Суды Магілёўскай вобласці сталі бліжэй да народа

Суды Магілёўшчыны: кожная дзясятая крымінальная справа ў 2025 годзе была разгледжана на выязным пасяджэнні.

Кожная дзясятая крымінальная справа ў мінулым годзе разглядалася ў выязных судовых пасяджэннях. Працоўным і навучальным калектывам рэгіёна пашанцавала прысутнічаць на больш як 370 крымінальных працэсах, паведамляе пракуратура Магілёўскай вобласці.

Усё гэта робіцца для прафілактыкі злачынстваў і недапушчэння правапарушэнняў сярод насельніцтва – кажуць яны.

Пры гэтым службовым злачынствам у аграпрамысловым комплексе надаецца асаблівая ўвага – разгледжана 50 спраў у дачыненні да 53 чалавек.

На думку беларускіх юрыстаў, так народ лепш засвойвае інфармацыю пра наступствы супрацьпраўных дзеянняў і прынцып непазбежнасці пакарання.

А яшчэ выязныя пасяджэнні, нібыта, спрыяюць павышэнню даверу грамадзян да правасуддзя.

Нагадаем, што ў Беларусі парушаны базавы юрыдычны прынцып – адмаўленне зваротнай сілы закона. Акрамя таго, суддзі аднаасобна прызначаюцца чалавекам, які ўпэўнены ў тым, што «часам не да законаў».

Таму, казаць пра тое, што публічнае вынясенне прысуду павысіць давер народа да правасуддзя, не проста смешна. З такім жа поспехам можна сцвярджаць, што вышэйшай формай правасуддзя былі «тройкі» НКУС. Застаецца спадзявацца толькі на тое, што памылковасць гэтай тэорыі яе прыхільнікам даходліва растлумачаць у Гаагскім трыбунале.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Бабруйску выкрылі махляроў і злавілі серыйную зладзейку

У Бабруйску супрацоўнікі міліцыі раскрылі адразу дзве крымінальныя справы: махлярства з бюджэтнымі сродкамі і серыйныя крадзяжы. У выніку — фігуранты затрыманы, заведзены крымінальныя справы.

Супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Бабруйскага гарвыканкама выкрылі групу з трох чалавек, якія махлярскім шляхам завалодалі грашыма дзяржаўнай арганізацыі, паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.

Устаноўлена, што падазраваныя пад выглядам закупкі матэрыяльна-тэхнічных каштоўнасцяў аформілі накладную на неіснуючы тавар. Атрыманыя сродкі яны перавялі ў гатоўку і патрацілі на ўласныя патрэбы.

Мяркуючы па гэтых апісаннях, махляры былі чыноўнікамі, або скарысталіся халатнасцю чыноўнікаў.

У тым жа Бабруйску затрымалі 26-гадовую мясцовую жыхарку, якую падазраюць у серыі крадзяжоў, паведамляецца на сайце УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Высветлілася, што дзяўчына дзейнічала некалькімі спосабамі: у некаторых выпадках яна забірала наяўнасць з незачыненых кабінетаў, дастаючы яе з жаночых сумак. Акрамя таго, яна неаднаразова падбірала ключы да шафак у распранальні спартыўнага комплексу, пасля чаго забірала чужыя рэчы. Агульная сума скрадзенага склала больш за 1000 рублёў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.