Кароўнікі ў Кіраўску ўпрыгожылі гірляндамі да Новага года

У кожнага сваё працоўнае месца – кіраўскіх даярак прымусілі ўпрыгожыць кароўнікі гірляндамі.

Святочны настрой павінен панаваць паўсюль, нават у такіх традыцыйна сумных месцах, як фермы Магілёўшчыны.

Разнастаіць шэры побыт кароў і свой уласны вырашылі працоўныя калектывы ферм СГФ «Чыгірынка» РУП «Беларуснафта-Магілёўаблнафтепрадукт». 

Яны не проста, а “з энтузіязмам” упрыгожылі свае працоўныя месцы.

Хутчэй за ўсё, ніякага энтузіязму і не было. Проста каму-небудзь з начальства ідэя з гірляндамі падалася забаўнай. А чаму б і не? Памятаеце, знакаміты Іван Дулін калісьці ж размаляваў фрэзерны станок Міхалыча ў ружовы колер.

Фота раённай газеты.

Магілёўскіх студэнтаў адправілі чысціць кароўнікі ў снежні

Магілёўскія тэндэнцыі: студэнты БРУ ўзялі шэфства над стратным калгасам Краснаполля, а студэнты дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання чысцяць кароўнікі калгаса на Кругляншчыне.

Студэнтаў другога курса магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання адправілі ў ААТ “Круглянская іскра” чысціць кароўнікі і выконваць іншыя, не менш карысныя функцыі.

У калгасе працаваць няма каму, таму традыцыйную паездку “на бульбу” ўлады  Магілёўшчыны замянілі падарожжам “на гной”, бо бульба зімой не расце.

На ведамасным сайце ўніверсітэта ці то жартам, ці то ўсур’ёз напісалі: “дзякуем студэнтам за адказнасць і старанне! Жадаем паспяховай здачы сесіі і новых перамог у вучобе і жыцці!”

Як чыстка гною можа спрыяць паспяховай здачы сесіі, ведае, напэўна, толькі сам “прадзюсар” усебеларускага калгаснага шоу. 

Бо за трыццаць гадоў кіравання Лукашэнкі працэс сцірання мяжы паміж разумовай і фізічнай працай запушчаны ў іншы бок.

Раскладаць малекулы на атамы недапушчальна, калі на палях краіны разлагаецца бульба, а каровы стаяць па калена ў гнаі.

Па сумных тварах студэнтаў відаць, што яны поўнасцю ўсведамляюць усю горкую іронію свайго становішча.

Фота сайта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання.

Пракурор Магілёўскай вобласці заняўся кароўнікамі Дрыбінскага раёна

Чарговыя “абасраныя каровы” і не толькі былі выяўлены на ўсіх сельгаспрадпрыемствах.

Пракурор Магілёўскай вобласці Аляксандр Чадзюк асабіста праводзіў надзорныя мерапрыемствы ў арганізацыях аграпрамысловага сектара – паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры Беларусі.

У ходзе праверкі ім было ўстаноўлена, што практычна ва ўсіх гаспадарках Дрыбінскага раёна не выконвалі ключавыя патрабаванні да ўмоў утрымання жывёлы. У асобных арганізацыях не выконвалі рацыёны кармлення буйной рагатай жывёлы, не прыбіралі своечасова адыходы жыццядзейнасці жывёл. Неналежным чынам захоўваўся корм. Часам прымяняліся ветэрынарныя прэпараты са скончаным тэрмінам прыдатнасці.

Па выніках праверкі 12 чалавек былі прыцягненыя да дысцыплінарнай адказнасці. Як заяўляецца ў паведамленні Генеральнай пракуратуры, для ліквідацыі большасці парушэнняў не патрабуецца значных матэрыяльных затрат, а толькі выкананне вытворча-тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны ў гаспадарках.