Соцслужбы пазбавілі пенсіі крычаўляніна, пакуль яго судзілі – пракуратура ўмяшалася

У Крычаве мясцовы пенсіянер, якога судзілі але пакінулі пад падпіскай, змог аднавіць выплату сацыяльнай пенсіі, дзякуючы ўмяшанню пракуратуры.

Як паведамілі ў Генеральнай пракуратуры, мужчына звярнуўся з абскаржваннем спынення выплат. Праверка паказала, што ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама незаконна прыпыніла яму выплату пенсіі. Чыноўнікі абгрунтавалі гэта тым, што ён асуджаны і ўзяты пад варту, нягледзячы на тое, што мера стрымання ў далейшым была заменена судом на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

Згодна закону “Аб пенсійным забеспячэнні», у даным выпадку выплата сацыяльнай пенсіі можа прыпыняцца толькі на час адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі. Заканадаўства не прадугледжвае спынення выплат пры прымяненні меры стрымання, нават калі гэта заключэнне пад варту, а таксама пры прызначэнні іншых відаў пакарання, не пералічаных у законе.

Такім чынам, рашэнне спыніць выплату пенсіі крычаўскаму пенсіянеру прызнана незаконным. Пасля звароту пракурор раёна вынес прадпісанне начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Мужчыне вярнулі выплату, а таксама налічылі пераразлік за час незаконнага прыпынення – больш за 1400 рублёў.

Паводле пракуратуры, прынятыя меры дазволілі пенсіянеру, які жыве адзін і фактычна застаўся без сродкаў для існавання, аднавіць свае правы і вярнуць заслужаныя выплаты.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

У беларусаў з’явіцца магчымасць павялічыць пенсію. Унёскі на накапляльную можна будзе рабіць пачынаючы з 1 кастрычніка

Дадатковую пенсію можна будзе атрымліваць да 10 гадоў, палавіну будзе даплочваць дзяржава, а афіцыйна беспрацоўным нічога не свеціць.

Пачынаючы з 1 кастрычніка працоўныя беларусы змогуць уносіць сродкі для налічэння дадатковых пенсійных выплат. Галоўная ўмова – да наступлення пенсіі па ўзросце павінна заставацца не менш як тры гады.

Трохузроўневая пенсійная сістэма

Сучасная пенсійная сістэма ў Беларусі мае трохузроўневы характар. Першы ўзровень – гэта абавязковая сацыяльная пенсія, якая гарантуецца кожнаму грамадзяніну. Яе выплочваюць інвалідам, асобам, што дасягнулі пенсійнага ўзросту, але не атрымліваюць працоўнай пенсіі, а таксама некаторым іншым катэгорыям насельніцтва. Памер сацыяльнай пенсіі, усталяваны з 1 лютага, не перавышае 327 рублёў.

Другі ўзровень пенсійных выплат – працоўная пенсія. Мужчыны атрымліваюць яе з 63 гадоў, а жанчыны з 58, а памер залежыць ад велічыні працоўнага стажу, узроўню зарплаты і некаторых іншых акалічнасцяў. Гэты пенсійны ўзровень яшчэ называюць салідарным, калі з падаткаў працуючых зараз людзей выплачваюцца пенсіі бягучаму пакаленню пенсіянераў. 

Салідарная пенсія ёсць практычна ва ўсіх краінах свету, прычым часцей за ўсё яна ўяўляе сабой гарантаваны пенсійны мінімум, які забяспечваецца дзяржавай.

Трэці пенсійны ўзровень, накапляльная пенсія – гэта дадатак да двух папярэдніх. Значыць, чалавек працягвае атрымліваць звычайную працоўную пенсію, а накапляльная выплачваецца звыш таго.

Накапляльная пенсія фарміруецца за кошт добраахвотных страхавых выплат, якія рабіў працаўладкаваны грамадзянін краіны на працягу некалькіх гадоў перад выхадам на пенсію. Гэтыя страхавыя выплаты чалавек можа аформіць ужо ў самым маладым узросце, але не пазней чым за тры гады да выхаду на пенсію. 

Па прынцыпе “3+3”

Памер страхавых выплат таксама вызначае сам чалавек, у наступных межах – ад 1 да 10 працэнтаў ад зарплаты. Пры гэтым такі самы працэнт, але не больш за 3% ад зарплаты, у страхавыя ўнёскі робіць выплату прадпрыемства, на якім працуе грамадзянін. Самаму прадпрыемству гэтая выплата потым будзе кампенсавацца дзяржавай.

Накапляльная пенсія будзе выплочвацца, аднак, не да канца жыцця, а толькі на працягу пяцігадовага, альбо дзесяцігадовага тэрміну пасля выхаду на пенсію. Гэта залежыць ад таго, якую дамову заключыў будучы пенсіянер са страхавой кампаніяй, якая з’яўляецца адзіным аператарам па забеспячэнні накапляльнай пенсіі. Гэтай страхавой кампаніяй з’яўляецца дзяржаўнае прадпрыемства “Стравіта”.  

Працэдура накаплення новага віду пенсіі выглядае наступным чынам – падсумуем.

Грамадзянін, які мае сталую працу, заключае дамову з кампаніяй “Стравіта” на акумуляцыю пэўнай часткі яго заробку. Дамову са страхавой кампаніяй не можа заключыць чалавек, які нідзе не працуе, з’яўляецца самазанятым, ІП, альбо адвакатам, натарыюсам. Таксама да праграмы накапляльных пенсій не змогуць далучыцца людзі, якія працуюць на прадпрыемствах, што знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі альбо банкруцтва.

Але вернемся да сярэднестатыстычнага грамадзяніна. Падпісаўшы дамову на адлічэнне часткі заробку ў якасці страхавых пенсійных выплат, ён пачынае назапашваць пэўную суму сродкаў на сваім страхавым рахунку. Гэтыя сродкі не могуць быць запатрабаваныя ім раней, чым адбудзецца выхад на пенсію. Да сродкаў, якія ашчаджаў грамадзянін, а таксама дакладала за яго дзяржава (мяркуюць, што найчасцей будзе выкарыстоўвацца формула “3+3”) будзе дадавацца даходнасць у межах стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банку. Зараз яна складае 12% у год. Гэтая даходнасць – тое самае, што працэнт ад банкаўскага дэпазіту – гарантаваны дадатак да акумуляваных сродкаў.