Характэрныя рысы дэлегата на УНС пералічылі ў Магілёве

Якім павінен быць дэлегат на ЎНС ад Магілёва, распавялі кіраўнікі праўладных прафсаюзаў.

Ніхто не будзе адмаўляць, што дэлегат на з’езд лукашэнкаўскіх дэлегатаў – фігура амаль містычная. Але як ён выглядае? Можа, нагадвае волата з былінаў – Дабрыню Нікіціча? Ці гэта проста высокі мужчына ў чырвонай атласнай кашулі з вялікай галавой? Аказалася – не.

Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Іван Трамбачоў лічыць, што дэлегат на УНС павінен:

  • быць аўтарытэтным чалавекам;
  • мець багаты жыццёвы і прафесійны досвед;
  • быць адданым Беларусі і яе народу;
  • умець хутка прымаць рашэнні.

Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Старасціна дадала да характэрных рыс веданне заканадаўства і эканомікі, а таксама ўменне слухаць і чуць людзей.

Пасля скрупулёзнага адбору Трамбачоў і Старасціна вырашылі спыніцца на кандыдатуры нядаўна абранага старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў Аляксандра Лісоўскага.

Менавіта ён, на іх думку, і рашэнні хутка прымае, і слухаць навастрыўся, а галоўнае – ніколі не адрываўся ад народа. Служыў у міліцыі, потым працаваў, не пакладаючы рук, у сістэме выканаўчай улады Магілёўскага раёна.

З сакавіка 2022 года Лісоўскі ўзначальваў Магілёўскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў, а цяпер змяніў на пасадзе старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Уладзіміра Цумарава – былога карупцыянера па мянушцы «Прас».

Ён, як сведчаць матэрыялы крымінальнай справы, таксама прымаў хуткія, нават паспешныя рашэнні. Праўда, ад міліцыі знаходзіўся тады па іншы бок барыкад.

Фота сайта федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Яшчэ адзін лядовы каток, рэстаран, міні-гольф – старшыня гарвыканкама расказаў пра парк у Падміколлі

Уладзімір Цумараў распавёў, як будзе развівацца парк у Падміколлі ў бліжэйшай перспектыве. 

У інтэрв’ю парталу Mogilove.by ён сказзаў, што ў першую чаргу плануецца зрабіць асвятленне на асноўных паркавых дарожках, працягваць насычаць парк малымі архітэктурнымі формамі. Пры гэтым ён заўважыў, што вызначанай канцэпцыі парка дагэтуль няма:

“Я думаю – заявіў старшыня гарвыканкама – што над канцэпцыяй мы яшчэ будзем працаваць”.

З бліжэйшых планаў у кіраўніцтва горада – рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве невялікай гасцініцы з рэстаранам на набярэжнай Дняпра. 

Старшыня гарвыканкама апантаны ідэяй размясціць у Падміколлі круглагадзічны лядовы каток, палі для міні-футбола і міні-гольфа.

Трэба адзначыць, што ў Магілёве ўжо некалькі гадоў функцыянуе поле для міні-гольфа, якое размяшчаецца каля Палаца культуры вобласці і практычна не бывае запоўненым наведвальнікамі.