Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, 25-гадовая жыхарка Шклова працавала ў філіяле прадпрыемства электрасувязі і мела доступ да аўтаматызаванай сістэмы збору і апрацоўкі маркетынгавай інфармацыі. Дзяўчына завалодала рэквізітамі пашпартных даных сваёй калегі і аформіла на яе анлайн-крэдыт. Грошы ў суме 9,4 тысячы рублёў перавяла на сваю банкаўскую плацежную картку і зрабіла некалькі ставак у анлайн-казіно. На другую калегу іграманка адкрыла ўжо тры рахункі і паспрабавала аформіць крэдытны дагавор на суму 13 тысяч рублёў. Аднак прадстаўнік банка своечасова звязаўся з будучай ахвярай і зафіксаваў яе адмову ад афармлення крэдыту. Яшчэ на стадыі папярэдняга расследавання падазраваная кампенсавала прычыненую шкоду ў поўным аб’ёме. Паводле заключэння судовай псіхіятрычнай экспертызы, яна пакутуе ад паталагічнай схільнасці да азартных гульняў. Пасля вывучэння матэрыялаў справы намеснік пракурора Шклоўскага раёна меру стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах пакінуў без зменаў.
Абяцаючы даглядаць за нованароджанымі кацянятамі хацімчанін падмануў мінчанку на 1,5 тыс. рублёў.
Гісторыя пачалася з таго, што жыхарка сталіцы знайшла на вуліцы двух нованароджаных кацянятаў. Малечы патрабавалі пастаяннага догляду і спецыяльнага кармлення, але жанчына не мела неабходнага досведу. Таму яна звярнулася па дапамогу ў тэматычную інтэрнэт-супольнасць, дзе абмяркоўваюць праблемы бяздомных жывёл.
На заклік адгукнуўся 25-гадовы жыхар Хоцімска. Малады чалавек паведаміў, што вучыцца на ветэрынарнага ўрача і мае досвед выхаджвання нованароджаных жывёл. Яго словы падаліся пераканаўчымі.
Каб выратаваць кацянятаў, мінчанка асабіста прывезла іх у Магілёўскую вобласць. Яна таксама пагадзілася аплочваць усе выдаткі, звязаныя з доглядам і лячэннем жывёл.
Пэўны час усё выглядала цалкам праўдападобна. Хацімчанін рэгулярна паведамляў, што возіць кацянятаў у ветэрынарную клініку, купляе лекі, шпрыцы, корм і іншыя неабходныя рэчы. Для пацверджання сваіх слоў ён прасіў грошы, якія жанчына без ваганняў пералічвала на яго банкаўскую картку.
Паводле яго паведамленняў, значныя сумы ішлі нават на паездкі ў ветклініку. Часам ён заяўляў пра неабходнасць выклікаць таксі, якое нібыта каштавала ад 45 да 60 рублёў у адзін бок.
Так працягвалася некалькі тыдняў, пакуль у жанчыны не ўзніклі сумненні. Каб упэўніцца, што грошы сапраўды ідуць на дапамогу жывёлам, яна сама звязалася з ветэрынарнай клінікай. Там яе чакала непрыемнае адкрыццё. Высветлілася, што кацянятаў прывозілі да ветэрынараў толькі адзін раз – у першы дзень пасля іх перадачы новаму апекуну.
Пасля гэтага мінчанка звярнулася ў міліцыю. Праваахоўнікі затрымалі жыхара Хоцімска і распачалі супраць яго крымінальную справу па артыкуле аб махлярстве. Што сталася з кацянятамі і ў якім яны цяпер стане, афіцыйна не паведамляецца.
Быхаў не толькі самы бедны, але і самы карумпаваны горад, чыноўнікі якога могуць перажыць і дзесяць Лукашэнак.
У Быхаве вынесены прысуд па справе аб махлярстве ў асабліва буйным памеры. Шэсць жанчын страцілі больш за 158 тысяч рублёў, адна з іх пазбавілася кватэры маці. Суд адбыўся, прысуд вынесены. Але ў самім горадзе пра гэта не ведае ніхто. Зрэшты, для Быхава гэта не фокус.
Абрады за чужы кошт
Суд Быхаўскага раёна разгледзеў справу аб махлярстве ў асабліва буйным памеры. Абвінавачаная прадстаўлялася «спадчыннай знахаркай» і абяцала зняць «вянец бясшлюбнасці», пазбавіць ад «родавага праклёну» або вылечыць хваробы. Здольнасцямі яна не валодала і выконваць абяцанні не збіралася – гэта ўстанавіў суд.
Гісторыя адной з шасці пацярпелых гаворыць сама за сябе. Паверыўшы ў «абрады», яна прадала кватэру маці, здала ў ламбард залатыя ўпрыгажэнні, пераканала сваякоў і знаёмых аформіць крэдыты. Знахарцы пайшло больш за 120 тысяч рублёў. Агульная шкода – больш за 158 тысяч рублёў. Прысуд – 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму, штраф 9000 рублёў. Прозвішча асуджанай не агалошваецца – прысуд не ўступіў у законную сілу.
Між тым у Быхаве да варажбы ставяцца без асаблівага здзіўлення – традыцыя даўняя. У свой час гэтым займалася нават былы дырэктар хлебазавода Антаніна Хонанава – ужо пасля выхаду на пенсію. Раён невялікі, усе ведаюць адзін аднаго.
Суд быў, быхаўчане не ў курсах
Пасля таго як наш рэсурс апублікаваў матэрыял пра прысуд, у рэдакцыю напісалі чытачы. Усе паведамлялі адно: ніхто ў Быхаве нічога не чуў – ні пра справу, ні пра працэс, ні пра прысуд. Мясцовыя СМІ прамаўчалі. Але гэта не першы выпадак, калі раённая газета «Маяк Прыдняпроўя» аддае перавагу не заўважаць нязручных падзей, у якіх удзельнічаюць не рабочыя і сяляне, а тыя хто змагаецца за іх дабро.
Калі маўчанне – сістэма
У 2004 годзе «Беларусь Сегодня» напісала пра тое, што намеснік старшыні Быхаўскага райвыканкама, куратар чарнобыльскай праграмы Дзмітрый Ігнацьеў пяць разоў незаконна адправіў сваю дачку ў Італію па праграме для «дзяцей Чарнобыля». Раённая газета артыкул перадрукавала – але прозвішча Ігнацьева з тэксту прыбрала. Ён у той час курыраваў і газету.
У 2019 годзе гісторыя паўтарылася. На гэты раз з пераемнікам Ігнацьева. У цэнтры Быхава, на пажарнай лесвіцы Дома культуры, знайшлі павешаным 16-гадовага Мікіту М. Следчы камітэт распачаў справу па артыкуле «Давядзенне да самагубства». Гараджане гаварылі: учынак хлопца выглядае як помста камусьці – занадта публічным было месца. Дырэктар гімназіі адмовілася каментаваць самагубства, у райвыканкаме таксама маўчалі. Куратарам камісіі па справах непаўналетніх, з-за некампетэнтнасці якой загінуў юнак, тады быў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Агнетаў (на фота) – ён жа курыраваў раённую газету.
Усе беларускія выданні напісалі пра трагедыю. «Маяк Прыдняпроўя» абмежаваўся спачуваннямі сям’і – ні слова пра расследаванне, ні слова пра камісію.
У Быхаве ўмеюць захоўваць брудныя таямніцы. Дзесяцігоддзямі.
На шэсць гадоў зняволення асудзілі жыхарку Быхаўскага раёна за асабліва буйное махлярства шляхам падманнага лячэння.
Шэсць жанчын, якія прыходзілі да “патомнай знахаркі”, старацілі больш за 158 тысяч рублёў. Гэта высветілася на працэсе ў Быхаўскім райсудзе. “Знахарка” знаёмілася з людзьмі і пераконвала іх, нібыта можа зняць «вянец бясшлюбнасці», пазбавіць ад «радавога праклёну» або вылечыць цяжкія хваробы. За свае так званыя «рытуалы» яна патрабавала вялікія сумы грошай, хоць насамрэч не валодала ніякімі незвычайнымі здольнасцямі і не збіралася выконваць абяцанні.
Адна з пацярпелых, паверыўшы ў «лячэнне», пайшла на крайнія меры: прадала кватэру маці, заклала ў ламбард залатыя ўпрыгожанні і ўгаварыла родных і знаёмых узяць для яе крэдыты. У выніку яна перадала шарлатанцы больш за 120 тысяч рублёў.
На судзе абвінавачаная сваёй віны не прызнала. Яна сцвярджала, што атрымлівала ад жанчын грошы нібыта ў пазыку, а ніякіх абрадаў не праводзіла.
Жанчыну асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі і прызначылі штраф у памеры 9 тыс. рублёў. Акрамя таго, суд задаволіў грамадзянскія пазовы пацярпелых аб кампенсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды.
Больш за 55 тыс. рублёў пазычаных грошай прайграў кіраўнік фірмы ў Мінску, выявілі АБЭП-аўцы з Магілёва.
Паводле іх, 41-гадовы мужчына пазычаў грошы ў знаёмых нібыта пад развіццё бізнеса і пастаўкі тавараў. Аднак насамрэч вяртаць грашовыя сродкі не збіраўся, бо ўсё траціў на гульню ў анлайн-казіно.
Магілёўскія пінкертоны выявілі іграмана і цяпер яму пагражае да 12 гадоў зняволення за махлярства ў асабліва буйным памеры.
Нагадаем, што ў красавіку 2026 года стала вядома аб накіраванні ў суд справы 42-гадовай магілёўскай бухгалтара, якая пералічыла ў сваю кішэню звыш 268 тысяч рублёў прадпрыемства, каб гуляць у азартныя гульні.
Супрацоўнікі АБЭЗ Кастрычніцкага РАУС Магілёва выявілі крадзеж грошай у адной з мясцовых арганізацый. Паводле даных праваахоўнікаў, 32-гадовы загадчык камбіната аформіў на працу сваю 33-гадовую жонку. Аднак, як устаноўлена, больш за год жанчына фактычна не выконвала службовыя абавязкі, пры гэтым штомесяц атрымлівала зарплату на банкаўскую картку. Агульная сума незаконна атрыманых сродкаў перавысіла 16 тысяч рублёў. Па факце крадзяжу, здзейсненага шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі групай асоб па папярэдняй змове, узбуджана крымінальная справа. Фігурантам можа пагражаць да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Усё пачалося з замены чыпа на дамофоне. Потым магілёўскаму пенсіянеру прыгразілі “адказнасцю за дапамогу УСУ”.
У Магілёве тэлефонныя махляры ледзь не абрабавалі пажылога мужчыну. Спачатку незнаёмцы патэлефанавалі пенсіянеру і паведамілі, што ў яго пад’ездзе мяняюць дамофонныя чыпы і трэба нешта ўдакладніць.
Наступны званок паступіў ужо ад нібыта супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Голас у трубцы гучаў пераканаўча: персанальныя даныя мужчыны скампраметаваныя, а з яго рахунку проста цяпер спрабуюць вывесці за мяжу 16 тысяч долараў і, каб уратаваць грошы, трэба дзейнічаць неадкладна, строга па інструкцыі.
Напалоханы пенсіянер зняў усе зберажэнні, якія збіраў на працягу 15 гадоў, і адправіўся ў Мінск перадаваць іх кур’еру. Толькі на зваротнай дарозе да яго прыйшло ўсведамленне таго, што адбылося. Кур’ер быў затрыманы да таго, як паспеў схавацца, а ўся сума канфіскавана. Хутка грошы вернуць законнаму ўладальніку.
Пра значнае павелічэнне колькасці махлярстваў у рэгіёне піша газета Магілёўскага гарвыканкама “Веснік Магілёва”.
Як адзначае гарвыканкамаўскае выданне, зламыснікі ўсё часцей выкарыстоўваюць інтэрнэт і лічбавыя сервісы для падману грамадзян. Гэта значыць, што павелічэнне махлярстваў звязанае з выкарстаннем махлярамі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
Сярод асноўных фактараў, якія спрыяюць распаўсюджанню такіх злачынстваў, называюцца празмерная даверлівасць людзей, актыўнае развіццё онлайн-гандлю, а таксама шырокае выкарыстанне безнаяўных разлікаў. Дадатковай праблемай застаецца недастатковы ўзровень лічбавай граматнасці насельніцтва.
Найчасцей жыхары рэгіёна становяцца ахвярамі махляроў падчас спроб куплі або продажу тавараў праз інтэрнэт. Распаўсюджанай схемай таксама застаюцца званкі нібыта ад супрацоўнікаў банкаў, якія пад рознымі падставамі выманьваюць канфідэнцыйныя даныя. Акрамя таго, зламыснікі часта маскіруюцца пад пастаўшчыкоў паслуг, прапаноўваючы неіснуючыя або фіктыўныя сэрвісы.
У Магілёве прадпрымальнік трапіў пад суд за падман 24 кампаній амаль на 100 тыс. рублёў.
Да суда дайшла крымінальная справа супраць бізнесоўца, якога падазраюць у сістэматычным падмане партнёраў і кліентаў. Паводле матэрыялаў следства, яго дзеянні закранулі дзясяткі арганізацый і некалькіх прыватных асоб.
Гаворка ідзе пра 50-гадовага мужчыну, які кіраваў уласнай кампаніяй. У мінулым ён ужо меў праблемы з законам, у тым ліку па падобных артыкулах.
Пракуратура сцвярджае, што на працягу трох гадоў мужчына выкарыстоўваў адну і тую ж мадэль паводзінаў: дамаўляўся з пастаўшчыкамі пра пастаўкі з адтэрміноўкай аплаты, аднак не меў намеру разлічвацца. Каб выклікаць давер, ён абяцаў доўгатэрміновае супрацоўніцтва і замоўчваў сапраўднае фінансавае становішча сваёй фірмы.
Пастаўшчыкі, сярод якіх былі як прыватныя, так і дзяржаўныя прадпрыемствы, адгружалі яму разнастайную прадукцыю – ад харчавання і касметыкі да будаўнічых матэрыялаў. Далей гэтыя тавары прадаваліся праз гандлёвыя аб’екты ў Магілёве, а атрыманыя грошы не вярталіся крэдыторам.
Агульная сума шкоды, паводле ацэнкі абвінавачання, перавысіла 97 тыс. рублёў і закранула 24 кампаніі.
Асобна ў справе фігуруюць і эпізоды, звязаныя з падманам грамадзян. Мужчына прапаноўваў паслугі па арганізацыі памінальных абедаў і ўрачыстасцяў у арандаванай установе, атрымліваў перадаплату, але мерапрыемствы не праводзіў. У выніку чатыры чалавекі страцілі больш за 4 тыс. рублёў.
Цяпер прадпрымальніку інкрымінуюць махлярства. Падчас следства мужчына заставаўся на волі пад абавязацельствам не пакідаць месца жыхарства, але перад пачаткам судовага разгляду яго ўзялі пад варту. Кампенсацыі пацярпелым ён пакуль не выплаціў.
Дзевяць жыхароў Мінска і Гомеля сталі ахвярамі махлярства: жыхарка Магілёва падманвала людзей, прапаноўваючы ім нібыта ў арэнду кватэры ў розных гарадах Беларусі.
Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, 32-гадовая жанчына знаходзіла ў тэматычных супольнасцях сацыяльных сетак аб’явы людзей, якія шукалі жыллё для здыму. Яна звязвалася з імі і прапаноўвала «выгадныя» варыянты кароткатэрміновай арэнды.
Каб стварыць уражанне надзейнасці, магіляўчанка высылала патэнцыйным кліентам фатаграфію свайго пашпарта і здымкі нібыта кватэр, якія здаваліся. Умоваю браніравання быў задатак.
Пасля таго як грошы паступалі на рахунак, жанчына спыняла зносіны і не адказвала на званкі і паведамленні.
Супрацоўнікі аддзела па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Кастрычніцкага РАУС Магілёва выявілі і спынілі гэтую схему. У дачыненні да жанчыны ўзбуджана крымінальная справа. Ёй пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.