У Шклоўскім раёне карыстацца водаразборнымі калонкамі будуць не ўсе

Цяпер у Шклоўскім раёне водаразборнымі калонкамі будуць карыстацца толькі тыя, хто жыве ў радыусе 120 метраў ад крыніцы вады. Ім выдадуць спецыяльную ручку, якую адбяруць, калі не будзеш своечасова аплачваць ваду.

Аргументы ў супрацоўнікаў “Водаканала” жалезабетонныя:

  • калонкамі нярэдка працягваюць карыстацца ўсе запар;
  • за выкарыстаную ваду многія не плацяць;
  • няўлічаныя «рэкі», якія сыходзяць у зямлю, адчувальна б’юць па фінансавым становішчы водаканалізацыйнай гаспадаркі.

Начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела філіяла «Магілёўскі водаканал» Міхаіл Драздоўскі разважае наконт новаўвядзення так: вядома, кожны мае законнае права карыстацца такім прыродным багаццем, як вада, аднак бескантрольны яе расход недапушчальны.

Логіка нагадвае рашэнне Астапа Бендэра, які вырашыў браць з турыстаў грошы за ўваход у “Правал”. Ён таксама жорстка аргументаваў сваё рашэнне неабходнасцю рамонту “Правала” – каб не занадта праваліўся.

А калі без жартаў, то справа, вядома, не ў тым, што водаканал збяднее ад рэк, якія ўцякаюць у зямлю. Ну, не стануць жа паліваць свой агарод бясплатнай вадой тыя, хто жыве ад калонкі далей чым за 120 метраў – на шлангах збанкрутуеш.

Проста вадой, як нацыянальным здабыткам, зацікавіўся Лукашэнка. А ён, як вядома, вельмі не любіць, калі нацыянальнымі здабыткамі карыстаецца нехта, акрамя яго. Такім чынам найгоршыя асцярогі беларусаў, якія мяркуюць, што хутка давядзецца плаціць за паветра, спраўджваюцца. І вельмі паказальна, што выкараняць бясплатныя калонкі сталі на Шклоўшчыне. Бо менавіта адтуль трыццаць гадоў таму і пачалася агульнанацыянальная катастрофа.

Фота раённай газеты.

Сёння ў Александрыі развітваюцца з класнай кіраўніцай Лукашэнкі

Класная кіраўніца Лукашэнкі пайшла з жыцця. 

Таццяна Мікалаеўна Карпечанка памерла ва ўзросце ста двух гадоў

У вёсцы Александрыя Шклоўскага раёна яна сорак гадоў працавала настаўніцай матэматыкі і ў свой час на працягу чатырох гадоў была класнай кіраўніцай Аляксандра Лукашэнкі.

Развітанне з Таццянай Мікалаеўнай пройдзе сёння ў Доме культуры аграгарадка Александрыя.

Фота БелТА.

За год у Шклоўскім раёне скралі больш за тры тоны паліва

Шклоўскі раён выйшаў на першае месца па крадзяжах паліва ў статыстыцы, якую вядуць незалежныя журналісты з Оршы.

Цягам 2025 года супрацоўнікі выдання Orsha.eu збіралі розныя даныя з прылеглых да Оршы раёнаў. У прыватнасці, фіксавалі выпадкі крадзяжоў паліва. Падвёўшы вынікі за год, незалежныя журналісты сцвярджаюць, што з больш чым шасці тон паліва, якое скралі ў аналізуемых раёнах, амаль палова (3070 літраў) была скрадзена на Шклоўшчыне.

На другім месцы Горацкі раён, дзе злілі 1310 літраў. Далей ідуць Аршанскі і прылеглыя да яго раёны. Прычым паведамленні аб падобных крадзяжах не паступалі з Сенненскага раёна Віцебшчыны і Круглянскага раёна Магілёўшчыны.

Як падкрэсліывюць незалежныя журналісты, усе даныя сабраныя з адкрытых крыніц, таму ў рэальнасці аб’ёмы крадзяжоў могуць быць большыя.

Ілюстрацыя Orsha.eu

На Шклоўшчыне раскрыты падман аб сапсутых кармах

Былога галоўнага агранома чакае суд за ўтойванне сапсутага фуражу і скажэннне статыстыкі.

Як высвятліла пракуратура, 44-гадовы магілёвец, працуючы галоўным аграномам на адным з сельгаспрадпрыемстваў у Шклоўскім раёне, ведаў, што ў жніўні 2025 года на зернесушыльным комплексе з-за падвышанай вільготнасці было сапсавана звыш 19,3 тон зернебабовай сумесі. Псаванне фуражу была выкліканая несвоечасовай сушкай і ачысткай, а агульная шкода ацэненая больш чым у 6 400 рублёў. Сапсаваны ўраджай пасля вывезлі ў поле для ўтылізацыі.

Затым, ужо ў верасні, галоўны аграном накіраваў у бухгалтэрыю завышаныя даныя аб масе фуражу пасля сарціроўкі і сушкі. Зрабіў ён гэта з мэтай стварыць бачнасць добрай працы прадпрыемства, схаваць дапушчаныя парушэнні і пазбегнуць матэрыяльнай і дысцыплінарнай адказнасці.

Тайнае выйшла на яў і мужчына не толькі пазбавіўся пасады, але і стаў фігурантам крымінальнай справы аб службовым падмане. Нанесены гаспадарцы ўрон былы аграном кампенсаваў. Цяпер справа накіравана ў суд.

Фотаздымак: azzm22.ru

На Шклоўшчыне з’явіліся два новыя помнікі прыроды

“Крыніца Гарадзішча” і “Крыніца Слабодка” абвешчаны новымі помнікамі прыроды ў Шклоўскім раёне.

Пра абвяшчэнне гэтых мясцін прыроднымі помнікамі мясцовага значэння вырашана на пасяджэнні Шклоўскага райвыканкама. 

Паводле Orsha.eu, за першы адказвае ААТ “Новагарадзішчанскае”, а за другі – “АСБ-Агра Гарадзец”. Тэрыторыя гэтых помнікаў цяпер ахоўваецца. Там нельга не толькі секчы дрэвы, але нават пашкодзіць куст, нельга размяшчаць адыходы, скідаць сцёкавыя вады, засмечваць і забруджваць гэтыя месцы. І вядома ж, там нельга паркаваць машыны, а тым больш мыць іх.

“Крыніцу Гарадзішча” некаторыя мясцовыя жыхары лічаць гаючай, асабліва для тых, у каго праблемы са зрокам. Ёсць нават легенда, што ў тым месцы пад зямлю пайшоў храм. Таму нядаўна там з’явіўся новы драўляны зруб, быў уладкаваны падыход, а побач паставілі крыж.

У “Крыніцы Слабодка” няма такога бэкграўнду, але яна таксама выглядае нядрэнна: над ёй паставілі бетонны каптаж з вывадам вады праз дзве трубы, ёсць сховішча-інсталяцыя ў выглядзе ветрака.

Фотаздымак: Orsha.eu

На Шклоўшчыне аднавілі знішчаны камуністамі праваслаўны храм

У закрытым у 60-я гады ХХ стагоддзя храме ў вёсцы Вялікія Слаўні зноў пачалося царкоўнае жыццё.

Адабраўшы храм у вернікаў, камуністы перарабілі яго пад клуб, а потым так “нагаспадарылі” там, што і клуб прыйшлося зачыніць, а памяшканні сталі непрыдатнымі да знаходжання ў іх, а сам будынак аказаўся ў аварыйным стане. Пра гэта піша church.by.

І такая сітуацыя з царквой у вёсцы Вялікія Слаўні заставалася доўгія гады, але мясцовыя жыхары не здаваліся. У 2005 годзе будынак удалося вярнуць царкве, і людзі пачалі яго аднаўляць. Гэта заняло вялікі адрэзак часу, і толькі 21 лістапада 2025 года Храм Успення Божай Маці афіцыйна адкрылі і асвяцілі. А вернікі, якія прымалі актыўны ўдзел у яго аднаўленні, атрымалі спецыяльныя граматы з гэтай нагоды.

На адкрыццё адроджанай царквы прыязджаў архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній.

Фотаздымак: church.by

На Шклоўшчыне дырэктар сельгаспрадпрыемства браў хабар за выплату заробку

Тры гады зняволення з адтэрміноўкай на два гады атрымаў былы дырэктар сельгаспрадпрыемства, які браў хабар ад будаўнікоў за сваёчасовую аплату іх працы.

Як высветліў Шклоўскі суд, будаўнічая брыгада летам гэтага года фарбавала малочна-таварныя комплексы на гэтым сельгаспрадпрыемстве. Па ўсім відаць, што атрымаць сумленна заробленыя грошы на Шклоўшчыне не так проста, раз людзі гатовыя за гэта нават даваць хабар. Таму яны дамовіліся з дырэктарам на тое, што ён будзе своечасова выплочваць заробак па дамове аб аказанні паслуг, і за гэта сам атрымае грошы. Грошы ад будаўнікоў ён атрымаў двойчы – ў чэрвені 1000 рублёў і ў жніўні 2000 рублёў.

У рэшце рэшт звесткі аб хабарніку дайшлі да праваахоўных органаў, а потым і да суда. Гэты суд прызнаў былога ўжо дырэктара вінаватым у атрыманні хабару. Абвінавачаны сваёй віны не ўкрываў, прызнаўся ў злачынстве і аддаў усе незаконна атрыманыя грошы дзяржаве.

У выніку суд у Шклове прысудзіў яму тры гады калоніі са штрафам у 12 600 рублёў і пяцігадовай забаронай займаць кіруючыя пасады. Пазбаўленне волі па прысудзе адтэрмінавана на два гады. Вырак пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Шклоўскім раёне да ўборкі буракоў прыцягнулі дэпутатаў

У Шклоўскім раёне да ручной уборкі цукровых буракоў прыцягнулі супрацоўнікаў гарадскіх прадпрыемстваў і нават мясцовых дэпутатаў. 

Работы праводзіліся ў буднія дні і будуць аплачаны арганізацыямі, якія накіравалі сваіх супрацоўнікаў. Улады пазіцыянавалі гэтую ініцыятыву як “акт салідарнасці” перад гадавіной Кастрычніцкай рэвалюцыі і “праяву сапраўднага патрыятызму”. Мясцовая раёнка лічыць, што “менавіта ў такія моманты нараджаецца тое, што не вымераць ні ў тонах, ні ў гектарах – пачуццё локця і гонар за родную зямлю”.

Насамрэч, сельгаспрадпрыемства Шклоўшчыны сутыкнуліся з сур’ёзнымі цяжкасцямі. У рэгіёне ўжо прайшлі першыя начныя замаразкі, а сіноптыкі прагназавалі хуткае выпадзенне снегу. З-за недахопу працоўнай сілы калгасы зноў аказаліся не гатовыя завяршыць уборку ўраджаю ў тэрмін. 

Супрацоўнікі гарадскіх прадпрыемстваў, якія прыбылі на палі, сутыкнуліся і з арганізацыйнымі праблемамі: не ўсім змаглі забяспечыць неабходны інвентар. Некаторыя работнікі былі вымушаныя выкарыстоўваць замест вёдраў абрэзаныя пластыкавыя каністры, прыстасаваныя пад падручны інвентар.

Фотаздымак shklovinfo.by

У Расіі забракавалі ялавічыну з “Александрыйскага”

Прадукцыя шклоўскага ААТ “Александрыйскае” можа трапіць пад узмоцнены лабараторны кантроль з-за выяўленых небяспечных бактэрый.

Згодна інфармацыі Расспажыўнагляду, у ялавічыне з каўбаснага цэха па вытворчасці мясапрадуктаў і каўбасных вырабаў “Александрыйскага” выяўлены бактэрыі групы кішачнай палачкі (БГКП). З-за гэтага Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе звярнулася ў Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі з просьбай змяніць статус “Александрыйскага” ў рэестры прадпрыемстваў Мытнага саюза на “ўзмоцнены лабараторны кантроль”.

Нагадаем, што некалькі дзён таму тыя ж самыя БГКП расійскія эпідэміёлагі знайшлі ў прадукцыі Горацкага харчовага камбіната бактэрыі групы кішачнай палачкі – кісламалочным абястлушчаным напоі “Экспанента Біа-Скір”.

Як сведчаць спецыялісты, БГКП у харчовых прадуктах сведчыць аб іх фекальным забруджванні. Дадзеныя бактэрыі могуць трапляць у прадукты з вады, з абсталявання, рук працоўнага персаналу і з іншых крыніц. БКГП выклікаюць страўнікава-кішачныя захворванні. Найгоршае ўскладненне – небяспечны для жыцця гемалітыка-ўрэмічнага сіндром з паразай нырак. Найбольш небяспечны для дзяцей.

Фотаздымак: ТГ “Сильные новости”

У Шклоўскім раёне кароў кармілі сенам з цвіллю

Пракуратура Магілёўскай вобласці выявіла шматлікія парушэнні ў жывёлагадоўлі рэгіёну.

Як высветлілі пракуроры, у Горацкім раёне пры праверцы парадку закладкі травяных кармоў быў парушаны тэмпературны рэжым зялёнай масы і тэрміны закладкі. Нараканні пракурора выклікала перавышэнне даўжыні рэзкі травы. У адзінкавым выпадку кармы, нарыхтаваныя ў палімерную ўпакоўку, мелі пашкоджанні плёнкі.

У адной з арганізацый Шклоўскага раёна на момант праверкі жывёлам давалі няякасныя кармы з цвіллю.

А ў Круглянскім і Горацкім раёнах пракурорамі ў трох арганізацыях устаноўлены факты нарыхтоўкі кармоў у капцы пры наяўнасці свабодных бетанаваных сховішчаў.

Па фактах закладкі кармоў у капцы пракурор Круглянскага раёна ініцыяваў прыцягненне дырэктара сельгасарганізацыі да адміністрацыйнай адказнасці. Кіраўнікі прадпрыемстваў Горацкага раёна таксама прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. Пра пакаранне кіраўніка сельгасарганізацыі на Шклоўшчыне не паведамляецца.

Фотаздымак: Генпрокуратура РБ