Пра лёсаносныя рашэнні УНС Ірына Пятрусевіч распавяла сваім падпарадкаваным журналістам «Магілёўскіх ведамасцяў».
Ірыне Пятрусевіч, дырэктарцы інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці», давялося сустракацца са сваімі ж журналістамі ў ролі «сенатара» і распавядаць пра важнасць сінхранізацыі дзеянняў улады, медыя і грамадства.
Сустрэча «прайшла ў фармаце жывога дыялогу», падчас якога супрацоўнікі рэдакцыі змаглі задаць Пятрусевіч пытанні.
Сінхранізуйся, не сінхранізуйся – а там недалёка і да раздваення асобы. Зараз ты сенатар, а праз гадзіну ўжо галоўны рэдактар.
Ну, а адным з яскравых прыкладаў «сінхранізацыі» а-ля Пятрусевіч з’яўляюцца самі «Магілёўскія ведамасці», якія сёння даведзеныя да крайняй ступені інфармацыйнага знясілення.
А вось раённая газета «Голас Касцюкоўшчыны» на агульным сумным фоне абласной прапаганды, наадварот, вылучаецца тым, што час ад часу ўздымае вострыя тэмы.
У свой час «сенатар» менавіта там спрабавала сваё пяро. І, магчыма, таму, што Пятрусевіч, пераехаўшы ў Магілёў, пакінула шматпакутную Касцюкоўшчыну ў спакоі, справы ў «раёнкі» пайшлі нядрэнна.
Камуніст Міхаіл Жудро лічыцца рэктарам аднаго з магілёўскіх інстытутаў, які выпрацоўвае “практыка-запатрабаваныя рэкамендацыі”.
Нават калі вы не ведалі гэтага чалавека па прозвішчы, вы не маглі не заўважыць яго на бясконцых нарадах магілёўскіх «дэпутатаў». Мужны профіль, выразныя, нібы выбітыя на антычнай манеце, рысы твару, вочы, што іскрацца інтэлектам, вяртаюць нас у часы Гектара і Ахілеса.
Міхаіл Міхайлавіч Жудро часта з’яўляецца на фота разам з былым ваенкамам, а цяпер галоўным «дэпутатам» вобласці Аляксандрам Гарошкіным. Жудро ці то яго намеснік, ці то проста адзін з самых актыўных дэпутатаў.
Так ці інакш, Міхаіл Міхайлавіч захоплены дэпутацкай працай не на жарт. І гэта пры тым, што ён яшчэ і першы сакратар магілёўскага абкама партыі камуністаў.
Падчас усенароднага сходу, калі журналісты праўладных СМІ даказвалі народу, што дэпутатам УНС не плацяць за ўдзел у сходзе прыхільнікаў Лукашэнкі, Жудро даў кароткі і ёмісты каментар: «Працуем за ідэю!».
Давайце паглядзім, якія ідэі ў Міхаіла Міхайлавіча і адкуль яны ў яго бяруцца.
Найбольш падрабязную біяграфію «дэпутата-бессрэбраніка» можна знайсці ў яго перадвыбарнай праграме як «кандыдата ў дэпутаты» магілёўскага абласнога «савета дэпутатаў» дваццаць дзевятага склікання па Буйніцкай выбарчай акрузе.
Жудро нарадзіўся ў 1983 годзе ў Горках у сям’і педагогаў. За гады вучобы атрымаў эканамічную, педагагічную і юрыдычную вышэйшую адукацыю.
У 2005 годзе маладым спецыялістам быў накіраваны ў Талачынскі раён эканамістам. За тры гады выбіўся на пасаду намесніка дырэктара прадпрыемства.
З 2009 года прысвяціў сябе працы на педагагічнай ніве. Прайшоў шлях ад асістэнта кафедры да рэктара Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі, якім стаў у 2016 годзе.
На якім менавіта прадпрыемстве прабіваўся Жудро ў Талачынскім раёне – невядома. Затое вядома, што цяпер ён аўтар больш як 100 навуковых публікацый, у тым ліку трох манаграфій і аднаго навучальнага дапаможніка, напісанага ў суаўтарстве.
Тэмы навуковых пошукаў Міхаіла Міхайлавіча ляжаць у плоскасці «распрацоўкі перспектыўных навукова-метадычных, практыка-запатрабаваных рэкамендацый і адукацыйных інавацыйных тэхналогій павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў і спецыялістаў сістэмы адукацыі».
Адзін з прыкладаў «манаграфій» Жудро можна знайсці ў інтэрнэце. Гэта – прэзентацыя PowerPoint на дваццаць старонак, дзе з дапамогай дыяграм паказаны рост сучаснага педагога. Лёгка заўважыць, што ўзровень гэтага навуковага даследавання вагаецца недзе на адзнацы першакурсніка, граматыка храмае, а літары лезуць куды захочуць.
Ды і сам інстытут, рэктарам якога з’яўляецца актыўны актывіст Жудро, структура настолькі цёмная і маладаследаваная, што манаграфіі там можна пісаць кіламетрамі.
Якім чынам Міхаілу Жудро ўдаецца так доўга і беспакарана ўпіхваць свае «практыка-запатрабаваныя рэкамендацыі», застаецца толькі здагадвацца. Вельмі падобна но тое, што і сам загадкавы інстытут створаны спецыяльна пад падобны тып навукоўцаў.
Ці з’яўляецца наш герой сваяком прафесара з Горак Міхаіла Кірылавіча Жудро – невядома.
Аднак і так зразумела, адкуль у Міхаіла Міхайлавіча знаходзіцца час і на дэпутацтва, і на партыйную працу.
Жудро – класічны прыклад, прыстасаванца і пасрэднасці, чыя сапраўдная спецыялізацыя – пудрыць людзям мазгі за бюджэтныя грошы і ва ўсім падтрымліваць Лукашэнку, намаганнямі якога і забяспечваецца існаванне арміі беларускіх трутняў.
Сырок вагой амаль дзесяць пудоў зрабіў філіял «Асіповіцкі» ААТ «Бабушкіна крынка». Кожны ахвотны можа адламаць сабе кавалачак.
У пабудаваным для Беларусі свеце ілюзій усе жывуць паводле ўяўленняў Лукашэнкі пра добры лад жыцця: чарка да шкваркі, прэмія – нявестцы, ГУБАЗіК – грамадзянам.
Не апошняе месца ў гэтай сістэме займаюць прадпрыемствы, якія або суцэльна стратныя, або, як “Бабушкіна крынка”, заўсёды прыбытковыя за кошт выкупленай за капейкі сыравіны АПК.
У імкненні неяк вылучыцца “моцныя гаспадарнікі” не могуць прыдумаць нічога дасціпнага, апроч як зрабіць доўгую каўбасу, дранік велізарнай плошчы ці прыгатаваць бочку з юшкай, якой можна накарміць увесь ахрышчаны свет.
Цяпер манія гігантызму дайшла і да глазіраваных сыркоў.
Для выставы дасягненняў лукашэнкаўскай Беларусі супрацоўнікі філіяла «Асіповіцкі» ААТ «Бабушкіна крынка» падрыхтавалі гіганцкі тварожны сырок вагой амаль дзесяць пудоў.
Паводле меркавання вытворцаў, гэты пачварны сырок:
дэманструе якасць і магчымасці беларускай харчовай прамысловасці;
багацце беларускага аграпрамысловага комплексу ў цэлым.
Яшчэ б. Бо для яго спатрэбілася зрабіць вялікую форму, размаляваць тварог чырвонымі і зялёнымі фарбавальнікамі, а потым яшчэ і заліць усё гэта шакаладнай глазурру – амаль нанатэхналогіі.
Сырок-монстр – не проста экспанат на выставе. Ім частуюць усіх ахвотных дэлегатаў УНС. Зразумела, гэтых аматараў смачна паесці пераконваць не даводзіцца.
З дэлегатамі з Магілёва, што выязджалі на лукашэнкаўскае “веча”, развітваліся так, быццам яны адляталі на Марс.
Дэпутатаў-дэлегатаў, што ехалі на ВНС з плошчы Леніна ў Магілёве, набілася ажно тры аўтобусы. Перад ад’ездам самапрызначаныя дэлегаты ўжо каторы раз распавялі пра свае надзеі на ўласнае лепшае жыццё, якое ім дасць зборышча падхалімаў Лукашэнкі.
Праслаўленне з’езда пачалося задоўга да яго пачатку. Дэлегаты з захапленнем распавядалі пра лёсавызначальныя рашэнні, якія будуць прыняты, у кожным адпаведным і неадпаведным месцы.
Сама адпраўка ў дарогу з плошчы Леніна выглядала даволі камічна. Многія дэлегаты з’явіліся з аб’ёмнымі чамаданамі: ехаць жа цэлых дзве гадзіны і вяртацца не хутка, таму без зменнай бялізны і варанай курыцы, загорнутай у прамаслены нумар “Магілёўскіх ведамасцей”, ніяк не абысціся.
Віталіся так, быццам не сядзелі разам яшчэ днём у кабінетах аблвыканкама, а сустрэліся пасля доўгага расстання.
Фальшывая радасць у чаканні сустрэчы з Лукашэнкам магла б спаборнічаць па ўзроўні пастановачнасці са знакамітай сцэнай адыходу цеплахода “Міхаіл Святлоў”.
Хто ведае, што за лікаванне іх яшчэ чакае, калі дэлегаты вернуцца ў Магілёў, падзарадзіўшыся энергіяй ад састарэлага кіраўніка.
Якім павінен быць дэлегат на ЎНС ад Магілёва, распавялі кіраўнікі праўладных прафсаюзаў.
Ніхто не будзе адмаўляць, што дэлегат на з’езд лукашэнкаўскіх дэлегатаў – фігура амаль містычная. Але як ён выглядае? Можа, нагадвае волата з былінаў – Дабрыню Нікіціча? Ці гэта проста высокі мужчына ў чырвонай атласнай кашулі з вялікай галавой? Аказалася – не.
Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Іван Трамбачоў лічыць, што дэлегат на УНС павінен:
быць аўтарытэтным чалавекам;
мець багаты жыццёвы і прафесійны досвед;
быць адданым Беларусі і яе народу;
умець хутка прымаць рашэнні.
Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Старасціна дадала да характэрных рыс веданне заканадаўства і эканомікі, а таксама ўменне слухаць і чуць людзей.
Пасля скрупулёзнага адбору Трамбачоў і Старасціна вырашылі спыніцца на кандыдатуры нядаўна абранага старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў Аляксандра Лісоўскага.
Менавіта ён, на іх думку, і рашэнні хутка прымае, і слухаць навастрыўся, а галоўнае – ніколі не адрываўся ад народа. Служыў у міліцыі, потым працаваў, не пакладаючы рук, у сістэме выканаўчай улады Магілёўскага раёна.
З сакавіка 2022 года Лісоўскі ўзначальваў Магілёўскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў, а цяпер змяніў на пасадзе старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Уладзіміра Цумарава – былога карупцыянера па мянушцы «Прас».
Ён, як сведчаць матэрыялы крымінальнай справы, таксама прымаў хуткія, нават паспешныя рашэнні. Праўда, ад міліцыі знаходзіўся тады па іншы бок барыкад.
Аналіз “грамадскіх” ініцыятыў Магілёўскай вобласці ідзе поўным ходам: трэба прымаць дэлегацыі і ратаваць шэрых журавоў.
Кіраўнік Цэнтра аналізу грамадзянскіх ініцыятыў Беларускага інстытута сацыялагічных даследаванняў (БІСД) «Народная пяцігодка» Кацярына Рэчыц распавяла пра сінтэз і аналіз, якія праводзіць адна з самых бессэнсоўных структур. У сваім інтэрв’ю Рэчыц паведаміла, што іх інстытуцыя правяла даследаванне мясцовых ініцыятыў на Магілёўшчыне.
Апытанне БІСД паказала, што:
жыхары Кастрычніцкага раёна Магілёва занепакоены працай адной з паліклінік;
у мікрараёне каля ААТ «Ольса» мясцовыя жыхары хацелі б, каб былі пасаджаныя кусты і дрэвы;
жыхароў Глускага раёна хвалюе якасць мабільнай сувязі і пытанне абмежавання палявання ў зоне пражывання чырвонакніжных шэрых журавоў;
жыхары Слаўгарадчыны прапануюць перааснасціць гасцініцу «Блакітная Крыніца», каб яна магла прымаць афіцыйныя дэлегацыі.
Складаецца ўражанне, што ўпраўленне аховы здароўя аблвыканкама скасавана разам з «Магілёўзелянбудам», мабільнымі аператарамі Глуска і яго прыродаахоўнай службай, а ў Слаўгарадзе грамадзяне і дня не пражывуць без дэлегацый.
На самой справе і службы на месцы, і слаўгарадчане пакуль не пакутуюць на сіндром Даўна.
Проста за “ініцыятывы” БІСД выдае тое, над чым чыноўнікі павінны працаваць штодня. Навошта? Рэчыц распавяла і пра гэта. Аказваецца, ініцыятывы трэба яшчэ і правесці праз УНС – яшчэ адну структуру-прывід.