасць. Яны нават распрацавалі ўласны бізнес-план, пра які ўжо пісалі “Магілёў.media”. 

У гаспадарцы ўжо прайшло два сходы, прычым на абодвух прысутнічаў старшыня Горацкага райвыканкама Мікалай Арлёнак, які пагадзіўся даць людзям магчымасць год працаваць самастойна. “Да ўсіх спецыялістаў усіх сфер звяртаюся – страпяніцеся і пачніце працаваць, каб у гаспадарцы быў парадак” – пераклаў ён чыноўніцкую віну ў праблемах гаспадаркі на яе працаўнікоў. 

Скрыншот СТБ

Аграгарадок Копцеўка змагаецца за захаванне свайго калгаса

Сяльчане распрацавалі бізнэс-план, каб захаваць сваё сельгаспрадпрыемства, але з усіх даступных опцый па новаму дырэктару – толькі намеснік па ідэалогіі альбо кот у мяшку.

Актавая зала Дома культуры ў Копцеўцы Горацкага раёна забітая пад завязку. Практычна ўсе прысутныя – жыхары аграгарадка і адначасова супрацоўнікі ААТ “Копцеўская Ніва”. Яны прыйшлі на сустрэчу з начальнікамі з Горак – старшынямі райвыканкама, сельвыканкама, раённага савета дэпутатаў. Галоўная прычына хвалявання публікі ў зале – стратну. “Копцеўскую Ніву” запланавалі расфарміраваць, далучыўшы да іншага, больш паспяховага прадпрыемства.

Каб супрацьстаяць гэтаму працэсу, работнікі аграпрадпрыемства на чале з галоўным бухгалтарам распрацавалі і прэзентавалі на сустрэчы свой бізнэс-план, піша “Горацкі веснік”.

коптевка

План, гэта добра – адзначыў старшыня райвыканкама Мікалай Арлёнак, але вось пытанне – хто яго будзе рэалізоўваць? “Ёсць спецыялісты, якія знаходзяцца ў рэзерве кадраў, і ёсць намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце. Пытанне трэба вырашыць у бліжэйшы час.” – патлумачыў панурую рэальнасць Мікалай Арлёнак і напрыканцы наогул сарваўся на нервовы выпад:


– Встрепенитесь и начинайте все работать! Посмотрим, какая будет отдача, Нужно, чтобы у вас был результат. Время покажет правильность решения.

На бягучы момант, такім чынам, было вырашана пакінуць прадпрыемства ў ранейшым стане. А там паглядзім.

Фота: Горацкі веснік

У Шклоўскім раёне кароў кармілі сенам з цвіллю

Пракуратура Магілёўскай вобласці выявіла шматлікія парушэнні ў жывёлагадоўлі рэгіёну.

Як высветлілі пракуроры, у Горацкім раёне пры праверцы парадку закладкі травяных кармоў быў парушаны тэмпературны рэжым зялёнай масы і тэрміны закладкі. Нараканні пракурора выклікала перавышэнне даўжыні рэзкі травы. У адзінкавым выпадку кармы, нарыхтаваныя ў палімерную ўпакоўку, мелі пашкоджанні плёнкі.

У адной з арганізацый Шклоўскага раёна на момант праверкі жывёлам давалі няякасныя кармы з цвіллю.

А ў Круглянскім і Горацкім раёнах пракурорамі ў трох арганізацыях устаноўлены факты нарыхтоўкі кармоў у капцы пры наяўнасці свабодных бетанаваных сховішчаў.

Па фактах закладкі кармоў у капцы пракурор Круглянскага раёна ініцыяваў прыцягненне дырэктара сельгасарганізацыі да адміністрацыйнай адказнасці. Кіраўнікі прадпрыемстваў Горацкага раёна таксама прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. Пра пакаранне кіраўніка сельгасарганізацыі на Шклоўшчыне не паведамляецца.

Фотаздымак: Генпрокуратура РБ