Магілёўшчына і алкагалізм: трэцяе месца ў 2025 годзе, першае – у 2022-м. Пра што сведчаць даныя Белстата?

На мінулым тыдні Белстат апублікаваў свежыя даныя пра першасную захворвальнасць на алкагалізм у Беларусі. Прэса паведаміла пра іх як пра добрую навіну: за 20 гадоў колькасць новых выпадкаў скарацілася больш чым удвая, а самым пітушчым рэгіёнам застаецца Віцебская вобласць (188 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва). Магілёўская вобласць – на ганаровым трэцім месцы са 162,7 выпадка. Гомельская, Гродзенская і Мінская вобласці – ззаду.
Праблема ў тым, што калі паглядзець не толькі на 2025 год, а на пяць гадоў запар, карціна па Магілёўшчыне выглядае зусім інакш.
Пяць гадоў у першай тройцы
Даныя Белстата па колькасці зарэгістраваных пацыентаў з упершыню ў жыцці ўстаноўленым дыягназам «алкагалізм» і «алкагольны псіхоз» на 100 000 насельніцтва:

Год Магілёўская вобласць Месца па краіне
2021 165,5 2-е
2022 193,0 1-е
2023 190,4 2-е
2024 180,0 3-е
2025 162,7 3-е

Ні ў адзін з апошніх пяці гадоў Магілёўшчына не выпадала з першай тройкі самых пітушчых рэгіёнаў Беларусі. У 2022 годзе – была першай. Абсалютнае першае месца па алкагалізме ў краіне. Праўда, Белстат асобна гэтыя даныя не падсвечваў, а ў дзяржаўныя СМІ яны не траплялі.
Цяпер, калі Магілёўшчына фармальна на трэцім месцы, сітуацыя выглядае як «у нас усё лепш, самы пітушчы – Віцебск». Але за пяць гадоў мы былі ў тройцы заўсёды, а ў 2022 годзе – на першым месцы.
Розніца са сталіцай
Магілёўская вобласць у 2025 годзе – 162,7 выпадка на 100 тысяч. Мінск – 79,8. Розніца больш чым у два разы.
У 2021 годзе яна была ў 2,8 раза (165,5 супраць 58,6). За чатыры гады разрыў скараціўся, але не таму, што рэзка палепшылася сітуацыя ў вобласці, – а таму, што ў Мінску рэгістрацыя алкагалізму вырасла (з 58,6 да 79,8, плюс 36 працэнтаў за чатыры гады). У Магілёўскай вобласці за той жа перыяд паказчык знізіўся ўсяго на два працэнты (са 165,5 да 162,7).
Гэта, калі задумацца, дзіўная дынаміка. Паводле афіцыйнай версіі, у сталіцы п’юць усё больш, а ў вобласці – усё менш.
Больш рэалістычнай выглядае іншая інтэрпрэтацыя: у Мінску сталі больш актыўна ставіць на ўлік, таму што там больш дыягнастычных магчымасцяў і больш падстаў для звароту. А ў вобласці – або ставяць на ўлік менш, або людзі радзей звяртаюцца, або частка рэгістрацый перанесена ў статыстыку суседніх абласцей і Мінска, куды частка жыхароў ездзіць лячыцца.
Што ж адбылося ў 2022 годзе?
Рэзкі скачок са 165,5 у 2021 годзе да 193,0 у 2022 годзе – гэта плюс 17 працэнтаў за год. Для адной вобласці гэта вельмі шмат. Па краіне ў цэлым за той жа перыяд рост быў больш сціплым (са 136,9 да 154,9, плюс 13 працэнтаў). Гэта значыць, Магілёўшчына ў 2022 годзе «ўпёрлася рагамі ў зямлю» мацней, чым уся краіна.
Што магло стаць прычынай? Гіпотэз некалькі, і ўсе яны сур’ёзныя:

2022 год – гэта першы поўны год пасля маштабных санкцый супраць Беларусі і першага вялікага адтоку працаздольнага насельніцтва пасля пратэстаў 2020 года. Эканамічны стрэс, беспрацоўе і агульная трывога традыцыйна павышаюць узровень спажывання алкаголю. Магілёўшчына, як памежная і залежная ад расійскага гандлю вобласць, магла пацярпець мацней;
змена практыкі рэгістрацыі. Менавіта ў 2021-2022 гадах у Беларусі ішло рэфармаванне наркалагічнай службы, са змяненнем умоў пастаноўкі на ўлік і зняцця з яго. Частка тых, хто раней не трапляў у статыстыку, магла трапіць у яе ў 2022 годзе ў выніку новай методыкі;
у 2022 годзе ў Беларусі прайшла серыя адміністрацыйных кампаній супраць «сацыяльна небяспечных паводзін», у тым ліку з прыярытэтам на выяўленне алкагалізму сярод супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў. Магілёў з яго вялікай колькасцю КСУПаў і прамысловых вытворчасцяў мог даць больш высокі водгук на гэтую кампанію, чым больш урбанізаваная Мінская вобласць.
Што дэманструе паказчык насамрэч
Ёсць адзін важны момант, які ў публікацыях пра рэгіянальную статыстыку ніколі не разбіраецца. «Колькасць упершыню ў жыцці ўстаноўленых дыягназаў» – гэта не ўзровень рэальнага спажывання алкаголю. Гэта ўзровень працы медыцынскіх устаноў па пастаноўцы дыягназу.
Калі ў вобласці працуе наркалагічны дыспансер з добрым фінансаваннем і актыўнымі выязнымі брыгадамі – лічба будзе вышэйшая. Калі праз адток медыцынскіх кадраў скарочаны стаўкі, а ўрачам паставілі іншыя прыярытэты, – лічба будзе ніжэйшая пры тым жа рэальным спажыванні.
Рэальны ўзровень п’янства ў вобласці вызначаецца зусім іншымі паказчыкамі:
продажы легальнага алкаголю па абласцях (Белстат публікуе, але нерэгулярна і са спазненнем);
ацэнка ценявога абароту самагону (ў адкрытых крыніцах адсутнічае);
смяротнасць ад прычын, звязаных з алкаголем, па абласцях (даныя Міністэрства аховы здароўя, публікуюцца з вялікім спазненнем);
выпадкі алкагольнага ап’янення пры ДТЗ і на вытворчасці.
З гэтага набору ў адкрытым доступе па Магілёўшчыне за 2025 год – няма нічога зусім. Гэта значыць, казаць пра «трэцяе месца» як пра паляпшэнне – значыць падмяняць адно пытанне другім. Палепшылася не сітуацыя з п’янствам. Палепшылася месца ў рэйтынгу рэгістрацыі.
Пяцігадовы ж шэраг сведчыць пра іншае. Магілёўская вобласць – адна з самых пітушчых у краіне. Стабільна, увесь гэты час, з першым месцам у 2022 годзе.
Фота ілюстрацыйнага характару.

Дырэктар прапіў 97 тысяч, выдзеленых на дом у Краснаполлі, і ніхто гэтага не заўважыў

Пракуратура Магілёўскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 32-гадовага дырэктара прыватнай будаўнічай арганізацыі. Яму інкрымінуецца прысваенне маёмасці шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры.

Паводле матэрыялаў следства, пасля заключэння дагавора падраду на будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома ў гарадскім пасёлку Краснаполле дырэктар перавёў на свой асабісты банкаўскі рахунак больш за 97 тысяч рублёў, атрыманых арганізацыяй у якасці бюджэтнага авансу на будаўніча-мантажныя работы. Выкарыстоўваючы ключ электроннага лічбавага подпісу, цягам трох месяцаў ён ствараў плацежныя даручэнні і пераводзіў грошы самому сабе.

Атрыманыя сродкі абвінавачаны траціў пераважна на дарагія спіртныя напоі, якія сам жа і ўжываў, а таксама на пагашэнне асабістых даўгоў. Паводле заключэння экспертызы, у яго дыягнаставаны хранічны алкагалізм.

Падчас расследавання абвінавачаны часткова пакрыў нанесеную шкоду – на 65 тысяч рублёў. Да суда ён застаецца пад вартай.

Пракуратура не адказала на галоўнае пытанне: як цягам трох месяцаў запар ніхто не заўважыў пераводаў з бюджэтнага рахунку будаўнічай арганізацыі на асабісты рахунак яе дырэктара. Для будаўніцтва шматкватэрнага дома з бюджэтным фінансаваннем законам прадугледжана сістэма кантролю:

  • банк, які абслугоўвае рахунак арганізацыі, абавязаны ажыццяўляць фінансавы маніторынг падазроных аперацый – у тым ліку буйных рэгулярных пераводаў з рахунку юрыдычнай асобы на рахунак афіляванай фізічнай асобы; 
  • заказчык будаўніцтва (райвыканкам або УКБ) павінен атрымліваць справаздачы аб выкананні работ па формах КС-2 і КС-3 і аплачваць чарговыя траншы толькі пасля пацверджанага выканання работ. Калі будаўніцтва стаіць – наступны транш выдзяляцца не павінен; 
  • дзяржбуднагляд праводзіць інспекцыі будаўнічых аб’ектаў, у тым ліку тых, што фінансуюцца з бюджэту; 
  • камітэт дзяржаўнага кантролю мае паўнамоцтвы правяраць мэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў. 

Хранічны алкагалізм – не шыла, якое можна схаваць у мяшку. Ён прадугледжвае відавочныя праявы: зрывы, прапушчаныя працоўныя дні, фізічны стан, несумяшчальны з абавязкамі кіраўніка будоўлі. Тры месяцы ў такім стане не маглі застацца незаўважанымі для тых, хто паводле закона абавязаны кантраляваць мэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў і ход работ.

Пракуратура называе аднаго вінаватага – 32-гадовага дырэктара. Пытанне, хто і калі павінен быў заўважыць і спыніць сітуацыю да таго, як грошы былі выведзены і патрачаны, ніхто не ставіць. 

Між тым без адказу на яго гэтая гісторыя не заканчваецца: недабудаваны дом у Краснаполлі застаецца, і наступнаму падрадчыку зноў спатрэбіцца бюджэтны аванс.

Фота ілюстрацыйнага характару.

На Магілёўшчыне пададзена 65 заяў аб абмежаванні грамадзян у дзеяздольнасці

Магілёўская пракуратура ўпэўненая: без грошай – не нап’юцца.

У Магілёўскай вобласці праз суд абмяжоўваюць дзеяздольнасць грамадзян, якія злоўжываюць алкаголем, і разглядаюць гэта як адзін са спосабаў барацьбы з алкагалізмам.

У 2025 годзе пракуратура Магілёўскай вобласці накіравала ў суды 65 заяў аб абмежаванні грамадзян у дзеяздольнасці. Яшчэ 18 спраў тычыліся пазбаўлення непаўналетніх права самастойна распараджацца сваімі даходамі. Прычына ва ўсіх выпадках адна – алкаголь.

Як правіла, у падобных справах фігуруюць адны і тыя ж абставіны:

  • усе даходы трацяцца на алкаголь;
  • удзел у ўтрыманні сям’і адсутнічае;
  • адбываюцца рэгулярныя сямейныя скандалы;
  • здзяйсняюцца адміністрацыйныя правапарушэнні.

Менавіта па такой схеме развіваліся справы ў Асіповіцкім і Бабруйскім раёнах.

У адным выпадку мужчына жыў з пажылой маці і траціў грошы выключна на спіртное.

У другім – 46-гадовы жыхар Бабруйскага раёна цалкам ігнараваў выдаткі на сям’ю, пазычаў грошы ў суседзяў і патрабаваў ад жонкі купляць яму алкаголь.

У абодвух выпадках суды падтрымалі пазіцыю пракуратуры і абмежавалі мужчын у дзеяздольнасці.

Пад абмежаванні трапляюць і непаўналетнія. Калі падлетак траціць заробак, дапамогу або іншыя выплаты не па прызначэнні, у тым ліку на алкаголь і цыгарэты, суд можа пазбавіць яго права самастойна распараджацца грашыма.

Так, у Бабруйску такое рашэнне было прынята ў дачыненні да непаўналетняга сіраты, які расходаваў сродкі на спіртное.

У пракуратуры ўпэўненыя, што такая практыка – адзін са спосабаў барацьбы з алкагалізмам і звязанымі з ім правапарушэннямі.

Мабыць, адзіная дзіўнасць ва ўсёй гэтай гісторыі – лічба. Шэсцьдзясят пяць грамадзян-алкаголікаў, дармаедаў і дэбашыраў на ўсю вобласць – гэта амаль што нічога. Куды суды рассарціраавалі ўсё астатняе насельніцтва, якое злоўжывае алкаголем?

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Бабруйчаніна аштрафавалі за выдуманы крадзеж грошай

Жыхар Бабруйска здаў у ламбард падараваны сужыцелькай тэлефон, а пасля, будучы нецвярозым, заявіў у міліцыю, што ў яго там скаралі грошы. За фантазію – штраф і прымусовае лячэнне ад алкагалізма.

Падзеі адбываліся ў жніўні гэтага года. Мужчына ў стане алкагольнага ап’янення пазваніў па нумары “102” і паведаміў, што ў яго ў ламбардзе скралі 200 рублёў. Тое ж самае ён паўтарыў і ў Бабруйскім міжраённым аддзеле Следчага камітэта, нягледзячы на тое, што быў папярэджаны аб адказанасці за ілжывыя сведчанні. 

Аднак было выяўлена, што насамрэч ніхто грошы ў гэтага бабруйчаніна не краў. У бабруйскім судзе фантазёр пацвердзіў, што ён разам са знаёмым здаў у ламбард свой мабільны тэлефон, а грошы растраціў. Гісторыю пра крадзеж выдумаў, каб схаваць ад сужыцелькі факт продажу тэлефона, які яна яму перад гэтым падаравала.  

У выніку мужчыну прызналі вінаватым у ілжывым даносе і аштрафавалі на 40 базавых велічынь (1 680 рублёў). Акрамя таго, пастаноўлена прымяніць да яго прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.

Прысуд пакуль у законную сілу не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц