Камуністы Магілёва зладзілі выставу “Назад у СССР” у сярэдняй школе

Роля партыі як накіроўвальнай сілы і бюсты Леніна – магілёўскія камуністы зладзілі выставу «Назад у СССР» і самі ж яе наведалі.

Камуністам Магілёва не даюць спакою ўспаміны пра часы, калі іх партыі было дазволена залазіць не толькі ў галовы людзей, але і ў іх пасцелі.

Секта беларускіх пераймальнікаў КПСС пастаянна паўтарае, што ўзяла ад СССР усё лепшае, але на справе ўзяла толькі самае горшае:

  • загадзя стратную планавую эканоміку;
  • татальную ідэалагічную цэнзуру;
  • культ асобы кіраўніка дзяржавы;
  • бескарысныя квазі-бальшавіцкія структуры.

Выставу «Назад у СССР» самі зладзілі і самі наведалі ў СШ № 39 «дэпутат палаты» Валерый Малашка і першы сакратар абласнога падраздзялення КПБ Міхаіл Жудро.

Наменклатура, якая перажыла ўласную ідэалогію, уволю наглядзелася на атрыбуты савецкай піянерскай арганізацыі, бюсты Леніна і друкаваныя выданні СССР.

Валерый Малашка пафасна назваў убачанае пасылам у будучыню, а Міхаіл Жудро ад каментароў устрымаўся.

Як высветлілася, барацьбу за званне лепшага стэнда ў экспазіцыі вядуць прадстаўнікі ажно сямі раённых арганізацый КПБ. Так што сутычка чакаецца не жартоўная нават па мерках камуністаў, якія ў Беларусі не проста настальгуюць па страчанай уладзе, але і займаюцца прапагандай сталінізму, услаўленнем чэкістаў і іншымі відамі цемрашальства.

Фота «Магілёўскія ведамасці».

Дэпутат і дацэнт Жудро з Магілёва працуе за ідэю – знаёмімся

Камуніст Міхаіл Жудро лічыцца рэктарам аднаго з магілёўскіх інстытутаў, які выпрацоўвае “практыка-запатрабаваныя рэкамендацыі”.

Нават калі вы не ведалі гэтага чалавека па прозвішчы, вы не маглі не заўважыць яго на бясконцых нарадах магілёўскіх «дэпутатаў». Мужны профіль, выразныя, нібы выбітыя на антычнай манеце, рысы твару, вочы, што іскрацца інтэлектам, вяртаюць нас у часы Гектара і Ахілеса.

Міхаіл Міхайлавіч Жудро часта з’яўляецца на фота разам з былым ваенкамам, а цяпер галоўным «дэпутатам» вобласці Аляксандрам Гарошкіным. Жудро ці то яго намеснік, ці то проста адзін з самых актыўных дэпутатаў.

Так ці інакш, Міхаіл Міхайлавіч захоплены дэпутацкай працай не на жарт. І гэта пры тым, што ён яшчэ і першы сакратар магілёўскага абкама партыі камуністаў.

Падчас усенароднага сходу, калі журналісты праўладных СМІ даказвалі народу, што дэпутатам УНС не плацяць за ўдзел у сходзе прыхільнікаў Лукашэнкі, Жудро даў кароткі і ёмісты каментар: «Працуем за ідэю!».

Давайце паглядзім, якія ідэі ў Міхаіла Міхайлавіча і адкуль яны ў яго бяруцца.

Найбольш падрабязную біяграфію «дэпутата-бессрэбраніка» можна знайсці ў яго перадвыбарнай праграме як «кандыдата ў дэпутаты» магілёўскага абласнога «савета дэпутатаў» дваццаць дзевятага склікання па Буйніцкай выбарчай акрузе.

Жудро нарадзіўся ў 1983 годзе ў Горках у сям’і педагогаў. За гады вучобы атрымаў эканамічную, педагагічную і юрыдычную вышэйшую адукацыю.

У 2005 годзе маладым спецыялістам быў накіраваны ў Талачынскі раён эканамістам. За тры гады выбіўся на пасаду намесніка дырэктара прадпрыемства.

З 2009 года прысвяціў сябе працы на педагагічнай ніве. Прайшоў шлях ад асістэнта кафедры да рэктара Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі, якім стаў у 2016 годзе.

На якім менавіта прадпрыемстве прабіваўся Жудро ў Талачынскім раёне – невядома. Затое вядома, што цяпер ён аўтар больш як 100 навуковых публікацый, у тым ліку трох манаграфій і аднаго навучальнага дапаможніка, напісанага ў суаўтарстве.

Тэмы навуковых пошукаў Міхаіла Міхайлавіча ляжаць у плоскасці «распрацоўкі перспектыўных навукова-метадычных, практыка-запатрабаваных рэкамендацый і адукацыйных інавацыйных тэхналогій павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў і спецыялістаў сістэмы адукацыі». 

Адзін з прыкладаў «манаграфій» Жудро можна знайсці ў інтэрнэце. Гэта – прэзентацыя PowerPoint на дваццаць старонак, дзе з дапамогай дыяграм паказаны рост сучаснага педагога. Лёгка заўважыць, што ўзровень гэтага навуковага даследавання вагаецца недзе на адзнацы першакурсніка, граматыка храмае, а літары лезуць куды захочуць.

лекцыя Жудро

Ды і сам інстытут, рэктарам якога з’яўляецца актыўны актывіст Жудро, структура настолькі цёмная і маладаследаваная, што манаграфіі там можна пісаць кіламетрамі. 

Якім чынам Міхаілу Жудро ўдаецца так доўга і беспакарана ўпіхваць свае «практыка-запатрабаваныя рэкамендацыі», застаецца толькі здагадвацца. Вельмі падобна но тое, што і сам загадкавы інстытут створаны спецыяльна пад падобны тып навукоўцаў.

Ці з’яўляецца наш герой сваяком прафесара з Горак Міхаіла Кірылавіча Жудро – невядома.

Аднак і так зразумела, адкуль у Міхаіла Міхайлавіча знаходзіцца час і на дэпутацтва, і на партыйную працу.

Жудро – класічны прыклад, прыстасаванца і пасрэднасці, чыя сапраўдная спецыялізацыя – пудрыць людзям мазгі за бюджэтныя грошы і ва ўсім падтрымліваць Лукашэнку, намаганнямі якога і забяспечваецца існаванне арміі беларускіх трутняў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

На Шклоўшчыне аднавілі знішчаны камуністамі праваслаўны храм

У закрытым у 60-я гады ХХ стагоддзя храме ў вёсцы Вялікія Слаўні зноў пачалося царкоўнае жыццё.

Адабраўшы храм у вернікаў, камуністы перарабілі яго пад клуб, а потым так “нагаспадарылі” там, што і клуб прыйшлося зачыніць, а памяшканні сталі непрыдатнымі да знаходжання ў іх, а сам будынак аказаўся ў аварыйным стане. Пра гэта піша church.by.

І такая сітуацыя з царквой у вёсцы Вялікія Слаўні заставалася доўгія гады, але мясцовыя жыхары не здаваліся. У 2005 годзе будынак удалося вярнуць царкве, і людзі пачалі яго аднаўляць. Гэта заняло вялікі адрэзак часу, і толькі 21 лістапада 2025 года Храм Успення Божай Маці афіцыйна адкрылі і асвяцілі. А вернікі, якія прымалі актыўны ўдзел у яго аднаўленні, атрымалі спецыяльныя граматы з гэтай нагоды.

На адкрыццё адроджанай царквы прыязджаў архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній.

Фотаздымак: church.by