Новы рэкорд гігантызму пастаўлены. На гэты раз – “ЧЗ”-сырок ад “Бабушкінай крынкі”

Сырок вагой амаль дзесяць пудоў зрабіў філіял «Асіповіцкі» ААТ «Бабушкіна крынка». Кожны ахвотны можа адламаць сабе кавалачак.

У пабудаваным для Беларусі свеце ілюзій усе жывуць паводле ўяўленняў Лукашэнкі пра добры лад жыцця: чарка да шкваркі, прэмія – нявестцы, ГУБАЗіК – грамадзянам.

Не апошняе месца ў гэтай сістэме займаюць прадпрыемствы, якія або суцэльна стратныя, або, як “Бабушкіна крынка”, заўсёды прыбытковыя за кошт выкупленай за капейкі сыравіны АПК.

У імкненні неяк вылучыцца “моцныя гаспадарнікі” не могуць прыдумаць нічога дасціпнага, апроч як зрабіць доўгую каўбасу, дранік велізарнай плошчы ці прыгатаваць бочку з юшкай, якой можна накарміць увесь ахрышчаны свет.

Цяпер манія гігантызму дайшла і да глазіраваных сыркоў.

Для выставы дасягненняў лукашэнкаўскай Беларусі супрацоўнікі філіяла «Асіповіцкі» ААТ «Бабушкіна крынка» падрыхтавалі гіганцкі тварожны сырок вагой амаль дзесяць пудоў.

Паводле меркавання вытворцаў, гэты пачварны сырок:

  • дэманструе якасць і магчымасці беларускай харчовай прамысловасці;
  • багацце беларускага аграпрамысловага комплексу ў цэлым.

Яшчэ б. Бо для яго спатрэбілася зрабіць вялікую форму, размаляваць тварог чырвонымі і зялёнымі фарбавальнікамі, а потым яшчэ і заліць усё гэта шакаладнай глазурру – амаль нанатэхналогіі.

Сырок-монстр – не проста экспанат на выставе. Ім частуюць усіх ахвотных дэлегатаў УНС. Зразумела, гэтых аматараў смачна паесці пераконваць не даводзіцца.

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

На Кругляншчыне адраджаюць свой рэцэпт дранікаў – з тварагом

Пакуль іх рэцэптам валодае толькі сям’я загадчыцы сельскага дома культуры.

У Круглянскім раёне папулярызуецца старадаўні рэцэпт дранікаў з тварагом, паведамляе газета “Сельскае жыццё”. Носьбітамі спецыяльнага рэцэпту дранікаў з’яўляецца загадчыца філіяла Цяцерынскага сельскага Цэнтра культуры Ірына Шагун, а таксама яе маці і дачка.

Днямі спецыялісты філіяла Цяцерынскага сельскага Цэнтра культуры правялі паказальную фальклорную праграму для клубных працаўнікоў Круглянскага раёна па папулярызацыі свайго рэцэпту. А ў маі 2022 года рэцэпт круглянскіх дранікаў маглі ацаніць ўдзельнікі VΙΙ Міжнароднага форуму “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”, адзін з дзён якога праходзіў на базе адпачынку “Глухарыны ток” у Бялыніцкім раёне.

Нагадаем, што Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры аднагалосна падтрымала прапанову аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці традыцыям прыгатавання і спажывання страў з таркаванай бульбы – дранікаў, бульбяных бліноў, бабкі.

Фота: “Сельскае жыццё”