Магілёўскіх студэнтаў адправілі чысціць кароўнікі ў снежні

Магілёўскія тэндэнцыі: студэнты БРУ ўзялі шэфства над стратным калгасам Краснаполля, а студэнты дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання чысцяць кароўнікі калгаса на Кругляншчыне.

Студэнтаў другога курса магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання адправілі ў ААТ “Круглянская іскра” чысціць кароўнікі і выконваць іншыя, не менш карысныя функцыі.

У калгасе працаваць няма каму, таму традыцыйную паездку “на бульбу” ўлады  Магілёўшчыны замянілі падарожжам “на гной”, бо бульба зімой не расце.

На ведамасным сайце ўніверсітэта ці то жартам, ці то ўсур’ёз напісалі: “дзякуем студэнтам за адказнасць і старанне! Жадаем паспяховай здачы сесіі і новых перамог у вучобе і жыцці!”

Як чыстка гною можа спрыяць паспяховай здачы сесіі, ведае, напэўна, толькі сам “прадзюсар” усебеларускага калгаснага шоу. 

Бо за трыццаць гадоў кіравання Лукашэнкі працэс сцірання мяжы паміж разумовай і фізічнай працай запушчаны ў іншы бок.

Раскладаць малекулы на атамы недапушчальна, калі на палях краіны разлагаецца бульба, а каровы стаяць па калена ў гнаі.

Па сумных тварах студэнтаў відаць, што яны поўнасцю ўсведамляюць усю горкую іронію свайго становішча.

Фота сайта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання.

Мемарыяльныя дошкі старшыням калгасаў адкрылі ў Дашкаўцы Магілёўскага раёна.

Мемарыяльныя дошкі былым старшыням калгасаў адкрылі ў аграгарадку Дашкаўка – паведамляе “Прыдняпроўская Ніва”. Па ініцыятыве раённай ветэранскай арганізацыі, іх устанавілі ў гонар Герасіма Бабакова і Навума Майсеева.

Навум Майсееў (1897-1959) быў старшынём калгасаў “Чырвоны спаборнік” і “Армія працы”, намеснікам старшыні Дашкаўскага сельвыканкама, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР трох скліканняў. Да гэтага служыў у царскай, Чырвонай арміі, удзельнічаў у грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнах. 

Герасім Бабакоў (1919-2006) – ураджэнец в. Лыкава Магілёўскага раёна. Удзельнік вайны. Працаваў ў Дашкаўцы ветэрынарам, старшынёй калгаса «Чырвоная зорка». Пры ім у калгасе былі пабудаваны новыя фермы, вырасла пагалоўе жывёлы, ураджайнасць культур, гаспадарка стала адной з лепшых у вобласці.

Фота: “Прыдняпроўская Ніва”