Дзень у гісторыі. 27 студзеня. Дзень памяці ахвяр Халакоста. Перамога над татарамі на Альшаніцы. Першая пастаноўка “Паўлінкі”. Абрушэнне даху школы ў Краснаполлі

Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста (International Holocaust Remembrance Day, з 2005 года)

Устаноўлены Генеральнай Асамблеі ААН і прымеркаваны да гадавіны вызвалення канцлагера  Асвенцым у 1945 годзе. 

Прысвечаны трагедыі Халакоста, якая адбылася падчас Другой сусветнай вайны і якая прывяла да гібелі 6 мільёнаў яўрэяў ад рук нацысцкага рэжыму.

Біблейскае слова «Халакост» азначае «усеспаленне» або «ахвяра ўсеспалення». Пад гэтым тэрмінам разумеюць масавае знішчэнне розных сацыяльных і этнічных груп падчас існавання нацысцкай Германіі, жахлівую спробу нацыстаў цалкам вынішчыць габрэйскі народ.

Габрэі Магілёва, 1941 год.

1527 год. Перамога войска ВКЛ на чале з Канстанцінам Астрожскім над войскам крымскіх татараў у бітве на рацэ Альшаніцы. 

На прытоку Дняпра Альшаніцы, паміж Каневам і Кіевам, 7 000 коннікаў вялікага гетмана К. Астрожскага, палявога гетмана Я. Радзівіла, князёў Юрыя Сямёнавіча Слуцкага, Андрэя Неміровіча, Івана і Аляксандра Вішнявецкіх і іншыя дагналі войска татар у 24 000 чалавек на чале з царэвічам Малаем, разбілі іх і вызвалілі 80 000 палонных, вярнулі нарабаваную маёмасць. 

Малай узяты ў палон, а потым забіты. 

Пасля гэтага Крымскае ханства спыніла значныя набегі на землі ВКЛ.

1880 год. Амерыканскі вынаходнік  Томас Эдысан запатэнтаваў электрычную лямпачку. 

Эдысан неяк заявіў: «Мы зробім электрычнасць гэтакай таннай, што толькі багатыя будуць паліць свечкі». 

Ягоная з Дж. П. Морганам кампанія Edison Electric Light да канца 1883 года выпускала 3/4 лямпаў напальвання ў ЗША. Каб заваяваць рынак, Эдысан усталяваў продажную цану лямпачкі 40 цэнтаў пры яе сабекошце 110 цэнтаў. 

Чатыры гады Эдысан павялічваў выпуск лямпачак, зніжаючы іх сабекошт, аднак трываў страты. Калі сабекошт лямпы зваліўся да 22 цэнтаў, а іх выпуск вырас да 1 мільёна штук, ён за адзін год пакрыў усе выдаткі. 

У 1892 годзе кампанія Эдысана з’ядналася з іншымі кампаніямі ў General Electric.

Эдысан атрымаў у ЗША 1093 патэнты і каля 3 тысяч у іншых краінах. Удасканаліў тэлеграф, тэлефон, кінаапаратуру, пабудаваў першыя электравозы, вынайшаў фанограф, прапанаваў выкарыстоўваць у пачатку тэлефоннай гутаркі слова «алё».

1904 год. Нарадзіўся Іван Чымбург. 

Беларускі філосаф, кандыдат філасофскіх навук. Рэктар БДУ.

Скончыў Слуцкую беларускую гтімназію, Саратаўскі ўніверсітэт. Працаваў выкладчыкам у Варонежы, БДУ.

Пасля дэмабілізацыі ў 1944 годзе працаваў загадчыкам кафедры марксізму-ленінізму БДУ, дырэктарам Інстытута гісторыі партыі ЦК КП(б)Б, рэктарам БДУ (1949-1952).

Пры яго рэктарстве была зачынена кафедра гісторыі БССР, адбылося аб’яднанне біялагічнага і хімічнага факультэтаў, некаторых кафедр, пераўтварэнне геаграфічнага факультэта ў геолага-геаграфічны, былі ўтвораны кафедры філасофіі і логікі (яе і ўзначаліў), эксперыментальнай фізікі, глебазнаўства, наладжана праца аспірантуры, навуковых экспедыцый, студэнцкміх навуковых таварыстваў.

У 1952-1970 гадах працаваў у Інстытуце філісофіі і права АН БССР, у Беларускім політэхнічным інстытуце, Мінскім педінстытуце.

Памёр у 1978 годзе.

1913 год. Адбылася першая пастаноўка знакамітай камедыі Янкі Купалы «Паўлінка». 

Была пастаўлена рэжысёрам  А.  Бурбісам у віленскім рабочым клубе «Сокал» сіламі Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў прысутнасці Купалы. 

Выканаўцай ролі Паўлінкі стала Соф’я Маркевіч (Маркевічанка).

На спектакль 1 лютага станоўча адгукнулася газета «Наша ніва».

1935 год. Нарадзіўся Зіновій Бабій. 

Беларускі оперны спявак, акцёр. Народны артыст. Пры жыцці яго называлі «Беларускі Арфей» або «Наш Каруза».

Вучыўся ў Кіеўскай і Беларускай кансерваторыях, працаваў у оперных тэатрах Кіева, Львова, у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі.

Характару голасу і артыстычнай індывідуальнасці спевака ў найбольшай ступені адпавядалі партыі драматычнага плана.

Талент і майстэрскае валоданне голасам дазволілі артысту ствараць непаўторныя вобразы на сцэне, у тым ліку, у класічных операх – Фаўст («Фаўст» Ш. Гуно), Хазэ («Кармэн» Ж. Бізэ), Каніо («Паяцы» Р. Леанкавала), у творах рускіх кампазітараў – Герман («Пікавая дама» П. Чайкоўскага), Арэст («Арэстэя» С. Танеева), у операх нацыянальнага рэпертуару – Сяргей («Алеся» Я. Цікоцкага).

Меў вялікі канцэртны рэпертуар, які ўключаў 18 сольных праграм з твораў розных эпох і стыляў.

Гастраляваў у Балгарыі, Венгрыі, ГДР, Польшчы, Францыі, Канадзе.

Памёр 27 ліпеня 1984 года ў Мінску. 

1938 год. Расстраляны НКУС Уладзімір Беняшэвіч. 

Гісторык царквы, візантыст, акадэмік Берлінскай, Мюнхенскай і Страсбургскай акадэмій навук.

Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, слухаў лекцыі ў Лейпцыгскім, Берлінскім, Гайдэльбергскім універсітэтах. 

Працаваў прафесарам Пецярбургскага / Ленінградскага ўніверсітэта, галоўным бібліятэкарам аддзела рукапісаў Публічнай бібліятэкі, рэдактарам перыёдыкаў “Памятники древнерусского канонического права”, “Обзор трудов по славяноведению, 1908-1913”.

Склаў бібліяграфію па гісторыі, этнаграфіі, мовазнаўстве, літаратуры Беларусі. 

Арыштоўваўся ДПУ ў 1929, 1931 гадах, асуджаны да лагераў. 

Дзякуючы хадайніцтву А. Эйнштэйна, Ф. Нансена і У. Бонч-Бруевіча вызвалены ў 1933 годзе.

27 лістапада 1937 года зноў арыштаваны. Расстраляны разам з двума сынамі і братам.

1955 год. У Магілёве нарадзіўся Аляксандр Саковіч. 

Беларускі пратэстанцкі святар, пастар заснаванай ім поўнаевангельскай царквы «Слова веры».

З 1970-х гадоў у Мінску займаўся падпольным распаўсюджаннем хрысціянскай літаратуры. 

Кіраваў Рэлігійным аб’яднаннем супольнасцяў хрысціян поўнага Эвангелля ў Рэспубліцы Беларусь (РАСХПЭ), ініцыяваў адкрыццё Біблейскага каледжа РАСХПЭ.

З’ехаў на лячэнне ў Дзюсельдорф, дзе і памёр 19 сакавіка 2015 года.

1973 год. Нарадзіўся Валянцін Бялькевіч. 

Беларускі футбаліст. 

У 1991-1996 выступаў за «Дынама (Мінск)». У 1995 быў прызнаны найлепшым футбалістам Беларусі.

У 1996 перайшоў у «Дынама (Кіеў)». Менавіта ён арганізоўваў ільвіную долю імклівых і паражальных контратак, якія сталі фірмовым стылем «Дынама» канца 1990-х. У 2001 прызнаны найлепшым гульцом украінскага чэмпіянату.

Да кастрычніка 2005 года уваходзіў у нацыянальную зборную Беларусі, за якую згуляў 56 матчаў, забіў 10 галоў, быў адным з лідараў у кваліфікацыі да чэмпіянату свету ФІФА 2002 года.

У 2008 годзе атрымаў украінскае грамадзянства.

«Мозг» каманды, прыроджаны плэймейкер, «дырыжор» гульні, які здольны адной вострай перадачай вырашыць лёс матчу. Вельмі тэхнічны і элегантны футбаліст, ад гульні якога заўзятары атрымлівалі велічэзнае эстэтычнае задавальненне. Майстар звышдакладных перадач, футбаліст, які «гуляе» галавой і цудоўна «бачыць» поле.

Адрозніваўся джэнтэльменскімі паводзінамі на полі. Абіраўся капітанам і віцэ-капітанам каманды.

Памёр 1 жніўня 2014 года ў Кіеве.

2004 год. У выніку абрушвання даху ў школе ў Краснаполле загінула 4 чалавекі. 

Трагедыя адбылася а 10:28 раніцы ў спартыўнай зале СШ №1 у  Краснаполлі: абрынулася сцяна, а за ёй і столь. Падчас трагедыі ў зале знаходзілася каля 40 чалавек. Загінуў настаўнік П. Любашэнка і трое вучняў.

Дах мог накрыць 250 чалавек.

Трохпавярховая школа была адкрыта ў 2002 годзе. Будаўніцтва было пачата ў 1988 годзе, але закансервавана на 11 гадоў з-за недахопу грошай.

На думку спецыялістаў, трагедыя можа быць вынікам памылкі праекціроўшчыкаў ці тых, хто праводзіў паўторную экспертызу будынка пасля кансервацыі.

Разбор даху школы ў Краснаполлі, 2004 год.

2003 год. Памерла Ніна Абрамчык (Ляўковіч). 

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, пісьменніца, паэтка, фалькларыстка.

Была членам Беларускага студэнцкага саюза ў Вільні, настаўнічала на Пружаншчыне.

З 1941 года жыла ў Берліне, дзе пабралася шлюбам з Міколам Абрамчыкам, будучым Прэзідэнтам Рады БНР, потым у Парыжы. 

Працавала ў газеце «Раніца» і Беларускім камітэце самапомачы, старшынёй Аб’яднання беларускіх жанчын у Францыі, у парыжскім Музеі чалавека. Удзельнічала ў міжнародным кангрэсе «Мацярынскае жыццё», арганізаваным у 1947 годзе Жаночым грамадзянскім і сацыяльным хаўрусам.

У Германіі выдала «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Ад родных ніў» Л. Геніюш, апрацавала і выдала ў 1942-1943 гадах кнігі «Беларусь у песнях», «Гісторыя Беларусі ў картах», «Калядныя песні», «Пад гоман вясёлы»

Аўтар вершаў, апавяданняў, даследаванняў па фалькларыстыцы і этналогіі, па гісторыі і значэнні колераў у беларускай культуры «Couleurs de Biélorussie (Belarus)» (Колеры Беларусі).

Пахавана ў Парыжы на могілках Пэр-Ляшэз каля свайго мужа.

Дзень у гісторыі. 19 снежня. Мікола зімовы. Першая згадка пра казакаў. Нарадзіліся Леанід Брэжнеў, Валянціна Лемцюгова. Чацвёртыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі

Міжнародны дзень дапамогі бедным (International Day to Assist the Poor, з 1995 года). 

Устаноўлены ААН. Амаль кожны чацвёрты жыхар Зямлі цягне жабрацкае існаванне. У сувязі з гэтым ААН прынята некалькі праграм, якія ставяць за мэту выкараненне галечы.

Першыя праграмы па ліквідацыі галечы пачалі дзейнічаць у пачатку 2000 года, аднак пакуль колькасць тых, хто жыве за рысай беднасці, не змяншаецца.

ААН разглядае беднасць як “стан працяглай вымушанай адсутнасці неабходных рэсурсаў для забеспячэння здавальняючага ладу жыцця”. Беднасць азначае не толькі недахоп грошай, але і адсутнасць годнай працы, зручнага жылля, доступу да добрай адукацыі і аховы здароўя. Праблема беднасці актуальная і для Беларусі – самай беднай краіны Еўропы, разам з Малдовай і Украінай, у якой ідзе вайна, але гэта не прызнаецца тут на афіцыйным узроўні.

Памагаты сіратам і бедным – Святы Мікалай.

Мікола зімовы (праваслаўны каляндар)

«Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета». «Да Міколы няма зімы ніколі». Праўда, надвор’е не заўсёды слухалася ўлюбёнага народам святога, таму казалі яшчэ і так: «Ніводнаму Міколу ня вер ніколі».

На Беларусі Мікола самы любімы і народны святы: Мікалай Цудатворац, Мікалай Угоднік, Свяціцель Мікалай.  

Мікалай шанаваўся як хуткі памагаты маракам, падарожнікам, купцам, несправядліва асуджаным і дзецям. На Захадзе Святы Мікалай  трансфармаваўся ў Санта-Клаўса.

Дзень святога Мікалая – свята, якое з нецярпеннем чакаюць дзеці, бо ў ноч з 18 на 19 снежня яны абавязкова знойдуць пад падушкай салодкія падарункі, доўгачаканую цацку, адзенне, гульню, білет на забаўляльнае мерапрыемства, кнігу.

Здаўна лічылася, што пасля 19 снежня пачынаюцца моцныя маразы. У гэты дзень абавязкова трэба запальць свечку на добры ўраджай у наступным годзе, памаліцца аб здароўі дзяцей, дапамозе ў дарозе і падарожжы, дабрабыце, дапамозе сіротам і бедным, вылячэнні ад хвароб.

Гаспадыні пяклі пірагі, накрывалі святочныя сталы і запрашалі суседзяў у госці, каб разам адзначаць свята.

Галоўнае ў Дзень Мікалая неабходна быць у добрым здароўі і добрым настроі, ні ў якім разе не лаяцца, а толькі цешыцца і дзякаваць святому за тое, што адбываецца ў вашым жыцці.

1492 год. У лісце літоўскага князя Аляксандра крымскаму хану Менглі Гірэю ўпершыню змяшчаецца пісьмовая згадка аб казаках.

Казакоў як асобны субэтнас вылучаў Леў Гумілёў. У склад казакоў у бытнасць іх саслоўем уваходзілі і групы беларусаў, паўднёвых славян, грэкаў, асецін, татараў, мардвы-эрзя, башкір, калмыкаў, бурат і іншых народаў – у Расійскай імперыі ўсе прадстаўнікі сярэднявечных воінскіх саслоўяў залічваліся ў казакі. У выпадку з беларусамі гэта былі служылых сяляне – панцырныя баяры і інш.

Упершыню слова «казак» у значэнні «вартаўнік» сустракаецца ў перакладным слоўніку куманскай (старакыпчацкай) мовы ў 1303 годзе.

Казак: 1) цюркскае, «вольны качэўнік, вольны чалавек, валацуга», той жа этымалогіі, што і этнонім казах. 2) мангольскае: “ко/ка” – “браня” і “зах” – “рубеж”. Ва Ўсходняй Еўропе да канца XVIII стагоддзя мелі назву таксама чаркасы.

Рускі ўрад часта выкарыстоўваў казакоў для сваіх мэт супраць ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Напрыклад, у 1654 годзе рускія даручылі магілёўскаму шляхціцу К. Паклонскаму стварыць беларускі казацкі полк у Радамскім замку з беларускай шляхты, гараджан і сялян Магілёўскага, Мсціслаўскага і Чавускага паветаў (каля 6 000 чалавек). Палкоўнік Паклонскі па ўзяцці Магілёва абрабаваў яго, зншчыў амаль усё габрэйскае насельніцтва. Па легендзе, удалося выратавацца толькі адной пары, ад якой і працягнулася яўрэйскае насельніцтва горада. А самы першы ў гісторыі габрэйскі пагром у Магілёве зладзілі казакі С. Налівайкі ў 1595 годзе.

1906 год. Нарадзіўся Леанід Брэжнеў. 

Кіраўнік СССР (1964-1982), Генеральны Сакратар КПСС (1966-1982) і Старшыня Прэзідыуму Вярхоўнага Савета СССР (1960-1964, 1977-1982).

Чатырохразовы Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Парада Перамогі. Маршал Савецкага Саюза.

Меў 117 савецкіх і замежных узнагарод, у тым ліку вышэйшага ваеннага ордэна “Перамога” (за подпісам Старшыні Вярхоўнага Савета М. Гарбачова).

Пасля сканчэння Курскага земляўпарадкавальна-меліяратыўнага тэхнікума (1927), працаваў у Коханаўскім раёне Аршанскай акругі (зараз – в. Багданаўка Талачынскага раёна).

Памёр 10 лістапада 1982 года.

1906 год. У Клімавічах нарадзіўся Мікалай Клаўс. 

Беларускі  дырыжор, кампазітар і піяніст.

Падчас вучобы ў музычным тіэхнікуме займаўся ледзь не па 24 гадзіны ў суткі. Як піяніст-канцартмайстар быў запрошаны ў беларускую оперную студыю, працаваў са спеваком, зоркай Вялікага імператарскага тэатра А. Баначычам, з заснавальнікам опернага тэатра І. Гітгарцам, зрабіў запісы на грампласцінкі з цымбалістам І. Жыновічам.

У 1939-1941 гадах з’яўляўся галоўным дырыжорам сімфанічнага аркестра Усебеларускага радыёкамітэта. Пад яго кіраўніцтвам ставіліся і агучваліся ў жывым эфіры буйнейшыя музыкальна-сцэнічныя творы.

Еўрапейскай знакамітасцю яго зрабіла аўтарства музыкі да першай дзіцячай оперы па казцы Г. Андэрсена «Салавей». 

У вайну не здолеў эвакуіравацца з Мінска і працаваў дырыжорам сімфанічнага аркестра гарадскога тэатра, паставіў оперы «Вяселле Фігара», «Кармэн», «Севільскі цырульнік», «Цыганскі барон». Ратаваў яўрэяў з гета, прыкрываў аркестрантаў, якія былі звязаны з падполлем.

У 1948 годзе быў арыштаваны, прыгавораны  да расстрэлу, які заменены на 25 год лагераў. У лагеры сачыняў музыку, аднавіў па памяці шматлікія творы, партытуру оперы Лысенкі «Наталка-полтавка» і сіламі зняволеных у 1950 годзе паставіў яе.

Пасля вызвалення працаваў у Рэспубліцы Комі галоўным дырыжорам тэатра, потым 30 год працаваў канцэртмайстрам ў калужскай філармоніі. Пад канец жыцця канчаткова аслеп.

Памёр ў 2001 годзе.

1934 год. Нарадзіўся Аляксей Мікуліч. 

Беларускі антраполаг. Доктар біялагічных навук

Скончыў Мінскі медыцынскі інстытут. Працаваў у Міністэрстве сацыяльнага забеспячэння БССР, Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі.

Вывучаў заканамернасць зменлівасці генетыка-антрапалагічных і адаптыўных тыпаў, генадэмаграфічных працэсаў сярод насельніцтва Беларусі і сумежных тэрыторый.

Адзін з аўтараў прац «Нарысы па антрапалогіі Беларусі», «Антрапалогія Беларускага Палесся», «Біялагічнае і сацыяльнае у фарміраванні антрапалагічных асаблівасцяў», «Спадчынныя і сацыяльна-гігіенічныя фактары даўгалецця».

Аўтар працы “Беларусы ў генетычнай прасторы. Антрапалогія этнасу” (2005).

Памёр 12 студзеня 2021 года.

1935 год. Нарадзілася Валянціна Лемцюгова. 

Беларуская мовазнаўца. Доктар філалагічных навук, прафесар. Выхоўвалася на Чавушчыне.

Працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР, старшынёй Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі, членам Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Беларусі,  анамастычнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў. Узначальвала анамастычную школу ў Беларусі.

Абаронца беларускай тапанімікі, адстойвала артыкул у Законе аб геаграфічных назвах, згодна з якім спачатку назва даецца на беларускай мове, а таксама традыцыйную беларускую лацінку, супраць якой (транслітэрацыя) стаў выступаць адзін магілёўскі чыноўнік у снежні гэтага года.

Аўтар манаграфіі «Беларуская айканімія», у якой даследавала працэс узнікненьня і эвалюцыйнага развіцьця беларускіх назваў населеных пунктаў (4 тысячы айконімаў), «Усходнеславянская айканімія апэлятыўнага паходжання». Пад яе кіраўніцтвам, удзеле створаны «Спіс населеных месцаў Расейскай імпэрыі» (44 тамы), «Беларуская граматыка», «Лексікалогія сучаснай беларускай мовы», «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас», «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», нарматыўны даведнік «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у 6 кнігах па абласцях і іншыя.

Памерла 3 сакавіка 2018 года.

1989 год. Памёр Кірыл Мазураў. 

Беларускі савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч. Першы сакратар ЦК КПБ (1956-1965), Першы намеснік Старшыні Савета Міністраў СССР (1965-1978). Герой сацыялістычнай працы.

Стваральнік камсамольскага падполля на тэрыторыі Беларусі падчас вайны, удзельнік партызанскуга руху.

Пасля вайны ўзначальваў ЦК ЛКСМБ, працаваў першым сакратаром Мінскага гаркама, абкама партыі.

Пасля смерці Сталіна быў старшынёй Савета міністраў БССР (1953-1956).

З імем Мазурава звязаны шматлікія поспехі беларускага народу ў развіцці эканомікі, навукі і культуры, рэабілітацыя рэпрэсаваных. Стаў праваабаронцай незаслужана абгавораных падпольшчыкаў. Былі пабудаваны Наваполацкія нафтаперапрацоўчы завод і хімкамбінат «Палімір». Намагаўся аднавіць беларусізацыю.

У гонар Мазурава усталяваны мемарыяльныя шыльды ў Мінску (К. Маркса, 36), названы вуліцы ў Мінску і Гомеле.

Фота: Мурал у Гомеле

2008 год. Памерла Ніна Мацяш. 

Беларуская паэтэса і перакладчыца

Працавала выкладчыцай нямецкай мовы ў Белаазёрску.

Аўтар вершаў, паэм, зборнікаў паэзіі і казак, п’ес для тэатра лялек «Прыгоды трох парасят» (пастаўлена ў 1976), «Крок у бессмяротнасць» (пастаўлена ў 1977), тэлесцэнараў пра творчасць В. Бялыніцкага-Бірулі, Р. Кента.

Перакладала з нямецкай, польскай, французскай.

Лаўрэат Літаратурных прэмій імя А. Куляшова, імя У. Калесніка, прэміі Усебеларускага фестывалю моладзі

2010 год. Чацвёртыя Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Жорсткі разгон акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый. 

На  выбары былі высунуты 19 кандыдатаў, удзельнічала 10, у тым ліку Р. Кастусёў, У. Няклаеў, А. Саннікаў, М. Статкевіч – найбольшая колькасць кандыдатаў за ўсю гісторыю беларускіх выбараў.

Пасля агалошання папярэдніх вынікаў (паводле афіцыйных крыніц перамог А. Лукашэнка з 83% галасоў, паводле расійскага Агенцтва эфектыўных камунікацый «Inside» за Лукашэнку прагаласавалі 37,8%) прыхільнікі апазіцыйных кандыдатаў сабраліся на мітынг на плошчы Незалежнасці. 

Пасля нападаў і збівання мітынгоўцаў міліцыяй, большасць удзельнікаў пакінула плошчу. Каля 5 тысяч з іх засталіся, разам з Саннікавым і Рымашэўскім. Апоўначы і яны былі разагнаны сілавікамі. 

Былі затрыманы Кастусёў, Міхалевіч, Някляеў, Рымашэўскі, Саннікаў, Статкевіч, Вус і іншыя – усяго 639 асоб. 

Былі асуджаныя кандыдаты ў прэзідэнты У. Някляеў, А. Саннікаў, М. Статкевіч, Дз. Вус, В. Рымашэўскі да пазбаўлення волі на розныя тэрміны ад 2 да 6 гадоў.

Фота: Мінск, 19 снежня 2010

У Керчы адначасова нельга і можна будзе запускаць навагоднія феерверкі

Кіраўнік Крыма Сяргей Аксёнаў дазволіў запускаць феерверкі ў навагоднюю ноч. Дзяржаўных святочных салютаў у навагоднюю ноч у Крыме і Керчы не плануецца, але прыватныя асобы змогуць запускаць феерверкі –  перадае яго словы Керчь.ФМ. 

Адначасова, прынятым у верасні Указам № 214-У Аксёнаў забараніў запуск феерверкаў на тэрыторыі Крыма ўсім фізічным і юрыдычным асобам. Пасля выступу акупацыйнага кіраўніка Крыма якіх-небудзь змен у забараняльным указе не было.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці 

Керч – з 1988 года горад-пабрацім Магілёва. Заснаваны ў 610-590 гг. да нашай эры грэцкімі каланістамі з Мілета. У розныя эпохі горада называўся Панцікапей, Чаркіа, Воспора, Корчаў, Баспор. У 480 г. да н.э. Пантыкапей стаў сталіцай Баспорскай дзяржавы. сця. Знаходзіўся пад уладай Усходняй Рымскай (Візантыйскай) Імперыі  ў VI і ў XI -XII стагоддзях, у VIII стагоддзі патрапіў у сферу ўплыву Хазарскага каганата. У канцы X-XI стагоддзях уваходзіла ў склад рускага Тмутараканскага княства. У 1318 годзе горад увайшоў у склад Генуэзскіх калоній. У 1475-1774 у Асманскай, у 1774-1917 – у Расійскай імперыі, у 1917-1954 гадах у складзе РСФСР, у 1954-2014 – у складзе Украіны. У 2014 годзе Крым анэксаваны Расіяй. Сучаснае насельніцтва горада 155 тысяч чалавек.

Расійскія вайскоўцы пачалі капаць акопы ў паўночнай частцы Крыма

У сетцы былі апублікаваныя спадарожнікавыя здымкі, на якіх бачны новыя лініі расійскай абароны ў паўночнай частцы часова акупаванага украінскага Крыма.

Пра гэта паведамляе OSINT-спецыяліст Бенджамін Пітэт у сваім Twitter.

“Думаю, гэтая тэма вас здзівіць. Расія рые новыя акопы на поўначы Крыма” – напісаў ён.

Аўтар паведамлення дадае, што рускія акупанты рыхтуюць акопы і каля кантрольна-прапускнога пункта “Чангар” паміж Херсонскай вобласцю і паўвостравам. Таксама іх знайшлі і ў раёне Армянска, які знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы Крыма.

Паводле слоў Пітэта, акупанты ўзводзяць абарончыя пазіцыі па ўсёй паўночнай частцы Крыма. 

Фота: novosti-n.org

Керч – каменяломні рыхтуюць пад бамбасховішчы. З’явіўся вайсковы гарадок Расгвардыі, мантаж пралётаў Крымскага маста завершаць да 20 снежня

Мантаж новых пралётаў на правым баку Крымскага моста, які быў часткова выведзены з экслуатацыі пасля выбуху 8 кастрычніка, плануюць пачаць 5-10 лістапада, і завяршыць да 20 снежня, паведамляюць керчанскія СМІ. 


Пішам, як агрэсіўныя дзеянні Расіі, вайна ва Ўкраіне ўплываюць на жыццё гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


Ад выбуху на Крымскім мосце пацярпелі абедзве паласы аўтадарогі. Замену чатырох пралётаў левага боку, па якіх зараз рухаецца транспарт, пачнуць пасля таго, як адновяць пралёты правага боку, якія абваліліся ў ваду і былі зрушаныі. 

«Запусціць рух па абодвух палосах правага боку маста плануем 5 снежня па адной паласе, 20 снежня – цалкам і па іншай. Далей прыступім да прац па разборцы пралётаў левага, меней пацярпелага боку маста. І плануем яе таксама завяршыць да 30 сакавіка» – праінфармаваў віцэ-прэм’ер Расіі Марат Хуснулін.

Усяго выраблена і пастаўлена 1 218 тон металаканструкцый з заводаў Цюмені, Варонежа, Кургана. З іх 925 тон ужо змантавана ў выглядзе пралётных вырабаў.

Вайсковы гарадок Расгвардыі.

У Керчы для Расгвардыі па Індустрыяльнай шашы выгналі ўжо 4 паверхі скрынкі дома для гвардзейцаў.  У лютым 2022 года там было яшчэ голае поле, а цяпер вымалёўваюцца контуры будучага вайсковага гарадка з жылымі дамамі, клубам і ўласным памяшканнем ФСБ.

Каменяломні  пад бамбасховішча

У Керчы правяраюць скляпы жылых дамоў на прадмет магчымасці хованкі, інспектуюць станы ацалелых бамбасховішчаў. Супрацоўнікі музейнага комплексу Аджымушкайскіх каменяломняў не выключаюць магчымасць выкарыстання іх у якасці хованкі, бамбасховішча.

Аджымушкайскія каменяломні з мая да канца кастрычніка 1942 года былі месцам супраціву нямецкім войскам, а да 1943 года – хованкай для тысяч мірных жыхароў.  Даўжыня раскапаных хадоў цэнтральных каменяломняў складае больш за 8 км. Невялікую іх частку займае «Музей гісторыі абороны Аджымушкайскіх каменяломняў».

kerch.fm


Керч – з 1988 года горад-пабрацім Магілёва. Заснаваны ў 610-590 гг. да нашай эры грэцкімі каланістамі з Мілета. У розныя эпохі горад называўся Панцікапей, Чаркіа, Воспора, Корчаў, Баспор. У 480 г. да н.э. Пантыкапей стаў сталіцай Баспорскай дзяржавы.  Знаходзіўся пад уладай Усходняй Рымскай (Візантыйскай) Імперыі  ў VI і ў XI -XII стагоддзях, у VIII стагоддзі патрапіў у сферу ўплыву Хазарскага каганата. У канцы X-XI стагоддзяў горад уваходзіў у склад рускага Тмутараканскага княства. У 1318 годзе горад увайшоў у склад Генуэзскіх калоній. У 1475-1774 у Асманскай, у 1774-1917 – у Расійскай імперыі, у 1917-1954 гадах у складзе РСФСР, у 1954-2014 – у складзе Украіны. У 2014 годзе Крым анэксаваны Расіяй. Сучаснае насельніцтва горада 155 тысяч чалавек.

Керч: на паромнай пераправе запрацаваў мабільны комплекс для надгляду, кругласутачна ідзе аднаўленне Крымскага моста

На паромнай пераправе ў Керчы запрацаваў мабільны надглядальны комплекс, паведамляе прэс – служба акупацыйнага Ураду Крыма.

kerch.fm

«Мабільны інспекцыйна-надглядны комплекс прызначаны для інспекцыі і даследавання грузавога транспарту, грузаў і багажу, якія перавозяцца, з дапамогай спецыяльнага праграмна-апаратнага забеспячэння і рэнтгенаўскага выпраменьвання» – гаворыцца ў паведамленні.

Апарат паспявае сканаваць адзін грузавы аўтамабіль прыкладна за 10 хвілін

Пішам, як агрэсіўныя дзеянні Расіі, вайна ва Ўкраіне ўплываюць на жыццё гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Паромная пераправа пачала працаваць у сувязі з разбурэннем часткі Крымскага аўтамабільнага моста 8 кастрычніка. Мост быў узведзены ў 2018 годзе.

Рух грузавога транспарту па аўтамабільнай частцы Крымскага моста будзе адкрыты не раней за 1 снежня 2022 года.

На сёння на мосце размясціўся цэлы будаўнічы гарадок. Да гэтага часу на закрытай частцы Крымскага моста ўсталяваны будаўнічыя бытоўкі, працуюць дзясяткі адзінак тэхнікі і сотні працоўных. Работы ідуць кругласутачна.

kerch.fm

Гранічны тэрмін завяршэння капітальнага рамонту пашкоджанай часткі Крымскага моста – 1 ліпеня 2023 года. Адпаведнае распараджэнне падпісаў старшыня ўрада РФ Міхаіл Мішусцін. Згодна з распараджэннем, адзіным выканаўцам работ па праектаванні і аднаўленні разбураных элементаў моста вызначана ТАА “Ніжнеангарсктрансбуд”.


Керч – з 1988 года горад-пабрацім Магілёва. Заснаваны ў 610-590 гг. да нашай эры грэцкімі каланістамі з Мілета. У розныя эпохі горад называўся Панцікапей, Чаркіа, Васпора, Корчаў, Баспор. У 480 г. да н.э. Пантыкапей стаў сталіцай Баспорскай дзяржавы. Знаходзіўся пад уладай Усходняй Рымскай (Візантыйскай) Імперыі ў VI і ў XI -XII стагоддзях, у VIII стагоддзі патрапіў у сферу ўплыву Хазарскага каганата. У канцы X-XI стагоддзях уваходзіў у склад рускага Тмутараканскага княства. У 1318 годзе горад увайшоў у склад Генуэзскіх калоній. У 1475-1774 у Асманскай, у 1774-1917 – у Расійскай імперыі, у 1917-1954 гадах у складзе РСФСР, у 1954-2014 – у складзе Украіны. У 2014 годзе Крым анэксаваны Расіяй. Сучаснае насельніцтва горада 155 тысяч чалавек.