Дырэктар прапіў 97 тысяч, выдзеленых на дом у Краснаполлі, і ніхто гэтага не заўважыў

Пракуратура Магілёўскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 32-гадовага дырэктара прыватнай будаўнічай арганізацыі. Яму інкрымінуецца прысваенне маёмасці шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры.

Паводле матэрыялаў следства, пасля заключэння дагавора падраду на будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома ў гарадскім пасёлку Краснаполле дырэктар перавёў на свой асабісты банкаўскі рахунак больш за 97 тысяч рублёў, атрыманых арганізацыяй у якасці бюджэтнага авансу на будаўніча-мантажныя работы. Выкарыстоўваючы ключ электроннага лічбавага подпісу, цягам трох месяцаў ён ствараў плацежныя даручэнні і пераводзіў грошы самому сабе.

Атрыманыя сродкі абвінавачаны траціў пераважна на дарагія спіртныя напоі, якія сам жа і ўжываў, а таксама на пагашэнне асабістых даўгоў. Паводле заключэння экспертызы, у яго дыягнаставаны хранічны алкагалізм.

Падчас расследавання абвінавачаны часткова пакрыў нанесеную шкоду – на 65 тысяч рублёў. Да суда ён застаецца пад вартай.

Пракуратура не адказала на галоўнае пытанне: як цягам трох месяцаў запар ніхто не заўважыў пераводаў з бюджэтнага рахунку будаўнічай арганізацыі на асабісты рахунак яе дырэктара. Для будаўніцтва шматкватэрнага дома з бюджэтным фінансаваннем законам прадугледжана сістэма кантролю:

  • банк, які абслугоўвае рахунак арганізацыі, абавязаны ажыццяўляць фінансавы маніторынг падазроных аперацый – у тым ліку буйных рэгулярных пераводаў з рахунку юрыдычнай асобы на рахунак афіляванай фізічнай асобы; 
  • заказчык будаўніцтва (райвыканкам або УКБ) павінен атрымліваць справаздачы аб выкананні работ па формах КС-2 і КС-3 і аплачваць чарговыя траншы толькі пасля пацверджанага выканання работ. Калі будаўніцтва стаіць – наступны транш выдзяляцца не павінен; 
  • дзяржбуднагляд праводзіць інспекцыі будаўнічых аб’ектаў, у тым ліку тых, што фінансуюцца з бюджэту; 
  • камітэт дзяржаўнага кантролю мае паўнамоцтвы правяраць мэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў. 

Хранічны алкагалізм – не шыла, якое можна схаваць у мяшку. Ён прадугледжвае відавочныя праявы: зрывы, прапушчаныя працоўныя дні, фізічны стан, несумяшчальны з абавязкамі кіраўніка будоўлі. Тры месяцы ў такім стане не маглі застацца незаўважанымі для тых, хто паводле закона абавязаны кантраляваць мэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў і ход работ.

Пракуратура называе аднаго вінаватага – 32-гадовага дырэктара. Пытанне, хто і калі павінен быў заўважыць і спыніць сітуацыю да таго, як грошы былі выведзены і патрачаны, ніхто не ставіць. 

Між тым без адказу на яго гэтая гісторыя не заканчваецца: недабудаваны дом у Краснаполлі застаецца, і наступнаму падрадчыку зноў спатрэбіцца бюджэтны аванс.

Фота ілюстрацыйнага характару.

У Бабруйску выкрылі махляроў і злавілі серыйную зладзейку

У Бабруйску супрацоўнікі міліцыі раскрылі адразу дзве крымінальныя справы: махлярства з бюджэтнымі сродкамі і серыйныя крадзяжы. У выніку — фігуранты затрыманы, заведзены крымінальныя справы.

Супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Бабруйскага гарвыканкама выкрылі групу з трох чалавек, якія махлярскім шляхам завалодалі грашыма дзяржаўнай арганізацыі, паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.

Устаноўлена, што падазраваныя пад выглядам закупкі матэрыяльна-тэхнічных каштоўнасцяў аформілі накладную на неіснуючы тавар. Атрыманыя сродкі яны перавялі ў гатоўку і патрацілі на ўласныя патрэбы.

Мяркуючы па гэтых апісаннях, махляры былі чыноўнікамі, або скарысталіся халатнасцю чыноўнікаў.

У тым жа Бабруйску затрымалі 26-гадовую мясцовую жыхарку, якую падазраюць у серыі крадзяжоў, паведамляецца на сайце УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Высветлілася, што дзяўчына дзейнічала некалькімі спосабамі: у некаторых выпадках яна забірала наяўнасць з незачыненых кабінетаў, дастаючы яе з жаночых сумак. Акрамя таго, яна неаднаразова падбірала ключы да шафак у распранальні спартыўнага комплексу, пасля чаго забірала чужыя рэчы. Агульная сума скрадзенага склала больш за 1000 рублёў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.