У Магілёве 2 гады таму актывіст на школьнай лінейцы заклікаў настаўнікаў «пакаяцца»

Валадар Цурпанаў 1 верасня прыйшоў у 43 школу і заклікаў педагогаў, якія працавалі ў выбарчых камісіях, прызнаць факты фальсіфікацыі выбараў ды «пакаяцца, стаўшы на калені».

Актывіста затрымалі, а пазней асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту за «дробнае хуліганства і непадпарадкаванне службовай асобе».

У ізалятары Цурпанаву прысудзілі яшчэ 8 содняў за іншае адміністрацыйнае правапарушэнне, звязанае з яго пратэстнай актыўнасцю. Ён абвясціў сухую галадоўку і пасля 10 дзён галадавання быў дастаўлены супрацоўнікамі вязніцы ў больніцу.

Да лёсавызначальнага для сябе «візіту» на школьную лінейку Цурпанаў у разгар пратэстаў дамогся сустрэчы з кіраўнікамі гарадской і абласной вертыкалі. Ім агучыў патрабаванні пратэстоўцаў.

  • Забяспечыць правядзенне мірных сходаў без абмежаванняў;
  • Зліквідаваць пасады і структуры ідэолагаў;
  • Аднавіць працу інтэрнэту, зняўшы блакаду;
  • Вызваліць палітвязняў.

Валадара Цурпанава, які праваабарончай супольнасцю прызнаны палітвязнем, пазней асудзілі на 3 гады «хіміі», з яе адправілі ў калонію. Цяпер жа ён няволіцца ў гродзенскай турме №1. На волю мае выйсці ў лютым 2023 году.