Магіляўчанка падманула дзевяць чалавек, нібы здаючы кватэры

Дзевяць жыхароў Мінска і Гомеля сталі ахвярамі махлярства: жыхарка Магілёва падманвала людзей, прапаноўваючы ім нібыта ў арэнду кватэры ў розных гарадах Беларусі.

Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, 32-гадовая жанчына знаходзіла ў тэматычных супольнасцях сацыяльных сетак аб’явы людзей, якія шукалі жыллё для здыму. Яна звязвалася з імі і прапаноўвала «выгадныя» варыянты кароткатэрміновай арэнды.

Каб стварыць уражанне надзейнасці, магіляўчанка высылала патэнцыйным кліентам фатаграфію свайго пашпарта і здымкі нібыта кватэр, якія здаваліся. Умоваю браніравання быў задатак.

Пасля таго як грошы паступалі на рахунак, жанчына спыняла зносіны і не адказвала на званкі і паведамленні.

Супрацоўнікі аддзела па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Кастрычніцкага РАУС Магілёва выявілі і спынілі гэтую схему. У дачыненні да жанчыны ўзбуджана крымінальная справа. Ёй пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Магілёве закрылася знакамітая кавярня “Дыяніс”

Кавярня на праспекце Міру зноў шукае арэндатара – “Дыяніс” закрыўся.

Паведамленне аб тым, што кавярня цяпер не працуе, з’явілася ў акаўнце групы  “Могилев Live” у Фэйсбуку. “Кафэ “Дыяніс” на праспекце Міру – ўсё. А калісьці гэта папулярнае месца для карпаратываў было. І нават студэнты з МДУ Куляшова (хто з грашыма) не-не ды і харчаваліся там” – гаворыцца ў паведамленні.

Варта адзначыць, што раней кавярня мела іншую назву – “Дубрава”, і таксама карысталася папулярнасцю. Там часта гулялі вяселлі, дні народзінаў і тыя ж самыя карпаратывы.

Як будзе называцца кавярня пасля “Дыяніса” і як хутка зноў адчыне свае дзверы для наведвальнікаў – пакуль невядома.

Фотаздымак: “Могилев Live”