У Шклове дзяўчына афармляла крэдыты на калег, гуляла ў казіно і аддзелалася спалохам

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, 25-гадовая жыхарка Шклова працавала ў філіяле прадпрыемства электрасувязі і мела доступ да аўтаматызаванай сістэмы збору і апрацоўкі маркетынгавай інфармацыі.
Дзяўчына завалодала рэквізітамі пашпартных даных сваёй калегі і аформіла на яе анлайн-крэдыт.
Грошы ў суме 9,4 тысячы рублёў перавяла на сваю банкаўскую плацежную картку і зрабіла некалькі ставак у анлайн-казіно.
На другую калегу іграманка адкрыла ўжо тры рахункі і паспрабавала аформіць крэдытны дагавор на суму 13 тысяч рублёў. Аднак прадстаўнік банка своечасова звязаўся з будучай ахвярай і зафіксаваў яе адмову ад афармлення крэдыту.
Яшчэ на стадыі папярэдняга расследавання падазраваная кампенсавала прычыненую шкоду ў поўным аб’ёме.
Паводле заключэння судовай псіхіятрычнай экспертызы, яна пакутуе ад паталагічнай схільнасці да азартных гульняў.
Пасля вывучэння матэрыялаў справы намеснік пракурора Шклоўскага раёна меру стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах пакінуў без зменаў.

Фота ілюстрацыйнага характару.

У Чэрыкаве шматдзетная маці набрала крэдытаў, кінула дзяцей і збегла ў Расію

Чэрыкаўскі суд прысудзіў чатыры гады зняволення шматдзетнай маці за паўторнае махлярства. Каб не сплочваць набраныя крэдыты, жанчына, кінуўшы дзяцей, два гады хавалася ў Расіі.

Маладая, на той час 31-гадовая маці чацвярых дзяцей, угаварыла свайго калегу па працы аформіць на яго імя крэдыты, якія яна абавязалася слоплочваць. У выніку на суму больш чым 13,6 тыс. рублёў жанчына набыла розныя тавары, сярод якіх тэлевізар, мікрахвалёўка, тры тэлефоны, пыласос, навушнікі. Акрамя таго, калега даў ёй яшчэ больш за 4,5 тыс. рублёў і карту растэрміноўкі, з якой яна зняла амаль 500 рублёў. 

Першапачаткова шматдзетная маці сумленна сплочвала даўгі, аднак пасля таго, як аддала крыху больш за 1,2 тыс. рублёў, у яе раптам ўзніклі нейкія фінансавыя цяжкасці. Жанчына прадала ўсе набытыя ў крэдыт тавары, пакінула дзяцей бацьку, а сама з’ехала ў Расію. Як падлічыла пракуратура, нясплочанымі засталіся 8,6 тыс. рублёў крэдытаў.

Каля двух гадоў бяглянка правяла там, пакуль не была затрымана расійскімі праваахоўнікамі і паводле адпаведнай канвенцыі аб прававой дапамозе краін СНД, была выдадзена ў Беларусь.

За махлярства, здзейсненае паўторна ў буйным памеры, суд прысудзіў жанчыне чатыры гады калоніі, штраф 4,5 тыс. рублёў, а таксама спагнаць маральны і матэрыяльны ўрон на карысць пацярпелага на суму ў 13,4 тыс. рублёў.

Прысуд пакуль у законну сілу не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц