мытня

Магілёўскія мытнікі не прапусцілі тавары з Расіі на 4 млн рублёў

Прамысловыя тавары агульным коштам больш за 4 млн рублёў былі затрыманы магілёўскімі мытнікамі на беларуска-расійскай мяжы.

Супрацоўнікі Магілёўскай мытні затрымалі на беларуска-расійскім участку мяжы буйную партыю тавараў замежнай вытворчасці, якія, паводле звестак ведамства, былі ўвезеныя на тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза без належнага мытнага афармлення.

Груз перавозіўся ў аўтамабілі DAF. Падчас праверкі мытнікі выявілі 88,5 тыс. адзінак адзення, абутку, скураной галантарэі, чахлоў для мабільных тэлефонаў і іншых прамысловых тавараў.

Агульны кошт затрыманага грузу, паводле ацэнкі мытні, перавышае чатыры мільёны рублёў.

У кіроўцы беларускай транспартнай кампаніі не было транспартных і таварасуправаджальных дакументаў, неабходных для законнага перавозу прадукцыі, якая прызначалася для далейшай рэалізацыі ў Беларусі.

У дачыненні да юрыдычнай асобы Магілёўская мытня распачала адміністрацыйны працэс. Заканадаўства прадугледжвае штраф у памеры да паловы кошту прадмета правапарушэння. У гэтым выпадку ён можа дасягнуць 2 млн рублёў.

Фотаздымак: ТГ “Мытныя органы Беларусі”

← Усе навіны Магілёва