Краіны-ізгоі ўмацоўваюць супрацоўніцтва: навошта Расіі новае пасольства ў Магілёве

Адкрыццё аддзялення пасольства Расійскай Федэрацыі ў Магілёве ўлады Беларусі і Расіі падаюць як чарговы крок да развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва і зручнасці для грамадзян. Аднак за афіцыйнымі фармулёўкамі пра «дыпламатыю ў крокавай даступнасці» хаваецца больш шырокі палітычны кантэкст: далейшае збліжэнне дзвюх дзяржаў, якія пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны апынуліся ў міжнароднай ізаляцыі і пад маштабнымі санкцыямі заходніх краін.

Пра планы адкрыць аддзяленне расійскага пасольства ў Магілёве было абвешчана падчас сустрэчы старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі з дарадцам-пасланнікам пасольства Расіі ў Беларусі Уладзімірам Ваньке.

Магілёўскі “губернатар” паабяцаў Ваньцы асабняк на Ленінскай.

Афіцыйная версія выглядае цалкам бяскрыўдна. Расійскія дыпламаты сцвярджаюць, што жыхарам рэгіёна будзе прасцей атрымліваць консульскія паслугі, а грамадзянам Расіі – вырашаць пытанні, звязаныя з дакументамі, рэгістрацыяй і юрыдычнай падтрымкай. Акрамя таго, чакаецца развіццё эканамічных, культурных і турыстычных кантактаў.

Аднак узнікае пытанне: чаму неабходнасць адкрыцця аддзялення пасольства ўзнікла менавіта цяпер?

Яшчэ некалькі гадоў таму Расія выдатна абыходзілася без дыпламатычных прадстаўніцтваў па-за межамі Мінска. Беларусь таксама не адчувала патрэбы ў дадатковай расійскай дыпламатычнай прысутнасці ў рэгіёнах. Але сітуацыя змянілася пасля 2020 года, калі рэжым Аляксандра Лукашэнкі апынуўся ў міжнароднай ізаляцыі ў выніку масавых рэпрэсій супраць палітычных апанентаў і грамадзянскай супольнасці.

Пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну залежнасць Мінска ад Масквы ўзмацнілася. Беларусь прадаставіла сваю тэрыторыю для нападу расійскіх войскаў і выкарыстання ваеннай інфраструктуры. У выніку абедзве краіны апынуліся ў адным геапалітычным лагеры, супрацьпастаўленым Еўрапейскаму саюзу, ЗША і большасці дэмакратычных дзяржаў свету.

На гэтым фоне адкрыццё новых дыпламатычных аб’ектаў выглядае не столькі клопатам пра грамадзян, колькі чарговым сімвалам паглыблення інтэграцыі двух аўтарытарных рэжымаў.

Значная частка знешняга гандлю вобласці звязана з расійскімі рынкамі. Паводле слоў Анатоля Ісачанкі, гандлёвымі партнёрамі рэгіёна з’яўляюцца 78 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі, а пагадненні аб супрацоўніцтве падпісаны з 29 расійскімі рэгіёнамі.

У апошнія гады Расія актыўна пашырае сваю прысутнасць у Беларусі. Гаворка ідзе не толькі пра эканоміку, але і пра адукацыйныя, культурныя і інфармацыйныя праекты. Ствараюцца новыя пляцоўкі для прасоўвання расійскай дзяржаўнай палітыкі і ідэалогіі.

Таму адкрыццё аддзялення пасольства можа мець значэнне, якое выходзіць далёка за межы выдачы даведак і кансультацый. Дыпламатычныя структуры традыцыйна выконваюць не толькі консульскія функцыі, але і займаюцца пытаннямі гуманітарнага супрацоўніцтва, грамадскай дыпламатыі, узаемадзеяння з мясцовымі арганізацыямі і фарміравання спрыяльнага інфармацыйнага фону.

Ва ўмовах, калі Беларусь імкліва губляе самастойнасць у знешняй палітыцы, любое пашырэнне расійскай прысутнасці непазбежна выклікае пытанні пра захаванне суверэнітэту краіны.

Адкрыццё расійскага дыпламатычнага аддзялення ў Магілёве само па сабе можа падацца нязначнай падзеяй. Але ў сукупнасці з іншымі працэсамі яно выглядае чарговым элементам паступовага ўзмацнення расійскага ўплыву ў Беларусі.

Паказальна, што гаворка ідзе менавіта пра Магілёў – рэгіён, які традыцыйна лічыцца адным з найбольш расіяцэнтрычных і, як вынік, самым адсталым у краіне.

Фота БелТА.

Магілёвец хацеў легалізаваць падробленыя расійскія правы

У супрацоўнікаў магілёўскай дзяржаўтаінспекцыі ўзніклі сумневы ў сапраўднасці дакумента, які 29-гадовы магілёвец прад’явіў у МРЭА ДАІ.

Гэта было вадзіцельскае пасведчанне Расійскай Федэрацыі катэгорый А і В, якое заяўнік хацеў абмяняць на беларускія правы.

Пасведчанне канфіскавалі і накіравалі ў Магілёўскі міжраённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Паводле вынікаў судовай экспертызы было ўстаноўлена, што бланк вадзіцельскага пасведчання выраблены спосабам струменевага друку, а элементы абароны на ім імітаваныя.

Мужчына прызнаўся, што раней пражываў у Расіі, дзе набыў у невядомай асобы падробленае вадзіцельскае пасведчанне на сваё імя і карыстаўся ім пры кіраванні аўтамабілем.

Узбуджана крымінальная справа.

Фота ведамаснага сайта Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Клімавіцкі старшыня захапіўся міжнароднасцю “Белагра”

Старшыня Клімавіцкага райвыканкама Віктар Пугач (на фота) з’ездзіў на «Белагра-2026» і захапіўся маштабам выставы.

Ды і як тут не выпасці ў асадак: 575 кампаній з 12 краін. Але калі адкінуць ліслівыя захапленні і паглядзець на форум цвярозым поглядам, усё можна апісаць адным словам – дакаціліся.

Формула «575 кампаній з 12 краін» зручная для загалоўкаў. Яна адразу стварае адчуванне шырокай геаграфіі і сур’ёзнай знешняй цікавасці да беларускага аграпраму.

Але яшчэ да адкрыцця выставы паведамлялася, што з пададзеных заявак пераважная большасць прыйшлася на Беларусь. Паводле даных, апублікаваных перад форумам, беларускія арганізацыі падалі 441 заяўку. Расія падала 73 заяўкі, Кітай – 25. Астатнія краіны былі прадстаўлены больш сціпла. Асаблівую ролю ў замежным прадстаўніцтве адыграла Расія.

На афіцыйнай старонцы выставы гаворыцца, што ў «Белагра-2026» удзельнічалі прадпрыемствы з 18 расійскіх рэгіёнаў. Асобныя калектыўныя стэнды падрыхтавалі Бранская, Белгародская, Мурманская і Чалябінская вобласці, а таксама Краснадарскі край. Акрамя таго, была прадстаўлена экспазіцыя Расійскага экспартнага цэнтра «Сделано в России».

Яшчэ адна важная дэталь – само слова «кампанія». У выставачнай статыстыцы побач з вытворцамі могуць улічвацца ведамствы, навуковыя арганізацыі, абласныя экспазіцыі, канцэрны, аб’яднанні і калектыўныя стэнды. Гэта не 575 замежных прадпрыемстваў. Гэта агульны масіў удзельнікаў, большую частку якога забяспечыла сама Беларусь.

То-бок, калі шчыра – самі выставіліся, самі пазахапляліся.

Фота раённай газеты.

Расійскі рэцыдывіст паскардзіўся на пасла – ні разу не наведаў яго ў магілёўскай турме

Грамадзянін Расіі Дзмітрый Лукінскі – фігура для постсавецкай крымінальнай хронікі амаль культавая: прафесійны злодзей-гастролёр з шасцю непагашанымі судзімасцямі і статусам рэцыдывіста.

Дзве апошнія «адзнакі» ў яго біяграфіі пакінула Беларусь, дзе ён адбываў тэрмін у магілёўскай выпраўленча-працоўнай калоніі №15.

Нядаўна Дзмітрыя па яго ўласнай просьбе этапавалі ў Расію, дзе ён адразу даў зразумець, што мяняць звычкі не мае намеру. Толькі цяпер аб’ектам яго актыўнасці сталі не чужыя рэчы, а дыпламатычная сістэма.

Паслужны спіс: ад Піцера да Волагды

Лукінскі – тыповы «гастралёр». Геаграфія яго «працы» ўражвае: Санкт-Пецярбург, Яраслаўская, Тамбоўская і Валагодская вобласці.

Дзмітрый краў выключна пакінутыя без нагляду рэчы. Сумкі на крэслах, кашалькі з наяўнымі грашыма і банкаўскімі карткамі, тэлефоны на століках – усё, што гаспадары на хвіліну пакінулі.

Асаблівы бонус Лукінскі атрымліваў у тых выпадках, калі ахвяры аказваліся ўдвая больш бесклапотнымі: пін-коды ад картак нярэдка знаходзіліся тут жа – на паперках у кашальку або запісаныя на корпусе самога тэлефона. Далейшае было ўжо справай тэхнікі.

Месцы «палявання» злодзей таксама выбіраў невыпадкова – там, дзе людзі звычайна расслабленыя і занятыя сваімі справамі: бальніцы і паліклінікі, навучальныя ўстановы, гандлёвыя цэнтры. Часам – бібліятэкі.

Дзмітрыю не надта шанцуе: яго пастаянна ловяць. Шэсць непагашаных судзімасцяў гавораць самі за сябе.

Этап на Радзіму – і адразу скарга

Напрыканцы мінулага года Лукінскі выказаў жаданне даседжваць беларускі тэрмін у Расіі. Просьбу задаволілі: рэцыдывіста этапавалі ў Архангельскую вобласць, дзе ён трапіў у мясцовы СІЗА. І вось тут прафесійны злодзей выявіў у сабе яшчэ адзін талент – суцяжніцтва.

Ледзь уладкаваўшыся ў архангельскім ізалятары, Лукінскі напісаў скаргу ў Пасольства Расіі ў Беларусі. Сутнасць прэтэнзіі: за ўвесь час адбыцця пакарання ў магілёўскай ВПК-15 яго так і не наведаў расійскі консул. На гэтай падставе асуджаны запатрабаваў кампенсацыю маральнай шкоды.

Суд скаргу вярнуў – але гэта не фінал

Справу нядаўна разгледзеў Няндомскі гарадскі суд Архангельскай вобласці. Сума кампенсацыі ў матэрыялах наўпрост не называецца, але, мяркуючы па тым, наколькі настойліва пазоўнік дамагаецца яе спагнання менавіта з дыпламатычнага ведамства, апетыты ў яго неслабыя.

Аднак суд скаргу вярнуў заяўніку – па сугуба фармальнай прычыне: на тэрыторыі, падведамаснай Няндомскаму суду, прадстаўніцтва Пасольства Расіі ў Беларусі, зразумелая справа, няма. А Дзмітрый скардзіцца менавіта на расійскага пасла.

Лукінскаму рэкамендавалі звярнуцца ў больш кампетэнтную інстанцыю. І ён, вядома ж, гэта зробіць. І адказаць яму абавязаны: які-ніякі, а грамадзянін.

Фота ілюстрацыйнага характару.

18 мая ў гісторыі. Дзень музеяў. Уварванне Расіі ў Рэч Паспалітую. Дэпартацыя крымскіх татар. Нарадзіліся Мікалай ІІ, Ян Павал II, А. Кулінковіч

Міжнародны дзень музеяў (International Museum Day, з 1977 года). Ноч музеяў.

У гэты дзень музеі ва ўсім свеце адчыняюць свае дзверы для ўсіх жадаючых, цалкам бясплатна і з радасцю паказваючы свае выставачныя залы, новыя экспанаты. Да свята прымеркаваны адкрыцці новых выставак, фестываляў, у музеях арганізуюцца тэматычныя лекцыі, экскурсіі, навуковыя чытанні, спецыяльныя заняткі з дзецьмі, праходзяць музейна-тэатральныя паказы.

У свята ў музеях заўсёды шмат наведвальнікаў. Акрамя Міжнароднага дня музеяў праходзіць яшчэ адно свята – Ноч музеяў.

Дзень памяці ахвяр дэпартацыі народаў Крыма.

Устаноўлены Вярхоўным Саветам Крыма ў 1994 годзе.

18 мая 1944 гады ў Сярэднюю Азію з Крыму быў адпраўлены першы эшэлон крымскіх татараў, грэкаў, балгараў, немцаў, армян і іншых народаў, якія насялялі Крым. Іх дэпартацыя праводзілася па незаконных абвінавачваннях органамі ўлады СССР у «масавым дэзерцірстве» з Чырвонай Арміі, а таксама ў супрацоўніцтве з нямецкімі акупацыйнымі войскамі падчас Вялікай Айчыннай вайны і ўдзеле крымскіх татараў у калабарацыянісцкіх фармаваннях.

Да 20 мая было выселена больш за 180 000 чалавек. Па канчатковых дадзеных, з Крыма было дэпартавана звыш 200 000 крымскіх татараў. Затым, у маі-чэрвені 1944 года, з тэрыторыі паўвострава дэпартавалі яшчэ грэкаў, балгараў, армян, немцаў, італьянцаў, румынаў.

Мемарыяльны комплекс ахвярам дэпартацыі ў пасёлку Сірэнь.

1792 год. Войскі Расіі ўварваліся на тэрыторыю Рэчы Паспалітай з мэтаю скасавання Канстытуцыі 3 мая.

На гэты момант армія Рэчы Паспалітай павінна была налічваць 100 000, але не дасягла нават і 70 000, з якіх баяздольных было толькі 56 000, астатнія – ненавучаныя рэкруты. Пяхоты і кавалерыі было 40 000 і 30 000 адпаведна, пры 200 гарматах. Гэта была даволі значная сіла, але войскі былі раскіданы на велізарных прасторах краіны, і не змаглі дзейнічаць эфэктыўна. Больш таго, 18 000 салдат прускага дапаможнага корпуса не прыбылі з прычыны здрады прускага саюзніка.

Камандуючым арміяй быў прызначаны каралеўскі пляменнік, малады князь Юзэф Панятоўскі. Пры фармаванні арміі яму дапамагалі генералы: А. Касцюшка, М. Вяльгорскі і Ю. Заёнчак. Як потым высветлілася, найбольшую вартасць на поле бою ў польска-літоўскім войску мела пяхота і артылерыя, а хутка сфармаваныя групы нацыянальнай кавалерыі лёгка прыходзілі ў паніку.

Армія расійскіх акупантаў была падзелена на дзве часткі: беларуская армія – 32 000 пяхоты генерала М. Крачэтнікава, 64 000 у Малдаўскай арміі ветэранаў нядаўняй вайны з Асманскай імперыяй пад камандаваннем М. Кахоўскага. Першая ішла ў Літву, а другая на Падолле і Валынь.

Пяхота Кароннага корпуса.

1868 год. Нарадзіўся Мікалай ІІ (1868-1918).

Расійскі імператар, палкоўнік, адмірал брытанскага флота і фельдмаршал брытанскай арміі, святы ў РПЦ. У 1915-1917 гадах жыў у Магілёве пры Стаўцы.

Атрымаў грунтоўную хатнюю адукацыю. Служыў афіцэрам у Праабражэнскім палку.

Стаў імператарам у 1894 годзе.

Панаванне Мікалая II было адзначана эканамічным развіццём Расіі. Праведзены грашовая рэформа, першы ўсеагульны перапіс насельніцтва, уведзены заканадаўчая Дзяржаўная Дума, Савет міністраў, краіна ўступіла ў вайсковы блок Антанта. За ініцыятыву па скліканні Гаагскай канфэрэнцыі быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру ў 1901 годзе. Разам з тым павялічваўся рост сацыяльна-палітычных супярэчнасцяў, рэвалюцыйнага руху (адбыліся дзве рэвалюцыі), Расія прайграла руска-японскую вайну, уступіла ў І Сусветную.

20 жніўня 2000 года праслаўлены ў ліку святых Рускай праваслаўнай царквы.

1888 год. Нарадзілася беларуска Ганна Барысевіч (1888-2007).

Адна з сусветных доўгажыхарак, якая пражыла 118 гадоў і 281 дзень.

Праз спазненне не была занесеная ў Кнігу рэкордаў Гінэса як найстарэйшы чалавек у свеце.

У 2007 годзе афіцыйны сусветны рэкорд даўгалецця прызналі за 114-гадовай жыхаркай Японіі, тым часам як Ганне Барысевіч было больш за 118.

У 2007 годзе яе імя было ўнесена ў Кнігу рэкордаў Расіі, СНД і краін Балтыі «Дзіва».

1906 год. У Пецярбургу заснавана беларуская выдавецкая суполка “Загляне сонца і ў наша аконца” (1906-1914).

Паўстала з ініцыятывы выкладчыка Пецярбурскага ўніверсітэта, беларуса Б. Эпімах-Шыпілы.

Выдадзена 38 кніг кірыліцай і лацінкай агульным накладам больш за 100 000 асобнікаў. Сярод іх першыя падручнікі на беларускай мове «Беларуская чытанка, ці Першае чытанне для дзетак беларусаў» Каруся Каганца, «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі, творы Янкі Купалы і Якуба Коласа, В. Дунін-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, пераклад паэмы «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча. Быў выпушчаны альманах «Маладая Беларусь».

1910 год. Памерла Эліза Ажэшка (1841-1910).

Папулярная ў свой час беларуская польскамоўная пісьменніца, грамадская дзеячка і педагог эпохі пазітывізму.

Яе празаічныя творы інсцэніраваліся, перакладаліся на беларускую мову і напачатку XX стагоддзя ставіліся на сцэнах шматлікіх беларускіх гарадоў. Блізка сябравала з Ф. Багушэвічам.

Адукацыю атрымала ў Варшаўскім пансіёне. Аказвала дапамогу ўдзельнікам паўстання 1863 года.

Аўтар апавяданняў, раманаў, у тым ліку на тэмы грамадскай эмансіпацыі і барацьбы жанчын за грамадскія правы. Шырокае прызнанне прынеслі раман «Мэір Эзофавіч», апавяданні зборніка «З розных сфер», апавяданні з жыцця беларускіх сялян «Нізіны» і іншыя.

Шмат падарожнічала па Беларусі, сабрала 228 назваў раслін. Усім беларускім назвам за дапамогай знаёмага батаніка яна дала лацінскія адпаведнікі. Шмат назваў раслін, пададзеных Ажэшкай, не фіксуюць іншыя беларускія слоўнікі.

У доме ў Гродна, дзе апошнія гады жыцця яна жыла створаны дом-музей. Яе імем названа вуліца ў Гродна, на якой усталяваны помнік.

1920 год. Нарадзіўся Ян Павал II (Караль Вайтыла, 1920-2005).

264-ы Рымскі Папа, першы пантыфік-славянін і першы папа, які не паходзіў з Італіі, за апошнія больш як 450 гадоў. Святы. Меў вялікую цікавасць да Беларусі, стварыў паўнавартасную каталіцкую структуру ў Беларусі.

Па працягласці свайго пантыфікату ён саступае толькі Апосталу Пятру і Папу Пію IX (1846-1878).

Аўтар прац па праблемах хрысціянскай філасофіі чалавека, шматлікіх энцыклік, вершаў, паэм, п’ес.

Яго верш «Юдэйская пустыня» пераклала на беларускую мову Х. Лялько.

Стаў першым пантыфікам у гісторыі, які пачаў звяртацца да беларускіх вернікаў па-беларуску ў сваіх святочных віншаваннях з нагоды Вялікадня і Нараджэння Хрыстовага, а таксама падчас сустрэч з дэлегацыямі беларусаў.

Святому прысвечаны шматлікія помнікі ў многіх каталіцкіх краінах. У 2013 годзе ў Магілёве на тэрыторыі касцёла Небаўзяцця Панны Марыі і Святога Станіслава ўстаноўлена скульптура.

1940 год. Нарадзіўся Ян Чыквін (1940-2022).

Беларускі паэт, гісторык літаратуры, перакладчык, доктар гуманітарных навук, прафесар, грамадскі дзеяч Польшчы, прэзідэнт Беларускага Літаратурнага Таварыства «Белавежа».

Скончыў Варшаўскі ўніверсітэт. Працаваў у Варшаўскім, Беластоцкім універсітэтах.

Член Польскага таварыства русістаў, Саюза польскіх пісьменнікаў, Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, беларускага ПЭН-цэнтра. Быў рэдактарам выдавецкай серыі “Бібліятэка Беларускага літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа»”, часопіса «Тэрмапілы».

Узнагароджаны медалём Францішка Скарыны.

Памёр 14 лістапада 2022 года.

1958 год. Нарадзіўся Ян Максімюк.

Беларускі перакладчык, крытык, літаратар на Беласточчыне.

Скончыў Варшаўскі ўніверсітэт. Працаваў настаўнікам, інструктарам і сакратаром Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку, журналістам «Нівы», перакладчыкам у амерыканскай амбасадзе ў Варшаве.

Перакладае беларускую літаратуру на польскую мову і сусветную літаратуру на беларускую мову. Пераклаў «Уліса» Джойса. Стварае слоўнік падляскай мовы. Вядзе сайт прысвечаны папулярызацыі і кадыфікацыі падляскай мікрамовы. Рэдагаваў літаратурна-мастацкі часопіс «Правінцыя» (Беласток).

З 1998 году жыве ў Празе. Супрацоўнічае з «Радыё Свабода». Разам з С. Шупам заснаваў інтэрнэт-праект Літаратура.орг.

1972 год. Нарадзіўся Аляксандр Кулінковіч (1972-2018).

Беларускі рок-музыка, заснавальнік і лідар гурта “Neuro Dubel”.

Працаваў у моладзевых выданнях. Аўтар вершаў, музыкі. Браў удзел у некаторых запісах і канцэртах гурта «Крамбамбуля».

Памёр 3 жніўня 2018 года. У дзень смерці «Нейра Дзюбель» павінен быў выступаць на фэстывалі «Рок за баброў».

1977 год. У Польшчы памёр Андрэй Блажэвіч (Вангін, 1895-1977).

Беларускі акцёр, вядучы акцёр трупы У. Галубка – Беларускага дзяржаўнага вандроўнага тэатра. Выступаў у характарных ролях.

Бываў на гастролях у Магілёве.

Арыштаваны НКУС у 1937 годзе. Па Другой сусветнай вайне выехаў у Польшчы. Удзельнічаў у аматарскіх спектаклях на Памор’і.

З 1968 году дажываў у доме састарэлых у Гдыні. Наведваў беларускі клуб у Гданьску.

Увесну 1977 году знік з дому састарэлых Гдыні. Толькі праз 25 гадоў высветлілася, з прычыны пагаршэння здароўя яго перавезлі ў Гнеў – у адпаведны дом. Там пасля 19 дзён памёр.

Дзякуючы гданьскім беларусам яго магіла была адшуканая. На ёй усталяваны помнік з граніту.

Акцёры трупы У. Галубка.

1995 год. Памёр ураджэнец в. Малыя Бортнікі Бабруйскага раёна Іван Балыка (1937-1995).

Беларускі савецкі вайсковы дзеяч, генерал-маёр.

Скончыў ваеннае вучылішча, акадэмію бранятанкавых войск Генеральнага штаба. Служыў у Беларускай ваеннай акрузе, групе савецкіх войск у Германіі, у Забайкаллі, быў ваенным саветнікам у В’етнаме, Емене. Апошнія гады жыцця пражываў у в. Малыя Бортнікі.

Дзень у гісторыі. 14 мая. Аблога Быхава. Дывізія Касцюшкі. Рэферэндум – 1995

1659 год. Маскоўскія ваяводы Змееў і Лабанаў-Растоўскі пачалі аблогу Быхаўскага замка.

Аблога працягвалася да 4 снежня і закончылася начным штурмам Быхава. Карнікі, якія захапілі замак, у 1660 годзе самі апынуліся ў аблозе і ў снежні 1661 здаліся войску Рэчы Паспалітай на чале з гетманам Чарнецкім.

Замак стаяў на высокім правым беразе Дняпра, на месцы былога пасялення XIV-XV стагоддзяў.

Замкавы комплекс складаўся з некалькіх мураваных карпусоў, якія ўтваралі ў плане няправільны чатырохвугольнік памерамі 75х70 м.

З поўначы ўнутраны двор замыкаўся мураванай сцяной з выхадам на гарадскі вал. Заходні бок замкавага комплекса, павернуты да гандлёвай плошчы, быў забудаваны карпусамі казарм, меў пасярэдзіне ўязную браму з пад’ёмным мастом і фланкіраваўся па вуглах васьміграннымі абарончымі вежамі.

Быхаў
План быхаўскага замка

1814 год. У Полацку нарадзіўся Каэтан Касовіч (1814-1883).

Беларускі ўсходазнаўца, першы санскрытолаг у Расіі.

Скончыў Віцебскую гімназію, Маскоўскі ўніверсітэт.

Працаваў выкладчыкам ў Цвярской і 2-й Маскоўскай гімназіях. Вывучаў яўрэйскую і арабскую мовы, санскрыт. Перакладчык з санскрыта.

У Маскве быў рэдактарам навуковых прац пры публічнай бібліятэцы, прафесарам універсітэта, быў ганаровым доктарам Харкаўскага, прафесарам Пецярбургскага ўніверсітэтаў.

Выдаў “Санскрыцка-рускі слоўнік”, збор персідскіх клінападобных надпісаў, пераклад “Яўрэйскай граматыкі” Гезеніуса і “Яўрэйскай хрэстаматыі”, “Грэчаска-рускі слоўнік”.

Памёр 7 лютага 1883 года.

1869 год. У Мінску нарадзіўся Янкель Кругер (1869-1940).

Беларускі жывапісец і педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў, настаўнік знакамітых мастакоў.

Вучыўся ў Варшаве, у акадэміі Жуліяна ў Парыжы, у Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Падарожнік па еўрапейскіх краінах. Неаднаразова дэманстраваў свае палотны на Парыжскіх выстаўках.

У Мінску вёў курсы малявання і жывапісу. Меў шматлікіх вучняў, сярод якіх Г. Фімянтоўскі, В. Руцай, І. Ахрэмчык, І. Мільчын, З. Азгур, Х. Суцін, М. Кікоін, М. Станюта.

Працаваў у БДУ, у этнаграфічнай экспедыцыі Беларускага Дзяржаўнаг музея.

Аўтар партрэтаў І. Жухавіцкага, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Зм. Бядулі, С. Міхоэлса, навукоўцаў, палітычных савецкіх военачальнікаў і партыйных дзеячаў, жанравых карцін на тэмы працы, серыі карцін, якія адлюстроўваюць сцэны яўрэйскага побыту.

Я. Кругер. Янка Купала.

1885 год. Нарадзіўся Мікалай Крыленка (1885-1938).

Вярхоўны галоўнакамандуючы расійскай арміі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Кіраўнік ліквідацыі Стаўкі ў Магілёве ў 1917 годзе. Рэспрэсаваны.

У яго гонар у Магілёве названа вуліца, усталявана мемарыяльная шыльда.

Займаўся рэвалюцыйнай дзейнасцю. Удзельнік І Сусветнай вайны, прапаршчык.

У ліпені 1917 года быў арыштаваны ў Магілёве і абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе. 8 лістапада 1917 года ўвайшоў у першы склад Саўнаркама ў якасці члена Камітэта па справах ваенных і марскіх.

22 лістапада 1917 года прызначаны галоўнакамандуючым войск, 3 снежня адхіліў ад пасады генерала М. Духоніна і стаў камандуючым Стаўкі ў Магілёве.

Быў пракурорам РСФСР, народным камісарам юстыцыі РСФСР, СССР.

Актыўна змагаўся з Вышынскім і Вінакуравым (старшыня Вярхоўнага Суда СССР) за ўплыў у сістэме органаў юстыцыі СССР. Вынікам гэтай барацьбы стала гібель Крыленкі і яго людзей, перамога групоўкі Вышынскага.

Арыштаваны НКУС 31 студзеня 1938 года. Расстраляны 29 ліпеня 1938 года.

1899 год. Нарадзіўся Тодар Куніцкі (1899-1985).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, лекар, сузаснавальнік Беларускага Студэнцкага Саюза ў Вільні і Беларускага Сялянскага Саюза.

Працаваў у Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, урачом на Беласточчыне.

3 чэрвеня 1937 года Галоўліт БССР Указам № 33 «Спіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі з бібліятэк грамадскага карыстання, навучальных устаноў і кнігагандлю» загадаў спальваць усе кнігі Куніцкага.

У час Другой сусветнай вайны працаваў у Вільні, пасля вайны працаваў урачом у Гданьску. Памёр 5 сакавіка 1985 года.

Сябры Беларускага студэнцкага саюза, 1930-я гады.

1907 год. Нарадзіўся Язэп Жыновіч (Жыдовіч, 1907-1974).

Беларускі музыка-цымбаліст, дырыжор, кампазітар, народны артыст БССР і СССР, прафесарлаўрэат Дзяржаўнай прэміі.

У 1922 годзе стаў салістам-цымбалістам у БДТ-1 (купалаўскі тэатр). Скончыў Мінскі музычны тэхнікум, БДУ, кансерваторыю (з яе выключаўся як сын кулака).

У 1930 годзе кіраўнік, саліст, канцэртмайстар і педагог створанага Дзяржаўнага ансамблю народных інструментаў БССР.

Падчас вайны працаваў у Казахскай філармоніі, у складзе канцэртнай брыгады выязджаў на фронт.

З 1946 года – мастацкі кіраўнік і дырыжор Дзяржаўнага народнага аркестра БССР. У Беларускай кансерваторыі аснаваў клас цымбалаў і кафедру народных інструментаў.

Напісаў музычныя творы: «Беларуская мелодыя» для ансамбля цымбалаў і 2 арфаў, «Сказ-быліна аб зямлі беларускай», канцэртныя апрацоўкі народных танцаў «Лявоніха» і «Мікіта».

Пераклаў для цымбалаў п’есы шматлікіх еўрапейскіх аўтараў.

Памёр у Мінску 13 студзеня 1974 года.

У Мінску названа ў яго гонар вуліца, а на доме, дзе жыў, усталявана мемарыяльная дошка.

1943 год. У СССР пачалося фарміраванне 1-ай пяхотнай дывізіі імя Т. Касцюшкі Войска Польскага.

Дывізія фарміравалася ў Сялецкіх ваенных лагерах пад Разанню. 15 ліпеня 1943 года, у дзень гадавіны Грунвальдскай бітвы, дывізія прыняла прысягу. Дывізія мела штатны расклад савецкай стралковай дывізіі і ўключала тры пяхотныя палкі, асобны жаночы пяхотны батальён імя Э. Плятэр, полк лёгкай артылерыі, знішчальны супрацьтанкавы дывізіён, дывізіён мінамётаў, разведроту, роту сувязі, падраздзяленні зенітных сродкаў, часткі тылу.

Першым камандзірам дывізіі стаў палкоўнік Зыгмунт Берлінг. Па стане на 5 ліпеня 1943 года, дывізія мела 14 380 чалавек (13 520 палякаў, 439 яўрэяў, 209 украінцаў, 108 беларусаў, 112 рускіх і 1 азербайджанец).

12-13 кастрычніка 1943 года пад Леніна Горацкага раёна адбыўся першы бой дывізіі. Падчас баёў дывізія нанесла значны ўрон суперніку, заняла вёскі Трыгубава і Паўзухі. Тры байцы дывізіі былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, 247 – узнагароджаны ордэнамі і медалямі.

З. Берлінг.

1955 год. Утворана ваенная арганізацыя Варшаўскай Дамовы.

У яе склад увайшлі Албанія, Балгарыя, Венгрыя, ГДР, Польшча, Румынія, СССР, Чэхаславакія. Скасавана ў 1991 годзе. Усе краіны, акрамя СССР, увайшлі ў НАТА (з былога СССР у НАТА – Эстонія, Літва, Латвія).

Трэцім галоўнакамандуючым Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі краінаў-удзельніцаў дамовы быў ураджэнец Горацкага раёна Маршал Савецкага Саюзу І. Якубоўскі (1967-1976), першым начальнікам штаба – ураджэнец Гродна, уладальнік ордэна Перамогі, генерал арміі – А. Антонаў (1955-1962).

І. Якубоўскі.

1973 год. Нарадзілася Наталі Касцюшка-Марызэ.

Францускі палітык, з беларускага роду Касцюшкаў. Былы міністар экалогіі ва ўрадзе Ф. Фіёна (2010-2012).

Скончыла Політэхнічную школу ў Парыжы, Нацыянальную школу лясных і водных інжынэраў.

Займала пасады дзяржаўных сакратароў дэпартамэнтаў экалогіі, планавання і развіцця лічбавай гаспадаркі, мэра Лянжумо.

1995 год. Па ініцыятыве А. Лукашэнкі прайшоў рэферэндум.

На галасаванне выносіліся чатыры пытанні, першыя тры з іх – на абавязковы рэферэндум, пастанова якога насіла канчатковы характар, а чацвёртае – на кансультацыйны, пастанова якога насіла рэкамендацыйны характар:

  1. Ці згодны Вы з наданнем рускай мове аднолькавага статусу з беларускай?
  2. Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?
  3. Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй?
  4. Ці згодны Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага ці грубага парушэння Канстытуцыі?[

Паводле афіцыйных звестак, па першаму пытанню “За” выступілі 88,3%, па другому падтрымка атрымана ў 75,1% галасоў, па трэцяму – 83,3%, па чацвёртаму – 77,7%.

Пытанні, вынесеныя на рэферэндум, супярэчылі прэамбуле і артыкулам 1, 2, 3 Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, прэамбуле і артыкулам 17 і 78 Канстытуцыі Беларусі 1994 года, артыкулу 3 Закона «Аб усенародным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь».

Дзень у гісторыі. 10 мая. Каранацыя Лагішынскага абраза. Спаленне кніг. Мемарыял ахвярам Халакосту. Загінуў С. Булак-Балаховіч

1864 год. У Магілёве расійскімі карнікамі расстраляны Міхал Аскерка (1836-1864).

Урач, паўстанцкі камісар Мінскай і Магілёўскай губерняў у 1863-1864 гадах.

Скончыў Слуцкую гімназію, Маскоўскі ўніверсітэт.

Працаваў урачом у Сенненскім і Ашмянскім паветах.

Падчас паўстання стаў паўстанцкім камісарам у Магілёўскай губерні, у Пецярбургу гуртаваў патрыятычна настроеных афіцэраў. Каардынаваў паўстанцаў на Магілёўшчыне з 5 мая 1863 года. Пасля іх паражэння, перанёс сваю дзейнасць у Мінск і Ігуменскія лясы, стаў паўстанцкім камісарам Мінскай губерні.

Арыштаваны 21 кастрычніка 1863 годзе падчас чарговай паездкі ў Пецярбург. На следстве ў Санкт-Пецярбургу і Магілёве адмаўляўся даваць паказанні.

Подзвіг Аскеркі адлюстраваны У. Караткевічам у рамане «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»).

1866 год. У Гародні нарадзіўся Леў Бакст (1866-1924).

Сусветна вядомы мастак, сцэнограф, майстар станкавага жывапісу і тэатральнай графікі. Акадэмік Імператарскай акадэміі мастацтваў, Кавалер ордэна Ганаровага легіёна.

У розных крыніцах падаюцца розныя даты нараджэння: 27 студзеня (8 лютага), 27 красавіка, 9, 10 мая.

Вучыўся ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, парыжскіх студыях, у фінскага мастака А. Эдэльфельта.

Працаваў у Маскоўскім, Аляксандраўскім тэатрах, у прыватнай мастацкай школе Л. Звягінцавай у Пецярбургу (сярод яго вучняў – М. Шагал), ствараў партрэты, кніжныя ілюстрацыі, выступаў як мастак-графік, супрацоўнічаў з рознымі часопісамі, ствараў дэкарацыі і касцюмы для спектакляў.

З 1909 года працаваў у Парыжы – быў вядучым дэкаратарам «рускіх сезонаў за мяжой» С. Дзягілева, займаўся эскізамі дэкарацый і мадэліраваннем адзення для балетаў, працаваў у тэатрах Лондана, Нью-Йорка, Бруселя, Рыма.

Як жывапісец выстаўляўся ў Берліне, Празе, Вене, Венецыі, Рыме, Парыжы, Мюнхене.

Аўтар тэарэтычных прац у галіне мастацтва.

Памёр 27 снежня 1924 года ў Парыжы. Яго імем названы вуліцы ў Парыжы, Гародні.

Некаторыя яго творы захоўваюцца ў карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка ў Мінску.

1883 год. Нарадзіўся Іван Фёдараў (Янка Маўр, 1883-1971).

Беларускі географ, педагог, перакладчык, “бацька” беларускай дзіцячай літаратуры, прыгодніцкага, навукова-папулярнага жанраў, Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, Заслужаны дзеяч культуры.

Уладальнік найлепшай у даваеннай Беларусі хатняй бібліятэкі. Паплечнік і сваяк Якуба Коласа.

Найбольш вядомыя яго творы: “У краіне райскай птушкі”, “Палескія рабінзоны”, “ТВТ”, “Слёзы Тубі”.

Яго творы пераведзены на шматлікія мовы, выдаваліся ў розных краінах, у т.л. ЗША, Вялікабрытаніі, Кітаі.

У гонар пісьменніка носяць вуліцы ў Мінску, Пінску, мінская абласная бібліятэка, школа ў Барысаўскім раёне.

Памёр 3 жніўня 1971 года.

1883 год. Указам Аляксандра III у Расіі ўведзены бела-сіне-чырвоны сцяг.

Афіцыйна зацверджаны як дзяржаўны напярэдадні каранацыі Мікалая II у 1896 годзе. Да гэтага дзяржаўным сцягам Расійскай імперыі лічыўся чорна-жоўта-белы сцяг, які ў цяперашні час выкарыстоўваецца рознымі манархічнымі рухамі, а бела-сіне-чырвоны сцяг з часоў Пятра I быў гандлёвым або камерцыйным сцягам Расіі.

Чырвоны колер азначаў дзяржаўнасць, сіні – колер Маці Божай, белы – колер свабоды і незалежнасці.

Адначасова расійскі трыкалёр – сімвал Уласаўскай арміі, агрэсіі супраць Грузіі, Украіны, канфліктаў і ваенных аперацый у Прыднястроўі, Сірыі і іншых кутках свету.

1918 год. Магілёўская гарадская ўправа зацвердзіла эскізы бон.

Гэта было зроблена для наступнага выпуску ў памеры 3 мільёнаў рублёў. Іх выпуск быў дазволены фінаддзелам 1-га польскага корпуса.

Прынята рашэнне аб выпуску ў першую чаргу бон у 1 і 3 рублі, потым, пры неабходнасці ў 50 капеек, 5, 10 і 25 рублёў.

Для друку бон выбрана магілёўская друкарня Падземскага.

1931 год. У в. Новааляксандраўка Дрыбінскага раёна нарадзіўся  Сцяпан Гаўрусёў (1931-1988).

Беларускі паэт, перакладчык.

Скончыў Магілёўскае педвучылішча. Працаваў у газеце «Звязда», выдавецтве «Беларусь».

Аўтар вершаў, 13 зборнікаў паэзіі, шматлікіх рэцэнзій і літаратурна-крытычных артыкулаў.

Пераклаў на беларускую мову шэраг твораў А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, М. Святлова, А. Пракоф’ева, М. Дудзіна, С. Нараўчатава, Я. Райніса, Г. Гуляма, Міртэміра, Я. Судрабкална, І. Харыка, А. Туманяна, М. Джаліля.

1933 год. Нарадзіўся Уладзімір Вітко.

Беларускі мастак.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча. Працаваў у Віцебску мастаком на фабрыцы «КІМ», на шаўковым камбінаце, у мастацка-вытворчых майстэрнях.

Яго творы захоўваюцца ў музеях Беларусі, Польшчы, у дырэкцыі выставак Мастацкага Фонда Беларусі, у прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі, Італіі.

Аўтар пейзажаў, выкананых пераважна ў тэхніцы алейнага жывапісу, нацюрмортаў, партрэтаў.

Для жывапіснай манеры мастака характэрнымі з’яўляюцца арыгінальнасць і смеласць каларыту, імкненне да абагульнення форм, дэкаратыўнай гучнасці, альбо, наадварот, наўмыснай прыглушанасці колеру.

Памёр 7 красавіка 2020 года.

1933 год. У Берліне і іншых гарадах Германіі нацысты ўчынілі дэманстрацыйнае спаленне кніг.

Познім вечарам у цэнтры Берліна, на плошчы Оперы, гітлераўцы ўчынілі масавае спаленне кніг, “чужых арыйскаму духу”. Агню былі адданы творы Г. Гейне, Л. Талстога, Э. Заля, М. Пруста, Э.-М. Рэмарка, Т. Мана, Г. Мана, Г. Уэлса, Д. Лондана…

Па сведчанні відавочцаў, велізарны натоўп, які атачыў гіганцкае вогнішча, прыйшоў у захапленне ад істэрычнага выступу арганізатара гэтага дзейства, рэйхсміністра народнай асветы і прапаганды Паўля Ёзэфа Гебельса.

У свой час Гейнэ, некалі каханы Гебельсам, па-прароцку заўважыў: “Хто спальвае кнігі, калі-небудзь будзе спальваць людзей”…

1940 год. У Варшаве забіты Станіслаў Булак-Балаховіч (1883-1940).

Расійскі, беларускі і польскі вайсковы дзеяч, афіцэр кавалерыі рускай арміі, генерал-маёр Белай арміі, генерал арміі БНР, камандзір добраахвотніцкіх атрадаў польскай арміі, удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі на баку генерала Франка.

У 1921 годзе быў прызнаны Дзяржаўным камітэтам БНР «вярхоўным камандуючым над усімі ўзброенымі сіламі Беларусі». У паваенны час займаўся сельскай і лясной гаспадаркай у Белавежскай пушчы. Агенты АДПУ арганізавалі на яго некалькі замахаў.

Пасля акупацыі Польшчы Трэцім Рэйхам спрабаваў арганізаваць партызанскі атрад для барацьбы з нацысцкімі акупантамі, удзельнічаў у абароне Варшавы.

Забіты нямецкім патрулём.

У Варшаве на будынку праваслаўнай духоўнай семінарыі ў раёне Саска-Кэмпа знаходзіцца памятная дошка ў памяць пра Булак-Балаховіча.

Вядомыя яго два вершы па-беларуску: «Покліч бацькі» і «Шарак ці брысь». Выпусціў дзве кнігі пра магчымасць вайны з Германіяй: «Вайна, будзе ці не будзе», «Далоў Гітлера ці хайль Гітлер?».

1942 год. Нарадзіўся Сяргей Панізнік.

Беларускі паэт, празаік, публіцыст.

Скончыў Магілёўскае медвучылішча, факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча.

Працаваў ваенным журналістам, у газеце «Вячэрні Мінск», на Дзяржтэлерадыё БССР, у выдавецтве «Юнацтва», у Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф. Скарыны, у Літаратурным музеі Янкі Купалы.

Аўтар 9 зборнікаў паэзіі, шэрагу кнігі публіцыстыкі. Піша для дзяцей: зборнікі вершаў «Адкуль вясёлка п’е ваду», «Жыцень», «Мы – грамацеі», «Золкая зёлка».

У перыядычным друку выступае па праблемах сучаснага літаратурнага працэсу.

1997 год. Урачыстая каранацыя Папай Рымскім абраза Маці Божай Каралевы Палесся – Лагішынскага абраза.

Цудадзейны абраз Маці Божай Лагішынскай быў урачыста каранаваны. Кароны, благаслаўлёныя Папам Янам Паўлам II, былі прывезеныя ў Беларусь і ўскладзеныя на абраз кардыналам Казімірам Свёнткам, які ў той час быў ардынарыем Пінскай дыяцэзіі. Маці Божая ў Лагішыне была ўрачыста абвешчана Каралеваю Палесся і заступніцаю Пінскай дыяцэзіі.

2005 год. Каля Брандэнбургскіх варот ў Берліне адкрыты мемарыял ахвярам Халакосту.

Падчас Халакосту загінула 6 000 000 габрэяў.

На плошчы 19 000 квадратных метраў (два футбольных поля) у шахматным парадку ўстаноўлены 2 711 шэрых блокаў  вышынёй ад  0,2 да 4,7 м – камены лабірынт, выхад з якога наведвальніку трэба шукаць самастойна. Пад зямлёй на плошчы 800 квадратных метраў пабудавана Месца інфармацыі з матэрыяламі аб Халакосце, яго прычынах і наступствах.

У прыватнасці, прадстаўлены спіс з ізраільскага комплексу Яд Вашэм, які змяшчае імёны каля 3 000 000 загінуўшых.

На цырымоніі адкрыцця музея прысутнічала ўся нямецкая палітычная эліта, у тым ліку прэзідэнт, федэральны канцлер і старшыня бундэстага, а таксама каля 1 000 гасцей з усяго свету, сярод якіх было некалькі чалавек, якія перажылі Халакост.

Дзень у гісторыі. 27 красавіка. Загінуў Ф. Магелан. Фантастычныя ўцёкі. Крушэнне «Надзеі»

1521 год. На Філіпінах абарыгены забілі партугальскага мораплавацеля Фернана Магелана (1480–1521).

Магелан умяшаўшыся ў міжусобную барацьбу абарыгенаў і загінуў. Яго гібель цяжка адбілася на ходзе першага коласветнага падарожжа. Многія маракі загінулі, з пяці караблёў толькі “Вікторыя” пасля многіх цяжкіх прыгод нарэшце дабралася да роднай гавані.

Экспедыцыя Магелана пацвердзіла, што Зямля – шар. Упершыню еўрапейцы прайшлі праз Ціхі акіян, быў адкрыты праліў, які аддзяляе Паўднёвую Амерыку ад вострава Вогненная Зямля (Магеланаў праліў).

1584 год. Памёр князь Мікалай Радзівіл VI Руды (1512–1584).

Ваенны, палітычны, рэгілійны і грамадскі дзеяч ВКЛ. Распаўсюджвальнік на Беларусі ідэй кальвінізму.

Разграміў рускія войскі пад Улай (1564), блакаваў іх у Полацку (1564), выступаў супраць заключэння ўніі з Польшчай.

1771 год. Адбыліся самыя фантастычныя ўцёкі ў Расіі.

Ссыльны афіцэр войска Рэчы Паспалітай, удзельнік паўстання Барскай канфедэрацыі (1768) Морыц Аўгуст Бянеўскі (1746–1786) арганізаваў паўстанне на Камчатцы.

Пад яго кіраўніцтвам ссыльныя і катаржане абяззброілі ахову, захапілі склады з таварамі і правіянтам, выламалі з прыбярэжнага лёду галіён “Святы Пётр” і выйшлі ў мора. Да канца жніўня ўцекачы дасягнулі берагоў Паўднёвага Кітая. Потым 7 ліпеня 1772 года яны дабраліся да Францыі, дзе былі сустрэты як героі. Яны першымі з рускіх, ліцвінаў і палякаў перасеклі экватар і пераплылі Індыйскі акіян.

Бянеўскі пасля Францыі з новымі таварышамі адправіўся на Мадагаскар. Там Морыц стаў Ампансакабе – “вярхоўным уладаром”, каралём вострава.

1878 год. Пад Полацкам нарадзіўся Станіслаў Любіч-Маеўскі (1878–1941).

Беларускі грамадска-культурны дзеяч, педагог. Скончыў Віцебскую гімназію, Кракаўскі ўніверсітэт. Стваральнік арганізацыі “Кола беларускіх студэнтаў у Кракаве”.

У 1903–1941 гадах выкладаў гісторыю і геаграфію ў навуковых установах, быў дырэктарам гімназій ў шматлікіх гарадах Польшчы і Беларусі.

Выдаў больш за 13 падручнікаў па гісторыі, геаграфіі, беларускай і польскай мове, але найбольшую вядомасць набыў яго беларускі буквар «Лемантар» (Львоў, 1929).

У чэрвені 1940 года, пасля стварэння Літоўскай ССР, увайшоў у склад гарадской адміністрацыі Вільні, курыраваў школьны сектар, працаваў у Беларускім нацыянальным цэнтры.

У верасні-снежні 1941 года працаваў у Інспектарыяце беларускіх школ у Мінску, супрацоўнічаў з беларускай незалежніцкай групай Я. Станкевіча і польскім антыфашысцкім падполлем.

У снежні 1941 года, па даносе правакатара, схоплены і расстраляны.

1900 год. Памёр Францішак Багушэвіч (1840-1900).

Беларускі грамадскі дзеяч, паэт, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, яе класік, адзін з першых ідэолагаў беларускага нацыяналізму. Актыўны ўдзельнік паўстання 1863-1864 гадоў, быў паранены ў баі ў Аўгустоўскіх лясах.

Служыў Чарнігаве, на  Сумшчыне, у Валагодскай губерні, Вільні ў судовых палатах.

Пасля звальнення са службы ў  1898 годзе жыў у Кушлянах (цяпер Смаргонскі раён), дзе і памёр.

Аўтар вершаў, апавяданняў, баек на беларускай, польскай мовах, публіцыстычных артыкулаў, зборнікаў «Дудка беларуская», «Смык беларускі», «Скрыпачка беларуская» і «Беларускія апавяданні Бурачка».

У сваіх творах выступаў ад імя ўсяго працоўнага беларускага народа, быў пераважна ідэалагічным прадстаўніком сялянства.

У яго творчасці таленавіта спалучаны гісторыка-філасофскае і мастацкае асэнсаванне лёсу беларускага народа, моцныя матывы нацыянальнага адраджэння. Творчасць Багушэвіча ў значнай ступені садзейнічала працэсу развіцця беларускай мовы.

Пры жыцці яго творы ў Расійскай імперыі былі забаронены. Яны выдадзены асобнымі кнігамі і лістоўкамі ў час рэвалюцыі 1905-1907 гадоў, аднак у 1908 на іх накладзены арышт.

У БССР былі ўпершыню выдадзены ў 1922 годзе («Дудка беларуская»).

У 1930-я гады творчасць Багушэвіча была абвешчана буржуазна-кулацкай, нацыяналістычнай, да 1940 года яго кнігі не друкаваліся. 3 чэрвеня 1937 года Галоўліт БССР выдаў загад № 33, згодна з якім усе выданні твораў Францішка Багушэвіча павінны былі спальвацца.

Паштоўка часоў БНР з цытатай Францішка Багушэвіча

1917 год. Памёр ураджэнец Беластока Лазар Заменгоф (1859–1917).

Лекар, вынаходнік мовы эсперанта. Жыў у Гродна і Варшаве.

Пад псеўданімам Доктар Эсперанта у 1887 годзе выдаў кнігу “Міжнародная мова”, з якой жыхары Зямлі даведаліся пра штучную мову “эсперанта” (“надзея”). У якасці прыкладаў у кнізе былі прыведзены тэксты на эсперанта: малітва Ойча наш, урывак з Бібліі, прыклад ліста, арыгінальныя вершы Заменгофа, пераклад верша Г. Гейнэ. Зараз на эсперанта размаўляюць у свеце каля 2 млн чалавек. У Беларусі валодаюць гэтай мовай лічаныя спецыялісты.

У гонар вучонага названы вуліцы ў Валенсіі, Варшаве, Гродна, Іерусаліме, Канах, Каўнасе, Кракаве, Лодзі, ў Нетаніі, Познані, Тэль-Авіве, Франкфурце-на-Майне, Руэй-Мальмезоне і іншых гарадах. У яго гонар названы астэроід, усталяваны бюсты ў Беластоку, Вейсеяе, Вене, Адэсе.

1919 год. Крушэнне парахода «Надзея» на Заходняй Дзвіне.

Каля 14:00 «Надзея» адчаліла ад Віцебскай прыстані на Бешанковічы з 242 пасажырамі, у тым ліку 5 дзецьмі.

Параход сутыкнуўся з каменным лёдарэзам апоры Дзвінскага моста. Капітан, некаторыя пасажыры і члены каманды паляцелі ў халодную ваду, іншыя кінуліся на правы бок, каб вылезці на апору. Параход нахіліўся, зачэрпаў вокнамі кают ваду і стаў тануць. Загінула не менш за 100 чалавек.

Дзень у гісторыі. 27 красавіка

1930 год. Нарадзіўся Май Данцыг (1930–2017).

Народны мастак Беларусі. Кавалер ордэна Францыска Скарыны.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, Маскоўскі мастацкі інстытут. Выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў, прафесар.

Быў старшынёй Мінскага аб’яднання яўрэйскай культуры імя Ізі Харыка, грамадскай камісіі па ставарэнні Мемарыяльнага комплекса “Яма” , віцэ-прэзідэнтам Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, займаўся праблемамі ўвекавечання памяці вязняў Мінскага гета.

Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу.

Творам Данцыга ўласцівы арыгінальныя кампазіцыйныя рашэнні, драматургічнасць зместу.

Май Данцыг. Мой горад старажытны, малады.

1947 год. Памёр Валянцін Таўлай (1914–1947).

Беларускі паэт, дзеяч заходнебеларускага нацыянальнага руху.

Вучыўся ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі, Віленскай беларускай гімназіі, з якіх быў выключаны за палітычную дзейнасць. Арыштоўваўся, знаходзіўся ў зняволенні ў Слонімскай і Гродзенскай турмах (1929–1930).

У 1930-1932 гадах працаваў у БССР.

У 1932 годзе быў накіраваны на падпольную работу ў Заходнюю Беларусь. Зноў арыштоўваўся, быў у заключэнні, адкуль вызвалены ў верасні 1939 года.

У гады Вялікай Айчыннай вайны быў падпольшчыкам, партызанам. У верасні 1943 года арыштаваны СД у Лідзе, вызвалены з дапамогай беларускіх паэтаў, палітычных і ваенных дзеячаў.

Пасля вайны працаваў ў СМІ, у Літаратурным музеі Янкі Купалы.

Аўтар паэм, вершаў, зборніка «Выбранае», публіцыстычных нарысаў пра рэвалюцыйна-вызваленчую і антыфашысцкую барацьбу, крытычных твораў пра творчасць Я. Купалы, П. Пестрака, Я. Брыля.

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Міцкевіча, І. Крылова і іншых.

Яго імем названы вуліцы ў Гродне, Лідзе і ў Маладзечне.

Мемарыяльная дошка устаноўлена ў Лідзе.

1965 год. У ЗША былі запатэнтаваны аднаразовыя падгузнікі пад гандлёвай маркай “Памперс”.

Іх стваральнікам стаў Віктар Мілз – амерыканскі інжынер-хімік, вядучы тэхнолаг кампаніі “Procter&Gamble” і па сумяшчальніцтве дзядуля траіх маленькіх унукаў.

Вынаходніку прыйшла ў галаву ідэя пакласці ў пялёнкі здробнёную прамакальную паперу. Першыя мадэлі ён выпрабаваў на ўласных унуках.

Назва “Pampers” – ад англійскага слова “pamper” – “песціць”.

1979 год. У Чавусах нарадзіўся Сяргей Новікаў.

Беларускі біятланіст.

Скончыў МДУ імя А. Куляшова.

Прызёр Алімпійскіх гульняў-2010, трохразовы чэмпіён універсіяды, двухразовы чэмпіён Еўропы.

Жыве ў Магілёве.

1998 год. Памёр Вітаўт Тумаш (1910–1998).

Беларускі грамадскі дзеяч, скарыназнаўца.

Актыўна ўдзельнічаў у беларускім студэнцкім жыцці, быў старшынёй Лодзінскага аддзела Беларускага камітэта самапомачы, членам створанага ў Берліне (1941) Беларускага нацыянальнага цэнтра. У ліпені-лістападзе 1941 года бургамістр Мінска. Пасля пераезду ў Германію, займаўся лекарскай практыкай і працаваў у берлінскім аддзеле Самапомачы, рэдагаваў газету «Раніца».

Адзін з заснавальнікаў і шматгадовы старшыня Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў ЗША, член Беларуска-амерыканскага задзіночання, старшыня Фундацыі імя П. Крэчэўскага. Даследчык спадчыны Ф. Скарыны.

Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансуіку ў Нью-Джэрсі (ЗША).

Крутому ў Магілёве паскардзіліся на «працэсы ў Расіі»

У праблемах магілёўскай прамысловасці вінаваты расійскі рынак, а выратуюць усіх звышцяжкія ліфты і ненапісаныя кантракты са Славакіяй.

У Магілёўскі аблвыканкам прыехаў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты – абмяркоўваць працу прадпрыемстваў.

Старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка адкрыў пасяджэнне гладкай фармулёўкай: «Вынікі дзейнасці прамысловага сектара ў значнай ступені вызначаюць выніковыя паказчыкі работы рэгіёна па выкананні даручэнняў і мэтавых параметраў, устаноўленых Кіраўніком дзяржавы і ўрадам».

Ні адной лічбы, ні аднаго прозвішча – толькі «мэтавыя параметры».

Генеральны дырэктар ААТ «Магілёўліфтмаш» Руслан Страхар выступіў з дакладам і адразу зрабіў ход, якім карыстаюцца ўсе дырэктары ў свеце, калі не выканалі план: абвінаваціў знешнія абставіны.

Цытата: «на прадпрыемстве сапраўды назіраецца пэўнае зніжэнне аб’ёмных паказчыкаў… дадзеная дынаміка абумоўлена ў першую чаргу складанымі працэсамі, якія адбываюцца на ключавым стратэгічным рынку – у Расійскай Федэрацыі».

Нагадаем, што той жа Страхар у 2023 і 2024 года казаў адваротнае: расійскі рынак – гэта залатое дно, санкцыі супраць Otis і Schindler адкрылі ААТ «Магілёўліфтмаш» гістарычны шанец, мы заваявалі чвэрць рынку.

Тады расійскі рынак быў крыніцай поспехаў. Цяпер – крыніцай правалаў.

Далей Страхар пераключыў увагу на будучыню. Выратаванне – спецыяльныя электрарухавікі для АЭС: спачатку Славакія, потым, па яго словах, «Венгрыя і Чэхія».

Славацкі пасол Мігаш прыязджаў у Магілёў напярэдадні пасяджэння. Адзін візіт ветлівасці – і ўжо тры рынкі ЕС у справаздачы гендырэктара. Маўляў, выходзім на рынкі Еўропы.

Асабліва «перспектыўна» выглядае Чэхія, якая падтрымлівае санкцыі супраць Беларусі і будуе ядзерную энергетыку на амерыканскім Westinghouse. Шанцы магілёўскага прадпрыемства паставіць туды крытычнае абсталяванне – нулявыя.

Думаецца, што прыкладна такія ж шанцы і на тое, што Дзмітрый Круты паверыў казкам магілёўскіх чыноўнікаў.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.

Дзень у гісторыі. 9 красавіка. Літаратурнае згуртаванне «Шыпшына». Разгон мінскіх хіпі. Нарадзіўся В. Фацін

1917 год. У Мінску завяршыў працу З’езд Беларускіх нацыянальных арганізацыяў.

Працаваў 7-9 красавіка. На ім былі створаны Беларускі Нацыянальны Камітэт (БНК) і прынята яго праграма, якая падтрымала Часовы ўрад Расіі і агучвала патрабаванне ўвядзення аўтаноміі Беларусі ў складзе фэдэрацыйнай Расіі, палітычнае і культурнае адраджэнне беларускага народу.

З’езд быў скліканы з ініцыятывы менскага беларускага Нацыянальнага камітэта на чале з Р. Скірмунтам, і прадстаўнікоў менскага аддзелу Беларускай сацыялістычнай грамады на чале з А. Смолічам. 

Асновай тэрыторыі аўтаномнай Беларусі вызначаліся пяць губерняў: Віленская, Гарадзенская, Менская, Віцебская і Магілёўская.

У БНК былі выбраны 18 членаў, у тым ліку з Магілёўшчыны А. Смоліч, М. Кахановіч, Л. Дубейкаўскі. 

Быў абраны і прэзідыум БНК: Р. Скірмунт (старшыня), П. Аляксюк (намеснік), У. Фальскі (намеснік), Л. Заяц (скарбнік), Б. Тарашкевіч (пісар-сакратар).

Раман Скірмунт
Фота. Раман Скірмунт.

1921 год. Нарадзіўся Валянцін Фацін.

Камбат 139 стралковай дывізіі. За гераізм пры вызваленні Лупалава, Магілёва капітан Фацін атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. Загінуў пад Гродна 17 ліпеня 1944 года. Пахаваны ў горадзе Скідзель Гродзенскай вобласці. У Магілёве ўсталавяна мемарыяльная шыльда, вуліца ў Задняпроўі носіць яго імя.

У ноч на 28 чэрвеня 1944 года з батальёнам ён на падручных сродках пераправіўся на правы бераг ракі каля Буйніч, хуткімі тэмпамі ўвайшоў у Магілёў. Убачыўшы савецкіх салдат, гітлераўцы вырашылі, што яны акружаны і пачалі здавацца ў палон групамі. Капітан Фацін, усталяваўшы месца размяшчэння штаба нямецкай дывізіі, якая трымала абарону на гэтым участку фронту, з двума байцамі адправіўся туды і пераканаў камандаванне ворага здацца ў палон. У выніку батальён захапіў 18 гармат, 200 аўтамашын, 500 гітлераўцаў і штаб 12-й пяхотнай дывізіі разам з камдзівам генерал-лейтэнантам Бамлерам, начальнікам магілёўскага гарнізона генерал-маёрам Эмерсдорфам і 35 афіцэраў.

Валянцін Фацін

1931 год. Нарадзіўся Вадзім Свірыдаў.

Беларускі хімік, акадэмік АН БССР. Доктар хімічных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі.

Скончыў БДУ. Працаваў загадчыкам кафедры і дырэктарам Навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблем.

Асноўныя працы – па фотахіміі неарганічных сістэм, хіміі фатаграфічных працэсаў, хіміі цвёрдага цела.

Устанавіў заканамернасці тэрмічнага раскладання, фатолізу і радыёлізу цвёрдых соляў металаў, фотахімічных ператварэнняў на паверхні цвёрдых цел у водным асяроддзі, фарміравання ультрадысперсных складаных аксідаў з сумесна абложаных гідраксідаў металаў.

Аўтар больш за 450 навуковых прац, у тым ліку 3 манаграфій і 4 навучальных дапаможнікаў, больш за 120 вынаходніцтваў.

Памёр 12 красавіка 2002 года.

Вадзім Свірыдаў

1932 год. Памёр Стэфан Макрэцкі (1862–1932).

Ураджэнец Лідчыны, рускі і польскі вайсковец, генерал, палітычны дзеяч Сярэдняй Літвы.

Служыў у расійскім войску. Палкоўнікам удзельнічаў у І Сусветнай вайне. У чыне генерала, стаў адным з арганізатараў Саюзу вайсковых палякаў (1917).

У 1919–1920 на камандных пасадах у польскім войску, камандаваў корпусам войск Сярэдняй Літвы, паплечнік генерала Л. Жалігоўскага. Быў выканаўцам абавязкаў старшыні Часовай урадавай камісіі Сярэдняй Літвы.

У 1922-1925 гадах на службе ў Войску Польскім.

Стэфан Макрэцкі

1934 год. Нарадзіўся Леанід Асядоўскі.

Беларускі жывапісец.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Працаваў у станковым жывапісе ў жанрах фігуратыўнай карціны, партрэта, пейзажа. У творчасці пераважалі гісторыка-рэвалюцыйная тэматыка і тэмы сучаснасці. Сярод твораў: «Хай заўжды будзе сонца», «Нафта беларуская ёсць!», «Дажынкі», «Балада пра маці», партрэты «Партрэт маладога вучонага», «Пачынальнікі беларускай музыкі», пейзажы і іншыя.

Аўтар дыярам «Мінскі „кацёл“» для музея Вялікай Айчыннай вайны, «Бой пад Міласлававічамі» для Клімавіцкага краязнаўчага музея.

Памёр 12 лютага 1990 года.

Л. Асядоўскі
Л. Асядоўскі. Бой пад Міласлававічамі.

1946 год. У нямецкім Рэгенсбургу адноўлена Беларускае літаратурнае згуртаванне «Шыпшына».

Арганізацыя была створана 9 студзеня 1945 года. На сходзе былі Н. Арсеннева, Ю. Віцьбіч, У. Сядура, У. Клішэвіч, Т. Лебяда, А. Салавей, М. Цэлеш, А. Чэмер, В. Таполя, Л. Случчанін, Я. Золак. Разгарнуць дзейнасць не давялося з-за ваенных падзей.

Аднаўляльнікамі “Шыпшыны” сталі Ю. Віцьбіч, Н.Арсеннева, Я. Золак і М. Сяднёў. Хутка яно аб’яднала амаль усіх паэтаў і пісьменнікаў на эміграцыі. Галінка шыпшыны з кветкамі і калючкамі стала сімвалам-эмблемай арганізацыі, а верш У. Дубоўкі «О, Беларусь, мая шыпшына» — паэтычным маніфестам.

Таварыства выдавала аднайменны часопіс. Выйшла 9 нумароў, у якіх друкаваліся 30 сябраў таварыства і 34 пісьменнікі, якія жылі ў Беларусі. Рэдактарам быў Ю.Віцьбіч.

Таварыства спыніла дзейнасць у 1950 годзе з выхадам апошняга нумара часопіса.

Ю. Віцьбіч

1959 год. У Ленінградзе памёр Мікола Аляхновіч (1903–1959).

Беларускі літаратурны крытык.

Скончыў Барысаўскую мужчынскую гімназію, БДУ. Настаўнічаў, кіраваў Барысаўскай філіяй «Маладняка», працаваў у Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР, выкладаў у Мінскім педінстытуце.

У 1936 годзе быў рэпрэсаваны, адбываў ссылку на Калыме.

Аўтар артыкулаў і рэцэнзій пра творчасць А. Александровіча, М. Багдановіча, М. Зарэцкага, Якуба Коласа, Р. Мурашкі, П. Труса, Я. Скрыгана, А. Пушкіна, М. Горкага і іншых.

Мікола Аляхновіч

1970 год.  Стыхійны моладзевы мітынг у Мінску разагнаны міліцыяй і ўнутранымі войскамі.

Несанкцыянаваны мітынг з элементамі непадпарадкавання ўладам быў справакаваны забойствам 7 красавіка хіпі, 18-гадовага Вячаслава Максакова.

Пасля пахавання Максакава, моладзь стала стыхійна збірацца вакол месца забойства. Па розных ацэнках, іх колькасць дасягала 100-500 чалавек, сярод іх былі прадстаўнікі мінскага музычнага андэрграўнду.

Калі байцы ўнутраных войскаў пажадалі разарваць жывы ланцуг моладзі, паміж імі і хіпі ўспыхнула бойка. Супрацьстаянне доўжылася каля гадзіны. Шэраг хіпі быў затрыманы і потым выключаны з навучальных устаноў.

Хіпі ў Мінску
Хіпі ў Мінску. Фота ілюстрацыйнае.

1972 год. У Магілёве на Машэкаўскіх могілках пахавалі Мікалая Каралёва (Караля, 1906–1972).

Герой Савецкага Саюза, генерал-маёр, Ганаровы грамадзянін Магілёва. Ураджэнец в. Амінавічы Асіповіцкага раёна. Адзін з кіраўнікоў савецкага партызанскага руху ў Магілёўскай вобласці, камандзір 1-й Асіповіцкай партызанскай брыгады, Асіповіцкай ваенна-аператыўнай групы.

Працаваў старшынёй Магілёўскага гарвыканкама (1944–1953), першым сакратаром Хоцімскага райкама КПБ (1953–1957).

У Магілёве яго імем названы мост праз Дняпро. На доме па магілёўскай вуліцы Першамайская, 67, дзе ён жыў, устаноўлены дзве мемарыяльныя шыльды, у в.  Амінавічы – бюст. Вуліцы ў яго гонар носяць у Магілёве, Асіповічах, Хоцімску, у вёсках Масток Магілёўскага і Вярхі Асіповіцкага раёнаў. У СШ № 33 Магілёва ладзіцца турнір па вольнай барацьбе яго памяці.

Мікалай Каралёў

2016 год. Памёр Зміцер Саўка (1965–2016).

Беларускі мовазнавец.

Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Браў удзел у моладзевым грамадскім аб’яднанні «Беларуская Майстроўня» (1979–1984).

Выкладаў у Мінскім педагагічным інстытуце замежных моў, працаваў на “Белсат”.

Па запрашэнні Вітаўта Кіпеля вучыўся ў ЗША, занатоўваў успаміны амерыканскіх беларусаў. Аўтар і суаўтар прац «Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія», «Беларуская цывілізацыя ў Амэрыцы», «Беларускі клясычны правапіс».

Адзін з яго дзядоў паходзіў са Свіслачы Асіповіцкага раёна.

Зміцер Саўка