Бадзяжныя сабакі ў Асіповічах: праблема не ў сабаках і не ў «прыкормшчыках», а ў службах

Газета «Асіповіцкі край» выйшла з вялікім аналітычным матэрыялам «Двор без агрэсіі», у якім галоўны ўрач раённага ЦГЭ, начальнік райветстанцыі і ўрач-хірург ЦРБ у адзін голас сцвярджаюць: бяздомным катам і сабакам не месца на вуліцах.

Аргументы – шаленства, таксаплазмоз, эхінакакоз, лішай, рэальныя выпадкі ўкусаў. Ёсць і лічбы:

  • за гэты год па антырабічную дапамогу звярнуліся 45 чалавек, што на 36,4 працэнта больш, чым годам раней;
  • за пяць месяцаў адлоўлена 70 жывёлін;
  • рэкамендацыі: не прыкормліваць, не разнімаць жывёл, якія б’юцца, рэгістраваць сваіх гадаванцаў, штрафы – да 15 базавых велічыняў.

Усё правільна, але… Калі кожны год адлоўліваюць сотні сабак, а колькасць укусаў пры гэтым павялічваецца на траціну, значыць, абраная стратэгія не працуе. Прыкмета правалу – не «добрыя людзі, якія кормяць сабак каля сталовай», а менавіта гэтая арыфметыка.

Іх жа статыстыка сведчыць супраць іх

Рост колькасці зваротаў з нагоды ўкусаў на 36,4 працэнта пры адначасовым адлове азначае, што папуляцыя ўзнаўляецца хутчэй, чым яе паспяваюць скарачаць. Гэта – базавае ўраўненне дынамікі любой папуляцыі. Калі б тое, што робіць «Спецаўтапрадпрыемства», сапраўды дапамагала, крывая ішла б уніз, а яна ідзе ўверх.

І ўласная выснова спецыялістаў у канцы матэрыялу гэта фактычна пацвярджае: «даказаць, хто гаспадар “беспрытульніка”, практычна немагчыма, бо сабака ходзіць па вуліцах без дакументаў».

Гэта значыць, галоўны заяўлены інструмент – штрафы для безадказных уладальнікаў – не прымяняецца, бо для гэтага няма неабходнай інфраструктуры.

Аргумент супраць АСВВ, які аргументам не з’яўляецца

Начальнік райветстанцыі ў матэрыяле сцвярджае: стэрылізуйце – але яны «не перастануць быць крыніцай інфекцыі». Гэта спрэчка не з рэальнай праграмай АСВВ (адлоў – стэрылізацыя – вакцынацыя – вяртанне), а з яе спрошчанай версіяй.

Паўнавартасныя праграмы такога тыпу заўсёды ўключаюць абавязковую вакцынацыю – перадусім супраць шаленства – і апрацоўку ад паразітаў.

Сам падыход да масавай вакцынацыі мае дакладнае навуковае абгрунтаванне: СААЗ і Сусветная арганізацыя аховы здароўя жывёл (WOAH) рэкамендуюць як парогавы стандарт ахоп вакцынацыяй не менш за 70 працэнтаў папуляцыі сабак. Гэта – базавы прынцып Глабальнага стратэгічнага плана па ліквідацыі шаленства ў людзей да 2030 года.

Любая стратэгія, якая абапіраецца толькі на адлоў і не дасягае гэтага парога вакцынацыі, асуджаная змагацца з наступствамі, а не з крыніцай праблемы.

Да АСВВ ёсць і абгрунтаваная крытыка: у матэрыяле «Милосердие.ру» падрабязна разабрана, як праграма дрэнна працуе там, дзе яе фармальна ўкараняюць, але належным чынам не фінансуюць, не кантралююць якасць стэрылізацыі і не ізалююць агрэсіўных жывёл. Гэта важна. Аднак гэта аргумент на карысць нармальна арганізаванай праграмы, а не супраць праграмы ўвогуле.

Чаго няма – і чаму менавіта гэта і ёсць праблема

У Асіповіцкім раёне дзейнічаюць правілы ўтрымання хатніх жывёл: зарэгістраваць на працягу трох дзён, прышчапіць ад шаленства, выводзіць на павадку і ў намордніку. На паперы ўсё строга. На практыцы ж рэгістрацыя адбываецца ў «адным акне» або сельвыканкаме на падставе заявы, без абавязковага чыпавання, без адзінай электроннай базы, без ідэнтыфікатара, які дазволіў бы па знойдзеным сабаку адшукаць яго гаспадара. Адсюль і тупік, у якім добраахвотна распісваюцца самі спецыялісты: гаспадара не знайсці, штраф не выпісаць.

У краінах ЕС абавязковае чыпаванне сабак звязана з адзінай базай даных, а муніцыпалітэты вядуць уліковыя прытулкі з празрыстым фінансаваннем.

У Алматы з 2022 года дзейнічае праграма АСВВ з закупкай модульных блокаў на 200 месцаў і спецыяльным аўтатранспартам; за паўтара года там стэрылізавалі і прышчапілі некалькі соцень сабак, а работа вядзецца ў звязцы з зааабарончымі арганізацыямі, а не ў рэжыме спрэчак з імі.

Хто насамрэч стварае «двор з агрэсіяй»

Зграйная агрэсія ўзнікае не там, дзе бабуля з пятага паверха корміць дваровую Жучку. Яна ўзнікае там, дзе:

  • няма ўліку ўладальнікаў, і згублены хатні сабака не ідэнтыфікуецца, папаўняючы вулічную папуляцыю;
  • адлоўленых жывёл няма куды падзець, акрамя як усыпіць або вярнуць назад без вакцынацыі і стэрылізацыі;
  • кормавая база – адкрытыя смеццевыя кантэйнеры, закінутыя будоўлі, безгаспадарныя падвалы – ніяк не кантралюецца.

Усе тры пункты – зона адказнасці камунальных, санітарных і ветэрынарных службаў. Менавіта той звязкі, якая ў раённым матэрыяле выступае ў ролі эксперта па праблеме.

Што павінна было прагучаць у артыкуле

Сумленная размова пра праблему бадзяжных сабак у Асіповіцкім раёне (ды і ва ўсёй Магілёўскай вобласці) павінна была б уключаць наступныя лічбы:

  • колькі грошай выдзелена на адлоў і ўтрыманне жывёл;
  • ці ёсць муніцыпальны прытулак і якая яго ўмяшчальнасць;
  • што адбываецца з 70 жывёламі, адлоўленымі за пяць месяцаў (перадача новым уладальнікам, эўтаназія, стэрылізацыя і вяртанне – у якіх суадносінах);
  • колькі хатніх сабак у раёне афіцыйна зарэгістраваныя і якая доля прышчэпленых ад шаленства ад агульнага пагалоўя;
  • чаму да гэтага часу няма абавязковага чыпавання.

Без гэтых лічбаў абмеркаванне зводзіцца да заклікаў не карміць і не дакранацца. Гэта разумная тэхніка бяспекі для дзіцяці ў двары.

Але гэта не палітыка ўлады па кіраванні папуляцыяй.

Зрэшты, усё як заўсёды. Як і з уборкай снегу. Мы бачым чарговую спробу перакласці на жыхароў задачу, якую абавязаныя вырашаць гарадскія службы.

Фота раённай газеты.

У Магілёўскай вобласці жанчына памерла ад шаленства

У красавіку 2026 года жыхарку Магілёўскай вобласці падрапаў шалёны кот. Жанчына па дапамогу не звярнулася.

“У красавіку 2026 года пацверджаны выпадак захворвання на шаленства ў жыхаркі Магілёўскай вобласці, якая пасля падрапавання скуры рук бадзяжным катом па медыцынскую дапамогу не звярталася і курс антырабічных прышчэпак супраць шаленства не атрымала”, – распавядаецца на сайце Міністэрства аховы здароўя.

Там жа адзначаецца, што шаленства – гэта абсалютна смяротная хвароба. Пры гэтым з’яўленне яе клінічных прыкмет паказвае на тое, што захворванне ўвайшло ў вострую фазу і лячэнне немагчыма: чалавек гіне ад паралічу дыхальнай сістэмы або прыпынку сэрца. Таму вельмі важным ёсць як мага хутчэйшы зварот у медыцынскую установу.

Выпадак у Магілёўскай вобласці стаў першым выпадкам шаленства ў людзей у Беларусі з 2012 года. 

“Каб заразіцца шаленствам, не абавязкова, каб чалавека хтосьці пакусаў або падрапаў. Вірус шаленства змяшчаецца ў сліне жывёл, і перадача інфекцыі можа адбыцца пры кантакце інфікаванай сліны са слізістымі абалонкамі, мікратраўмамі, драпінамі на скуры чалавека. Мы ўсе працуем на дачах з зямлёй, атрымліваючы пры гэтым мікратраўмы. Вось і гэтая жанчына магла быць інфікаваная праз мікратраўмы, кормяць [безнаглядных жывёл] і датыкаючыся з іх сліной”, – патлумачыла ўрач-эпідэміёлаг аддзялення асабліва небяспечных інфекцый Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Наталля Марозава. 

Па Магілёўскай вобласці за 2025 год зарэгістравана 72 выпадкі шаленства сярод жывёл, з іх 11 выпадкаў сярод хатніх жывёл (сабака – восем, кот – тры), а таксама чатыры выпадкі сярод буйной рагатай жывёлы і восем выпадкаў сярод бяздомных (сабака – тры, кот – пяць). 

Фотаздымак: cherikovnews.by

Жыхароў Паршына пад Горкамі палохаюць шалёныя лісы і бадзяжныя сабакі

Беспрытульныя сабакі і каты бадзяюцца па аграгарадку Паршына Горацкага раёна, а час ад часу да іх далучаюцца шалёныя лісы – паскардзіліся жыхары пасёлка на сустрэчы з раённым начальствам. Начальства – не было б яно начальствам – абвінаваціла ў праблеме саміх жыхароў пасёлка. На працягу сустрэчы старшыня раённага савета дэпутатаў Максім Патапенка (на фота – справа) тры разы ўсклаў адказнасць на прысутных у зале: 

  • даў тлумачэнні аб адказнасці за ўтрыманне хатніх гадаванцаў;
  • указаў, што бяздомныя і безнаглядныя жывёлы з’яўляюцца толькі па віне людзей;
  • даручыў старшыні мясцовага сельвыканкама ўзяць на кантроль дадзеную праблемную сітуацыю і вырашаць яе разам з іншымі адказнымі службамі, і “трэба працаваць і з гаспадарамі жывёл”.

Такім чынам, цяпер сітуацыя са стыхійнымі паводзінамі дзікіх і паўдзікіх жывёл у аграгарадку Паршына цалкам стала залежыць ад здольнасцяў да красамоўя старшыні Паршынскага сельскага выканкама Дзмітрыя Навумава (на фота – злева).

Паршына шаленства

Таксама перад жыхарамі пасёлка раённае начальства паклялося, што мясцовы “Камунальнік” падаў заяўку на адлоў бадзяжных жывёлаў у магілёўскае спецаўтапрадпрыемства.

Удзельнікі сустрэчы, аднак, так хутка адступаць ад тэмы не збіраліся. Задавалі пытанні па актуальнай праблеме з ростам выпадкаў захворвання на шаленства дзікіх і хатніх жывёл. Пыталіся, куды звяртацца, калі хатняга сабаку пакусала хворая ліса.
Паколькі гэтая праблема аказалася навінкай для некаторых прысутных, старшыня райсавета дэпутатаў паведаміў, што раённай ветслужбе было дадзена паручэнне прапрацаваць алгарытм дзеянняў з “Камунальнікам”, лясгасам і іншымі службамі па прафілактыцы шаленства. 

Атрымліваецца, што раней падобныя захады нават не прадугледжваліся як прафілактычныя мерапрыемствы, і спатрэбілася паяўленне шалёных ліс на вуліцах пасёлка, каб да гэтага пытання ў Горацкім раёне пачалі падыходзіць комплексна.

Фота: “Горацкі веснік”.

У Магілёўскай вобласці маса людзей кантактавала з адной шаленай жывёлінай

У Магілёўскай і Гарадзенскай абласцях за апошнія дні 16 чалавек кантактавалі з жывёламі, хворымі на шаленства.

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя, у ходзе эпідэміялагічнага расследавання ўстаноўлена, што ў адным выпадку гэта быў бяздомны кот, у другім – авечка.

Для прадухілення захворвання на шаленства пацыенты атрымліваюць цяпер антырабічнае лячэнне па поўным курсе.

Як піша “Позірк”, выпадкі кантакту з жывёламі, хворымі на шаленства, у Беларусі адбываюцца штогод. Так, за першую палову 2024 года па антырабічную дапамогу звярнуліся 166 чалавек, якія кантактавалі з жывёламі, хворымі на шаленства.

Фота з адкрытых крыніц