Жыхароў Паршына пад Горкамі палохаюць шалёныя лісы і бадзяжныя сабакі

Беспрытульныя сабакі і каты бадзяюцца па аграгарадку Паршына Горацкага раёна, а час ад часу да іх далучаюцца шалёныя лісы – паскардзіліся жыхары пасёлка на сустрэчы з раённым начальствам. Начальства – не было б яно начальствам – абвінаваціла ў праблеме саміх жыхароў пасёлка. На працягу сустрэчы старшыня раённага савета дэпутатаў Максім Патапенка (на фота – справа) тры разы ўсклаў адказнасць на прысутных у зале: 

  • даў тлумачэнні аб адказнасці за ўтрыманне хатніх гадаванцаў;
  • указаў, што бяздомныя і безнаглядныя жывёлы з’яўляюцца толькі па віне людзей;
  • даручыў старшыні мясцовага сельвыканкама ўзяць на кантроль дадзеную праблемную сітуацыю і вырашаць яе разам з іншымі адказнымі службамі, і “трэба працаваць і з гаспадарамі жывёл”.

Такім чынам, цяпер сітуацыя са стыхійнымі паводзінамі дзікіх і паўдзікіх жывёл у аграгарадку Паршына цалкам стала залежыць ад здольнасцяў да красамоўя старшыні Паршынскага сельскага выканкама Дзмітрыя Навумава (на фота – злева).

Паршына шаленства

Таксама перад жыхарамі пасёлка раённае начальства паклялося, што мясцовы “Камунальнік” падаў заяўку на адлоў бадзяжных жывёлаў у магілёўскае спецаўтапрадпрыемства.

Удзельнікі сустрэчы, аднак, так хутка адступаць ад тэмы не збіраліся. Задавалі пытанні па актуальнай праблеме з ростам выпадкаў захворвання на шаленства дзікіх і хатніх жывёл. Пыталіся, куды звяртацца, калі хатняга сабаку пакусала хворая ліса.
Паколькі гэтая праблема аказалася навінкай для некаторых прысутных, старшыня райсавета дэпутатаў паведаміў, што раённай ветслужбе было дадзена паручэнне прапрацаваць алгарытм дзеянняў з “Камунальнікам”, лясгасам і іншымі службамі па прафілактыцы шаленства. 

Атрымліваецца, што раней падобныя захады нават не прадугледжваліся як прафілактычныя мерапрыемствы, і спатрэбілася паяўленне шалёных ліс на вуліцах пасёлка, каб да гэтага пытання ў Горацкім раёне пачалі падыходзіць комплексна.

Фота: “Горацкі веснік”.

Аграгарадок Копцеўка змагаецца за захаванне свайго калгаса

Сяльчане распрацавалі бізнэс-план, каб захаваць сваё сельгаспрадпрыемства, але з усіх даступных опцый па новаму дырэктару – толькі намеснік па ідэалогіі альбо кот у мяшку.

Актавая зала Дома культуры ў Копцеўцы Горацкага раёна забітая пад завязку. Практычна ўсе прысутныя – жыхары аграгарадка і адначасова супрацоўнікі ААТ “Копцеўская Ніва”. Яны прыйшлі на сустрэчу з начальнікамі з Горак – старшынямі райвыканкама, сельвыканкама, раённага савета дэпутатаў. Галоўная прычына хвалявання публікі ў зале – стратну. “Копцеўскую Ніву” запланавалі расфарміраваць, далучыўшы да іншага, больш паспяховага прадпрыемства.

Каб супрацьстаяць гэтаму працэсу, работнікі аграпрадпрыемства на чале з галоўным бухгалтарам распрацавалі і прэзентавалі на сустрэчы свой бізнэс-план, піша “Горацкі веснік”.

коптевка

План, гэта добра – адзначыў старшыня райвыканкама Мікалай Арлёнак, але вось пытанне – хто яго будзе рэалізоўваць? “Ёсць спецыялісты, якія знаходзяцца ў рэзерве кадраў, і ёсць намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце. Пытанне трэба вырашыць у бліжэйшы час.” – патлумачыў панурую рэальнасць Мікалай Арлёнак і напрыканцы наогул сарваўся на нервовы выпад:


– Встрепенитесь и начинайте все работать! Посмотрим, какая будет отдача, Нужно, чтобы у вас был результат. Время покажет правильность решения.

На бягучы момант, такім чынам, было вырашана пакінуць прадпрыемства ў ранейшым стане. А там паглядзім.

Фота: Горацкі веснік