Дзень у гісторыі: 12 жніўня. Параза на Ворскле – трагедыя Вялікага Княства Літоўскага. Радзівіл разбіў маскоўцаў пад Шкловам. Нарадзіўся палітык і палітвязень Мікалай Статкевіч. Загінуў у ГУЛАГу Пётр Мятла, які трапіў у Савецкі Саюз з Польшчы ў вынікі абмену арыштантамі

Міжнародны дзень моладзі.

Адзначаецца ад 2000 году Генеральнай Асамблеяй Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў для прыцягненне ўвагі да праблем маладых людзей.

1399 год. Бітва на Ворскле. Загінуў князь полацкі Андрэй Альгердавіч.

Адбылося гэта ў бітве на рацэ Ворскле. Тады войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з Вітаўтам і ягоным саюзнікам ханам Тахтамышам было разбітае войскам Залатой Арды, узначаленае ханамі Цімур-Кутлукам і Эдзігеем.

Тая параза мела катастрафічныя наступствы для перспектываў Вялікага Княства. Яно дужэй падпала пад уплыў суседняй Польшчы, а Маскоўская дзяржава скарысталася са слабасці заходняй суседкі. У бітве на рацэ Ворскле палягло шмат знаці Вялікага княства.

У Полацку ў гонар князя Андрэя Альгердавіча стаіць помнік.

1581 год. Пабачыла свет Астрожская Біблія.

Гэта адзін з першых славянскіх перакладаў Бібліі і першае завершанае выданне Бібліі на царкоўнаславянскай мове ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Яго надрукаваў ураджэнец Беларусі Іван Фёдараў на сродкі князя Канстанціна-Васіля Астрожскага. Надрукавана Біблія была ў Астрогу, горадзе, які цяпер знаходзіцца ў Ровеньскай вобласці Ўкраіны.

Ва Ўкраіну Іван Фёдараў (Федаровіч) падаўся пасля ўцёкаў з Масковіі, дзе разам з яшчэ адным беларусам Пятром Мсціслаўцам друкаваў кнігі, за што абодва зазналі пераслед.

1654 год. Войска Вялікага Княства Літоўскага, ачоленае Янушам Радзівілам разбіла маскоўцаў, якімі камандаваў Якаў Чаркаскі.

Бітва адбылася на рацэ Шклоўка – паміж Шкловам і Вялікім Старым Шкловам  

Страты, стомленасць і нешматлікасць войска Вялікага Княства не дазволілі скарыстацца перамогай. Януш Радзівіл загадаў адыходзіць на захад да Галоўчына і Барысава.

1936 год. Загінуў Пятро Мятла.

Дэпутат польскага сейма ад беларускай нацыянальнай меншасці. Сустваральнік Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Працаваў у Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры Прэзідыуме Беларускай акадэміі навук.

У Польшчы быў арыштаваны і ў выніку абмену зняволенымі апынуўся ў 1930 годзе ў Савецкімі Саюзе.

Жыў у Менску. У 1933-ім яго арыштавалі савецкія органы. 

У 1934 годзе прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, якую замянілі 10 гадамі лагераў. Зняволенне адбываў на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. Памёр у лагеры. 

Рэабілітаваны 16 жніўня 1956.

1955 год. Нарадзіўся Віктар Жукоўскі.

Аршанскі краязнавец, велападарожнік, настаўнік-метадыст.

Аўтар навучальнага комплексу «Воршазнаўства» з 30 дапаможнікамі для школаў раёну, а таксама прац па гісторыі, тапаніміцы Падняпроўя.

1956 год. Нарадзіўся Мікалай Статкевіч.

Палітык, вайсковец, кандыдат тэхнічных навук.

Лідар партыі Народная Грамада. Сустваральнік «Беларускага згуртавання вайскоўцаў», падпалкоўнік.

Старшыня Усходнееўрапейскага сацыял-дэмакратычнага форуму. Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года.

Палітвязень. 14 снежня 2021 быў асуджаны да 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. Вырак прызнаны праваабарончай супольнасцю палітычна матываваным.

1981 год. Амерыканская кампанія IBM Corporation прадставіла першую мадэль персанальнага камп’ютара – IBM 5150, з якога пачалася эпоха сучасных кампʼютараў.

Першы персанальны кампʼютар каштаваў 1565 долараў, быў просты ў выкарыстанні і займаў няшмат  месца.

2001 год. Памёр Арцём Баханькоў.

Мовазнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар.

Даследаваў лексіку, дыялекталогію, гісторыю беларускай мовы, лексіку мовы Францыска Скарыны.

Аўтар і суаўтар даследаванняў, сярод якіх «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы», «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы», «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы», «Беларуска-рускі слоўнік».

 

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых даступных у інтэрнэце крыніцаў

 

Дзень у гісторыі: 5 жніўня. Беларусы разбілі татараў пад Клецкам. Акупацыя Магілёўшчыны Расійскай імперыяй. Не стала паўстанцаў Рамуальда Траўгута і Валерыя Урублеўскага. Нарадзіліся: мовазнаўца Аркадзь Жураўскі, літаратуразнаўца Віталь Скалабан

Міжнародны дзень піва.

Неафіцыйная дата. Адзначаецца ў першую пятніцу жніўня.

Першы Дзень піва адбыўся ў 2007 годзе ў Санта-Крузе (Каліфорнія, ЗША). Тады гэта быў мясцовы фестываль. З цягам часу ён пераўтварыўся ў міжнароднае свята, якое адзначаецца ў дзясятках краінаў.

У гэты дзень удзельнікі святкавання частуюць адзін аднаго півам, а ў сувязі з яго «міжнароднасцю», ласуюцца півам, звараным паводле рэцэптах чужых культураў. Дэгустуюць новыя або рэдкія гатункі піва.

Беларусы гатуюць і ўжываюць піва з Х стагоддзя.

1506 год. Войска Вялікага Княства Літоўскага, ачоленае Міхаілам Глінскім, разбіла пад Клецкам аддзелы Крымскага ханства Менглі-Гірэя.

Было вызвалена блізу 40 тысяч нявольнікаў, якіх татары збіраліся весці ў Крым. Захоплена 30 тысяч коней.

Хан Менглі-Гірэй стаў на пэўны час саюзнікам Вялікага Княства Літоўскага.

На месцы бітвы стаіць помнік.

 

1772 год. У Пецярбургу абвясцілі маніфест аб падзеле Рэчы Паспалітай.

Ён быў складзены на падставе сакрэтнай венскай дамовы 19 лютага 1772 года паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй.

Арміі трох дзяржаваў уварваліся на тэрыторыю краіны.

Ад 1772 да 1795 года адбыліся тры падзелы Рэчы Паспалітай. У выніку яна знікла з палітычнай карты Еўропы.

У першы падзел частка Магілёўшчыны была акупаваная Расійскай імперыяй. Па другім падзеле пад уладу Расіі трапіла ўсё Магілёўскае Падняпроўе.

У афіцыйнай гістарыяграфіі акупацыю беларускіх земляў Расіяй падчас падзелу Рэчы Паспалітай называюць далучэннем.

1864 год. Павешаны Рамуальд Траўгут, удзельнік паўстання Каліноўскага.

У красавіку 1863 сфармаваў і ўзначаліў Кобрынскі паўстанцкі атрад. Тройчы нанёс паражэнне расійскім карным вайсковым аддзелам.

Шмат зрабіў для пашырэння сацыяльнай базы паўстання, надання яму размаху, рэарганізацыі ўзброеных сіл інсургентаў.

Арыштаваны 30 сакавіка 1864. Паводле выраку ваеннага суда павешаны ў Варшаўскай цытадэлі.

У 1928 у мястэчку Свіслач яму ў міжваеннай Польшчы паставілі помнік. У 1989-ым ён быў адноўлены.

1908 год. Памёр Валерый Урублеўскі.

Беларускі і польскі рэвалюцыянер, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 году.

Начальнік штабу паўстанцаў, камандуючы сіламі Гарадзенскага, Люблінскага і Падляшскага ваяводстваў. Генерал, камандуючы арміяй Парыжскай Камуны (1871).

Пахаваны ў Парыжы на могілках Пер-Лашэз, каля сцены Камунараў.

У Гродне і Катавіцах імем Урублеўскага названы вуліцы.

1924 года. Нарадзіўся Аркадзь Жураўскі.

Беларускі мовазнавец.

Доктар філалагічных навук, прафесар.

Працаваў дырэктарам Інстытуту мовазнаўства імя Я. Коласа. Даследаваў гісторыю беларускай мовы і беларускага мовазнаўства.

Першым у славянскім мовазнаўстве даказаў існаванне беларускага варыянту царкоўнаславянскай мовы ў старабеларускі перыяд, прааналізаваў мову дзеячаў беларускай культуры мінулага. 1941 год. Загінуў Алесь Пруднікаў.

Беларускі паэт.

Будаваў чыгунку Асіповічы – Магілёў – Раслаўль, працаваў у Дзяржвыдавецтве, БелТА, ва ўстановах адукацыі.

У сакавіку 1933 году быў арыштаваны савецкімі органамі ўнутраных спраў. Праз восем месяцаў вызвалены з турмы і адразу адпраўлены ў армію.

Актыўны барацьбіт за беларусізацыю. Суаўтар артыкула пра знойдзены скарб старажытных манет у вёсцы Стары Дзедзін. Скарб лічыцца самым вялікім у Магілёўскай вобласці і адным з найстаражытнейшых у краіне. Манеты датаваныя 980-985 гадамі.


1947 год. Нарадзіўся Віталь Скалабан.

Беларускі гісторык, літаратуразнавец.

Даследчык гісторыі беларускага нацыянальнага руху, культуры XIX – пачатку XX стагоддзяў, архівазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі.

Суаўтар сцэнарыяў дакументальна-мастацкіх тэлефільмаў.

1947 год. Нарадзіўся Віктар Маркавец.

Беларускі мастак-жывапісец.

Быў удзельнікам дысідэнцкай групы беларускай інтэлігенцыі «На Паддашку». Быў сябрам незалежнай суполкі мастакоў «Пагоня».

У яго творчай майстэрні ладзіліся першыя паседжанні Сойму БНФ «Адраджэньне».

Рэканструяваў партрэты знаных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры. Аўтар серыі работ, прысвечаных Кастусю Каліноўскаму.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.