У Хоцімску парачка хлопцаў каталася на чужых машынах і хавала марыхуану на гарышчы

Двое, раней судзімыя жыхары Хоцімска, уганялі аўтамабілі, але выключна каб пакатацца.

Экспертыза дапамагла выкрыць двух жыхароў Хоцімска, якіх падазравалі ва ўгоне аўтамабіляў. Угоны адбываліся з розніцай у адзін дзень.

Спачатку быў угнаны грузавы “мерседэс”, затым – легкавы ВАЗ. Абедзве машыны стаялі каля дамоў уладальнікаў, незамкнёныя і з ключамі запальвання ў замках.

Угоншчыкі пакідалі аўтамабілі на вуліцах вёсак Хоцімскага раёна.

Як высветлілася пасля іх затрымання, мужчынамі кіравала толькі жаданне пакатацца.

Узрост угоншчыкаў – 19 і 27 гадоў. У старэйшага з іх, на гарышчы дома быў знойдзены амаль кілаграм марыхуаны.

Узбуджаная крымінальная справа. Следства ўлічыць і тое, што абодва яго фігуранты ў момант здзяйснення злачынстваў былі п’яныя.

Фота ведамаснага сайта дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Бабруйчанін атрымаў год “хатняй хіміі” за плантацыю канопляў

Гараж у Бабруйску стаў месцам вырошчвання канопляў. Але гэтае раслінаводства каштавала яго гаспадару крымінальнай справы з нечакана мяккім прысудам.

Папярэдне бабруйчанін набыў насенне канопляў і, як адзначае Вярхоўныы суд, “незаконна іх пасеяў”. Каб расліны добра раслі, у гаражы былі створаны ўсе ўмовы – мелася дастаткова месца, усталяваны асвятляльныя лямпы, вентылятары, увільгатняльнікі, вымяральнікі вільготнасці і тэмпературы. Акрамя таго, тэмпература рэгулявалася аўтаматычна.

“Абвінавачаны ажыццяўляў паліў раслін, унясенне угнаенняў і неабходны догляд”, – распавядае пра клопаты аб раслінах сайт суда. Намаганні бабруйчаніна далі плён у выглядзе не менш пяці ўзгадаваных раслін. Каноплі раслі б і далей, але 1 верасня 2025 года раслінаводства скончылася праз супрацоўнікаў міліцыі, якія неяк даведаліся аб ім.

У бабруйскім судзе мужчына распавёў, што вырошчваў каноплі для сябе на марыхуану, і нікому збываць яе не намерваўся.

У выніку суд прызначыў яму год “хатняй хіміі”, а ўсё абсталяванне канфіскаваў у даход дзяржавы. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц