За год у Шклоўскім раёне скралі больш за тры тоны паліва

Шклоўскі раён выйшаў на першае месца па крадзяжах паліва ў статыстыцы, якую вядуць незалежныя журналісты з Оршы.

Цягам 2025 года супрацоўнікі выдання Orsha.eu збіралі розныя даныя з прылеглых да Оршы раёнаў. У прыватнасці, фіксавалі выпадкі крадзяжоў паліва. Падвёўшы вынікі за год, незалежныя журналісты сцвярджаюць, што з больш чым шасці тон паліва, якое скралі ў аналізуемых раёнах, амаль палова (3070 літраў) была скрадзена на Шклоўшчыне.

На другім месцы Горацкі раён, дзе злілі 1310 літраў. Далей ідуць Аршанскі і прылеглыя да яго раёны. Прычым паведамленні аб падобных крадзяжах не паступалі з Сенненскага раёна Віцебшчыны і Круглянскага раёна Магілёўшчыны.

Як падкрэсліывюць незалежныя журналісты, усе даныя сабраныя з адкрытых крыніц, таму ў рэальнасці аб’ёмы крадзяжоў могуць быць большыя.

Ілюстрацыя Orsha.eu

Гульняман з Горак краў грошы ў магазіне, дзе працавала яго жонка

Гульняманія давяла жыхара Горак да крадзяжоў выручкі з магазіна, дзе прадаўцом працавала яго жонка.

Мужчына чатыры раз краў з магазіна выручку і агульны кошт скрадзенага склаў 12 461,29 рублёў, высветліў суд Горацкага раёна. Прычым адбывалася гэта за даволі кароткі перыяд – з 15 па 19 верасня 2025 года. 

Паводле суда, для здзяйснення крадзяжоў гэты мясцовы жыхар пранікаў у службовыя памяшканні магазіна, дзе працавала яго жонка, карыстаючыся даверам яе калег. Непасрэдна грашовыя сродкі здабываў з кабінета адміністратара. 

Скрадзеныя грошы мужчына адразу клаў на банкаўскую картку, а потым на рахунак у анлайн-казіно. Праўда, цягам некалькіх дзён заставаўся і без здабытага ў магазіне, бо прайграваўся ўшчэнт.

Судова-псіхіятрычная эспертыза прызнала, што гульняман на момант здзяйснення злачынства цярпеў на паталагічную цягу да азартных гульняў. Разам з тым, мужчына прызнаны свядомым у сваіх учынках і таму панёс крымінальнае пакаранне.

На судзе ён прызнаў сваю віну і дабраахвотна кампенсаваў урон. Суд прызначыў яму пакаранне ў два з паловай гады “хатняй хіміі” без штрафа. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Праз запах і ДНК у Магілёве раскрылі серыю гаражных крадзяжоў

Запахавы след і сліна на недакурку сталі доказамі датчнасці 37-гадовага магілёўца да трох крадзяжоў, якія былі здзейсненыя цягам месяца з гаражоў у горадзе.

Уладальнікі абрабаваных гаражоў паведамілі ў міліцыю пра знікненне электраінструментаў, акумулятарных батарэй, набораў інструментаў і іншай маёмасці на агульную суму каля чатырох тысяч рублёў.

Як высветлілася, у двух выпадках зламыснік пракраўся ў гаражы, праламваючы дах, а ў трэцім выпадку скарыстаў тое, што дах увогуле адсутнічаў.

Падчас агляду месцаў здарэння эксперты заўважылі недакурак і куртку, якія зламыснік, магчыма, выпадкова, пакінуў у адным з гаражоў. Праз ДНК са слядоў сліны, якая засталася на недакурку, і запаху курткі ўдалося выявіць, што яны належаць адной і той жа асобе – 37-гадоваму раней судзімаму магілёўцу.

У далейшым у яго сапраўды знайшлі частку скрадзеных рэчаў і вярнулі іх уладальнікам.

Фотаздымак: Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз

У Бабруйску выкрылі махляроў і злавілі серыйную зладзейку

У Бабруйску супрацоўнікі міліцыі раскрылі адразу дзве крымінальныя справы: махлярства з бюджэтнымі сродкамі і серыйныя крадзяжы. У выніку — фігуранты затрыманы, заведзены крымінальныя справы.

Супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Бабруйскага гарвыканкама выкрылі групу з трох чалавек, якія махлярскім шляхам завалодалі грашыма дзяржаўнай арганізацыі, паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.

Устаноўлена, што падазраваныя пад выглядам закупкі матэрыяльна-тэхнічных каштоўнасцяў аформілі накладную на неіснуючы тавар. Атрыманыя сродкі яны перавялі ў гатоўку і патрацілі на ўласныя патрэбы.

Мяркуючы па гэтых апісаннях, махляры былі чыноўнікамі, або скарысталіся халатнасцю чыноўнікаў.

У тым жа Бабруйску затрымалі 26-гадовую мясцовую жыхарку, якую падазраюць у серыі крадзяжоў, паведамляецца на сайце УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Высветлілася, што дзяўчына дзейнічала некалькімі спосабамі: у некаторых выпадках яна забірала наяўнасць з незачыненых кабінетаў, дастаючы яе з жаночых сумак. Акрамя таго, яна неаднаразова падбірала ключы да шафак у распранальні спартыўнага комплексу, пасля чаго забірала чужыя рэчы. Агульная сума скрадзенага склала больш за 1000 рублёў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.