У Магілёве мужчына фіктыўна ўладкаваў на працу жонку

Супрацоўнікі АБЭЗ Кастрычніцкага РАУС Магілёва выявілі крадзеж грошай у адной з мясцовых арганізацый.
Паводле даных праваахоўнікаў, 32-гадовы загадчык камбіната аформіў на працу сваю 33-гадовую жонку. Аднак, як устаноўлена, больш за год жанчына фактычна не выконвала службовыя абавязкі, пры гэтым штомесяц атрымлівала зарплату на банкаўскую картку.
Агульная сума незаконна атрыманых сродкаў перавысіла 16 тысяч рублёў.
Па факце крадзяжу, здзейсненага шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі групай асоб па папярэдняй змове, узбуджана крымінальная справа.
Фігурантам можа пагражаць да 10 гадоў пазбаўлення волі.

У Магілёве дзесяцігадовая школьніца ледзь не аддала махлярам сямейны сейф

Юная магіляўчанка па ўказанні «следчага» з мэсенджара вынесла з дома сямейны сейф з дзесяццю тысячамі рублёў і перадала яго кур’еру.

Дзяўчынцы ў мэсенджары патэлефанаваў незнаёмы і прадставіўся следчым. Сказаў, што яе бацькоў могуць пасадзіць у турму, але ён гатовы «дапамагчы».

Для гэтага трэба пакласці сямейны сейф у пакет і перадаць кур’еру, які скажа кодавое слова.

Дзяўчынка вынесла сейф і аддала яго незнаёмаму чалавеку каля пад’езда.

Кур’ерам аферыстаў аказаўся 17-гадовы навучэнец абласнога каледжа, якога махляры таксама выкарысталі ўсляпую: выманілі пашпартныя дадзеныя пад выглядам замены дамофона, потым прыгразілі турмой яго маці.

Сейф удалося вярнуць. Як высветлілася, бацькоўскі кантроль на тэлефоне школьніцы яе бацька ўсталяваў, але два тыдні не правяраў.

Фота ілюстрацыйнага характару.

У Магілёўскім раёне пакупнік мапеда абакраў прадаўца

Прадай мапед, а то пераначаваць няма дзе. У аграгарадку Сідаравічы госць абакраў гаспадара дома.

У Магілёўскім раёне адбыўся крадзёж з характэрным сцэнарыем даверу.

У міліцыю звярнуўся 62-гадовы жыхар аграгарадка Сідаравічы, які выявіў знікненне маёмасці са свайго дома.

Устаноўлена, што да здарэння датычны 36-гадовы жыхар вёскі Пална, раней судзімы за крадзяжы. Мужчына прыйшоў да пенсіянера пад выглядам пакупкі мапеда, прапанаваў выпіць і застаўся на начлег.

Пакуль гаспадар спаў, госць выкраў прадукты, бензапілу, мабільны тэлефон і грошы. Агульная шкода перавысіла 1000 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Хоцімску парачка хлопцаў каталася на чужых машынах і хавала марыхуану на гарышчы

Двое, раней судзімыя жыхары Хоцімска, уганялі аўтамабілі, але выключна каб пакатацца.

Экспертыза дапамагла выкрыць двух жыхароў Хоцімска, якіх падазравалі ва ўгоне аўтамабіляў. Угоны адбываліся з розніцай у адзін дзень.

Спачатку быў угнаны грузавы “мерседэс”, затым – легкавы ВАЗ. Абедзве машыны стаялі каля дамоў уладальнікаў, незамкнёныя і з ключамі запальвання ў замках.

Угоншчыкі пакідалі аўтамабілі на вуліцах вёсак Хоцімскага раёна.

Як высветлілася пасля іх затрымання, мужчынамі кіравала толькі жаданне пакатацца.

Узрост угоншчыкаў – 19 і 27 гадоў. У старэйшага з іх, на гарышчы дома быў знойдзены амаль кілаграм марыхуаны.

Узбуджаная крымінальная справа. Следства ўлічыць і тое, што абодва яго фігуранты ў момант здзяйснення злачынстваў былі п’яныя.

Фота ведамаснага сайта дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

У Магілёве мужчына расстраляў шчанюкоў з пнеўматыкі

На адной з вуліц Магілёве знайшлі мёртвых шчанюкоў, яны аказаліся застрэленымі.

Жыхары Магілёва звярнуліся ў чат-бот МУС з інфармацыяй аб тым, што ў адным з раёнаў невядомы расстраляў шчанюкоў з пнеўматычнай зброі. 

Неўзабаве высветлілася, што зверства ўчыніў 53‑гадовы мясцовы жыхар. Мужчыну затрымалі, аднак растлумачыць матыў сваіх дзеянняў ён не змог.

Зламысніку пагражае арышт або абмежаванне волі тэрмінам да двух гадоў.

Фотаздымак: https://t.me/reverse_side2022

Магілёвец ударыў міліцыянера нажом у жывот і загінуў падчас пагоні

Сямейны канфлікт завяршыўся драмай – пажылы магілёвец раптоўна напаў на ўчастковага і разбіўся на машыне, уцякаючы ад пагоні.

Выкліканы на сямейны скандал участковы міліцыянер у Магілёве стаў ахвярай нападзення – паведамляе прэс-служба абласнога Упраўлення унутраных спраў. На відэа, запісаным на відэафіксатар міліцыянера, можна пабачыць, што міліцыянер спрабаваў завяршыць сямейны канфлікт паміж мужчынай і жанчынай, выклікаўшы дадатковы нарад для затрымання кагосьці з удзельнікаў спрэчкі. У адказ на гэтае рашэнне ўчастковага 61-гадовы магілёвец раптоўна выхапіў нож і ўдарыў міліцыянера ў вобласць жывата.

Пасля нападу магілёвец спрабаваў уцячы на аўтамабілі, накіраваўшыся на поўдзень па Гомельскай шашы. Дзеля затрымання нападніка ў Магілёўскай вобласці быў абвешчаны план “Перахоп”. Адна з міліцэйскіх машын пераследвала 61-гадовага магілёўца ў раёне вёскі Вараніно ў Быхаўскім раёне. Падчас пагоні аўтамабіль нападніка выкінула на сустрэчную паласу, дзе ён сутыкнуўся з карэтай хуткай дапамогі, прыпаркаванай на ўзбочыне. У аварыі магілёвец, што ўцякаў ад пагоні, загінуў – паведамляе ведамства ўнутраных спраў.

Фота: УУС