Магілёўскія студэнты разбіраюць навес у краснапольскім калгасе

Студэнты БРУ валодаюць інжынернай тэрміналогіяй і карыстаюцца ёю падчас дэмантажу старога кароўніка ў ААТ «Краснапольскі».

Прапагандысты з усіх сіл спрабуюць абгрунтаваць, з якой такой прычыны студэнты магілёўскай ВНУ бясплатна працуюць у ААТ «Краснопольскі», якое настолькі стратнае, што само яго існаванне супярэчыць законам сусвету.

Галоўны аргумент – фраза Лукашэнкі, якую ён кінуў на ўсебеларускім народным сходзе: нам трэба акуратненька, не адштурхоўваючы моладзь, прыстасоўваць яе да працы. Калі чалавек панюхае, што такое праца, ён будзе патрыётам і нармальным чалавекам.

Змусіць усю Беларусь «панюхаць працу» і, па магчымасці, працу бясплатную – крыштальная мара Аляксандра Рыгоравіча, які ніяк не можа дараваць народу свайго цяжкага дзяцінства.

І вось з 8 снежня ў ААТ «Краснопольскі» ўжо папрацавалі больш за 170 студэнтаў, а штодзённа туды ездзіць ад 15 да 30 чалавек. Навошта?

Аказваецца, што будучым:

  • інжынерам-механікам будзе цікава паглядзець на ўладкаванне камбайнаў;
  • інжынерам-будаўнікам будзе вельмі карысна папрацаваць на розных сельскагаспадарчых аб’ектах;
  • інжынерам-электрыкам не перашкодзіць разабрацца ў рамонце машын і механізмаў, знятых з вытворчасці.

І вось яно – першае заданне для будучых інжынераў: разабраць стары навес для цялят. Алею ў агонь гэтай бескарыснай задумы падлівае кіраўнік адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» Павел Марыненка, які лічыць, што «эканамічны факультэт БРУ дае студэнтам выдатныя тэарэтычныя веды, а наша задача – сумясціць іх з практычнымі пытаннямі і кейсамі прадпрыемстваў».

Асаблівасці кейса ААТ «Краснопольскі» Марыненка не называе. І гэта нядзіўна. Адзінае, чаму можна навучыцца ў Краснаполлі, гэта таму, як нельга працаваць. Толькі вось для вывучэння гэтай асаблівасці луканомікі зусім не абавязкова ў ёй удзельнічаць.

Фота: «Беларусь Сегодня».

У Клімавіцкім раёне хлопец выкраў “мазгі” ў пасяўнога агрэгата

У Клімавіцкім раёне 28-гадовы беспрацоўны мясцовы жыхар выкраў электронныя блокі кіравання з пасяўнога агрэгата. Сеялка стаяла на мехдворы і, як звычайна, не ахоўвалася. Узятае абсталяванне раскрадальнік калгаснай маёмасці прадаў знаёмаму. Шкода, паводле падлікаў міліцыі, склала 1500 рублёў.

Здавалася б, дабро перамагло зло, але калі ўчытацца ў сухія радкі міліцэйскай зводкі і вылучыць з яе ключавыя словы, можна пабачыць тое, што адбываецца ў сельскай глыбінцы Магілёўшчыны – 28 гадоў, беспрацоўны, скраў дэталі ад калгаснай сеялкі, якая безгаспадарліва стаяла на вуліцы. Каментары тут, відавочна, лішнія.

Фота: скрыншот тэлеграм-канала “Міліцыя Магілёўшчыны”.

Магілёўскіх студэнтаў адправілі чысціць кароўнікі ў снежні

Магілёўскія тэндэнцыі: студэнты БРУ ўзялі шэфства над стратным калгасам Краснаполля, а студэнты дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання чысцяць кароўнікі калгаса на Кругляншчыне.

Студэнтаў другога курса магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання адправілі ў ААТ “Круглянская іскра” чысціць кароўнікі і выконваць іншыя, не менш карысныя функцыі.

У калгасе працаваць няма каму, таму традыцыйную паездку “на бульбу” ўлады  Магілёўшчыны замянілі падарожжам “на гной”, бо бульба зімой не расце.

На ведамасным сайце ўніверсітэта ці то жартам, ці то ўсур’ёз напісалі: “дзякуем студэнтам за адказнасць і старанне! Жадаем паспяховай здачы сесіі і новых перамог у вучобе і жыцці!”

Як чыстка гною можа спрыяць паспяховай здачы сесіі, ведае, напэўна, толькі сам “прадзюсар” усебеларускага калгаснага шоу. 

Бо за трыццаць гадоў кіравання Лукашэнкі працэс сцірання мяжы паміж разумовай і фізічнай працай запушчаны ў іншы бок.

Раскладаць малекулы на атамы недапушчальна, калі на палях краіны разлагаецца бульба, а каровы стаяць па калена ў гнаі.

Па сумных тварах студэнтаў відаць, што яны поўнасцю ўсведамляюць усю горкую іронію свайго становішча.

Фота сайта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання.

Аграгарадок Копцеўка змагаецца за захаванне свайго калгаса

Сяльчане распрацавалі бізнэс-план, каб захаваць сваё сельгаспрадпрыемства, але з усіх даступных опцый па новаму дырэктару – толькі намеснік па ідэалогіі альбо кот у мяшку.

Актавая зала Дома культуры ў Копцеўцы Горацкага раёна забітая пад завязку. Практычна ўсе прысутныя – жыхары аграгарадка і адначасова супрацоўнікі ААТ “Копцеўская Ніва”. Яны прыйшлі на сустрэчу з начальнікамі з Горак – старшынямі райвыканкама, сельвыканкама, раённага савета дэпутатаў. Галоўная прычына хвалявання публікі ў зале – стратну. “Копцеўскую Ніву” запланавалі расфарміраваць, далучыўшы да іншага, больш паспяховага прадпрыемства.

Каб супрацьстаяць гэтаму працэсу, работнікі аграпрадпрыемства на чале з галоўным бухгалтарам распрацавалі і прэзентавалі на сустрэчы свой бізнэс-план, піша “Горацкі веснік”.

коптевка

План, гэта добра – адзначыў старшыня райвыканкама Мікалай Арлёнак, але вось пытанне – хто яго будзе рэалізоўваць? “Ёсць спецыялісты, якія знаходзяцца ў рэзерве кадраў, і ёсць намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце. Пытанне трэба вырашыць у бліжэйшы час.” – патлумачыў панурую рэальнасць Мікалай Арлёнак і напрыканцы наогул сарваўся на нервовы выпад:


– Встрепенитесь и начинайте все работать! Посмотрим, какая будет отдача, Нужно, чтобы у вас был результат. Время покажет правильность решения.

На бягучы момант, такім чынам, было вырашана пакінуць прадпрыемства ў ранейшым стане. А там паглядзім.

Фота: Горацкі веснік