Соцслужбы пазбавілі пенсіі крычаўляніна, пакуль яго судзілі – пракуратура ўмяшалася

У Крычаве мясцовы пенсіянер, якога судзілі але пакінулі пад падпіскай, змог аднавіць выплату сацыяльнай пенсіі, дзякуючы ўмяшанню пракуратуры.

Як паведамілі ў Генеральнай пракуратуры, мужчына звярнуўся з абскаржваннем спынення выплат. Праверка паказала, што ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама незаконна прыпыніла яму выплату пенсіі. Чыноўнікі абгрунтавалі гэта тым, што ён асуджаны і ўзяты пад варту, нягледзячы на тое, што мера стрымання ў далейшым была заменена судом на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

Згодна закону “Аб пенсійным забеспячэнні», у даным выпадку выплата сацыяльнай пенсіі можа прыпыняцца толькі на час адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі. Заканадаўства не прадугледжвае спынення выплат пры прымяненні меры стрымання, нават калі гэта заключэнне пад варту, а таксама пры прызначэнні іншых відаў пакарання, не пералічаных у законе.

Такім чынам, рашэнне спыніць выплату пенсіі крычаўскаму пенсіянеру прызнана незаконным. Пасля звароту пракурор раёна вынес прадпісанне начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Мужчыне вярнулі выплату, а таксама налічылі пераразлік за час незаконнага прыпынення – больш за 1400 рублёў.

Паводле пракуратуры, прынятыя меры дазволілі пенсіянеру, які жыве адзін і фактычна застаўся без сродкаў для існавання, аднавіць свае правы і вярнуць заслужаныя выплаты.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

У Магілёве 2 гады таму актывіст на школьнай лінейцы заклікаў настаўнікаў «пакаяцца»

Валадар Цурпанаў 1 верасня прыйшоў у 43 школу і заклікаў педагогаў, якія працавалі ў выбарчых камісіях, прызнаць факты фальсіфікацыі выбараў ды «пакаяцца, стаўшы на калені».

Актывіста затрымалі, а пазней асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту за «дробнае хуліганства і непадпарадкаванне службовай асобе».

У ізалятары Цурпанаву прысудзілі яшчэ 8 содняў за іншае адміністрацыйнае правапарушэнне, звязанае з яго пратэстнай актыўнасцю. Ён абвясціў сухую галадоўку і пасля 10 дзён галадавання быў дастаўлены супрацоўнікамі вязніцы ў больніцу.

Да лёсавызначальнага для сябе «візіту» на школьную лінейку Цурпанаў у разгар пратэстаў дамогся сустрэчы з кіраўнікамі гарадской і абласной вертыкалі. Ім агучыў патрабаванні пратэстоўцаў.

  • Забяспечыць правядзенне мірных сходаў без абмежаванняў;
  • Зліквідаваць пасады і структуры ідэолагаў;
  • Аднавіць працу інтэрнэту, зняўшы блакаду;
  • Вызваліць палітвязняў.

Валадара Цурпанава, які праваабарончай супольнасцю прызнаны палітвязнем, пазней асудзілі на 3 гады «хіміі», з яе адправілі ў калонію. Цяпер жа ён няволіцца ў гродзенскай турме №1. На волю мае выйсці ў лютым 2023 году.