Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч

13 месяцаў праваабаронцаў утрымліваюць за кратамі. Усе трое праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі.

Іх зняволілі 14 ліпеня 2021 году і выставілі абвінавачванне ў «нясплаце падаткаў у буйным памеры».

Днямі Алесь Бяляцкі даслаў вестку з няволі.

«У мяне ўсё з большага нармальна. Здароўе – больш-менш. Цяпер – лета, шчабечуць стрыжы, іх тут, аказваецца, у горадзе, багата. Гагочуць чайкі, бо Свіслач недалёка. Так што і тут адчуваецца жыццё прыроды. Лета сёлета было негарачае, дый мабыць ужо і не будзе спёкі. Вось такія ў мяне навіны», напісаў  ён.

Праваабаронцы заклікаюць дасылаць зняволеным калегам лісты падтрымкі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2 (Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу).

Мікалай Статкевіч.

На паўгода пераведзены ў адзіночную камеру.

Пра тое стала вядома з допісу жонцы Марыне Адамовіч. Паводле яе за паўтара месяца ад мужа атрымала адразу два лісты.

Яна кажа, што яго кінулі ў адзіночку 5 жніўня у якасці пакарання.

Мікалая Статкевіча арыштавалі 30 траўня 2020 года і асудзілі па «справе Ціханоўскага» на 14 гадоў асаблівага рэжыму. У чэрвені 2022 году яго перавялі з гомельскага СІЗА ў Глыбоцкую калонію.

Яўген Кіслейка.

Паводле праваабаронцаў, пераводзяць з «хіміі» у папраўчую калонію. 

Да этапавання туды яго будуць утрымліваць у мінскім СІЗА №1.

35-гадовы Кіслейка адбываў пакаранне ў сталічнай папраўчай установе адкрытага тыпу № 36, куды прыбыў 9 верасня 2021 года.

Яму прысудзілі паўтары гады абмежавання волі за крытычны каментар на адрас кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў Івана Кубракова. У допісе ўгледзелі «гвалт або пагрозу гвалту ў  дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».

Дзень у гісторыі: 12 жніўня. Параза на Ворскле – трагедыя Вялікага Княства Літоўскага. Радзівіл разбіў маскоўцаў пад Шкловам. Нарадзіўся палітык і палітвязень Мікалай Статкевіч. Загінуў у ГУЛАГу Пётр Мятла, які трапіў у Савецкі Саюз з Польшчы ў вынікі абмену арыштантамі

Міжнародны дзень моладзі.

Адзначаецца ад 2000 году Генеральнай Асамблеяй Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў для прыцягненне ўвагі да праблем маладых людзей.

1399 год. Бітва на Ворскле. Загінуў князь полацкі Андрэй Альгердавіч.

Адбылося гэта ў бітве на рацэ Ворскле. Тады войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з Вітаўтам і ягоным саюзнікам ханам Тахтамышам было разбітае войскам Залатой Арды, узначаленае ханамі Цімур-Кутлукам і Эдзігеем.

Тая параза мела катастрафічныя наступствы для перспектываў Вялікага Княства. Яно дужэй падпала пад уплыў суседняй Польшчы, а Маскоўская дзяржава скарысталася са слабасці заходняй суседкі. У бітве на рацэ Ворскле палягло шмат знаці Вялікага княства.

У Полацку ў гонар князя Андрэя Альгердавіча стаіць помнік.

1581 год. Пабачыла свет Астрожская Біблія.

Гэта адзін з першых славянскіх перакладаў Бібліі і першае завершанае выданне Бібліі на царкоўнаславянскай мове ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Яго надрукаваў ураджэнец Беларусі Іван Фёдараў на сродкі князя Канстанціна-Васіля Астрожскага. Надрукавана Біблія была ў Астрогу, горадзе, які цяпер знаходзіцца ў Ровеньскай вобласці Ўкраіны.

Ва Ўкраіну Іван Фёдараў (Федаровіч) падаўся пасля ўцёкаў з Масковіі, дзе разам з яшчэ адным беларусам Пятром Мсціслаўцам друкаваў кнігі, за што абодва зазналі пераслед.

1654 год. Войска Вялікага Княства Літоўскага, ачоленае Янушам Радзівілам разбіла маскоўцаў, якімі камандаваў Якаў Чаркаскі.

Бітва адбылася на рацэ Шклоўка – паміж Шкловам і Вялікім Старым Шкловам  

Страты, стомленасць і нешматлікасць войска Вялікага Княства не дазволілі скарыстацца перамогай. Януш Радзівіл загадаў адыходзіць на захад да Галоўчына і Барысава.

1936 год. Загінуў Пятро Мятла.

Дэпутат польскага сейма ад беларускай нацыянальнай меншасці. Сустваральнік Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Працаваў у Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры Прэзідыуме Беларускай акадэміі навук.

У Польшчы быў арыштаваны і ў выніку абмену зняволенымі апынуўся ў 1930 годзе ў Савецкімі Саюзе.

Жыў у Менску. У 1933-ім яго арыштавалі савецкія органы. 

У 1934 годзе прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, якую замянілі 10 гадамі лагераў. Зняволенне адбываў на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. Памёр у лагеры. 

Рэабілітаваны 16 жніўня 1956.

1955 год. Нарадзіўся Віктар Жукоўскі.

Аршанскі краязнавец, велападарожнік, настаўнік-метадыст.

Аўтар навучальнага комплексу «Воршазнаўства» з 30 дапаможнікамі для школаў раёну, а таксама прац па гісторыі, тапаніміцы Падняпроўя.

1956 год. Нарадзіўся Мікалай Статкевіч.

Палітык, вайсковец, кандыдат тэхнічных навук.

Лідар партыі Народная Грамада. Сустваральнік «Беларускага згуртавання вайскоўцаў», падпалкоўнік.

Старшыня Усходнееўрапейскага сацыял-дэмакратычнага форуму. Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года.

Палітвязень. 14 снежня 2021 быў асуджаны да 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. Вырак прызнаны праваабарончай супольнасцю палітычна матываваным.

1981 год. Амерыканская кампанія IBM Corporation прадставіла першую мадэль персанальнага камп’ютара – IBM 5150, з якога пачалася эпоха сучасных кампʼютараў.

Першы персанальны кампʼютар каштаваў 1565 долараў, быў просты ў выкарыстанні і займаў няшмат  месца.

2001 год. Памёр Арцём Баханькоў.

Мовазнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар.

Даследаваў лексіку, дыялекталогію, гісторыю беларускай мовы, лексіку мовы Францыска Скарыны.

Аўтар і суаўтар даследаванняў, сярод якіх «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы», «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы», «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы», «Беларуска-рускі слоўнік».

 

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых даступных у інтэрнэце крыніцаў