Краіны-ізгоі ўмацоўваюць супрацоўніцтва: навошта Расіі новае пасольства ў Магілёве

Адкрыццё аддзялення пасольства Расійскай Федэрацыі ў Магілёве ўлады Беларусі і Расіі падаюць як чарговы крок да развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва і зручнасці для грамадзян. Аднак за афіцыйнымі фармулёўкамі пра «дыпламатыю ў крокавай даступнасці» хаваецца больш шырокі палітычны кантэкст: далейшае збліжэнне дзвюх дзяржаў, якія пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны апынуліся ў міжнароднай ізаляцыі і пад маштабнымі санкцыямі заходніх краін.

Пра планы адкрыць аддзяленне расійскага пасольства ў Магілёве было абвешчана падчас сустрэчы старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі з дарадцам-пасланнікам пасольства Расіі ў Беларусі Уладзімірам Ваньке.

Магілёўскі “губернатар” паабяцаў Ваньцы асабняк на Ленінскай.

Афіцыйная версія выглядае цалкам бяскрыўдна. Расійскія дыпламаты сцвярджаюць, што жыхарам рэгіёна будзе прасцей атрымліваць консульскія паслугі, а грамадзянам Расіі – вырашаць пытанні, звязаныя з дакументамі, рэгістрацыяй і юрыдычнай падтрымкай. Акрамя таго, чакаецца развіццё эканамічных, культурных і турыстычных кантактаў.

Аднак узнікае пытанне: чаму неабходнасць адкрыцця аддзялення пасольства ўзнікла менавіта цяпер?

Яшчэ некалькі гадоў таму Расія выдатна абыходзілася без дыпламатычных прадстаўніцтваў па-за межамі Мінска. Беларусь таксама не адчувала патрэбы ў дадатковай расійскай дыпламатычнай прысутнасці ў рэгіёнах. Але сітуацыя змянілася пасля 2020 года, калі рэжым Аляксандра Лукашэнкі апынуўся ў міжнароднай ізаляцыі ў выніку масавых рэпрэсій супраць палітычных апанентаў і грамадзянскай супольнасці.

Пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну залежнасць Мінска ад Масквы ўзмацнілася. Беларусь прадаставіла сваю тэрыторыю для нападу расійскіх войскаў і выкарыстання ваеннай інфраструктуры. У выніку абедзве краіны апынуліся ў адным геапалітычным лагеры, супрацьпастаўленым Еўрапейскаму саюзу, ЗША і большасці дэмакратычных дзяржаў свету.

На гэтым фоне адкрыццё новых дыпламатычных аб’ектаў выглядае не столькі клопатам пра грамадзян, колькі чарговым сімвалам паглыблення інтэграцыі двух аўтарытарных рэжымаў.

Значная частка знешняга гандлю вобласці звязана з расійскімі рынкамі. Паводле слоў Анатоля Ісачанкі, гандлёвымі партнёрамі рэгіёна з’яўляюцца 78 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі, а пагадненні аб супрацоўніцтве падпісаны з 29 расійскімі рэгіёнамі.

У апошнія гады Расія актыўна пашырае сваю прысутнасць у Беларусі. Гаворка ідзе не толькі пра эканоміку, але і пра адукацыйныя, культурныя і інфармацыйныя праекты. Ствараюцца новыя пляцоўкі для прасоўвання расійскай дзяржаўнай палітыкі і ідэалогіі.

Таму адкрыццё аддзялення пасольства можа мець значэнне, якое выходзіць далёка за межы выдачы даведак і кансультацый. Дыпламатычныя структуры традыцыйна выконваюць не толькі консульскія функцыі, але і займаюцца пытаннямі гуманітарнага супрацоўніцтва, грамадскай дыпламатыі, узаемадзеяння з мясцовымі арганізацыямі і фарміравання спрыяльнага інфармацыйнага фону.

Ва ўмовах, калі Беларусь імкліва губляе самастойнасць у знешняй палітыцы, любое пашырэнне расійскай прысутнасці непазбежна выклікае пытанні пра захаванне суверэнітэту краіны.

Адкрыццё расійскага дыпламатычнага аддзялення ў Магілёве само па сабе можа падацца нязначнай падзеяй. Але ў сукупнасці з іншымі працэсамі яно выглядае чарговым элементам паступовага ўзмацнення расійскага ўплыву ў Беларусі.

Паказальна, што гаворка ідзе менавіта пра Магілёў – рэгіён, які традыцыйна лічыцца адным з найбольш расіяцэнтрычных і, як вынік, самым адсталым у краіне.

Фота БелТА.

Расійскі рэцыдывіст паскардзіўся на пасла – ні разу не наведаў яго ў магілёўскай турме

Грамадзянін Расіі Дзмітрый Лукінскі – фігура для постсавецкай крымінальнай хронікі амаль культавая: прафесійны злодзей-гастролёр з шасцю непагашанымі судзімасцямі і статусам рэцыдывіста.

Дзве апошнія «адзнакі» ў яго біяграфіі пакінула Беларусь, дзе ён адбываў тэрмін у магілёўскай выпраўленча-працоўнай калоніі №15.

Нядаўна Дзмітрыя па яго ўласнай просьбе этапавалі ў Расію, дзе ён адразу даў зразумець, што мяняць звычкі не мае намеру. Толькі цяпер аб’ектам яго актыўнасці сталі не чужыя рэчы, а дыпламатычная сістэма.

Паслужны спіс: ад Піцера да Волагды

Лукінскі – тыповы «гастралёр». Геаграфія яго «працы» ўражвае: Санкт-Пецярбург, Яраслаўская, Тамбоўская і Валагодская вобласці.

Дзмітрый краў выключна пакінутыя без нагляду рэчы. Сумкі на крэслах, кашалькі з наяўнымі грашыма і банкаўскімі карткамі, тэлефоны на століках – усё, што гаспадары на хвіліну пакінулі.

Асаблівы бонус Лукінскі атрымліваў у тых выпадках, калі ахвяры аказваліся ўдвая больш бесклапотнымі: пін-коды ад картак нярэдка знаходзіліся тут жа – на паперках у кашальку або запісаныя на корпусе самога тэлефона. Далейшае было ўжо справай тэхнікі.

Месцы «палявання» злодзей таксама выбіраў невыпадкова – там, дзе людзі звычайна расслабленыя і занятыя сваімі справамі: бальніцы і паліклінікі, навучальныя ўстановы, гандлёвыя цэнтры. Часам – бібліятэкі.

Дзмітрыю не надта шанцуе: яго пастаянна ловяць. Шэсць непагашаных судзімасцяў гавораць самі за сябе.

Этап на Радзіму – і адразу скарга

Напрыканцы мінулага года Лукінскі выказаў жаданне даседжваць беларускі тэрмін у Расіі. Просьбу задаволілі: рэцыдывіста этапавалі ў Архангельскую вобласць, дзе ён трапіў у мясцовы СІЗА. І вось тут прафесійны злодзей выявіў у сабе яшчэ адзін талент – суцяжніцтва.

Ледзь уладкаваўшыся ў архангельскім ізалятары, Лукінскі напісаў скаргу ў Пасольства Расіі ў Беларусі. Сутнасць прэтэнзіі: за ўвесь час адбыцця пакарання ў магілёўскай ВПК-15 яго так і не наведаў расійскі консул. На гэтай падставе асуджаны запатрабаваў кампенсацыю маральнай шкоды.

Суд скаргу вярнуў – але гэта не фінал

Справу нядаўна разгледзеў Няндомскі гарадскі суд Архангельскай вобласці. Сума кампенсацыі ў матэрыялах наўпрост не называецца, але, мяркуючы па тым, наколькі настойліва пазоўнік дамагаецца яе спагнання менавіта з дыпламатычнага ведамства, апетыты ў яго неслабыя.

Аднак суд скаргу вярнуў заяўніку – па сугуба фармальнай прычыне: на тэрыторыі, падведамаснай Няндомскаму суду, прадстаўніцтва Пасольства Расіі ў Беларусі, зразумелая справа, няма. А Дзмітрый скардзіцца менавіта на расійскага пасла.

Лукінскаму рэкамендавалі звярнуцца ў больш кампетэнтную інстанцыю. І ён, вядома ж, гэта зробіць. І адказаць яму абавязаны: які-ніякі, а грамадзянін.

Фота ілюстрацыйнага характару.