У Магілёве распаўсюджваецца норавірус

Эпідэміёлагі зафіксавалі актывізацыю норавіруснай інфекцыі ў Магілёве і Магілёўскім раёне.

Як адзначае Магілёўскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, у горадзе рэгіструюцца групавыя выпадкі захворвання. Інфекцыя можа паражаць людзей усіх узростаў, аднак найбольш небяспечная для дзяцей, пажылых і аслабленых людзей.

Норавірус – гэта вострая кішачная інфекцыя, якая адзначаецца высокай заразнасцю: для заражэння досыць усяго некалькіх вірусных часціц. Крыніца інфекцыі – хворы чалавек, у якога хвароба працякае без сімптомаў.

Вірус можа перадавацца кантактна-бытавым, харчовым і водным шляхам – праз брудныя рукі, паверхні і прадметы, заражаныя прадукты ці ваду. У асобных выпадках магчымае і заражэнне праз паветра – пры ўдыханні мікракропель ванітавых масаў.

Інкубацыйны перыяд захворвання складае ад некалькіх гадзін да трох сутак. Асноўныя сімптомы – млоснасць, ваніты, падвышаная тэмпература, дыярэя і слабасць. Звычайна хвароба праходзіць за 1–3 дні, аднак без лячэння можа прывесці да абязводжвання арганізму.

У цэнтры гігіены нагадалі, што вакцыны супраць наравіруса не існуе, а антыбіётыкі для лячэння не прымяняюцца. Пры падазрэнні на кішачную інфекцыю спецыялісты рэкамендуюць звяртацца да лекара і не займацца самалячэннем.

Асноўная мера прафілактыкі – захоўваць гігіену: пільна мыць рукі, гародніну і садавіну, ужываць бяспечную ваду і дастатковым чынам тэрмічна апрацоўваць прадукты.

Нагадаем, раней стала вядома, што ўспышка норавіруснай інфекцыі адбылася ў гімназіі №4 Магілёва.

Фотаздымак: ТГ “Магілёўскі ЦГЭ”

У Магілёўскай вобласці маса людзей кантактавала з адной шаленай жывёлінай

У Магілёўскай і Гарадзенскай абласцях за апошнія дні 16 чалавек кантактавалі з жывёламі, хворымі на шаленства.

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя, у ходзе эпідэміялагічнага расследавання ўстаноўлена, што ў адным выпадку гэта быў бяздомны кот, у другім – авечка.

Для прадухілення захворвання на шаленства пацыенты атрымліваюць цяпер антырабічнае лячэнне па поўным курсе.

Як піша “Позірк”, выпадкі кантакту з жывёламі, хворымі на шаленства, у Беларусі адбываюцца штогод. Так, за першую палову 2024 года па антырабічную дапамогу звярнуліся 166 чалавек, якія кантактавалі з жывёламі, хворымі на шаленства.

Фота з адкрытых крыніц