Быхаўскія ідэолагі знялі тры ролікі пра бальніцу ў адказ на крытыку ў TikTok

У адказ на крытыку ў інтэрнэце быхаўскія ідэолагі прымусілі быхаўчан хваліць мясцовую бальніцу на камеру.

Цэлых тры ролікі выклалі ў «Тік-ток» быхаўскія журналісты ў адказ на скандальныя выступленні быхаўчан пра нізкі ўзровень абслугоўвання пацыентаў у мясцовай бальніцы. На відэа тры быхаўчанкі даюць амаль аднолькавыя паказанні пра тое, што ў бальніцы «абнавіўся рамонт» і «вельмі ўсё пасвяжэла».

Вось толькі свежасць у гэтым выпадку паняцце адноснае, бо прыёмы прапагандыстаў заўсёды былі другой свежасці.

Быхаўскія прызнанні з’яўляюцца разнавіднасцю пакаянных відэа, якія так любіць здымаць КДБ.

І пра КДБ. Папярэднік Івана Церцеля Мікалай Яжоў у свой час прызнаўся ў тым, што быў шпіёнам польскай, германскай, японскай і англійскай разведак.

Так што прымусіць быхаўчан распавядаць пра нібыта цудоўную бальніцу зусім не фокус.

Фота скрыншоты відэа “Быхов-ToDay”.

Сінхранізацыя па Пятрусевіч: «сенатар» сустрэлася са сваімі журналістамі

Пра лёсаносныя рашэнні УНС Ірына Пятрусевіч распавяла сваім падпарадкаваным журналістам «Магілёўскіх ведамасцяў».

Ірыне Пятрусевіч, дырэктарцы інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці», давялося сустракацца са сваімі ж журналістамі ў ролі «сенатара» і распавядаць пра важнасць сінхранізацыі дзеянняў улады, медыя і грамадства.

Сустрэча «прайшла ў фармаце жывога дыялогу», падчас якога супрацоўнікі рэдакцыі змаглі задаць Пятрусевіч пытанні.

Сінхранізуйся, не сінхранізуйся – а там недалёка і да раздваення асобы. Зараз ты сенатар, а праз гадзіну ўжо галоўны рэдактар.

Ну, а адным з яскравых прыкладаў «сінхранізацыі» а-ля Пятрусевіч з’яўляюцца самі «Магілёўскія ведамасці», якія сёння даведзеныя да крайняй ступені інфармацыйнага знясілення. 

А вось раённая газета «Голас Касцюкоўшчыны» на агульным сумным фоне абласной прапаганды, наадварот, вылучаецца тым, што час ад часу ўздымае вострыя тэмы.

У свой час «сенатар» менавіта там спрабавала сваё пяро. І, магчыма, таму, што Пятрусевіч, пераехаўшы ў Магілёў, пакінула шматпакутную Касцюкоўшчыну ў спакоі, справы ў «раёнкі» пайшлі нядрэнна.

Фота «Магілёўскія ведамасці».