Магілёўскі пенсіянер ледзь не страціў зберажэнні за 15 гадоў – кур’ера затрымалі

Усё пачалося з замены чыпа на дамофоне. Потым магілёўскаму пенсіянеру прыгразілі “адказнасцю за дапамогу УСУ”.

У Магілёве тэлефонныя махляры ледзь не абрабавалі пажылога мужчыну. Спачатку незнаёмцы патэлефанавалі пенсіянеру і паведамілі, што ў яго пад’ездзе мяняюць дамофонныя чыпы і трэба нешта ўдакладніць.

Наступны званок паступіў ужо ад нібыта супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Голас у трубцы гучаў пераканаўча: персанальныя даныя мужчыны скампраметаваныя, а з яго рахунку проста цяпер спрабуюць вывесці за мяжу 16 тысяч долараў і, каб уратаваць грошы, трэба дзейнічаць неадкладна, строга па інструкцыі.

Напалоханы пенсіянер зняў усе зберажэнні, якія збіраў на працягу 15 гадоў, і адправіўся ў Мінск перадаваць іх кур’еру. Толькі на зваротнай дарозе да яго прыйшло ўсведамленне таго, што адбылося. Кур’ер быў затрыманы да таго, як паспеў схавацца, а ўся сума канфіскавана. Хутка грошы вернуць законнаму ўладальніку.

Фота ілюстрацыйнага характару.

Магілёўскі пенсіянер заснуў каля вогнішча і праз тыдзень пайшоў у бальніцу з апёкамі

У Магілёве пажылы мужчына атрымаў сур’ёзныя траўмы падчас спальвання смецця на сваім участку. Пацярпелы тыдзень адкладваў візіт да ўрача і звярнуўся па дапамогу толькі праз сем дзён пасля інцыдэнту.

Здарэнне адбылося 5 красавіка на вуліцы Маневіча. Мужчына 1959 года нараджэння наводзіў парадак на ўчастку і паліў смецце. У нейкі момант ён задрамаў проста каля гаручага вогнішча. Гэта і стала прычынай апёкаў.

Нягледзячы на атрыманыя траўмы, па медыцынскую дапамогу пацярпелы не спяшаўся. У бальніцу ён звярнуўся самастойна толькі 12 красавіка – праз тыдзень пасля здарэння. У той жа дзень яго шпіталізавалі. 

Падраздзяленні МНС да інцыдэнту не прыцягваліся.

Фота ілюстрацыйнага характару.

Страляніны ў Крычаве не адбылася, затое адбыўся суд

Пенсіянер з Крычаўскага раёна знайшоў ружжо, захоўваў яго 20 гадоў, а потым вырашыў пастраляць і зарабіў два гады пазбаўлення волі.

Гэтая гісторыя пачалася яшчэ ў 2005 годзе. Жыхар Крычаўскага раёна падчас уборкі ў сябе дома натрапіў на ружжо і патроны.

Знаходку ён не здаў у міліцыю, хаця выдатна разумеў, што абавязаны гэта зрабіць. Замест гэтага пакінуў зброю – нібыта для таго, каб адпужваць ваўкоў.

Доўгі час ружжо ляжала без справы. Але летам мінулага года мужчына вырашыў ім скарыстацца. Прыняўшы на грудзі, ён прапанаваў сябру павесяліцца і пастраляць.

Да стральбы справа не дайшла, затое дайшла да суда.

Сяброў затрымалі супрацоўнікі дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Экспертыза паказала, што зброя была цалкам сур’ёзнай: спартыўна-паляўнічая вінтоўка з наразным ствалом і патроны да яе.

Пасяджэнне суда правялі ў будынку сельсавета ў прысутнасці аднавяскоўцаў правапарушальніка.

У выніку пенсіянеру прызначылі два гады пазбаўлення волі. Праўда, з адтэрміноўкай выканання прысуду на такі ж тэрмін.

Фота раённай газеты.

Кур’ера тэлефонных ашуканцаў затрымалі ў Магілёве

Магілёўскія праваахоўнікі затрымалі кур’ера тэлефонных ашуканцаў – ён так і не атрымаў свае тры адсоткі.

Кур’ер тэлефонных ашуканцаў прыехаў у Магілёў з Віцебска.

Ён забраў у пенсіянера 50 тысяч рублёў і збіраўся дзейнічаць паводле далейшага «алгарытму дзеянняў» –  адвезці грошы ў пазначанае месца, аднак крымінальны алгарытм перапынілі магілёўскія аператыўнікі.

Як высветлілася, хлопец дзейнічаў у складзе групы ашуканцаў, якая павінна была атрымаць за працу тры працэнты ад сумы «здзелкі».

Пяцьдзесят тысяч рублёў падмануты пенсіянер аддаў за абяцаную яму ўстаноўку дамафона.

Фота: скрыншот відэа тэлеграм-канала «МВД Беларуси».

Соцслужбы пазбавілі пенсіі крычаўляніна, пакуль яго судзілі – пракуратура ўмяшалася

У Крычаве мясцовы пенсіянер, якога судзілі але пакінулі пад падпіскай, змог аднавіць выплату сацыяльнай пенсіі, дзякуючы ўмяшанню пракуратуры.

Як паведамілі ў Генеральнай пракуратуры, мужчына звярнуўся з абскаржваннем спынення выплат. Праверка паказала, што ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама незаконна прыпыніла яму выплату пенсіі. Чыноўнікі абгрунтавалі гэта тым, што ён асуджаны і ўзяты пад варту, нягледзячы на тое, што мера стрымання ў далейшым была заменена судом на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

Згодна закону “Аб пенсійным забеспячэнні», у даным выпадку выплата сацыяльнай пенсіі можа прыпыняцца толькі на час адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі. Заканадаўства не прадугледжвае спынення выплат пры прымяненні меры стрымання, нават калі гэта заключэнне пад варту, а таксама пры прызначэнні іншых відаў пакарання, не пералічаных у законе.

Такім чынам, рашэнне спыніць выплату пенсіі крычаўскаму пенсіянеру прызнана незаконным. Пасля звароту пракурор раёна вынес прадпісанне начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Мужчыне вярнулі выплату, а таксама налічылі пераразлік за час незаконнага прыпынення – больш за 1400 рублёў.

Паводле пракуратуры, прынятыя меры дазволілі пенсіянеру, які жыве адзін і фактычна застаўся без сродкаў для існавання, аднавіць свае правы і вярнуць заслужаныя выплаты.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура